Шырневічы
Шырневічы, Шырновічы, Шырнавічы — колішняя вёска на тэрыторыі сучаснага Крупскага раёна.
Вёска
Шырневічы
|
Размяшчалася на правым беразе Бабра за 6 км ніжэй цяперашніх Крупак[1]. Станам на 2019 год захаваліся вясковыя могілкі.
ГісторыяПравіць
Пачаткова, прынамсі ў канцы XIV стагоддзя, Шырневічы — група даннікаў на заходняй ускраіне Друцкага княства, якая пазней долямі трапіла ў розныя ўдзелы друцкіх князёў, а затым перайшла да іх спадчыннікаў і пераемнікаў. Такім чынам пэўную долю Шырневічаў атрымалі князі Адзінцэвічы, на думку некаторых даслечыкаў яны маглі быць і галінай роду Друцкіх[1].
Да 1436 года даннікі Шырневічы належалі князю Аляксандру Адзінцэвічу, які па галоўнай сядзібе зваўся князем Рэпухаўскім, на баку вялікага князя Свідрыгайлы браў удзел у бітве пад Вількамірам (1435) і пасля паразы паехаў з сынам у Маскву. Вялікі князь Жыгімонт канфіскаваў маёнткі князя Адзінцэвіча і падараваў іх літоўскаму пану Юшку Гойцавічу[1].
Упершыню згадваюцца ў 1461 годзе, калі пан Юшка адказаў сваю «выслугу на вялікім князю Жыгімонце» — «двор» Рэпухаў з «дварцом» Ваўкавічы, «дварцом» Мілотынню, даннікамі Капеньчычамі, даннікамі на Белай і даннікамі Шырневічамі — жонцы Ганне Даўгірдаўне. Пані Ганна, пасля смерці пана Юшкі, выйшла замуж за пана Івана Іллініча і ў 1481 годзе падаравала яму спадчыну па першым мужу[1].
Пазней Шырневічы згадваюцца як частка Варанцэвіцкага маёнтка Ільінічаў, невядома, ці да гэтага маёнтка належала яшчэ адна доля даннікаў Шырневічаў, ці пан Іван Ільініч перапісаў на Варанцэвічы тых даннікаў, што атрымаў з Рэпухаўскім маёнткам, не выключаецца магчымасць разам першага і другога[1].
У 1559 годзе Шырневічы згадваюцца і як частка Варанцэвіцкай воласці, якая належала дзяржаўнаму Аршанскаму замку, склад яе быў стракаты — саміх Варанцэвіч у ёй не было, але былі паселішчы са складу маёнтка Падбярэззе ды іншых удзелаў былога Друцкага княства. Як гэтыя ўладанні трапілі да замка, не вядома. Магчыма, гэта яшчэ адна доля Шырневічаў з ранейшага ўдзелу кагосьці з князёў Друцкіх, які ў сярэдзіне XVI стагоддзя перайшоў на вялікага князя. У гэтай долі Шырневічаў было 5 службаў, што агулам налічвалі 19 дымоў[1].
Далей крыніцамі прасочваюцца толькі Шырневічы, звязаныя з Варанцэвіцкім маёнткам Іллінічаў ды іх наступнікаў[1].
Станам на 1775 год — 26 двароў.
Станам на 1910 год вёска Шырневічы і пасёлак Шырневічы знаходзіліся ў складзе Бобрскай воласці Сенненскага павета Магілёўскай губерні.
З 1924 года ў складзе Крупскага раёна.
У 1933 годзе пры стварэнні зенітна-артылерыйскага палігона Заходняй асобай ваеннай акругі жыхары Шырневіч былі выселены (разам з жыхарамі суседніх вёсак Слоўчы, Краснай Горкі, Селішча, Маласаяў).
Зноскі
СпасылкіПравіць
- Шырневічы на сайце Глобус Беларусі (руск.)