Эдуард Віктаравіч Бабарыка
Эдуард Віктаравіч Бабарыка (нар. 30 студзеня 1990) — беларускі менеджар, кіраўнік краўдфандынгавых платформ Ulej і MolaMola. Кіраўнік выбарчага штабу Віктара Бабарыкі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, палітычны зняволены, вязень сумлення, абвінавачаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.
Эдуард Віктаравіч Бабарыка | |
---|---|
Дата нараджэння: | 30 студзеня 1990[1] (34 гады) |
Месца нараджэння: | |
Грамадзянства: | |
Адукацыя |
Біяграфія
правіцьСын Віктара Бабырыкі, беларускага палітыка, культурнага і грамадскага дзеяча, старшыні праўлення ААТ «Белгазпрамбанк» у 2000—2020 гадах. Маці Эдуарда, Марына, загінула на Мадэйры падчас дайвінгу 15 жніўня 2017 года. Сястра Марыя. Эдуард шмат гадоў у адносінах з Аляксандрай Зверавай, адной з арганізатарак праекту «Voices from Belarus» і каардынатаркай дабрачыннага фонду салідарнасці BYSOL.
Вучыўся ў мінскай гімназіі № 1, займаўся ў музычнай школе па класе гітары. Пасля скончыў БДЭУ па спецыяльнасці «Эканоміка і кіраванне прадпрыемствамі», развіваў платформы для краўдфандынгу Ulej і MolaMola, дзе працаваў кіраўніком. Эдуард захапляецца верхавым спортам і дайвінгам[2].
Палітычны пераслед
правіцьЭдуард Бабарыка быў затрыманы супрацоўнікамі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю разам з бацькам, Віктарам Бабарыкам, 18 чэрвеня 2020 года, калі ішоў у ЦВК здаваць подпісы, сабраныя за вылучэнне бацькі кандыдатам у прэзідэнты. У паведамленні АТН (Белтэлерадыёкампанія) адзначалася, што Віктар і Эдуард «акуратна даюць сведчанні», што з’яўлялася парушэннем парадку следчых дзеянняў праз адсутнасць пры гэтым адвакатаў Віктара і Эдуарда. Адвакатам увесь дзень не дазвалялася наведваць затрыманых: нібыта ў будынку ДФР праводзіліся «вучэнні». Тым самым днём Эдуарда Бабарыку змясцілі ў СІЗА КДБ[3].
19 чэрвеня 2020 году супольнай заяваю 12 беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Прававая ініцыятыва, Віктар і Эдуард Бабарыкі, а таксама сябры ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Святлана Купрэева і Уладзімір Дудараў былі прызнаны палітычнымі зняволенымі. У заяве было адзначана, што «улічваючы акалічнасці, мы прыходзім да высновы, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Віктара Бабарыкі і членаў ягонай ініцыятыўнай групы з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне яго публічнай дзейнасці па вылучэнні яго ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і далейшым удзеле ў выбарах. …Прадэманстраваныя падыходы следчых органаў да расследавання крымінальнай справы ў дачыненні патэнцыйнага кандыдата ў Прэзідэнты В. Бабарыкі і сябраў яго ініцыятыўнай групы — парушэнне прэзумпцыі невінаватасці, грубае парушэнне права на абарону ды іншыя — падкрэсліваюць неправавы характар дадзеных дзеянняў»[4].
21 чэрвеня Эдуарду Бабрыку было прад’яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу («Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў, што пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры»). Па стане на снежань 2021 Эдуард таксама з’яўляецца падазраваным паводле арт. 130 ч. 3 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці») і арт. 293 ч. 1 («Арганізацыя масавых беспарадкаў»). Статус Эдуарда па крымінальнай справе, звязанай з меркаваным ухіленнем ад выплаты падаткаў, застаецца невядомым[5].
