Эмірэйтс (стадыён)

(Пасля перасылкі з Эмірэйтс, стадыён)

Эмірэйтс Стэдыум (англ.: Emirates Stadium) — стадыён у Лондане. Афіцыйная назва — «Эшбертан Гроўв» (англ.: Ashburton Grove) і «Арсенал стэдыум» (англ.: Arsenal Stadium)[1]. Хатні стадыён каманды «Арсенал», умяшчальнасць 60 355 гледачоў. Пабудаваны ў ліпені 2006 года і замяніў стары стадыён Арсенала — «Хайберы» (Highbury). Выдаткі на будаўніцтва склалі £390 мільёнаў[2]. Стадыён з’яўляецца трэцім паводле велічыні ў Англіі, пасля «Уэмблі» ў Лондане і «Олд Трафард» ў Манчэстэры.

Emirates Stadium
Месцазнаходжанне Холаўэй, Іслінгтан, Лондан
Пабудаваны 2006
Адкрыты 22 ліпеня 2006
Кошт узвядзення £ 390 млн (2006)
Архітэктар Populous[d]
Уладальнік Arsenal Holdings plc[d]
Забудоўшчык Sir Robert McAlpine[d]
Хатняя каманда Арсенал
Умяшчальнасць 60 355
Памеры поля 105 х 68 м
Сайт arsenal.com/the-c… (англ.)
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Назва правіць

5 кастрычніка 2004 года «Arsenal FC» заключыў пагадненне з дубайскай авіякампаніяй «Emirates Airline», паводле якога будучая арэна клуба на бліжэйшыя 15 гадоў будзе насіць назву тытульнага фундатара. У 2014 годзе пагадненне паміж бакамі было працягнута. Паводле новага пагаднення стадыён будзе мець тую ж назву да 2028 года, а тытульным спонсарам кампанія будзе выступаць да 2019 года[1]. Варта адзначыць, што пэўная частка заўзятараў «кананіраў» выказалася супраць камерцыялізацыі назвы і прынцыпова называе стадыён «Эшбертан Гроўв».

На матчах, якія праводзяць пад эгідай УЕФА, дазваляецца выкарыстоўваць толькі афіцыйныя назвы стадыёнаў, а таксама назвы спонсараў турніру. Кампанія «Emirates Airline» не з’яўляецца афіцыйным спонсарам футбольнай арганізацыі, таму ў пратаколах арэна «Арсенала» завецца «Эшбертан Гроўв» ці «Арсенал стэдыум»[3].

Гісторыя правіць

Будаўніцтва правіць

З 1913 года дамашняй арэнай «Арсенала» быў стадыён «Хайберы», аднак яго умяшчальнасць была невялікай і складала толькі 38 419 месцаў[4], што было менш умяшчальнасці кожнага іншага еўрапейскага клуба параўнальнага статусу. Часам «ліст-чакання» на дамашнія сезонныя абанементы даходзіў да 20 тысяч чалавек, і, як вынік, клуб не атрымліваў патэнцыйны прыбытак[5]. Апроч гэтага некаторыя свае матчы Лігі чэмпіёнаў (сезоны 1998/99 і 1999/00) каманда вымушана была праводзіць на «Уэмблі». Таму ў 2-й палове 1990-х гадоў кіраўніцтва «Арсенала» задумалася пра пашырэнне «Хайберы», але мясцовыя жыхары і ўлады выступілі супраць гэтых планаў ды і тэхнічна правесці рэканструкцыю арэны было складана — адна з трыбун знаходзілася вельмі блізка да шашы, а астатнія размяшчаліся паблізу жылых дамоў. Пасля адмовы ад пашырэння старога стадыёна, у клубе пачалі разглядаць пытанне пра пераезд на «Уэмблі». Аднак ідэю пра прапіску на галоўным стадыёне Англіі адкінулі пасля таго як стала вядома, што апошні ў 2002 годзе сам стане на рэканструкцыю. У выніку было вырашана будаваць новую дамашнюю арэну[6].

