Эканомія (Вялікае Княства Літоўскае)
Эканомія (грэч. oikonomia кіраванне гаспадаркай) — сталовы маёнтак, від дзяржаўнага зямельнага ўладання ў ВКЛ.
Вылучаны на падставе соймавай канстытуцыі 1589 «Ардынацыя аб каралеўскіх прыбытках Вялікага княства Літоўскага» з каралеўскіх і велікакняжацкіх уладанняў для задавальнення патрэб двара манарха і прыдворнага скарбу. Мелі ўласнае адміністрацыйна-гаспадарчае кіраванне, падначаленае надворнаму падскарбію ВКЛ. У адрозненне ад іншых каралеўскіх ўладанняў эканоміі не перадаваліся старостам. На Беларусі існавалі Берасцейская эканомія, Віцебская эканомія, Гарадзенская эканомія, Кобрынская эканомія, Магілёўская эканомія, у Літве — Аліцкая эканомія, Шаўліская эканомія. Для кантролю за станам эканомій у іх праводзіліся люстрацыі. Падзяляліся на войтаўствы, ключы, губерні, лясніцтвы. Пасля далучэння Беларусі і Літвы да Расійскай імперыі ў канцы XVIII ст. эканоміі перайшлі ў царскую казну, некаторыя падараваны прыватным асобам. У XVIII ст. у ВКЛ некаторыя староствы таксама называліся эканоміямі (Полацкая эканомія, Віцебская, Слонімская і інш.).