Эпісталярная літаратура
Эпісталярная літаратура (ад грэч. επιστολή — пасланне, пісьмо) — 1) перапіска прыватных ці афіцыйных асоб, задумманая напачатку або пазней асэнсаваная як мастацкая ці публіцыстычная проза. Развілася з бытавой перапіскі, калі форма пісем ператварылася ў прыём мастацкага апавядання, карэспандэнты — у персанажаў, а змест падпарадкаваны асноўным законам мастацкай умоўнасці. Губляючы двухбаковы характар, яна ператвараецца ў цыкл пісьмаў да сапраўднага або ўмоўнага адрасата і памагае больш дакладна выявіць ідэйна-палітычныя, эстэтычныя погляды дзеячаў літаратуры і мастацтва, якія вялі перапіску, гісторыю стварэння літаратурнага твора, вызначыць сувязі паміж майстрамі культуры і г.д. 2) Мастацка-публіцыстычны твор у форме пасланняў, лістоў. Адзін з найбольш яскравых узораў гэтага тыпу эпісталярнай літаратуры ў беларускай старажытнай літаратуры — «Ліст да Абуховіча» (1665). Вялікай публіцыстычнай сілай вызначаюцца «Лісты з-пад шыбеніцы» (1864) Кастуся Каліноўскага. У канцы 19 стагоддзя гэту форму выкарыстоўвалі невядомыя аўтары, якія пісалі пад псеўданімамі Даніла Баравік («Пісьмы пра Беларусь»), Шчыры Беларус («Пасланне да землякоў-беларусаў»). Ананімна надрукавана пасланне «Да беларускай моладзі». Эпісталярным жанрам карысталіся Цётка (апавяданне «Навагодні ліст»), Максім Гарэцкі (апавяданне ў лістах «У чым яго крыўда?»), элементы эпісталярнай літаратуры ёсць у яго аповесці «Меланхолія», рамане «Камароўская хроніка», у творах Якуба Коласа «На прасторах жыцця»), Міхася Зарэцкага (зборнік апавяданняў «42 дакументы і Двое Жвіроўскіх»). У беларускай літаратуры канца 20 стагоддзя да эпісталярнага жанру звярталіся Леанід Левановіч (аповесць «Якар надзеі»), П.Кавалёў (кніга аповесцей і апавяданняў «Пакінь нас, трывога»); яго элементы сустракаюцца ў творах Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Івана Шамякіна, Яўгеніі Янішчыц і інш.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — 473 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).