Шыпшына (літаратурнае аб’яднанне)

«Шыпшына» — літаратурнае аб’яднанне беларусаў у Нямеччыне, якое задзіночыла беларускіх літаратараў на першых этапах жыцця на чужыне па Другой сусветнай вайне.

Гісторыя правіць

Арганізацыя была створаная на адпаведным сходзе 9 студзеня 1945 года. На сходзе былі Наталля Арсеннева, Юрка Віцьбіч, Уладзімір Сядура, Уладзімір Клішэвіч, Тодар Лебяда, Алесь Салавей, Мікола Цэлеш, Андрэй Чэмер, Вольга Таполя, Лявон Случчанін, Янка Золак[1]. Тады ж Віцьбіч і Сядура былі абраныя, каб звярнуцца да Радаслава Астроўскага з мэтай афіцыйнага афармлення арганізацыі, але ваенныя падзеі перашкодзілі[1].

Згуртаванне аднавілася ў адным з лагераў ДП на ўскраіне Рэгенсбурга 9 красавіка 1946 г. Яе аднаўляльнікамі сталі Юрка Віцьбіч, Наталля Арсеннева, Янка Золак і Майсей Сяднёў. Хутка яно задзіночыла блізу ўсіх паэтаў і пісьменнікаў на эміграцыі. Галінка шыпшыны з кветкамі і калючкамі стала сімвалам-эмблемай арганізацыі, а верш Уладзіміра Дубоўкі «О, Беларусь, мая шыпшына» — паэтычным маніфестам. Дэкларацыю «Шыпшыны» падпісала 12 пісьменнікаў (Наталля Арсеннева, Юрка Віцьбіч, Мікола Вярба, Янка Золак, Хведар Ілляшэвіч, Аўген Кавалеўскі, Уладзімір Клішэвіч, Алесь Салавей, Майсей Сяднёў, Уладзімір Сядура i Мікола Цэлеш). Пазней да таварыства далучыліся таксама Міхась Кавыль, Уладзімір Дудзіцкі, Сымон Жамойда і Рыгор Крушына[1].

Па выхадзе апошняга нумара ў 1950 годзе і раз’ездзе сяброў таварыства арганізацыя фактычна спыніла сваё існаванне.

Часопіс правіць

Аднайменны часопіс, будучы органам таварыства, выходзіў у 1946—1950 гадах, з’явілася ўсяго 9 нумароў. Рэдактарам быў Юрка Віцьбіч. У выданні друкавала свае творы больш за 30 беларускіх аўтараў. Апрача таго, друкаваліся ў «Шыпшыне» творы 34 беларускіх пісьменнікаў, якія жылі ў Беларусі.

Зноскі

  1. а б в Лявон Юрэвіч. «Узвышша», «Шыпшына» і Юрка Віцьбіч // Архіўная кніга. — Нью-Ёрк: БІНіМ, 1996.

Спасылкі правіць