Эстонская акадэмія музыкі і тэатра
Эстонская акадэмія музыкі і тэатра (эст.: Eesti Muusika- ja Teatriakadeemia) — вышэйшае музычна-педагагічная навучальная ўстанова і навуковы цэнтр музыказнаўства, фалькларыстыкі, эстэтыкі, музычнай педагогікі ў сталіцы Эстоніі г. Таліне. Заснавана ў 1919 годзе.
Гісторыя
правіцьТалінская Вышэйшая школа музыкі (эст.: Tallinna Kõrgem Muusikakool) была заснавана 28 верасня 1919 года як прыватная навучальная ўстанова. Ля яе вытокаў стаяла група прафесараў эстонскага паходжання, якія вярнуліся на радзіму з розных расійскіх вышэйшых музычных навучальных устаноў, — у тым ліку Артур Кап, Артур Лемба, Ян Там. У 1923 годзе школа была пераназвана ў Талінскую кансерваторыю. Першы выпуск адбыўся ў 1925 годзе. Нацыяналізавана ў 1935 годзе.
Пасля анексіі Эстоніі Савецкім Саюзам у 1940 годзе музычная адукацыя стала ажыццяўляцца ў адпаведнасці з савецкімі ідэалагічнымі ўстаноўкамі і, як следства, было скасавана вывучэнне царкоўнай музыкі як спецыяльнасці, пачалося вывучэнне палітычных прадметаў. З пачаткам Другой сусветнай вайны савецкае кіраўніцтва кансерваторыі адправілася ў эвакуацыю, а да выкладання вярнуўся ранейшы склад педагогаў на чале з Юханам Аавікам, які здолеў аднавіць працу. Выпуск студэнтаў адбыўся нават у 1944 годзе нягледзячы на тое, што 9 сакавіка 1944 годзе ў выніку паветранага налёту авіяцыі Савецкай Арміі будынак кансерваторыі быў разбураны.
У лістападзе 1944 года заняткі ў кансерваторыі аднавіліся ўжо пад савецкім кіраўніцтвам. Асабліва цвёрды ідэалагічны прэсінг кансерваторыя зведала ў 1950 годзе пасля рашэнняў VIII пленума ЦК Камуністычнай партыі Эстоніі; тры прафесары — Рыха Пятс, Альфрэд Карындзі і Туўдур Ветык — былі арыштаваны. У сярэдзіне 1950-х гг. становішча ў кансерваторыі пачала нармалізоўвацца. У 1957 годзе быў адкрыты факультэт драмы, у 1970-х гадах быў адроджаны арганны клас, закрыты ў 1950 годзе. У 1989 годзе была адноўлена ранейшая назва Талінская кансерваторыя, а ў 1993 годзе яна была пераназвана ў Эстонскую акадэмію музыкі.
У 1999 годзе Эстонская акадэмія музыкі пераехала ў новы будынак, які лічыцца адным з налепшых і найбольш сучасных кансерваторскіх будынкаў у свеце. Акрамя таго, з 1997 года працуе філіял акадэміі ў Тарту.
Кіраўнікі акадэміі
правіць- Міхкель Людыг (1919 — 1923)
- Ян Там (1923 — 1933)
- Юхан Аавік (1933 — 1940)
- Рыха Пятс (1940, в. а.)
- Ксенія Айзенштат (1940 — 1941, в. а.)
- Уладзімір Алумяэ (1941), (1964 — 1970)
- Юхан Аавік (1941 — 1944)
- Уладзімір Алумяэ (1944 — 1948)
- Бруна Лук (1948 — 1951)
- Георг Отс (1951 — 1952)
- Эўген Кап (1952 — 1964)
- Віктар Іосіфавіч Гур'еў (1970 — 1982)
- Вена Лаўль (1982 — 1992)
- Пээп Ласман (з 1992 года)
Вядомыя выпускнікі
правіцьУ дужках пазначаны год выпуску
- Эвальд Ааў (1926) — эстонскі кампазітар і харавы дырыжор, адзін з заснавальнікаў эстонскай нацыянальнай оперы
- Эры Клас (1964) — эстонскі дырыжор, Народны артыст СССР
- Арва Пярт (1957) — эстонскі кампазітар
- Артур Рынэ — эстонскі оперны спявак, Заслужаны дзеяч мастацтваў Эстонскай ССР
- Яан Раэтс (1932) — эстонскі кампазітар, народны артыст Эстоніі (1977)
- Густаў Эрнесакс — эстонскі кампазітар і харавы дырыжор, Народны артыст СССР
Вядомыя выкладчыкі
правіць- Сяргей Мамантаў (1877—1938) — расійскі і эстонскі музычны дзеяч і педагог, канцэртмайстар Вялікага тэатра у Маскве
- Густаў Эрнесакс (1908—1993) — эстонскі кампазітар і харавы дырыжор, Народны артыст СССР
- Эры Клас (нар. 1939) — эстонскі дырыжор, Народны артыст СССР
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Эстонская акадэмія музыкі і тэатра
- Афіцыйны сайт (англ.)