Эрдзівіл
Эрдзівіл, Гердзівіл (Ерьдивилъ, польск.: Erdywił, літ.: *Erdvilas, *Girdvilas; XII ст. — пасля 1219) — князь жамойцкі. Адзін з 21 князёў літоўскіх, якія падпісалі дамову з Галіцка-Валынскім княствам ў 1219 годзе. Ён і Вікінт названы ў дамове жамойцкімі князямі. Усходняя частка Жамойці, якой кіраваў Гердзівіл, падтрымлівала літоўскага князя Міндоўга, тым часам як заходняя частка, якой кіраваў Вікінт, была варожай да Міндоўга. Дамова 1219 года — адзіная згадка пра Гердзівіла ў крыніцах. Некаторыя гісторыкі лічаць, што пляменнік Міндоўга Транята, быў сынам Гердзівіла, аднак большасць лічыць Траняту сынам Вікінта.
Эрдзівіл | |
---|---|
Нараджэнне | XII стагоддзе |
Смерць | не раней за 1219 |
Жонка | Эрдзівілава[d] |
Дзеці | мерк. Транята |
У XVI ст. імя гістарычнага Эрдзівіла ўзята аўтарамі легендарнай часткі беларуска-літоўскага летапісання для свайго персанажа — наваградскага князя Эрдзівіла Мантвілавіча.
Імя
правіцьУ Галіцка-Валынскім летапісе названы як Ерьдивилъ. У «Хроніцы Быхаўца» ёсць некалькі варыянтаў напісання імя Jerdywił, Еrdywił, Еrdіwił[1], першы варыянт сведчыць, што пачатковым гукам (перад тым як стаць фрыкатыўным H-) быў G-.
Імя Гердзівіл ад балцка-літоўскага двухасноўнага Gird-vil’as[2]. Першая аснова Gird- а літоўскага girdėti «чуць» і звязаная з паняццем далекачутнай ваярскай славы. Другая аснова Vil- мае семантыку прагнасці, жадання. Імя Гірдвіл (Гердзівіл) значыць «Прагны да славы». Такое значэнне зусім зразумелае для таго ваярскага раннелітоўскага асяроддзя, у якім бытавалі такія імёны.