Эрэбор[1], або Адзінокая Гара (англ.: Lonely Mountain, сінд.: Erebor) — у легендарыуме Дж. Р. Р. Толкіна назва адначасова гары і размешчанага пад ёй каралеўства гномаў.

Эрэбор
Знаходзіцца ў межах геаграфічнага аб’екта Раваніён[d]
Мяжуе з Ravenhill[d]
Стваральнік твора Джон Рональд Руэл Толкін
Прадстаўлена ў працы Валадар Пярсцёнкаў
З мастацкага твора легендарыум Толкіна[d]
Інтэрпрэтацыя Адзінокай гары

Геаграфія

правіць

Эрэбор размешчаны ў паўночна-ўсходняй частцы Серадзем'я, на поўдзень ад усходняга ўскрайку Шэрых Гор (Эрэд Мітрын) і на захад ад горнай сістэмы Жалезных Узгоркаў; такім чынам, з усіх бакоў свету Эрэбор акружаны бязлеснымі стэпамі (што і паўплывала на ўтварэнне тапоніму — Адзінокая Гара).

У некалькіх дзясятках кіламетраў на поўдзень ад Эрэбора знаходзіцца Доўгае Возера, утворанае на месцы зліцця Лясной ракі, якая працякае праз Цемналессе і землі эльфійскага каралеўства і ракі Келдуін, якая бярэ свой пачатак на схілах Адзінокай Гары і далей выходзіць з возера і ўпадае ва ўнутранае мора Рун.

Гісторыя

правіць

Каралеўства заснаваў у 1999 годзе Трэцяй Эпохі Траін I, сын Наіна, пасля зыходу гномаў з Морыі. У Эрэборы быў знойдзены каштоўны Камень Камянёў — Аркенстан, або Сэрца Гары. Каралеўства Эрэбор сталі называць Падгорным каралеўствам, а яго кіраўніка — Падгорным каралём ці Каралём-пад-Гарой.

У 2770 годзе Т. Э. дракон Смог Залаты, даведаўшыся пра багацці Эрэбора, раптоўна напаў на каралеўства. Многія з гномаў загінулі, аднак некаторым, у тым ліку каралю Трору, яго сыну Траіну II і ўнуку Торыну ўдалося выратавацца, дзякуючы чаму была захавана радавая лінія Дурына і ўтворана каралеўства ў выгнанні. Дракон жа, выгнаўшы жыхароў Гары, запоўз у створаны гномамі лабірынт і залёг там на грудзе скарбаў.

170 гадоў ніводная жывая істота не адважылася пракрасціся ў Эрэбор з-за страху, які нагнаў дракон на былых гаспадароў і суседзяў Эрэбора. Аднак у 2941 годзе Т. Э. спадчыннік трона Эрэбора Торын Дубашчыт, натхнёны магам Белага Савета Гандальфам Шэрым і заручыўшыся падтрымкай хобіта Більба Торбінса, вырашыўся пракрасціся ў скарбніцу Гары праз тайны ход (менавіта праз яго ў свой час выратаваліся бацька і дзед Торына). Добра разумеючы няроўнасць сіл і марнасць адкрытага супрацьстаяння, Торын планаваў тайна выкрасці частку скарбаў, якія некалі належалі яму (у тым ліку Аркенстан); аднак нават такое ўмяшанне не засталося незаўважаным драконам, і атрад Торына падвергся нападу з паветра на схілах Эрэбора. Гномы толькі цудам засталіся ў жывых, а раз'юшаны Смог абрынуў свой гнеў на жыхароў размешчанага на поўдні Эсгарота, але быў забіты Бардам Лучнікам.

Пасля Бітвы Пяці Войскаў, у якой паў Торын, гномы вярнуліся ў Эрэбор, і новы кароль — Даін II Жалезнастоп — адрадзіў багацце і славу Падгорнага каралеўства.

Падчас Вайны Пярсцёнка арміі ўсходніх саюзнікаў Саўрана атакавалі Эрэбор і аблажылі яго, тройчы спрабуючы ўзяць непрыступную цытадэль гномаў штурмам. Абараняючы Гару, на подступах да яе паў кароль Даін II. Аднак пасля гібелі Пярсцёнка Усеўладдзя гномы і іх саюзнікі, людзі Дэйла, адкінулі армію оркаў і істэрлінгаў і прымусілі да ўцёкаў.

У Чацвёртую Эпоху Эрэбор захаваў сваё багацце і незалежнасць, стаўшы саюзнікам Уз'яднанага Каралеўства Гондара і Арнара.

Зноскі

  1. Напісанне Эрэбор згодна з выданнем Дж. Р. Р. Толкін. Валадар Пярсцёнкаў. Брацтва Пярсцёнка / Пераклад з англійскай Ігара Кулікова. — Зомбкі: Выдавецтва «Янушкевіч», 2023. — 562 с. — ISBN 978-83-969297-6-1.

Спасылкі

правіць