Пляцоўкай для будаўніцтва абралі прамысловы будынак Эшбертан Гроўв, які знаходзіўся толькі за 500 ярдаў ад «Хайберы». Спачатку, адкрыць новы стадыён планавалі ў жніўні 2003 года, аднак з-за фінансавага крызісу будаўніцтва ўвогуле пачалося толькі ў 2004 годзе. Апроч непасрэднага будаўніцтва стадыёна, «Арсенал» быў абавязаны ўпарадкаваць прылеглую тэрыторыю — перанесці смеццеперапрацоўчы завод «Айлінгтана» (англ.: Islington Council's recycling plant) і офісы дастаўкі Каралеўскай пошты (англ.: Royal Mail Holloway Delivery Office), а таксама пабудаваць на месцы «Хайберы» некалькіх сотняў новых дамоў (не менш за 40 % з іх мусілі быць танным жыллём) і палепшыць транспартную інфраструктуру раёна.[7] Для ажыццяўлення ўзятых абавязкаў клуб выкупіў зямлю ва ўсіх уласнікаў і аплаціў іх пераезд на новыя месцы. Так «Арсенал» купіў 10 акраў зямлі ў Каледонскай чыгункі (англ.: Caledonian Road) і размясціў там смеццеперапрацоўчы завод, а Каралеўская пошта пераехала на «Хэмільтан Парк» (англ.: Hamilton Park)[5].

Каб рэалізаваць акрэсленыя планы і ўзятыя абавязкі кіраўніцтва клуба пазычыла грошы ў банках і актыўна шукала інвестараў. £ 260 млн было пазычана ў кансорцыума банкаў на чале з Royal Bank of Scotland. Таксама для рэфінансавання пазыкі футбольным клубам ўпершыню былі выпушчаны аблігацыі — 13,5-гадовых аблігацый на £ 210 млн і 7,1-гадовых аблігацый на £ 50 млн[5]. Значнай дапамогай стала падпісанне ў 2004 годзе кантракта з кампаніяй «Emirates Airlines» на суму каля 100 млн еўра. Пагадненне, акрамя назвы стадыёна, уключала пункт размяшчэнні на майках гульцоў рэкламы авіякампаніі.

Дадатковым фактарам фінансавай стабільнасці клуба стала паспяховая трансфертная палітыка галоўнага трэнера Арсена Венгера, якая заключалася ў пошуку і выхаванні маладых таленавітых футбалістаў і далейшым іх продажы за вялікія грошы.

Акрамя самой арэны, з мэтай злучыць стадыён з паркам «Дрэйтэн» (англ.: Drayton Park), праз пуці Паўночнай чыгункі былі пабудаваны два масты. Пазней, у рамках кампаніі «Арсеналізацыі», масты атрымалі назвы «Clock End» і «North Bank» у гонар адпаведных трыбун «Хайберы»[8]. Каркас арэны быў пабудаваны ў жніўні 2005 года, і будаўніцтва было завершана ў запланаваны тэрмін і ў адпаведнасці з бюджэтам. Клуб абвясціў, што ўсе ложы гатовы, і да чэрвеня 2006 года месцы «клубнага яруса» былі цалкам прададзены. Першае крэсла на новым стадыёне было ўрачыста ўсталявана 13 сакавіка 2006 года паўабаронцам «Арсенала» Абу Дыябі. Асвятляльная тэхніка стадыёна прайшла паспяховую праверку 25 чэрвеня, а днём пазней былі ўсталяваны вароты[5].

Адкрыццё правіць

Нягледзячы на тое, што «Арсенал» распачаў сезон 2006/07 ужо на новай дамашняй арэне, афіцыйнае адкрыццё «Emirates Stadium» адбылося толькі 26 кастрычніка. Гэта звязана з тым, што дата цырымоніі ўзгаднялася з раскладам каралевы Вялікабрытаніі Лізаветы ІІ. Аднак на адкрыццё стадыёна каралева так і не здолела прыехаць з-за хваробы на спіну. На мерапрыемстве ад каралеўскага дома прысутнічаў яе муж — прынц Філіп, герцаг Эдынбургскі[9]. У знак кампенсацыі з-за сваю адсутнасць на цырымоніі Лізавета II запрасіла гульцоў і трэнерскі штаб «Арсенала» на гарбату ў Букінгемскі палац. Азначаная аўдыенцыя прайшла 15 лютага 2007 года, падчас якой для дэлегацыі была праведзена экскурсія па палацы, а потым кожны гулец каманды быў прадстаўлены каралеве[10].

