Шэрпа адн. лік, шэрпы мн. лік (саманазвы: शेर्पा, ཤར་པ།) — гімалайскі народ. Жывуць пераважна ў Непале, а таксама ў суседніх раёнах Індыі, Тыбета і Бутана. Агульная колькасць (2022 г.) — каля 184 100 чалавек[1].

Шэрпа
(शेर्पा, ཤར་པ།)
Агульная колькасць 184100 (2022 г.)
Рэгіёны пражывання  Непал
Мова шэрпа
Рэлігія будызм
Блізкія этнічныя групы тыбетцы, таму, таманг, бхотыя

Паходжанне правіць

Згодна паданням шэрпаў, іх продкі перасяліліся з паўднёва-усходняга Тыбета ў даліны каля гары Эверэст. Сама назва народа перакладаецца з тыбецкай мовы як «усходнія людзі». Распаўсюджана думка, што перасяленне адбылося каля 600 гадоў таму, калі ў Тыбеце адбывалася барацьба супраць імперыі Юань і паміж рознымі школамі будызму. Аднак ясных доказаў гэтай гіпотэзы няма. Генетычнае даследаванне, апублікаванае ў 2015 г.[2], прадэманстравала тое, што шэрпы і тыбетцы сапраўды маюць адзінае паходжанне, але іх лініі падзяліліся ў перыяд ад 1500 гадоў таму да 940 гадоў таму.

Шэрпы сталі вядомы ва ўсім свеце пасля таго, як у 1953 г. навазеландскі альпініст Эдмунд Хілары і яго правадыр, шэрпа Тэнцынг Норгэй, разам дасягнулі вяршыні Эверэста. Само слова шэрпа стала намінальным.

Культура правіць

Шэрпы насяляюць горныя раёны на вышыні 2500 м — 4800 м. Даследаванні паказалі, што дзякуючы асаблівай генетычнай мутацыі іх арганізм болей эфектыўна выкарыстоўвае кісларод[3] і такім чынам болей прыстасаваны да вялікіх вышынь, дзе ў астатніх людзей назіраецца болей востры кіслародны голад. Выказваецца меркаванне[4], што карысная для горцаў мутацыя была атрымана ў спадчыну дзякуючы гібрыдызацыі іх продкаў з дзянісаўскім чалавекам.

У мінулым асноўным заняткам шэрпаў была качавая жывёлагадоўля. У нашы дні пераважае адгонная жывёлагадоўля і земляробства. Трымаюць якаў, кароў, радзей коней і авечак. Шэрпы не забіваюць свойскую жывёлу і не ядуць яе мяса, хаця могуць ужываць мяса, набытае ў прадстаўнікоў іншых народаў. Затое ў паўседзённай кухні важную ролю адыгрываюць малочныя прадукты, асабліва масла. Вырошчваюць бульбу, кукурузу, ячмень, пшаніцу, гародніну. Палеткі ўзворваюць адналопасным плугам, запрэжаным валамі. Узворванне, а таксама праца за межамі хатняй гаспадаркі лічацца мужчынскімі заняткамі. Астатняя праца размяркоўваецца паміж мужчынамі і жанчынамі. З сярэдзіны XX ст. шырока распаўсюджана суправаджэнне альпіністаў, якія імкнуцца ўзысці на Эверэст.

Памеры паселішчаў залежаць ад наяўнасці зямлі, прыдатнай да апрацоўкі. Высакагорныя вёскі могуць мець усяго некалькі пабудоў. У далінах, размешчаных ніжэй, часам налічваецца да некалькіх сотняў жытлаў, прычым у іх жывуць прадстаўнікі іншых народаў, якія трымаюць крамы, гасцініцы, займаюцца рамяством. Пераважаюць двухпавярховыя каменныя дамы, умацаваныя драўлянымі бярвеннямі і крытыя драўлянай дахоўкай. Ніжні паверх выкарыстоўваецца як свіран. Верхні паверх з'яўляецца жытлом. Да ўваходу прыбудоўваюць ганак.

Шэрпы падзяляюцца на некалькі родавых арганізацый, у якіх сваяцтва адлічваецца па мужчынскай лініі. Роды могуць валодаць пэўнымі землямі, млынамі, будынкамі, але прысядзібныя надзелы знаходзяцца ў прыватнай маёмасці. У мінулым вылучаліся заможныя людзі пембу. Яны выконвалі адміністрацыйныя функцыі і нават збіралі падаткі. У нашы дні ўлада знаходзіцца ў дзяржаўнай адміністрацыі.

Распаўсюджаны малыя нуклеарныя сем'і. Існуе традыцыя братэрскай паліандрыі. Палігінія не забаронена, але сустракаецца рэдка. Звычайна шлюбы заключаюцца па дамоўленасці. Ім папярэднічаюць працяглыя перамовы, заручыны, абмен падарункамі і ўзаемная працоўная дапамога. Дзяўчына пасля вяселля атрымоўвае пасаг. Сыны могуць прэтэндаваць на роўную долю спадчыны бацькоў. У малодшага сына яна часцяком крыху большая, паколькі традыцыйна старыя бацькі пераходзяць жыць да яго. Каля траціны ўсіх шлюбаў скончваюцца разводамі.

Народныя святы звязаны з будысцкім рэлігійным календаром. Найбольш маляўнічым з'яўляецца свята цам, якое суправаджаецца танцамі з маскамі, пантамімай і спевамі. Пры будысцкіх кляштарах практыкуюцца розныя віды рэлігійнага мастацтва.

Мова правіць

Родная мова шэрпаў блізкая да тыбецкай. Традыцыйна карыстаюцца тыбецкім пісьмом, аднак у Непале адбываецца паступовы пераход да дэванагары.

Рэлігія правіць

Вернікі спавядаюць тыбецкую форму будызму. Галоўнымі рэлігійнымі цэнтрамі з'яўляюцца кляштары. Разам з гэтым, у буйных вёсках звычайна ёсць жанатыя ламы, якія выконваюць святарскія функцыі і трымаюць сваю гаспадарку.

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць