Эдвард Паўловіч

(Пасля перасылкі з Эдвард Баніфацый Паўловіч)

Эдвард Баніфацый Паўловіч (7 чэрвеня 1825, мястэчка Тургелі, Троцкі павет, цяпер Вільнюскі павет, Літва — 10 лютага 1909) — беларускі мемуарыст, мастак і асветнік.

Эдвард Паўловіч
Эдвард Паўловіч, аўтапартрэт, палатно, алей, 1853.
Эдвард Паўловіч, аўтапартрэт, палатно, алей, 1853.
Ясенчык[d]
Ясенчык[d]
Нараджэнне 7 чэрвеня 1825(1825-06-07)[1]
Смерць 10 лютага 1909(1909-02-10) (83 гады)
Месца пахавання
Род Паўловічы[d]
Адукацыя
Месца працы
Бітвы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся ў сям’і Францішка, каморніка, і Кунегунды Пагажэльскай.

Дзяцінства правёў на Навагрудчыне. Вучыўся пры базыльянскім кляштары ў Жыровічах, Слоніме, Слуцкай гімназіі, якую скончыў у 1836 годзе. Затым пераехаў у Вільню, дзе ў якасці вольнага слухача наведваў лекцыі ў Медыка-хірургічнай і Духоўнай акадэміях. Акрамя гэтага браў прыватныя ўрокі мастацтва ў Канута Русецкага і Караля Рыпінскага.

 
Траецкі касцёл у Ішкалдзі. 1848
 
Барысаглебская царква ў Навагрудку, 1848

У 1849 годзе пераехаў у Пецярбург, дзе паступіў у Акадэмію мастацтваў, якую скончыў у 1853 годзе. У перыяд навучання рабіў копіі з палотнаў Эрмітажа. У 1853—1856 гадах падарожнічаў па Заходняй Еўропе, наведаў Італію, Іспанію, Францыю, дзе таксама рабіў копіі, выконваючы просьбы землякоў-калекцыянераў. У Парыжы завязаў знаёмствы з мастакамі-эмігрантамі Тэафілам Ленартовічам, Уладзіславам Невяровічам і іншымі.

 
Эдвард Паўловіч, 1856—1861 гады.

Будучы ў Парыжы, пачаў друкаваць свае творы. У 1857 годзе выйшла яго кніга пад назвай «Некалькі словаў літвіна», у якой адстойваў права беларускіх сялян на асвету.

У 1859 годзе Паўловіч вярнуўся з падарожжа ў Навагрудак, дзе пачаў працаваць выкладчыкам малявання ў мясцовай гімназіі. Заняўся антыалкагольнай прапагандай сярод мясцовых сялян, у справе чаго выдаў ліст, адрасаваны святарству, які быў надрукаваны ў 1859 годзе ў пецярбургскім выданні «Слово». Свае погляды ў сялянскім пытанні друкаваў у парыжскім выданні «Wiadomości Polskie»[pl], варшаўскай «Gazecie Codziennej» і газеце «Kurier Wileński». Пры падтрымцы куратара наваградскіх школ Канстанціна Радзівіла заснаваў у Наваградку жаночы пансіён і нядзельную школу для сялян, а ў 1860 годзе аматарскі тэатр, дзе з’яўляўся адначасова рэжысёрам, дэкаратарам і акцёрам. Акрамя гэтага, Паўловіч разам з мясцовай шляхтай і мяшчанамі становіцца заснавальнікам Навагрудскай бібліятэкі, якая ўзнікла каля 1860 года. Сродкі на заснаванне гэтай бібліятэкі ахвяравалі каля трыццаці чалавек, сярод якіх Адам Кіркор, Ян Наргілевіч, Уладзіслаў Борзабагаты, Феліцыян Лашкевіч і Эдвард Паўловіч. Абавязкі ганаровага куратара выконваў У. Брахоцкі, віцэ-куратарам з’яўляўся ксёндз Канстанцін Эймант, адміністрацыйнымі справамі кіраваў ксёндз Лашкевіч, а сам Паўловіч выконваў абавязкі бібліятэкара. Шмат намаганняў Паўловіч прыкладаў дзеля адкрыцця помніка Адаму Міцкевічу, які планавалася ўсталяваць на гары Міндоўга, на што расійскія ўлады не далі згоды.