«Арсеналізацыя» правіць

Адразу па адкрыцці арэны заўзятары каманды пачалі выказвацца ў СМІ, што на новым стадыёне не адчуваецца атмасферы «Хайберы». Кіраўніцтва, выслухаўшы ўсе скаргі і прапановы, у жніўні 2009 года абвясціла пачатак праграмы «арсеналізацыі» (англ.: Arsenalisation) «Эмірэйтс». Найперш на ніжнім ярусе Усходняй трыбуны ўсталявалі белыя крэслы, у выніку з’явілася выява гарматы. Фасад стадыёна ўпрыгожылі 8 вялізных палотнаў з выявамі зорак каманды (на кожным па 4 гульцы) за ўсю яе гісторыю. Банеры зроблены так, што складаецца ўражанне, быццам гульцы абдымаюць стадыён і ўсіх заўзятараў.[11] Над Паўднёвай трыбунай быў размешчаны гадзіннік, які раней месціўся на «Хайберы»[12]. Таксама была адкрыта зала «Дух Хайберы» — на сценах памяшкання знаходзяцца выявы футбалістаў, якія выступалі за каманду на працягу 93 гадоў гісторыі клуба.

Летам 2010 года перад пачаткам чарговага сезону Прэм’ер-лігі клуб вырашыў перайменаваць трыбуны на адпаведныя назвы былога стадыёна. З пачаткам першага дамашняга матча супраць «Блэкпула» (21 жніўня 2010 года) Паўночная трыбуна змяніла назву на «North Bank», Паўднёвая на «Clock End», Заходняя на «West Stand», а Усходняя — «East Stand»[13].

У 2011 годзе «Арсенал» святкаваў 125-годдзе клуба — 11 снежня 1886 года, тады яшчэ «Dial Square», згуляў сваю першую гульню супраць «Істэрн Вондэрэрс», матч скончыўся перамогай з лікам 6:0[14]. Кіраўніцтва «кананіраў» у гонар юбілейнай даты вырашыла ўсталяваць каля «Emirates Stadium» статуі трох легенд. 10 снежня перад дамашняй сустрэчай з «Эвертанам» прайшла афіцыйная прэзентацыя бронзавых скульптур Герберта Чэпмена — трэнера, які змяніў разуменне футбола і пры якім «Арсенал» двойчы выйграў чэмпіянат і заваяваў Кубак Англіі, Тоні Адамса — знакамітага цэнтральнага абаронцы клуба, які ўсю прафесійную кар’еру выступаў толькі за «кананіраў» (1983—2002 гады), Цьеры Анры — лепшага бамбардзіра за гісторыю каманды[15].

Праз тры гады, 22 лютага 2014 года, на ўрачыстай цырымоніі каля трыбуны «Clock End» быў адкрыты помнік яшчэ адной жывой зорцы «Арсенала» — Дэнісу Бергампу[16]. На мерапрыемстве прысутнічалі нападаючы разам з сям’ёй, кіраўніцтва клуба і каля сотні фанатаў. Статуя выяўляе Дэніса падчас матчу супраць «Ньюкасла» 9 лютага 2003 года, у момант выканання свайго знакамітага прыёму правай нагой[17].

Архітэктура і інфраструктура правіць

Месцазнаходжанне правіць

Стадыён «Эмірэйтс» месціцца ў паўночнай частцы брытанскай сталіцы ў раёне Іслінгтан. Як з гістарычнага, так і з лагістычнага пункту для гледжання месцазнаходжанне новай арэна вельмі імпануе кіраўніцтву і шматлікім заўзятарам футбола. У першым выпадку «Арсеналу» не прыйшлося далёка пераязджаць — «Хайберы» знаходзіцца ў некалькіх сотнях ярдах ад «Эмірэйтс»[18]. Гэта дазволіла камандзе не пакідаць наседжанае месца. У другім — за 2 км ад арэны знаходзяцца чыгуначныя вакзалы «Кінгс-Крос» (англ.: King's Cross) і «Сэнт-Панкрас» (англ.: St Pancras railway station), што дазваляе гледачам з розных куткоў краіны лёгка і хутка даехаць да Лондана. Найлепшы варыянт, каб дабрацца да стадыёна на грамадскім транспарце — лонданскі метрапалітэн (англ.: London Underground), бліжэйшая станцыя «Арсенал» (англ.: Arsenal station) знаходзіцца на лініі «Пікадзілі» (англ.: Piccadilly line), таксама добрая альтэрнатыва — станцыі «Фінсберы Парк» (англ.: Finsbury Park station), што на лініях «Вікторыя» (англ.: Victoria line) і «Пікадзілі», або «Хайберы і Іслінгтан» (англ.: Highbury & Isligton station) па лініі «Вікторыя». Ад абедзвюх станцый да стадыёна прыкладна 10 хвілін пешшу[19].

