Эканоміка Нігерыі

Нігерыя — першая на 2018 год краіна Афрыкі па памерах гаспадаркі. Аснову эканомікі складаюць здабыча і экспарт нафты. 70 % насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы.

Востраў Лагас, адзін з галоўных эканамічных цэнтраў Нігерыі

З гісторыі эканамічнага развіцця правіць

Эканамічнае развіццё Нігерыі было абцяжарана ў гады ваеннага праўлення, карупцыі і безгаспадарчасці. Падчас нафтавага буму 1970-х гадоў Нігерыя назапасіла значную знешнюю запазычанасць для фінансавання буйных інфраструктурных праектаў. З падзеннем коштаў на нафту на працягу 1980-х гадоў Нігерыя спрабавала не адставаць ад сваіх плацяжоў па крэдыце, але ў канчатковым рахунку была вымушана абвясціць дэфолт па сваіх асноўных пагашэннях запазычанасці. Пратэрмінаваная запазычанасць і пеня на назапашаную неаплачаную частку павялічылася да памеру асноўнай запазычанасці. Тым не менш, пасля перамоў з уладамі Нігерыі, у кастрычніку 2005 года Нігерыя і яе крэдыторы з Парыжскага клуба дасягнулі дамоўленасці, паводле якой Нігерыя выкупіла свой абавязак з дысконтам каля 60%. Нігерыя выкарыстала частку сваіх нафтавых даходаў для аплаты запазычанасці. Нігерыя ўвайшла ў гісторыю ў красавіку 2006 года, стаўшы першай афрыканскай краінай, якая цалкам пагасіла сваю запазычанасць, паводле ацэнак 30 мільярдаў долараў, перад Парыжскім клубам.

Агульная характарыстыка правіць

Аднаўленне дэмакратыі і правядзенне эканамічных рэформ паспяхова скасавала перашкоды на шляху Нігерыі да развіцця свайго поўнага эканамічнага патэнцыялу. Нігерыя класіфікуецца як змешаная эканоміка развіваючага тыпу, і ўжо дасягнула статусу сярэдняга даходу паводле дадзеных Сусветнага банка[1], з яе запасамі прыродных рэсурсаў, добра развітой фінансавай, юрыдычнай сістэмамі, сувязьзю, транспартым і фондавай біржай, якая з'яўляецца другой паводле велічыні ў Афрыцы.

Багатыя прыродныя рэсурсы і вялікая колькасць рабочых рук могуць стаць тым падмуркам, які зробіць Нігерыю не толькі рэгіянальным эканамічным лідарам, але і важным гульцом на сусветным рынку. У 2005 годзе Нігерыя была аднесена да групы «Наступныя 11» — развіваючыхся краін, што могуць у ХХІ стагоддзі стаць лакаматывамі сусветнай эканомікі. Пакуль жа гаспадарка краіны базуецца выключна на нафтавай галіне (займае першае месца ў Афрыцы па здабычы нафты). Нігерыя займае 23-е месца ў свеце паводле аб'ёму ВУП па стане на 2017 год. У 2014 Нігерыя апярэдзіўшы ПАР, стала першай у Афрыцы па памерах ВУП[2].Апошнія гады тэмпы росту паказчыка вельмі марудныя: у 2017 рост ВУП склаў усяго 0,8 %, у 2016 быў увогуле адмоўным — -1,6 %. Душавыя эканамічныя паказчыкі застаюцца вельмі нізкімі. У 2017 ВУП на душу насельніцтва склаў каля 6000 долараў, гэта толькі 129 месца ў свеце. Паводле дадзеных Сусветнага банка за 2010 год, 84,5% насельніцтва Нігерыі жывуць усяго на $ 2 у дзень ва ўмовах недахопу вады і электрычнасці.

Здабыўная прамысловасць правіць

Здабыўная прамысловасць фармуе аснову нігерыйскай эканомікі. Перш за ўсё гаворка ідзе аб нафце, асноўныя паклады якой размешчаны ў дэльце ракі Нігер. Нафта на нігерыйскай зямлі была знойдзена ў 1901, прамысловая здабыча пачалася ў 1956. У 1973 Нігерыя была прынята ў АПЕК і па сённяшні дзень застаецца членам гэтай арганізацыі. У 2017 годзе здабывалася каля 2 млн барэляў нафты у дзень — першае месца ў Афрыцы[3]. У 2016 сырая нафта склала 75,6 % нігерыйскага экспарту.[4]. Разам з нафтай здабываецца прыродны газ, які экспартуецца ў звадкаваным выглядзе (13 % экспарту). На плато Джос на поўначы краіны з пачатку ХХ ст. здабываецца волава. Здабыча вугалю і золата ў апошнія дзесяцігоддзі амаль спынілася.

Апрацоўчая прамысловасць правіць

Апрацоўчая прамысловасць, як і паўсюль у трапічнай Афрыцы, развітая не надта і арыентаваная на ўнутраны рынак. Яе асноўныя галіны: хімічная прадукцыя і ўгнаенні, гума; лесаматэрыялы; лёгкая (вытворчасць абутку, бавоўна, апрацоўка шкур і скуры, вытворчасць тэкстылю); цэмент і іншыя будматэрыялы; харчовая прамысловасць (вытворчасць пальмавага алею).

Сельская гаспадарка правіць

70 % насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы, якая дае 21,6 % ВУП[5]. Найважнейшая галіна — раслінаводства. На экспарт вырошчваюцца какава, кава, арахіс, садавіна і гародніна. Для ўнутранага спажывання — маіс, салодкая бульба, рыс. Разводзіцца жывёла: авечкі, козы, свінні; развіта рыбалоўства.

Знешні гандаль правіць

Галоўныя партнёры па экспарцеІндыя (20%), ЗША, Іспанія, якія купляюць нігерыйскія нафту і газ. Нігерыя імпартуе прадукты нафтаперапрацоўкі, харчаванне, медыкаменты, тэхніку (аўтамабілі, мабільныя тэлефоны). Галоўныя партнёры па імпарце — Кітай (27 %), Бельгія, Нідэрланды, ЗША (2016)[6]

Нігерыя і ЗША правіць

Нігерыя з'яўляецца найбуйнейшым гандлёвым партнёрам ЗША у краінах Афрыцы, якія месцяцца на поўдзень ад Сахары і пастаўляе ёй пятую частку сваёй нафты, што складае 11% ад імпарту нафты ЗША. Нігерыя ў цяперашні час ёсць 50-м паводле велічыні экспартным рынкам для амерыканскіх тавараў і 14-м па велічыні экспарцёрам тавараў у ЗША, Злучаныя Штаты з'яўляюцца найбуйнейшым замежным інвестарам у краіне[7].

Зноскі