Энгана (індан.: Enggano) — востраў у Індыйскім акіяне. Уваходзіць у склад Інданезіі. Плошча — 397 км². Насельніцтва (2012 г.) — 3600 чал.

Энгана
індан. Enggano
Фота (да 1936 г.)
Фота (да 1936 г.)
Характарыстыкі
Плошча397 км²
Насельніцтва3 600 чал.
Шчыльнасць насельніцтва9,07 чал./км²
Размяшчэнне
5°23′21″ пд. ш. 102°24′40″ у. д.HGЯO
АкваторыяІндыйскі акіян
Краіна
Энгана (Інданезія)
Энгана
Энгана
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Геаграфія правіць

Востраў Энгана знаходзіцца ў 130 км на паўднёвы захад ад Суматры, у 518 км ад Джакарты і ў 9506 км ад Мінска. Мае вулканічнае паходжанне. Сфарміраваўся ў выніку субдукцыі (напаўзання акіянічных пліт, гл. Тэктоніка пліт). Знаходзіцца ў зоне сейсмічнай актыўнасці.

Берагі нізінныя, пакрытыя пясчанымі пляжамі, балотамі і мангравымі лясамі, месцамі атачаюцца каралавым рыфам. У цэнтральнай частцы вылучаюцца ўзгоркі (да 281 м). Даволі шмат рэк.

Клімат трапічны, вельмі вільготны. Сезон мусонаў цягнецца з мая да кастрычніка.

На Энгана захаваліся першародныя трапічныя лясы, якія нават ў наш час займаюць значныя тэрыторыі. Іх насяляюць шматлікія птушкі, яшчаркі, змеі, буйвалы і эндэмічныя пацукі.

Гісторыя правіць

Ранняя гісторыя вострава вывучана слаба. Мяркуецца, што ён быў населены ў неаліце. Аднак дакладнае паходжанне карэнных насельнікаў ісукул застаецца спрэчным. Энганская мова мае шчыльную сувязь з аўстранезійскай моўнай сям’ёй, але адрозніваецца наяўнасцю своеасаблівых аўтахтонных элементаў. Матэрыяльная культура абарыгенаў больш нагадвае нікабарскую, чым суматранскую ці ментавайскую. Але моўных сувязяў з нікабарцамі не выяўлена.

Доўгі час ісукул жылі ў адноснай ізаляцыі ў цэнтральнай частцы вострава, дзе клімат больш прыдатны, чым на ўзбярэжжы. Толькі ў XVII — XVIII стст. яны пачалі карыстацца металамі і тканінамі, якія трапілі на востраў у выніку гандлю з вонкавым светам.

Еўрапейскімі першаадкрывальнікамі лічацца галандцы (1596 г.), хаця за востравам замацавалася назва партугальскага паходжання (парт.: engano «памылка»). У XVII ст. востраў фармальна далучаны да валоданняў Нідэрландаў. У 1645 г. галандцы захапілі 82 тубыльцы ў рабства. Сталыя кантакты паміж абарыгенамі і еўрапейцамі пачаліся з 1771 г., калі на востраве высадзіліся прадстаўнікі Брытанскай Ост-Індскай кампаніі.

У кан. XIX ст. насельніцтва Энгана значна скарацілася ў выніку эпідэміі і цунамі пасля вывяржэння вулкана Кракатау. Галандскія ўлады даслалі на востраў медыцынскую дапамогу і стымулявалі перасяленне выжылых на Суматру. Акрамя таго, сярод астравіцян пачалі працу хрысціянскія місіянеры.

У 1945 г. востраў увайшоў у склад Інданезіі. У 1961 г. на Энгана быў створаны рэабілітацыйны цэнтр для маладых правапарушальнікаў з Явы. Іх колькасць у 6 разоў перавышала мясцовае насельніцтва. Нявольныя перасяленцы стварылі рысавыя палеткі, што палепшыла забяспечанасць астравіцян харчам. Некаторыя з іх пасля заканчэння тэрміну зняволення заставаліся на востраве.

У 2011 г. урадавыя структуры Інданезіі абвясцілі аб планах будаўніцтва на Энгана касмадрома, што, аднак, выклікала пратэсты мясцовых уладаў.

Інфраструктура правіць

Энгана ўяўляе сабою адзіную адміністрацыйную акругу, якая ўваходзіць у склад інданезійскай правінцыі Бенгкулу. Паміж востравам і портам Бенгкулу маецца паромная сувязь.

Налічваецца каля 17 буйных вёсак, якія месцяцца пераважна на ўзбярэжжы. Унутраны транспарт развіты слаба. Кантакты паміж вёскамі найчасцей здзяйсняюцца на лодках па моры. Мясцовая эканоміка заснавана на сельскагаспадарчай вытворчасці.

Культура правіць

Каля 40 — 60 % насельнікаў Энгана складаюць карэнныя жыхары ісукул. Яны размаўляюць на асобнай энганскай мове і маюць своеасаблівыя культурныя традыцыі.

У мінулым ісукул займаліся рыбалоўствам, вырошчваннем садавіны і гародніны, паляваннем. Яны падзяляліся на 5 буйных матрылакальных родаў суку. Жанчыны займалі пачэснае становішча, лічыліся галоўнымі ўладальнікамі зямлі і перадавалі яе па спадчыне толькі дачкам. Вылучаліся жанчыны-правадыры экаахуой і мужчыны-правадыры экапу. Як правіла, яны былі сваякамі, але не абавязкова мужам і жонкай. У рэлігіі дамінаваў культ продкаў. Рытуальны змест меў мурашыны танец. Іскукул будавалі хаціны на палях, што знешнім выглядам нагадвалі пчаліныя вуллі. Гэта былі каркасныя канструкцыі без сценак з дахам-буданом, якія добра вытрымлівалі моцныя цыклоны.

Многія традыцыі карэнных насельнікаў перасталі існаваць у канцы XIX — пач. XX ст., калі іх колькасць значна зменшылася. Але яны захавалі сваю арыгінальную мову і паўсядзённыя звычаі. У наш час адбываецца паступовае адраджэнне культуры энганцаў.

Спасылкі правіць