Апісанне правіць

«Эмірэйтс Стэдыум» спраектаваны фірмай «HOK Sport» і пабудаваны кампаніяй «Sir Robert McAlpine Ltd». На той момант на рахунку «HOK Sport» ужо былі такія спартыўныя пабудовы як «Тэлстра Стэдыум» (стадыён у Мельбурне, які прымаў Летнія Алімпійскія гульні ў 2000 годзе), новы «Уэмблі» і «Эшатадыу Да Луш». Арэна размешчана на кірунку «поўнач-поўдзень», мае 4 трыбуны, кожная з іх складаецца з чатырох ярусаў. Верхні і ніжні ярусы з’яўляюцца стандартнымі, у суме яны ўмяшчаюць 51 000 гледачоў. На асноўным сярэднім ярусе, вядомым як «клубны паверх», размешчаны месцы для прыватных асоб і прадстаўнікоў кампаній. Ён таксама ўключае ў сябе і ложу для кіраўніцтва клуба. Непасрэдна над «клубны паверхам» знаходзіцца маленькі ярус, дзе месцяцца 150 VIP-ложаў. Месцы для заўзятараў каманд-гасцей адведзены ў паўднёва-ўсходнім куце ніжняга яруса. Пры неабходнасці колькасць месцаў для іх можа быць павялічана з 1500 да 9000, за кошт месцаў за паўднёвай брамай. На выпадак благога надвор’я над усімі месцамі для гледачоў раскінуты дах. Для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі і суправаджаючых іх асоб усталяваны спецыяльна 250 месцаў. Апроч таго, для сабак-правадыроў прызначаны спецыяльны туалет[20].

На стадыёне ўсталяваны два відэатабло, у падтрыбунных памяшканнях ёсць крамы, туалеты, рэстараны, а таксама ўсталяваны 475 плазменных панеляў. Поле стадыёна характэрна тым, што траву на абедзвюх брамавых пляцоўках можна лёгка змяніць. Да пабудовы стадыёна «Уэмблі», на «Эмірэйтс» было праведзена некалькі матчаў зборнай Англіі, таксама тут згуляла некалькі таварыскіх сустрэч зборная Бразіліі па футболе[21].

Факты і лічбы правіць

«Першы…» правіць

22 ліпеня 2006 года на «Emirates Stadium» прайшла першая гульня. Гэта быў развітальны матч легенды клуба Дэніса Бергкампа супраць сваёй былой каманды — амстэрдамскага «Аякса», і меў таварыскі характар. Гаспадары перамаглі з лікам 2:1. Аднак першы гол у гэтай сустрэчы (і першы гол на «Emirates») забіў гулец саперніка Клас-Ян Хюнтэлар. Затым Цьеры Анры ў другім тайме забіў першы гол «Арсенала» на новым стадыёне, тым самым зраўняўшы лік. А пераможны мяч на свой рахунак запісаў Нванкво Кану.[22]

Першая афіцыйная сустрэча адбылася 19 жніўня 2006 года ў межах Прэм’ер-лігі. «Арсенал» прымаў «Астан Вілу» з Бірмінгема. Матч скончыўся з лікам 1:1, а гулец «Астан Вілы» швед Олаф Мёльберг стаў аўтарам першага афіцыйнага гола на «Эмірэйтс». Жылберту Сілва зраўняў лік і стаў першым «кананірам», які забіў першы афіцыйны гол «Арсенала» на новай дамашняй арэне[11].

Сваю першую перамогу ў Прэм’ер-лізе на «Emirates Stadium» «Арсенал» здабыў 23 верасня 2006 года, адолеўшы «Шэфілд Юнайтэд» з лікам 3:0. Першая параза «Арсенала» дома зафіксавана 7 красавіка 2007 года. «Кананіры» прайгралі 0:1 «Вест Хэму»[4].