26 чэрвеня ліст ад беларускіх культурніцкіх арганізацый і ініцыятыў з патрабаваннем вызваліць патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыку і ягонага сына Эдуарда апублікаваў Беларускі ПЭН-цэнтр. У лісце адзначалася, што «Віктар і Эдуард Бабарыкі стварылі сапраўдную экасістэму для існавання беларускай культуры». Сярод падпісантаў: Беларускі ПЭН-цэнтр, ЗБС «Бацькаўшчына», ГКК «Будзьма Беларусамі», Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн», Міжнародны форум «ТЭАРТ», Арт Сядзіба, «Саюз беларускіх пісьменнікаў», «Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны», Лятучы ўніверсітэт, Беларускі Калегіюм, Еўрапейскі каледж Liberal Arts у Беларусі, шэраг выдавецтваў ды іншыя культурніцкія арганізацыі[6][7]. Заяву таксама падтрымаў ПЭН Амерыка і Саюз пісьменнікаў Нарвегіі.
1 ліпеня 2020 года ў падтрымку Віктара і Эдуарда Бабарыкаў быў апублікаваны адкрыты ліст ад прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі Беларусі. Сярод падпісантаў былі Дзмітрый Сурскі, Уладзімір Цеслер, Таццяна Бембель, Мікалай Пінігін, Аляксей Дудараў, Уладзімір Гілеп, Галіна Палянская, Яніна Ганчарова, Алесь Трусаў, Сяргей Міхаленка, Сцяпан Стурэйка, Рыгор Сітніца, Канстанцін Селіханаў, Сяргей Грыневіч, Канстанцін Вашчанка, Аляксандр Карпаў, Юры Мамлін, Леў Агібалаў, Ірына Процка, Уладзімір Трафіменка. Датычна справы Эдуарда Бабарыкі падпісанты заклікалі аднавіць працу краўдфандынгавых пляцовак Mola Mola і Ulej.by, кіраўніком якіх быў Эдуард, а яго самога, як і яго бацьку вызваліць з-пад арышту праз тое, што «заслугі перад грамадствам і дзяржавай, станоўчая рэпутацыя Бабабрыкаў вартыя таго, каб не абмяжоўваць іх волю»[8][9].
10 кастрычніка 2020 Эдуард Бабарыка быў удзельнікам сустрэчы ў СІЗА КДБ з Аляксандрам Лукашэнкам (разам з Віктарам Бабарыка, Сяргеям Ціханоўскім, Ліліяй Уласавай, Юрыем Васкрасенскім, Віталём Шкляравым, Кірылам Бадзеем, Дзмітрыем Рабцевічам, Максімам Знакам, Аляксандрам Васілевічам, Ільём Салеям)[10].
2 лістапада 2021 года адвакат Эдуарда, Ірына Варанкова, як раней і адвакаты Віктара Бабарыкі, была пазбаўлена права на адвакацкую дзейнасць праз «недастатковую кваліфікацыю»[11].
У канцы лістапада 2021 з’явілася інфармацыя аб пераводзе Эдуарда з СІЗА КДБ у СІЗА № 1 у Мінску.
У сярэдзіне лютага 2022 Эдуарду чарговы раз падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай, ён застаўся ў мінскім СІЗА.
5 ліпеня 2023 года Мінскі абласны суд асудзіў Эдуарда Бабарыку да 8 гадоў калоніі[12].
У 2024 годзе Эдуарда Бабарыку дадаткова асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі па артыкуле пра злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы[13].
Міжнародная рэакцыя на пераслед
правіць29 чэрвеня 2020 міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Віктара і Эдуарда Бабарыкаў, ды іншых затрыманых апанентаў Лукашэнкі вязнямі сумлення[14][15][16].
У ліпені 2020 амерыканскі актор Элайджа Вуд, найбольш вядомы сваёй роляй хобіта Фрода ў кінасусвеце «Уладара пярсцёнкаў», запісаў відэа падтрымкі патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Віктара Бабарыкі і яго сына Эдуарда. Вядома, што Бабарыкі з’яўляюцца фанатамі «Уладара пярсцёнкаў»[17].
