Электрахімічны рад напружанняў металаў
Электрахімічны рад напружанняў металаў — металы, размешчаныя ў парадку ўзрастання іх стандартных электродных патэнцыялаў. Электродам параўнання з’яўляецца стандартны вадародны электрод.
Найбольш распаўсюджаныя металы ў радзе напружанняў размешчаныя ў наступным парадку:
Li, К, Ca, Na, Mg, Al, Mn, Zn, Fe, Co, Ni, Sn, Pb, H2, Cu, Hg, Ag, Au.
Рад напружанняў паказвае параўнальную актыўнасць металаў у акісляльна-аднаўленчых рэакцыях. Чым бліжэй метал да пачатку рада напружанняў, тым большая яго аднаўленчая здольнасць. Рад напружанняў характарызуе актыўнасць у водных растворах пры нармальных умовах і актыўнасці ёнаў, роўнай 1. Адхіленне ад гэтых умоваў можа змяніць паслядоўнасць металаў у радзе напружанняў, асабліва для суседніх яго членаў. Уплыў на электродны патэнцыял мае стан паверхні электрода, і месца метала ў радзе напружанняў да некаторай ступені ўмоўнае. У рад напружанняў часам уключаюць неметалы, іёны і некаторыя злучэнні.
З рада напружанняў вынікаюць наступныя заканамернасці:
- кожны метал здольны выцясняць з раствораў соляў усе металы, якія ў радзе напружанняў стаяць пасля яго (з правага боку ад яго);
- усе металы, што змяшчаюцца злева ад вадароду, здольныя выцясняць яго з кіслотаў;
- чым далей адзін ад аднаго ў радзе напружанняў знаходзяцца металы, тым большае напружанне можа стварыць пабудаваны на іх гальванічны элемент.
Дзеля таго, што рад напружанняў складаецца на падставе тэрмадынамічных характарыстык, ён дазваляе вызначыць толькі прынцыповую магчымасць працэсаў. Рэальная ажыццявімасць у значнай ступені залежыць ад кінетычных фактараў: працэс можа быць магчымы, але хуткасць ягонага працякання занадта малая.
Сучасны выгляд электрахімічнаму раду напружанняў надаў расійскі вучоны Мікалай Мікалаевіч Бекетаў (1826—1911) у працы «Даследаванні з’яваў выціскання адных элементаў іншымі» (1865).
Артыкулу нестае спасылак на крыніцы. |