Першым еўракубкавым матчам «Арсенала» на новай дамашняй арэне стала сустрэча ў адказ трэцяга кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў 23 жніўня 2006 года з «Дынама» з Заграба. Дынамавец Эдуарду да Сілва, які потым стаў гульцом «Арсенала», адкрыў лік, але ў канцы паядынку Фрэдрык Юнгберг і Мацьё Фламіні забілі па голу і тым самым здабылі лонданцам перамогу[23].

Першы міжнародны футбольны матч на стадыёне «Эмірэйтс» прайшоў 3 верасня 2006 года. Новенькая арэна прымала зборныя Бразіліі і Аргенціны, якія сышліся ў таварыскім матчы. Бразільцы лёгка расправіліся са сваімі суседзямі — «чараўнікі мяча» тройчы паразілі вароты саперніка і ніводнага разу не прапусцілі ў адказ[24].

Фактар хатняй арэны правіць

У табліцы прыведзены статыстычныя паказчыкі выступленяў «Арсенала» на «Emirates Stadium». У разлік узяты толькі афіцыйныя сустрэчы каманды ў нацыянальных (Англійская Прэм’ер-ліга, Кубак Англіі, Кубак Футбольнай лігі) і міжнародных (Ліга чэмпіёнаў УЕФА, Ліга Еўропы УЕФА)[25] турнірах.

Сезон Афіцыйныя матчы Перамога Нічыя Паражэнне Галы
Сезон 2006/07 27 16 10 1 55:21
Сезон 2007/08 28 20 8 0 59:14
Сезон 2008/09 33 22 6 5 67:23
Сезон 2009/10 27 22 3 2 70:20
Сезон 2010/11 28 19 5 4 62:20
Сезон 2011/12 29 20 5 4 56:24
Сезон 2012/13 26 15 5 6 57:31
Сезон 2013/14 29 20 5 4 55:19
Сезон 2014/15 27 17 6 4 57:23
Сезон 2015/16 25 15 4 6 41:19
Сезон 2016/17 24 17 4 3 55:23
Сезон 2017/18 27 20 4 3 75:25
Сезон 2018/19 27 21 4 2 61:19

Зноскі

  1. а б Emirates and Arsenal agree
  2. Tom Davies. New Arsenal Stadium Архівавана 9 мая 2013. (Jul 19 2006)
  3. Turizm. Каталог путешествий. Стадион Эмирейтс
  4. а б Эмирейтс. Стадионы. Live Result.
  5. а б в г Peski.ru Emirates Stadium (Лондон)
  6. Stadiums.at.ua Эмирэйтс — новая домашняя крепость лондонского Арсенала? 20 мая 2012
  7. Forbes. Как современные стадионы меняют городское пространство. Архівавана 22 сакавіка 2016. 15 апреля 2015
  8. Стадион Эмирейтс
  9. Эмирейтс
  10. Прессбол. Рубрика: Легионеры. Глеб встретился с британской королевой. февраль 2007
  11. а б Элитный клуб: «Арсенализация» Emirates Stadium. Архівавана 9 сакавіка 2016. 18.10.2010
  12. The Arsenal Clock
  13. Футбол в Англии. Ashburton Grove. Архівавана 12 сакавіка 2016. 20.07.2010
  14. Белтон Б. «Первые „Канониры“. „Арсенал“ от Пламстеда до Хайбери», FC Arsenal.com, 2011. — 167 с.[1]
  15. FC-ARSENAL.by Статуи трёх легенд. Как делали статуи
  16. Football.ua Бергкамп появился на Эмирейтс. 22 февраля 2014
  17. Спорт XL. Возле «Эмирейтс» открыли статую Денниса Бергкампа. Архівавана 9 сакавіка 2016. 23 февраля 2014
  18. Forbes. Как современные стадионы меняют городское пространство. 15 апреля 2015
  19. Все стадионы мира. Эмирейтс (Emiratesstadium).
  20. Элитный клуб: «Арсенализация» Emirates Stadium Архівавана 9 сакавіка 2016.
  21. Get to… Emirates Stadium
  22. Футбол — как есть! Стадион «Эмирейтс». 4 ноября 2012 г.
  23. Arsaman.ru
  24. Arsenal-London 1886 * Forward * 2011
  25. Myscore.ru Англия. Премьер-лига. Статистика

Спасылкі правіць