7 верасня 2020 сімвалічным хросным Эдуарда Бабарыкі стаў Карл-Хайнц Брунэр , дэпутат Бундэстагу, які з гэтай нагоды адзначыў: «Я сімвалічна стаў „хросным“ Эдуарда Бабарыкі, які з 18 чэрвеня знаходзіцца ў СІЗА КДБ за падтрымку выбарчай кампаніі свайго бацькі Віктара Бабарыкі. Ягоны арышт ганебны. Агітацыя за дэмакратычныя выбары не з’яўляецца злачынствам. Сваім рашэннем стаць „хросным бацькам“ я хачу паслаць сігнал: такія парушэнні немагчыма ігнараваць»[18][19].
Зноскі
- ↑ https://nn.by/?c=ar&i=251616&lang=ru
- ↑ https://web.archive.org/web/20200917021622/https://news.tut.by/society/690964.html
- ↑ Виктор Бабарико и его сын задержаны. Они в СИЗО КГБ (руск.). Праваабарончы цэнтр «Вясна» (18 чэрвеня 2020).
- ↑ Патрабуем неадкладнага вызвалення Віктара Бабарыкі і затрыманых сябраў ягонай ініцыятыўнай групы . Праваабарончы цэнтр «Вясна» (19 чэрвеня 2020).
- ↑ https://t.me/viasna96/8599
- ↑ Культура ў закладніках: патрабуем вызвалення Віктара і Эдуарда Бабарыкаў і зняцця перашкодаў для культурных праектаў . Беларускі ПЭН (25 чэрвеня 2020).
- ↑ Культурніцкая супольнасць Беларусі патрабуе вызвалення Бабарыкаў . Белсат (26 чэрвеня 2020).
- ↑ Творчая інтэлігенцыя заклікала не абмяжоўваць волю Бабарыкаў . Белсат (1 ліпеня 2020).
- ↑ https://www.facebook.com/mitja.surski/posts/3096070767106498?__xts__%5B0%5D=68.ARDsK1HXUOHnwjW9DE_imXA946Wg_z8XHnJxNwigNF7lYCj65KSOdXabbrvIKxM6MqmsH86m0RwVLazy1fH3VVGKbTpA8JTihXAq3URqraOkOYFV0dgPkJyqOeilL9xmDwwei5ZCAqTU4kCz82nKQVSg_8qND8tVydT0SsaYyJFE7pU_OWF9e8Wce7ZwbQrpnlISRKjUHWWY&__tn__=-R
- ↑ Лукашэнка сустракаўся з палітвязнямі . Белсат (10 кастрычніка 2020).
- ↑ Абаронцу Эдуарда Бабарыкі пазбавілі права на адвакацкую дзейнасць . Белсат (2 лістапада 2021).
- ↑ Эдуарда Бабарыку асудзілі да 8 гадоў калоніі, хоць віны ён не прызнаў . Новы Час (5 ліпеня 2023).
- ↑ Эдуарду Бабарыку прысудзілі дадаткова больш, чым паўтара года . Наша Ніва (14 ліпеня 2024).
- ↑ https://euroradio.fm/amnesty-international-cihanouski-babaryki-blogery-vyazni-sumlennya
- ↑ https://www.amnesty.org/en/latest/news/2020/06/belarus-fullscale-attack-on-human-rights-ahead-of-presidential-election/
- ↑ https://www.amnesty.org/en/documents/eur49/2620/2020/en/
- ↑ https://belsat.eu/news/hobit-elajdzha-uud-padtrymau-viktara-i-eduarda-babarykau/
- ↑ https://spring96.org/be/news/99417
- ↑ https://www.lphr.org/en/bundestagsabgeordnete-uebernehmen-gefangenen-patenschaften-fuer-eduard-babaryka-siarhei-piatrukhin-und-aliaksandr-kabanau/