Энеіда навыварат

«Энеіда навыварат» — парадыйна-сатырычная паэма; адзін з першых буйных твораў беларускай літаратуры новага часу.

Энеіда навыварат
Жанр паэма
Аўтар Вікенцій Равінскі
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 1820-я гады
Дата першай публікацыі 1845
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

Напісана пасля 1812 і не пазней пач. 1830-х г. Дайшоў толькі ўрывак з паэмы (палавіна 1-й песні, каля 300 радкоў). Першыя датаваныя спісы адносяцца да 1837, першая публікацыя — у пецярбургскім часопісе «Маяк» (1845), больш поўная — у «Смоленском вестнике» (1890). Большасць даследчыкаў лічыць, што паэма нарадзілася на заходняй Смаленшчыне, цесна звязанай з Беларуссю, яе аўтар В. Равінскі. Частка даследчыкаў называе іншага аўтара - Ігната Манькоўскага.

Энеіда навыварат

Жыў-быў Эней, дзяцюк хупавы,
Парнюк няўвошта украсіў;
Хоць пан, а ўдаўся нялукавы,
Даступен, весял, неспясіў.
Но грэкі вуйму нарабілі:
Як ляда, Трою ўсю спалілі.
Кашэль ён згробшы – науцёк,
І швыдко зробіўшы чаўнок,
Траянцамі яго набіў
І ў мора з імі ён паплыў.

В. Равінскі

Паэма напісана ў жанры травесціі (гл. бурлеска) і парадзіруе «Энеіду» Вергілія. Прымыкае да шэрагу травесційных «Энеід», якія пачынаючы з XVII ст. ўзнікалі ў многіх еўрапейскіх літаратурах як дэмакратычная рэакцыя на класіцызм. Бліжэйшымі ўзорамі для аўтара «Энеіда навыварат» былі адпаведныя ўкраінскія (І. Катлярэўскага) і рускія (М. Осіпава) творы. У сваіх папярэднікаў ён запазычыў сюжэт (прыгоды легендарнага героя Энея), але стварыў арыгінальны твор, напоўнены рэаліямі беларускага жыцця часоў прыгонніцтва. Траянцаў — спадарожнікаў Энея — аўтар надзяліў рысамі прыгонных сялян, паказаў кемлівасць, працавітасць і жыццелюбівасць народа. Пад выглядам старажытных багоў (Юнона, Эол) і некаторых іншых персанажаў (Дыдона) выводзяцца памешчыкі і іх памагатыя. Аўтар прадэманстраваў дасканалае веданне беларускага фальклору, вялікія выяўленчыя магчымасці беларускай мовы (усходнебеларускія гаворкі). Твор багаты па танальнасці і фарбах. У паказе жыцця аўтар імкнецца да праўдзівасці, хоць гэта яшчэ не рэалізм у поўным сэнсе слова.

«Энеіда навыварат» адыграла вялікую ролю ў станаўленні новай беларускай літаратуры і ўваходзіць у скарбніцу беларускай паэзіі.

Публікацыі правіць

Літаратура правіць

  • Карский Е. Белорусы. Т. 3, вып. 3. Пт., 1922;
  • Лазарук М. Станаўленне беларускай паэмы. Мн., 1968;
  • Бас I. Літаратурныя пошукі, знаходкі, даследаванні. Мн., 1969;
  • Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 2. Мн., 1969;
  • Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971;
  • Кісялёў Г. Разыскивается классик… Мн., 1989;
  • Кісялёў Г. Слядамі «Энеіды» // Полымя. 1996. № 10;
  • Блінава Э. Лінгвістычны аналіз паэмы «Энеіда навыварат» // Роднае слова. — 2005. — № 12. — С. 31-34.

Спасылкі правіць

 
Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Энеіда навыварат