У 1861—1862 гадах, перыяд распаўсюджання ў Каралеўстве Польскім супрацьурадавых маніфестацый, не падтрымліваў ідэі ўзброенага паўстання. Свае намаганні накіроўваў на павышэнне ў сялянскім асяроддзі ўзроўню самасвядомасці. З пачаткам паўстання 1863 года ўдзельнічаў у нарадзе навагрудскіх мяшчан, якія выступалі за вызваленне сялян з прыгону. У сакавіку 1863 года Паўловіч арыштаваны за «знойдзеныя ў яго творы злачыннага зместу і забароненыя лісты», а 8 сакавіка трапіў пад следства Мінскай следчай камісіі. Спачатку быў на волі, а ў маі 1863 года, пасля зацвярджэння генерал-губернатара М. Мураўёва, узяты пад арышт. Па выніках следства Паўловіч сасланы на жыхарства спачатку ў Петразаводск, а затым у Аланецкую губерню. Там ён кантактаваў з сям’ёй Браніслава Любічанкоўскага, братам Юзафа Любічанкоўскага. За некалькі месяцаў да вызвалення ад пакарання быў пераведзены ў Екацярынаслаў. Сям’і не меў. Атрымліваў на пражыванне 15 капеек на дзень і на наём кватэры 1 рубель 50 капеек на месяц.

 
Эдвард Паўловіч, каля 1900

Пасля вызвалення са ссылкі Паўловіч спрабаваў уладкавацца ў Пецярбургу, аднак не атрымаў на гэта дазволу, пасля чаго ў 1867 годзе вярнуўся ў Навагрудак, а затым у Варшаву, дзе два гады працаваў у прыватнай мастацкай школе. Затым пераехаў ва Львоў. Працаваў там настаўнікам малюнка ў жаночай настаўніцкай семінарыі, даваў прыватныя ўрокі, а ў 1870 годзе уладкаваўся кусташам у Музей Любамірскіх, дзе працаваў 35 гадоў.

Памёр у адзіноце ва Львове. Пахаваны на Лычакаўскіх могілках[2]

Дзейнасць

правіць
 
Праект экспазіцыі Музея князёў Любамірскіх

Паўловіч аўтар успамінаў і мемуараў «Успаміны з-над Віліі і Нёмана» (польск.: Wspomnienia znad Wilii i Niemna; 1882), «Успаміны: Навагрудак — турма — выгнанне» (польск.: Wspomnienia: Nowogródek, więzienie, wygnanie; 1887), «З падарожжа па Літве» (1890), «З успамінаў. Год 1846» (1898), «Наваградак у XIX стагоддзі» (1902), «З жыцця літвіна» (1904), «Мае ўспаміны з часоў настаўнічання на Літве колькі дзясяткаў год назад» (1904), «Двое памятных сутак у Мінску, 1863 г.» (1906). Сабраў звесткі пра культурна-грамадскае і літаратурнае жыццё Беларусі 1840—1860-х гадоў, побыт беларусаў, пра беларускага паэта Францішка Савіча.

На працягу жыцця Паўловіч займаўся навуковай дзейнасцю, падрыхтаваў і выдаў каталогі Музея Любамірскіх. Таксама ён аўтар працы «Погляд на становішча польскага выяўленчага мастацтва ў параўнанні з замежным мастацтвам» (1881). Акрамя гэтага, займаўся жывапісам, працаваў у жанры партрэта («Аўтапартрэт», 1853), рабіў замалёўкі Навагрудка і ваколіц, пісаў абразы.

Зноскі

  1. Edward Bonifacy Pawłowicz // Artists of the World Online, Allgemeines Künstlerlexikon Online, AKL Online / Hrsg.: A. Beyer, B. SavoyB: K. G. Saur Verlag, Verlag Walter de Gruyter, 2009. — ISSN 2750-6088doi:10.1515/AKL
  2. Stanisław Nicieja: Cmentarz Łyczakowski we Lwowie w latach 1786—1986. Wrocław: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1988, ISBN 83-04-02817-4.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць