Этнагенез беларусаў
Этнагене́з белару́саў — працэс фарміравання беларускага этнасу.
Беларускі народ — адна з галін усходніх славян у складзе славянскай групы індаеўрапейскай сям’і народаў. Ён сфармаваўся ў выніку працяглых і складаных этнічных працэсаў, якія праходзілі ў розны час на тэрыторыі Беларусі, увабраў у сябе і перапрацаваў увесь той разнастайны генетычны фонд, які назапашваўся тут некалькі тысячагоддзяў.
Тэорыі паходжання
правіцьУзнікненне беларускага народа — заканамерны вынік мінулага этнічнага развіцця насельніцтва цяперашняй Беларусі, абумоўлены законамі этнагенезу.
Этнагенетычныя тэорыі з’яўляюцца канструктамі навуковай думкі, што апелюе да вялікіх масіваў навуковых звестак, сабраных рознымі навукоўцамі ў розны час. Беларуская народная думка ў гэтым сэнсе фармулявала прасцей: згодна з беларускім этнагенетычным міфам, чалавек «ці прыйшоў адкуль ці вырас тутака»[1].
Паходжанне беларускага народа па сённяшні дзень з’яўляецца прадметам навуковых і калянавуковых спрэчак. У першую чаргу яны пакліканыя да жыцця адпрэчаннем канцэпцыі трохадзінага рускага народа, згодна з якой беларускі народ, разам з украінскім народам і велікарускім народам, з’яўляецца адной з трох частак адзінага рускага народа, славянскага ў сваёй аснове, які з’яўляецца спадкаемцам «старажытнарускай народнасці»[2]. Гэтая канцэпцыя адносіцца да часоў XVII—XVIII стст., але сваімі карэньмі сягае часоў больш ранніх, перыяду хрысціянізацыі (праваславізацыі) тэрыторый продкаў гэтых трох народаў, якая за цэнтр мела Кіеў.
На сёння ў папулярнай грамадскай думцы ў Беларусі, а таксама дзе-нідзе і ў афіцыйным гістарычным дыскурсе, пераважае тэорыя славянскага паходжання беларусаў[3]. Згодна з ёй, продкі беларускага народа (на той час з беларускай назвай яны сябе не асацыявалі) прыйшлі на тэрыторыю, якую пазней будзе займаць беларускі народ, як славянскія каланізатары падчас эпохі Вялікага перасялення народаў, і з таго часу адбываецца больш-менш бесперапыннае развіццё моўна-этнічнай супольнасці на гэтай тэрыторыі.
Ад самага пачатку этнаграфічных народаапісанняў і цікаўнасці да пытанняў паходжання народаў, што ўзбуяла ў Еўропе ў XIX ст., гэтая тэорыя была абумоўленая відавочным усходнеславянскім характарам мовы беларусаў. Да славянскіх далучаліся вядомыя са старарускіх летапісаў плямёны крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, і на аснове гэтых плямёнаў, згодна з «племяннай» тэорыяй паходжання беларусаў, і ўзнік беларускі народ[4].
Пачынаючы з першых дзесяцігоддзяў XX ст. цэльнасць «славянскай» тэорыі ўсё больш і больш ставяць пад сумненне, калі пачынаюцца назапашвацца звесткі з параўнаўчага мовазнаўства. Шэраг польскіх, рускіх, літоўскіх навукоўцаў (найперш мовазнаўцаў) вызначаюць вялікую колькасць рачных назваў (гідронімаў) на тэрыторыі цяперашняй Беларусі, а таксама на ўсходзе і на поўдні ад яе сённяшніх межаў (басейны Сейма, Верхняга Дона, Масквы-ракі, Верхняй Волгі), як балцкія з паходжання[5].
Пазней мовазнаўцы, пільней угледзеўшыся ў дыялекты мовы беларусаў, балцкія рысы фіксуюць і ў ёй (вакалізм, лексіка, сінтаксіс)[6]. Сваё слова на карысць балцкай прысутнасці на тэрыторыі сучаснай Беларусі пачынаюць казаць і археолагі. Пляменныя назвы крывічоў і дрыгавічоў (а часам і радзімічаў) таксама пачынаюць выводзіць з балцкай лексікі[7].
Грунтуючыся на комплексе гэтых навейшых мовазнаўча-археалагічных звестак, на месца славянскай тэорыі ўзнікнення беларусаў прыходзяць дзве тэорыі, якія адрозніваюцца рознай ступенню, што надаецца балцкаму складніку ў этнічнай гісторыі беларусаў.
- Згодна з «мякчэйшым» варыянтам («тэорыя балцкага субстрату»[8]), беларусы ўзніклі ў выніку больш-менш раўнадольнага змяшэння аўтахтонаў балтаў з прыхаднямі славянамі (паводле формулы «маці з балтаў, бацька са славянаў»), пры гэтым апошнія лічацца актыўнымі і наступальнымі каланізатарамі, што скарылі першых, накінуўшы ім сваю мову і ідэнтычнасць.
- Існуе, аднак, і больш далекасяжны ў сваіх высновах варыянт («тэорыя беларусаў як славянамоўных балтаў»[9]), згодна з якім груп славянскіх пасяленцаў было няшмат, а самі яны былі малаколькасныя і выконвалі найперш пасярэдніцка-гандлярскую функцыю. Апроч іншага, яны паспрыялі ўзнікненню гарадскіх асяроддзяў і прынеслі цэнтралізацыю вакол гарадоў, што і зрабіла славянскую гаворку (тагачаснае міжнацыянальнае «кайнэ») больш прэстыжнай і дазволіла ёй з цягам часу распаўсюджвацца ўсё шырэй і шырэй у радыяльным кірунку ад гарадоў[10].
Самай позняй паводле часу ўзнікнення з’яўляецца «фінская» тэорыя ўзнікнення беларусаў[11]. У ёй абсалютызуецца ўплыў старажытнай культуры грабеньчата-ямкавай керамікі, носьбіты якой былі фінамоўныя, на этнагенез продкаў беларусаў. Уплывы гэтай культуры на поўдзень ад Дзвіны былі мінімальныя (на Задзвінні, на тэрыторыі поўначы цяперашняй Беларусі — фрагментарныя), а найбольш прыкметным гідранімічным сведчаннем тых уплываў з’яўляецца назва Сож, дадзеная гэтай рацэ ў яе вярхоўях, якіх з поўначы сягалі ўплывы той культуры[12].
Канчаткова не развязаным дагэтуль пытаннем з’яўляецца моўна-этнічная атрыбуцыя насельніцтва, на тэрыторыю якой з поўначы насунуліся згаданыя фінскамоўныя прыхадні ў V тыс. да н.э. (4400—4200 гг. да н.э.). Найчасцей гэтае насельніцтва называюць даіндаеўрапейскім, або стараеўрапейскім, што існавала тут менш-больш у бесперапыннасці ад часоў пасляледавіковага асваення гэтых земляў. Менавіта яго тэрыторыі, згодна з канвенцыйна прынятымі тэорыямі, у III тыс. да н.э. (2900—2100 гг. да н.э.), зваявалі і апанавалі індаеўрапейцы-«шнуравікі», што насунуліся з поўдня.
Існуе, аднак, тэорыя, згодна з якой гэтае стараеўрапейскае насельніцтва было «паўночнымі індаеўрапейцамі». За дзесяць тысячагоддзяў (у XIII тыс. да н.э.) да прыходу прадстаўнікоў культуры шнуравой керамікі (яны дзеля кантрасту называюцца «паўднёвымі індаеўрапейцамі») тыя ўжо прыйшлі ва Усходнюю Еўропу з паўднёваеўрапейскіх «рэфугіумаў». Там, у цяплейшых умовах на Балканах і на Іберыйскім паўвостраве, яны хаваліся ад насоўвання ледавіка, а асвойваць больш паўночныя землі выправіліся, калі ледавік пачаў таяць 18 тыс. гадоў таму. Менавіта яны на поўнач Еўропы прынеслі індаеўрапейскія мовы, а «паўднёвыя індаеўрапейцы» «шнуравікі» былі нешматлікія, археалагічна не фіксуецца іх масавых паселішчаў, пахаванняў і слядоў інвентара на землях, дзе пазней вядомыя балты[13].
Такім чынам, пытанне пра этнагенез народа беларусаў аказваецца паміж двума полюсамі — «славянскім» і «балцкім», паміж якімі размяшчаюцца тэорыі. Пры гэтым «племянная» тэорыя можа быць як у «славянскім», так і ў «балцкім» афармленні (у залежнасці ад славянскай ці балцкай атрыбуцыі раннебеларускіх плямёнаў), а «балцкая» тэорыя можа сягаць як III тыс. да н.э. (часоў прыходу «шнуравікоў»), так і часоў больш ранніх археалагічных культур, што змянялі тут адна другую ад пасляледавікоўя.
Даследаванне генома
правіцьЗгодна з сумесным даследаваннем, праведзеным міжнародным калектывам даследчыкаў з Беларусі, Эстоніі, Італіі, Ізраіля, Арменіі, найболей частотнымі гаплагрупамі Y-храмасомы (забяспечвае перадачу генетычнай інфармацыі па бацькавай лініі) сярод 565 прадстаўнікоў 6 субрэгіёнаў Беларусі апынуліся наступныя: R1a (50,62 %), I2а (17,17 %) і N1c (9,56 %).[14]
- З гэтых трох гаплагрупаў першая, R1а, традыцыйна суадносіцца з індаеўрапейскай каланізацыяй Усходнееўрапейскай раўніны, што прыйшла з прычарнаморска-каспійскіх стэпаў, і лічыцца прысутнай у рэгіёне ад бронзавага веку[15] (менавіта балцкія мовы, у прыватнасці, літоўская, лічацца на сёння найменш змененымі з існых жывых моў у параўнанні з раннімі індаеўрапейскімі дыялектамі). Грунтуючыся на гэтым паказніку, беларусы аказваюцца ў адным шчыльным усходнееўрапейскім кластары з палякамі, рускімі паўднёва-заходніх абласцей і рускімі Цверскай вобласці.[16] Гэты кластар карэлюе са старажытнабалцкай гідраніміяй, якую знаходзяць на захадзе і ўсходзе гэтага арэала, у прыватнасці, у басейнах Віслы і Одара[17] і на Верхнім Доне[18].
- Другая група, I2а, звязваецца са старажытнаеўрапейскім, даіндаеўрапейскім насельніцтвам, што схавалася ад апошняга ледавіка на поўдні на Балканах (дзе да сёння захоўваецца максімальная канцэнтрацыя гэтай гаплагрупы) і вярталася назад на поўнач па меры яго раставання.[19]
- Трэцяя з пералічаных гаплагрупаў, N1c, лічыцца «фіна-ўгорскай», прышлай з вобласці поўдня Кітая праз паўночную Еўразію.[20] У непасрэдных суседзяў беларусаў N1c істотна прысутная толькі ў балцкамоўных народаў (у літоўцаў — 36,8 %[21], латышоў — 41,5 %[22]), у якіх пры гэтым адсотак усходнееўрапейскай «індаеўрапейскай» R1a складае 45,3 % і 37,7 %, адпаведна. Пры гэтым, па наяўных ужо звестках, N1с можа выяўляцца ў параўнальна высокай канцэнтрацыі ў тым ліку на поўдні Беларусі (папуляцыя «Вічын» ля Лунінца — 25 %, пры сярэдняй прысутнасці на Палессі — 8 %[23]), а таксама на Верхнім Падзвінні (25 % у верхнядзвінскіх археалагічных мікрарэгіёнах Сярцейскім, Усвяцкім і Сенніцкім[24]).
У абагульняльным артыкуле па папуляцыйнай генетыцы сучасных славянамоўных народаў аўтары (генетык Е. Кушнярэвіч, лінгвіст А. Касьян) пішуць:
- «Існуе значная блізкасць паміж заходнімі і ўсходнімі славянамі ды носьбітамі балцкіх моў, тады як паўднёвыя славяне выразна дыферэнцыяваныя міжсобку і генетычна роднасныя іншым неславянскім балканскім народам. Гэта сведчыць пра тое, што славянскія мовы пашыраліся пераважна ў выніку культурнай асіміляцыі (з дапамогай змены мовы) даславянскіх народаў, а не шляхам замены аўтахтоннага насялення славянамі»;
- «Сучасная славянская супольнасць дэманструе генетычную структуру (якая назіраецца як у Y-храмасоме, так і ў частотным аналізе дадзеных па ўсім геноме), якая, відаць, існавала ў Еўропе ўжо больш за тры тысячы гадоў».[25]
Перыядызацыя і антрапалагічны тып
правіцьУ этнічнай гісторыі насельнікаў тэрыторый сучаснай Беларусі, згодна з найбольш прынятай класіфікацыяй, вылучаецца некалькі перыядаў:
- каменны век (XXV—III тыс. да н. э.);
- бронзавы і жалезны вякі (II тыс. да н. э. — сяр. I тыс. н. э.);
- славянскі перыяд (з др. пал. I тыс. — да нашых дзён).
- агульнаўсходнеславянскі (да XIII ст.)
- беларускі (ад XIV—XVI ст. да нашых дзён).
Гэтыя даты, як і межы паміж этнічнымі перыядамі, некалькі ўмоўныя, паколькі этнічныя працэсы працякаюць вельмі павольна, і пераход ад аднаго перыяду да іншага можа заняць шмат часу.
Каменны век
правіцьПершыя людзі, згодна з археалагічнымі звесткамі, засведчаныя на тэрыторыі цяперашняй Беларусі ў познім палеаліце. На поўдні краіны, у Гомельскай вобласці, знойдзеныя і вывучаныя дзве стаянкі гэтага часу: Бердыжская ў Чачэрскім раёне (23 тыс. гадоў таму) і Юравіцкая — у Калінкавіцкім (26 тыс. гадоў таму).
У выніку насоўвання з поўначы ледавіка даледавіковае насельніцтва Еўропы адступала на поўдзень. На еўрапейскім поўдні яно заставалася ў «рэфугіумах» (на Балканах і на Іберыйскім паўвостраве). Адтуль яны пачалі зноў асвойваць поўнач Еўропы, пасля таго, як 18 тыс. гадоў таму ледавік пачаў таяць і адступаць. Мяркуецца, што ў першую чаргу яны ішлі следам за маршрутамі міграцыі паўночных аленяў на паўночны ўсход.
Пасля заканчэння ледавіковага перыяду (прыблізна 10 тыс. гадоў таму) пачынаецца актыўнае засяленне тэрыторыі поўначы Еўропы, у тым ліку і Беларусі. Розныя мезалітычныя плямёны паляўнічых праніклі сюды з суседніх рэгіёнаў і ўтварылі 3-4 этнакультурныя вобласці (свідэрская, кундская археалагічныя культуры і інш.), якія нязначна адрозніваліся паміж сабой у элементах матэрыяльнай культуры. Пазней (IV—III тыс. да н. э.) на іх аснове развіліся неалітычныя культуры (позняя нёманская і інш.).
Межы, якія аформіліся ў мезаліце паміж асобнымі племяннымі групамі апынуліся дастаткова ўстойлівымі і захоўваліся на працягу некалькіх тысячагоддзяў. Устойлівасць этнасаў і займаных імі тэрыторый ва ўмовах аднолькавага ладу жыцця і ўзроўню гаспадарчага і сацыяльнага развіцця гэтых плямёнаў сведчыць пра складаныя міжэтнічныя адносіны, якія хутчэй за ўсё выключалі значныя змешванні і пранікненні адных плямёнаў на тэрыторыю іншых.
Наконт мовы тагачасных жыхароў, што ў тыя часы насялялі тэрыторыю сучаснай Беларусі, дагэтуль дыскутуюць. Часцейшай з’яўляецца думка, што іх мова не была індаеўрапейскай, а самі яны не належалі да індаеўрапейцаў. Згодна з іншай тэорыяй, гэта былі «паўночныя індаеўрапейцы», і свае індаеўрапейскія гаворкі яны прынеслі з тых «рэфугіумаў», дзе яны перачакалі часы ледавіка. Пазней, у познім неаліце, яны сутыкнуліся з прыходам «паўднёвых еўрапейцаў», носьбітаў культуры шнуравой керамікі.[26]
У сярэднім неаліце (4400—4200 гг. да н.э) з поўначы пачалі насоўвацца новыя плямёны з характэрнай культурай ямачна-грабеньчатай керамікі, носьбітаў якой археолагі ідэнтыфікуюць як фінамоўных. Яны спыніліся на правабярэжжы Дзвіны, а на поўдзень ад Дзвіны іх сляды фіксуюцца толькі фрагментарна, паводле археалагічных знаходак і рэдкіх гідранімічных сведчанняў.
Такім чынам, пачатковы перыяд этнічнай гісторыі насельнікаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі супадае з каменным векам. Ен быў найдаўжэйшым і ахопліваў час з моманту з’яўлення на тэрыторыях сучаснай Беларусі першых людзей да канца III тыс. да н. э. Асноўнымі заняткамі былі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. Багатыя дзічынай лясы і развітая сістэма рэк і азёр стваралі спрыяльныя ўмовы для такіх заняткаў. Усё насельніцтва Беларусі, як мяркуецца, да канца каменнага веку складала не больш за 5 тыс. чалавек.
Эпоха бронзы і жалеза
правіцьЗначныя змены ў гістарычным лёсе насельніцтва на тэрыторыі сучаснай Беларусі наступілі ў канцы III — пачатку II тыс. да н. э. На гэтыя тэрыторыі сталі пранікаць індаеўрапейскія плямёны жывёлаводаў і земляробаў. Новыя тэхналогіі гаспадарання (ездавыя жывёлы, асваенне апрацоўкі жалеза) выклікалі рост насельніцтва, таксама пранікненню на поўнач паспрыяла тое, што ў той час пацяплення на поўнач адступілі стэпы і лесастэпы. Жывёлагадоўля і земляробства стварылі цалкам новыя магчымасці для існавання людзей. Жывёлагадоўля надзейна забяспечвала чалавека мясам, малаком, тлушчамі, воўнай. Значна скарацілася дзіцячая смяротнасць і павялічылася працягласць жыцця людзей. Усё гэта прывяло да рэзкага павелічэння колькасці і шчыльнасці насельніцтва. Уласнай тэрыторыі для індаеўрапейцаў ужо не стала хапаць. Яны выйшлі за межы сваёй «прарадзімы» і пачалі паступова асвойваць суседнія тэрыторыі.
Міграцыя індаеўрапейцаў з вобласці іх першапачатковага месцазнаходжання (прарадзімы) ажыццяўлялася ў розных напрамках і заняла некалькі тысяч гадоў. У пачатку III тыс. да н. э. адна з іх груп, прайшоўшы праз Іранскае нагор’е і Сярэднюю Азію, рассялілася ў паўднёвых стэпах Усходняй Еўропы, паміж Волгай і Дняпром. Тут паўстаў буйны ачаг далейшага прасоўвання індаеўрапейцаў у больш паўночныя і заходнія вобласці Еўропы, у тым ліку і на тэрыторыю Беларусі. Пры гэтым археалагічных сведчанняў прысутнасці індаеўрапейцаў застаецца няшмат: больш-менш развітыя паселішчы знаходзяць толькі ў месцах здабычы каштоўнай у той час сыравіны, бурштыну і крэменю.
Пры рассяленні індаеўрапейцы разносілі многія культурныя дасягненні Старажытнага свету (вытворчыя формы гаспадаркі, металургію, колавы транспарт і інш.). На поўнач Еўропы яны прынеслі тэхналогіі апрацоўкі жалеза, а таксама паскорылі развіццё жывёлагадоўлі ў мясцовых плямёнаў паляўнічых і рыбаловаў. Прыблізна ў сярэдзіне III тыс. да н. э. частка індаеўрапейскіх плямёнаў прасунулася з паўднёвых стэпаў на поўнач і рассяліліся ў Сярэднім Падняпроўі. Тут у выніку дачынення з плямёнамі днепра-данецкай неалітычнай культуры ўзнікла новая археалагічная культура ранняга бронзавага веку — сярэднедняпроўская. На мяжы III і II тыс. плямёны сярэднедняпроўскай культуры пачалі рассяляцца на тэрыторыі Беларусі. Гэта паклала пачатак новаму перыяду ў этнічнай гісторыі тэрыторый сучаснай Беларусі.
Рассяленне індаеўрапейцаў паўплывала не толькі на этнічны склад насельніцтва, але змянілася і цэлая эпоха: каменны век саступіў месца бронзаваму. Старажытная эканоміка, заснаваная на паляванні, рыбалоўстве і збіральніцтве, паступова замянялася вытворчай — жывёлагадоўляй і земляробствам. Такімі ж значнымі былі сацыяльныя змены. У індаеўрапейцаў панаваў бацькоўскі лад і патрыярхальныя адносіны. Распаўсюдзіліся новыя формы рэлігіі, для якіх характэрна шанаванне нябесных свяцілаў, перш за ўсё сонца.
Навукоўцы не сумняюцца, што жывёлагадоўча-земляробчыя плямёны, якія рассяліліся на тэрыторыях сучаснай Беларусі і далей у Прыбалтыцы, размаўлялі на індаеўрапейскай гаворцы, на ёй таксама размаўлялі і протабалты, прысутнасць якіх засведчаная на тэрыторыі сучаснай Беларусі напярэдадні «славянскага» перыяду.
У пачатку I тыс. да н. э. балцкія плямёны навучыліся атрымліваць жалеза з мясцовых балотных і лугавых руд, што паклала пачатак жалезнаму веку (I тыс. да н. э. — сярэдзіна I тыс. н. э.). Калі раней плямёны адчувалі недахоп металу, які паступаў на тэрыторыю Беларусі з Каўказа і Карпат у асноўным у выглядзе гатовых прылад, зброі і ўпрыгожванняў, то зараз насельніцтва стала валодаць сваім металам. Метал усё больш укараняўся ў гаспадарчым жыцці людзей. Пры дапамозе жалезнай сякеры чалавек вызваляў ад лесу зямельныя ўчасткі і вёў на іх падсечнае земляробства.
З гэтым перыядам звязаны шматлікія ўмацаваныя гарадзішчы, якія служылі месцам пражывання вялікіх патрыярхальных сем’яў. Такая сям’я была адначасова асноўнай гаспадарчай і грамадскай адзінкай. У Беларусі налічваецца прыблізна адна тысяча гарадзішчаў. Калі выказаць здагадку, што на гарадзішчы ўсярэднім пражывала ад 50 да 70 чалавек, то можна падлічыць, што ўсё насельніцтва Беларусі ў жалезным веку складала ад 50 да 70 тыс. чалавек.
Патрыярхальныя сем’і аб’ядноўваліся ў роды, роды — у плямёны. На тэрыторыі Беларусі сфармавалася некалькі своеасаблівых архелагічных культур, што адбівалі племянное чляненне насельніцтва. Найважнейшыя з іх мілаградская, зарубінецкая, штрыхаванай керамікі, днепра-дзвінская. Усе яны былі дастаткова развітымі, нягледзячы на тое што лясная зона і адносна бедныя глебы не спрыялі гаспадарчаму развіццю.
Да сярядзіны I тыс. н. э. у жыцці плямёнаў адбыліся прыкметныя перамены. Радавыя гарадзішчы саступілі сваё месца неўмацаваным паселішчам, на якіх сяліліся не толькі роднасныя, але і няроднасныя сям’і, якія складалі разам суседскую (тэрытарыяльную) абшчыну. Умацаваныя гарадзішчы захоўваюцца часам каля паселішчаў як месца, куды ўкрывалася насельніцтва ў выпадку ваеннай небяспекі.
У другой палове I тыс. н. э. на аснове культур ранняга жалезнага веку сфармаваліся тры-чатыры новыя археалагічныя культуры (доўгіх курганоў, калочынская і банцараўская-тушэмлінская). Такім чынам, «балцкі» перыяд у этнічнай гісторыі Беларусі ўмоўна працягваўся з II тыс. да н. э. да сярэдзіны, а ў цэнтры і на поўначы Беларусі — амаль да канца I тыс. н. э.
Агульнаўсходнеславянскі перыяд
правіцьДа сяр. I тыс. н. э. Усходняя Еўропа мела складаную этнічную структуру. Лінгвістычныя дадзеныя сведчаць, што тут было некалькі розных лінгвістычных зон. На поўнач ад Заходняй Дзвіны з часоў сярэдняга неаліту заставаўся фіна-ўгорскі масіў. На поўдзень ад яго да Сярэдняга Падняпроўя размяшчаўся балцкі. Яшчэ больш на поўдзень, у стэпах жылі носьбіты старажытнаіранскіх моў. Нягледзячы на існаванне розных гіпотэз аб месцы славянскай прарадзімы, лінгвістычныя і археалагічныя дадзеныя аддаюць перавагу ідэі аб лакалізацыі яе ў вобласці паміж Эльбай і Віслай, Карпатамі і Балтыйскім морам. Выхад славян за межы сваёй прарадзімы і засяленне імі Паўднёва-Усходняй і Усходняй Еўропы адбыліся адносна позна, каля сяр. I тыс. н. э. Да гэтага часу адносяцца і першыя найбольш дакладныя звесткі аб славянах у пісьмовых крыніцах, у якіх яны выступаюць пад сваім этнічным імем («склавіны» — славяне). Доўгае знаходжанне ў межах сваёй прарадзімы і адносна позняе рассяленне выступілі прычынай блізкасці моў і культур у розных славянскіх групах у раннім сярэднявеччы. Славяне змаглі захаваць і агульную саманазву — «славяне».
Па меры росту колькасці насельніцтва славяне мацней сталі адчуваць нястачу тэрыторыі і, калі склаліся спрыяльныя геапалітычныя ўмовы, прынялі ўдзел у Вялікім перасяленні народаў: пачалі рассяляцца на суседніх тэрыторыях за межамі сваёй прарадзіыы. Адна частка славян засяліла Балканскі паўвостраў. Іншая пайшла на ўсход і рассяліліся на поўдні Беларусі і поўначы Украіны. У VI ст. тут з’явіліся першыя дакладныя агульнаславянскія помнікі культуры пражскага тыпу. Выхад славян за межы сваёй прарадзімы і змешванне іх з мясцовымі народамі прывялі да падзелу славян на тры галіны: заходніх, усходніх і паўднёвых славян. Паўднёвая Беларусь і паўночная Украіна сталі прарадзімай усходніх славян. Гэтым быў пакладзены пачатак славянскага перыяду ў этнічнай гісторыі Беларусі.
Перыяд знаходжання часткі славян на тэрыторыі паўднёвай Беларусі і паўночнай Украіны апынуўся вельмі важным у іх гісторыі. Храналагічна ён займае адрэзак часу з VI да другой паловы IX ст. У працэсе змешвання розных славянскіх груп паміж сабой і мясцовым балцкім насельніцтвам у гэтай частцы славян узнікалі і замацоўваліся новыя, толькі ім уласцівыя прыкметы: усходнеславянскі тып мовы, адзіная культура, агульная этнічная самасвядомасць. Ёсць падставы казаць, што менавіта ў гэты перыяд у іх, як і ў заходніх і паўднёвых славян, упершыню фарміруецца дзяржаўнасць. Усё гэта стала праявай агульных гістарычных заканамернасцяў. Да пачатку рассялення славяне ўжо знаходзіліся на апошняй стадыі першабытнасці, на тым этапе, які называюць ладам ваеннай дэмакратыі.
Засваенне новых тэрыторый паскорыла працэс канчатковага разбурэння першабытна-абшчыннага ладу і прывяло да ўзнікнення ў славян першых дзяржаўных утварэнняў. З пісьмовых крыніц вядома аб узнікненні ў VII ст. дзяржавы Само ў заходніх славян, якая паспяхова змагалася супраць авараў. Ва ўсходніх славян першым палітычным цэнтрам наканавана было стаць Кіеву. Кія і двух яго братоў Шчэка і Хорыва — летапісец называе кіраўнікамі родаў у зямлі палян. Пасля іх смерці княжанне ў палян трымалі іх нашчадкі. Улада па спадчыне заставалася ў руках роду Кія. Гэта была першая вядомая нам мясцовая славянская дынастыя. Такія ж княжанні, паводле летапісу, былі і ў драўлян. Называюцца і некаторыя іншыя вобласці паўночней Прыпяці, але са славянамі іх звязваць нельга, паколькі славяне туды тады яшчэ не праніклі. Указанне летапіса на барацьбу палян з улічамі і драўлянамі, відавочна, уяўляе сабой успамін аб барацьбе Кіева за аб’яднанне вакол яго некаторых славянскіх і, магчыма, неславянскіх плямёнаў. На пачатковых этапах дзяржаўнасці такое сустракаецца ў гісторыі нярэдка. Саюз плямёнаў распадаецца пасля смерці кіраўніка або пачынаецца барацьба за перавагу паміж асобнымі родамі або плямёнамі. Ёсць падставы меркаваць, што менавіта ў гэты перыяд ва ўсходніх славян з’яўляецца агульная саманазва «русь», «рускія».
Археалагічныя дадзеныя сведчаць аб тым, што ўсходнія славяне перайшлі Прыпяць і пачалі сваё далейшае рассяленне на шырокім абшары Усходняй Еўропы толькі ў другой палове IX—X стст. Да гэтага часу асноўным насельніцтвам сярэдняй і паўночнай часткі Беларусі заставаліся балты, а на поўнач і паўночны ўсход ад іх пражывалі фіна-вугры. Рассяленне ў новых месцах славян не магло само па сабе прывесці да славянізацыі мясцовага насельніцтва. У гэтым сэнсе гаворка можа ісці толькі аб хуткай славянізацыі мясцовай знаці. Агульная ж славянізацыя магла адбыцца толькі ў абстаноўцы шчыльных этнічных кантактаў саміх этнасаў. Прымаючы пад увагу канчатковы вынік этнічных працэсаў, варта меркаваць, што ў новыя вобласці перасяляліся не толькі воіны, але і славянскае земляробчае насельніцтва.
Паводле слоў летапісца, рассяляючыся, славяне атрымлівалі новыя імёны. Некаторыя з іх, імаверна, перайшлі да славян ад назваў мясцовых народаў. Так у славян, па меры змешвання іх з мясцовымі жыхарамі, з’явіліся другія імёны — крывічы, радзімічы і дрыгавічы. Мяркуючы паводле дадзеных лінгвістыкі, працэс асіміляцыі славянамі мясцовага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі расцягнуўся на доўгі час, ці ледзь не да XII ст. І ён не прайшоў бясследна для саміх славян, якія выпрабавалі на сабе дзеянне мясцовых этнічных субстратаў.
На тэрыторыі Беларусі распаўсюджваецца пісьменнасць, пра што сведчаць надпісы на бытавых прадметах: грабянях, прасніцах, посудзе, лісты на бярозавай кары. У Полацку, Тураве і Наваградку вялося летапісанне. Пры саборах і кляштарах меліся зборы рукапісных кніг. Шырокую вядомасць у царкоўнай літаратуры набылі творы Кірылы Тураўскага (XII ст.)
Фізічны тып
правіцьГістарычнае мінулае вызначыла фізічны тып беларусаў. Яго антрапалагічныя асаблівасці былі перанятыя з мінулага як вынік этнічных працэсаў, міграцый і змешванняў розных этнічных груп. З імі варта звязваць прысутнасць у складзе сучаснага беларускага насельніцтва розных антрапалагічных тыпаў.
Падзеі старажытнай этнічнай гісторыі, адзначаныя змяшэннем славян з неславянскімі плямёнамі непасрэдна або праз прамежкавыя этнасы, сфармавалі антрапалагічны тып беларусаў. Па сваіх антрапалагічных характарыстыках славянскае насельніцтва Беларусі прадстаўлена трыма асноўнымі групамі.
На поўдні краіны ў Палессі беларусы прадстаўленыя палескім варыянтам ўсходнееўрапейскага антрапалагічнага тыпу, для якога характэрныя цёмная пігментацыя валасоў і вачэй, адносна вузкі твар, сярэдні носавы паказальнік (суадносіны шырыні і вышыні носа) і ўвагнутасць спінкі носа, умераная брахікефалія (адносіны шырыні галавы да даўжыні). Паводле ўсіх гэтых прыкмет гэты тып блізкі насельніцтву поўначы Украіны, дзе славяне распаўсюдзіліся са сваёй прарадзімы ў V—VI стст. н. э. У параўнанні з насельніцтвам паўночнай частцы Беларусі жыхары палескага рэгіёну маюць больш нізкі рост.
Насельніцтва Падзвіння і Верхняга Падняпроўя, куды славяне праніклі ў X ст., мае больш светлую пігментацыю валасоў, больш шырокі твар, больш увагнутую спінку носа і меншы галаўны паказальнік.
Гэтыя антрапалагічныя рысы і адрозненні паміж паўднёвым і паўночным рэгіёнамі Беларусі можна растлумачыць абставінамі засялення тэрыторыі Беларусі славянамі і іх узаемадзеяннем з мясцовым даславянскім насельніцтвам. Так, шыракатварасць, кароткагаловасць і нізкі нос былі характэрныя для фіна-ўгорскага насельніцтва, якое рассялілася ў гэтых месцах у неалітычнай эпоху, у III тыс. да н. э. У II—I тыс. да н. э. фіна-ўгорскія плямёны былі асіміляваны балтамі, якія прыйшлі сюды, і хутчэй за ўсё, перанялі гэтыя прыкметы, перадаўшы іх частцы славян паўночнай частцы Беларусі. Цікава, што гэтыя рысы перайшлі да славян не непасрэдна ад фіна-вуграў, якія насялялі гэтыя месцы ў неалітычнай эпоху, а ад балтаў.
Не зусім ясна, якім быў антрапалагічны тып неалітычнага насельніцтва сярэдняй і паўднёвай частцы Беларусі, але, мабыць, ён адрозніваўся ад фіна-ўгорскага і не адбіўся гэтак прыкметна на фізічным тыпе славян. Лічыцца, што больш значная даліхакраннасць была засвоена ад балцкіх індаеўрапейцаў, якія рассяліліся тут у бронзавым веку. Аднак уяўляецца, што і самі славяне, калі яны выйшлі з прарадзімы, мелі той жа індаеўрапейскі тып. Ва ўсякім выпадку, першыя славяне, носьбіты культуры шарападобных амфар, паводле антрапалагічных паказчыкаў былі тыповымі індаеўрапейцамі.
Зрэшты, насельніцтва сярэдняй частцы Беларусі мае як бы прамежкавыя антрапалагічныя паказчыкі паміж палескай і паўночнай групамі насельніцтва. М. Ф. Піліпенка схільны тлумачыць гэта працэсамі дыфузіі, больш познімі перасоўваннямі сюды насельніцтва з паўночных і паўднёвых рэгіёнаў і іх змешваннем[27]. Можа, гэта і так, але нельга выключыць і магчымасці таго, што, паколькі ў неаліце тут пражывала насельніцтва, адрознае ад фіна- вуграў поўначы Беларусі, яно мела бы іншыя, больш блізкія да індаеўрапейцаў антрапалагічныя прыкметы яшчэ да прыходу сюды балтаў, што тлумачыць наяўнасць у насельніцтва гэтай зоны антрапалагічных рыс, сярэдніх паміж палескім і паўночнабеларускім тыпамі. Паколькі ж у цэлым для беларусаў характэрная адносна светлая афарбоўка валасоў і вачэй, то можна казаць, што гэтая прыкмета дасталася ім ад старажытнага даіндаеўрапейскага насельніцтва беларускага рэгіёну, так як класічныя індаеўрапейскія мігранты адносіліся да малаазіяцка-міжземнаморскага антрапалагічнага тыпу, мелі цёмную афарбоўку валасоў і нос з высокім пераноссем.
Станаўленне беларускага этнасу
правіцьФарміраванне тэрыторыі Беларусі
правіцьТэрыторыя — адзін з абавязковых складнікаў этнасу. Сучасная тэрыторыя Рэспублікі Беларусь амаль цалкам супадае з арэалам рассялення беларусаў. Некаторая частка этнічных беларусаў пражывае ў суседніх краінах, але яны нават у бліжэйшых рэгіёнах не складаюць большасці насельніцтва. Менавіта таму Урад Рэспубліцы Беларусь афіцыйна заяўляў, што не мае тэрытарыяльных прэтэнзій ні да адной суседняй дзяржавы.
Тэрыторыя Беларусі фарміравалася ў працэсе станаўлення і развіцця беларускага этнасу. На працягу ўсяго гэтага перыяду яна не ведала вялікага прытоку не беларускага насельніцтва, што вызначыла маналітнасць яе этнічнага складу. Але воляю лёсаў краіна не раз падзялялася, і яе асобныя часткі ўваходзілі ў склад розных дзяржаў, затым зноў аб’ядноўваліся.
У сярэдзіне XIII ст. утварылася дзяржава Вялікага княства Літоўскага, Жамойцкага і Рускага, спадкаемніцай якога можна з упэўненасцю лічыць Беларусь, тэрыторыя якой была ядром дзяржавы. На гэты перыяд прыпадае фарміраванне беларускага этнасу.
У 1569 г. Вялікае княства Літоўскае была вымушана аб’яднацца з кралеўствам Польским у федэрацыю Рэч Паспалітая.
У 1770-1790-х гг. Рэч Паспалітая, раздзіраецца рэлігійнымі і нацыянальнымі супярэчнасцямі, унутранай барацьбой паміж феадальнымі групоўкамі, стала лёгкай здабычай яе суседзяў. У выніку трох раздзелаў яе тэрыторыя была падзелена паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Паводле першага падзелу 1772 г. да Расіі адышла ўсходняя частка Беларусі з гарадамі Віцебск, Магілёў, Гомель, Полацк. Па другому ў 1793 г. — цэнтральная Беларусь з Мінскам і па трэцім раздзеле ў 1795 г. — заходняя частка з Гродна і Брэстам. У выніку падзелаў усе беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі.
У складзе Расіі да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. тэрыторыя Беларусі была падзелена на 5 губерняў — Віленскую, Гродзенскую, Віцебскую, Мінскую і Магілёўскую. Нязначная частка беларускага насельніцтва пражывала ў Смаленскай, Чарнігаўскай і Валынскай губернях.
Пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. у сакавіку 1918 была абвешчана БНР, а ў студзені 1919 г. было абвешчана стварэнне беларускай савецкай дзяржавы. Аднак у выніку няўдалай для Савецкай Расіі вайны з Польшчай паводле Рыжскай мірнай дамовы 1921 г. Заходняя Беларусь адышла да Польшчы.
30 снежня 1922 г. пасля заканчэння Грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі супраць Савецкай Расіі ўтварыліся чатыры савецкія рэспублікі — БССР, РСФСР, УССР і ЗСФСР аб’ядналіся ў адзіную дзяржаву — Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР).
Беларусь па тэрыторыі, колькасці насельніцтва і эканамічным магчымасцям стала паўнапраўнай рэспублікай у складзе СССР.
Заходняя Беларусь заставалася ў складзе Польшчы да верасня 1939 г., калі ў выніку паразы Польшчы ў распачатай Другой сусветнай вайне яна была злучаная з БССР. Пазней, аднак, Беластоцкая вобласць, населеная ў значнай частцы беларусамі, адышла да Польшчы.
Так завяршылася фарміраванне тэрыторыі Беларусі, якая налічвала каля 10 млн чалавек.
Нягледзячы на тое, што тэрыторыя з беларускім насельніцтвам паслядоўна ўваходзіла ў склад розных дзяржаў (Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, СССР) і нейкі час была падзелена дзяржаўнымі межамі, яна змагла захаваць сваю цэльнасць, што стварала ўмовы для фарміравання беларускага народа.
Фарміраванне культуры беларусаў
правіцьФарміраванне беларускага этнасу ў большасці прыйшлося на перыяд Вялікага княства Літоўскага і працягвалася ў наступны час, паколькі этнічныя працэсы не маюць перапынкаў.
На тэрыторыі Беларусі складваліся і замацоўваліся ўласцівыя беларусам этнаграфічныя асаблівасці ў матэрыяльнай культуры. Амаль паўсюдна сцвярджалася шматпольная сістэма земляробства. Распаўсюджваліся аднолькавыя тыпы прылад для апрацоўкі глебы і ўборкі ўраджаю. Асноўнай ворнай прыладай стала двухзубая саха. Для рыхлення глебы, закладкі ў яе насення і догляду пасеваў стала прымяняцца драўляная, часта плеценая, барана.
Набывае аднастайнасць бытавая культура. Найбольш распаўсюджанай становіцца зрубная хата з устойлівай унутранай планіроўкай. На аснове старажытнарускага мужчынскага і жаночага касцюмаў фарміруюцца характэрныя віды народнага адзення. Агульныя для ўсіх беларускіх абласцей рысы адзначаюцца ў ежы, абрадах і звычаях, народнай мастацкай творчасці.
У выніку ажыўлення эканамічнай дзейнасці ў гарадах сфарвалася моцнае гарадское саслоўе з яго характэрным бытам.
Меры, звязаныя з арганізацыяй кіравання дзяржавай, і ўвядзеннем адзінага заканадаўства нанеслі адчувальны ўдар па ўдзельнай сістэме, якая падзяляла краіну на мноства дробных вотчын. Моцная вярхоўная ўлада, усталяваная ў к. XIV — пач. XV ст., у немалой ступені спрыяла аб’яднальным працэсам, больш цесным эканамічным і этнічным сувязям паміж рознымі абласцямі. Гэтым былі створаны перадумовы для фарміравання этнічнай тэрыторыі беларусаў.
Фарміраванне беларускай мовы
правіцьІстотныя пераўтварэнні адбыліся ў мове ўсходнеславянскага насельніцтва гэтай тэрыторыі. Паступова яна набывала новыя рысы, уласцівыя мове новага этнасу. Гэтыя змены закранулі фанетыку, лексіку і сінтаксіс. Сярод фанетычных змен асабліва прыкметным стала «дзеканне» і «цеканне» (дзед замест старажытнарускага дед, цень замест тень), цвёрдае вымаўленне гуку «р», «аканне» і «яканне» (бяроза), выкарыстанне прыстаўных зычных і галосных гукаў у пачатку слова (возера замест озера, ільняны замест льняны).
Становішча ўсходнеславянскай мовы ў Вялікім княстве Літоўскім у якасці афіцыйнай мовы дзяржаўных дакументаў, заканадаўства і судаводства спрыяла яе ўзбагачэнню новай лексікай, якая адлюстроўвае розныя бакі сацыяльна-палітычнага жыцця. Утварылася тэрміналогія, звязаная з сістэмай феадальных адносін. Станавіліся агульнымі назвы павіннасцяў і падаткаў, службовых асоб і органаў дзяржаўнай улады.
У 1569 г. Вялікае княства Літоўскае аб’ядналася з Польскім каралеўствам ў складзе новага дзяржаўнага ўтварэння — Рэчы Паспалітай. Перыяд знаходжання беларускіх зямель у складзе гэтай дзяржавы аказаўся неспрыяльным для развіцця беларускай мовы. Большая частка беларускіх феадалаў парвала з роднай мовай і паланізавалася, аслаб уплыў у дзяржаве беларускай культуры, замарудзілася развіццё беларускай літаратурнай мовы.
У афіцыйнай пісьменнасці беларуская мова стала саступаць месца польскай. Кірыліца стала замяняцца лацінскай графікай (лацінкай).
У 1697 г. польскі сойм забараніў ужыванне беларускай мовы ў судзе, дзяржаўных установах і ў кнігадрукаванні. У беларускую лексіку пранікла шмат слоў і тэрмінаў, запазычаных з польскай мовы і сярэднявечнай латыні. Захаваць мову і нацыянальную культуру змаглі народныя масы, сялянства, якія складалі абсалютную большасць насельніцтва беларускіх земляў. Беларуская мова працягвала развівацца як народна-дыялектная.
У канцы XVIII ст. беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Гэта выратавала беларускі народ ад паланізацыі, але з’явіліся іншыя праблемы з мовай. Беларусы разглядаліся тады як галіна адзінага рускага народа, а іх мова ў працах лінгвістаў лічылася асаблівай гаворкай паўднёварускай говара (А. А. Шахматаў). Таму з боку дзяржавы практычна не рабілася ніякіх мер да захавання і развіцця беларускай мовы. Больш за тое, усё рабілася для таго, каб замяніць народную мову рускай. Навучанне на «мясцовай гаворцы» рэкамендавалася весці толькі ў пачатковай школе. Беларуская мова не ўжываўся ў афіцыйных дакументах. Склалася даволі парадаксальная сітуацыя. У вялікіх, асабліва губернскіх, гарадах, дзе былі сканцэнтраваны дзяржаўна-адміністрацыйныя ўстановы і навучальныя ўстановы, мовай зносін і афіцыйных дакументаў была руская мова. У сельскай жа мясцовасці, дзе пражывала пераважная частка насельніцтва і куды яшчэ не паспела глыбока пранікнуць пісьменнасць, панавала беларуская мова. І толькі ў ХХ ст. беларуская мова стала нацыянальнай.
Пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі і абвяшчэння БССР упершыню беларуская мова стала канстытуцыйна дзяржаўнай. У 1920-1930-х гг. было вельмі шмат зроблена па ўпарадкаванні мовы, распрацавана граматыка, складзеныя слоўнікі. Беларуская мова была уведзена ў дзяржаўную практыку. За гады савецкай улады на беларускай літаратурнай мове былі напісаныя і выдадзеныя выбітныя творы, якія ўзбагацілі беларускую мову.
Фарміраванне этнічнай самасвядомасці беларусаў
правіцьАдной з найважнейшых прыкмет этнасу з’яўляецца этнічная ідэнтыфікацыя. Этнічную самасвядомасць развіваецца павольней, чым іншыя прыкметы этнасу. Аднак толькі з яе сцвярджэннем завяршаецца станаўленне новага этнасу.
Назвы «беларус», «Белая Русь», «Беларусь» замацаваліся за насельніцтвам і краінай дастаткова позна. Па сёння навукоўцы дыскутуюць наконт паходжання гэтых назваў.
Лічыцца, што тэрмін «Белая Русь» упершыню з’явіўся ў лацінскай форме як «Alba Russia» ў польскай хроніцы пад 1382 г. У канцы XVI—XVII стст. назва «Белая Русь» ужываецца і ў рускіх дакументах. Як сведчаць крыніцы, жыхары Вялікага Княства Літоўскага, а пасля і Рэчы Паспалітай, якія прыязджалі ў Маскоўскую дзяржаву, называлі сябе «беларусцамі» або «літвінамі», часам літвінамі-беларусамі. Прычым літвінамі называлі сябе звычайна жыхары больш заходніх славянскіх абласцей Вялікага Княства Літоўскага. Жыхары ж Верхняга Падняпроўя, Полацка і Віцебска называлі сябе, як правіла, «беларусцамі».
Гл. таксама
правіцьКрыніцы
правіць- ↑ Легенды і паданні. Мінск, 1983. № 94, с. 78.
- ↑ Юсова Н. Н. Давньоруської народності концепція // Енциклопедія історії України. У 5 т. / Редкол В. А. Смолій та ін. — Інститут історії України НАН України. — Київ: Наукова думка, 2003. — Т. 2. Г-Д. — С. 275—276.
- ↑ Криштапович, Л. Е. Белоруссия и русская цивилизация: Русь и Беларусь: историософ.-историогр. этюды. — Минск, 1999.
- ↑ Этнаграфія беларусаў. Рэдкал.: В. К. Бандарчык, В. І. Мялешка,. М. Ф. Піліпенка. Мн., 1985. С. 18-42.
- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962.
- ↑ Балтызмы ў беларускай мове і народных гаворках : семантычны і тэрытарыяльны аспекты / Васіль Старычонак // Роднае слова : штомесячны навуковы і метадычны часопіс / заснавальнікі: Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». — 2012. ― № 3. ― С. 27―29 ; № 4. ― С. 38―40
- ↑ Хабургаев Г. А. Этнонимия Повести временных лет в связи с задачами восточнославянского глоттогенеза. Москва, 1979.
- ↑ Седов В. В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. М. : Наука, 1970. С. 162—190.
- ↑ Санько С. «Балцкая тэма» // Наша ніва. —1993. — № 14.
- ↑ Florin Curta. Slavs in the Making: History, Linguistics, and Archaeology in Eastern Europe (ca. 500-ca. 700). London, 2020.
- ↑ Ласкоў, І. А. Выбраныя творы; прадм. Л. Філімонавай. — Мінск, 2019.
- ↑ K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. С. 541.
- ↑ A. Girininkas. Baltų kultūros ištakos II. Klaipėda, 2011.
- ↑ https://www.ncbi.nlm.nih.gov/pmc/articles/PMC3681942/
- ↑ https://www.ncbi.nlm.nih.gov/pmc/articles/PMC5048219/
- ↑ Балановский О. П., Тегако Л. И. Генофонд белорусов по данным о трех типах генетических маркеров — аутосомных, митохондриальных, Y хромосомы // Актуальные вопросы антропологии. — 2008. — Т. 2. — С. 53-65.
- ↑ В. Э. Орел. Неславянская гидронимия бассейнов Вислы и Одера // Балто-славянские исследования. 1988—1996. М., 1997. С. 332—358.
- ↑ В. Н. Топоров. Балтийские следы на Верхнем Дону // Балто-славянские исследования. 1988—1996. Москва, 1997. стр. 311—324.
- ↑ https://pubmed.ncbi.nlm.nih.gov/15162323/
- ↑ https://www.ncbi.nlm.nih.gov/pmc/articles/PMC5005449/
- ↑ https://onlinelibrary.wiley.com/doi/full/10.1046/j.1529-8817.2003.00119.x
- ↑ https://onlinelibrary.wiley.com/doi/10.1111/ahg.12130
- ↑ В. С. Панкратов, О. Г. Давыденко. Структура генофондов населения двух регионов Белорусского Полесья по маркерам Y-хромосомы и митохондриальной ДНК // Молекулярная и прикладная генетика. — 2013. — Т. 16. — С. 39-47.
- ↑ Чекунова Е. М., Ярцева Н. В., Чекунов М. К., Мазуркевич А. Н. Первые результаты генотипирования коренных жителей и человеческих костных останков из археологических памятников Верхнего Подвинья // Археология озёрных поселений IV—II тыс. до н. э.: хронология культур и природно-климатические ритм. — 2014. — С. 287—294.
- ↑ https://www.researchgate.net/publication/341945550_Genetics_and_Slavic_languages_Brill_Encyclopedia_of_Slavic_Languages_2020
- ↑ A. Girininkas. Baltų kultūros ištakos II. Klaipėda, 2011. С. 202—216.
- ↑ Пилипенко М. Ф. Возникновение Беларуси. Минск, 1991. С. 92
Літаратура
правіць- Славяне: происхождение и расселение на территории Беларуси / Э. М. Загорульский. — Минск : БГУ, 2012. — 367 с. ISBN 978-985-518-772-2
- Беларусы. — Т. 4. Вытокі і этнічнае развіццё. / Нац. акад. Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. — Мінск: Беларуская навука, 2001.
- Беларусы. — Т. 9. Антрапалогія / Л. І. Цягака і інш.; рэдкал.: Л. І. Цягака і інш.; Нац. акад. Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. — Мінск: Беларус. навука, 2006. — 575 с.
- Бендин А. Ю. Проблемы этнической идентификации белорусов 60-х гг. XIX — начала XX в. в современной историографии / А. Ю. Бендин // Исторический поиск Беларуси: альманах. — Минск: Экономпресс, 2006.
- Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005.
- Гісторыя Беларусі: У 6 т. — Т. 1. Старажытная Беларусь. — Мн., 2000.
- Гринблат М. Я. Белорусы. — Мн., 1968.
- Довнар-Запольский М. В. Очерк истории кривичской и дреговичской земель до конца XII столетия. — К., 1891.
- Ермаловіч М. Па слядах аднаго міфа. — Мн., 1989.
- Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: полацкі і новагродскі перыяды. — Мн., 1990.
- Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: IX—XIII стст. — Мн., 1998.
- Загорульский Э. М. В поисках славянской прародины / Э. М. Загорульский // Выбраныя навуковыя працы Беларускага дзяржаўнага універсітэта: у 7 т. — Т. 2. Гісторыя. Філасофія. Журналістыка / Адк. рэд. А. А. Яноўскі. — Мн.: БДУ, 2001. — 534 с.
- Зеленин Д. К. Восточные славяне. Кто они?. — М.: Эксмо, 2012. — 400 с. ISBN 978-5-699-56962-5
- Канстанцінаў Ф. Аб паходжанні беларускага народа. — Мн., 1948.
- Карский Е. Ф. Белорусы. Введение к изучению языка и народной словесности. — Вильна, 1904.
- Краўцэвіч А. Асноўныя храналагічныя рубяжы этнічнай гісторыі Беларусі / А. Краўцэвіч // Гістарычны альманах. — 2002. — Т.
- Левшун Л. Концепт «литвины» в этнокультурном самосознании белорусов / Л. Левшун // Беларуская думка. — 2009. — № 11.
- Марзалюк, І. Ад этнасу да нацыі / І. Марзалюк // Гістарычны альманах. — 2002. — Т. 7. — С. 145—174. 7. — С. 175—180.
- Мікуліч Т. М. Мова і этнічная самасвядомасць. — Мн., 1996.
- Носевич В. В. Белорусы: становление этноса и «национальная идея» // Белоруссия и Россия: общества и государства / Редактор-составитель Д. Е. Фурман. — М.: Права человека, 1998.
- Пилипенко М. Ф. Возникновение Белоруссии: Новая концепция / М. Ф. Пилипенко. — Мн.: Беларусь, 1999. — 143 с.
- Пичета В. Образование белорусского народа // Вопросы истории. — 1946. — № 5—6.
- Рыбакоў Б. А. Радзімічы. Працы секцыі археолёгіі Беларускай АН. — М., 1932.
- Седов В. В. Археология и проблема формирования белорусов // Этногенез белорусов. Тезисы докладов на научной конференции по проблеме «Этногенез белорусов». — Мн., 1973. — С. 7-10.
- Седов В. В. О происхождении белорусов // Древности Белоруссии. Материалы конференции по археологии Белоруссии и смежных территорий. Мн., 1966. — С. 301—309.
- Седов В. В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. — М., 1970.
- Седов В. В. К происхождению белорусов (Проблема балтского субстрата в этногенезе белорусов) // «Советская этнография». — 1967. — № 2. — С. 112—129.
- Славяне: происхождение и расселение на территории Беларуси / Э. М. Загорульский. — Минск : БГУ, 2012. — 367 с. ISBN 978-985-518-772-2
- Соболевский А. И. Очерки из истории русского языка. — К., 1884.
- Тихомиров А. Н. Значение Древней Руси в развитии русского, украинского и белорусского народов // Вопросы истории. — 1954. — № 6.
- Топоров В. Н. К проблеме балтско-славянских отношений // Актуальные проблемы славяноведения. — М., 1961.
- Третьяков П. Н. У истоков древнерусской народности. — Л., 1970.
- Филин Ф. П. Образование языка восточных славян. — М.-Л., 1962.
- Филин Ф. П. Происхождение русского, украинского и белорусского языков: Историко-диалектологический очерк. — Л., 1972.
- Хабургаев Г. А. Этнонимика «Повести временных лет». — М., 1979.
- Хрестоматия по истории Беларуси: учеб. пособие. В 2 ч. — Ч. 1 °C древнейших времён до 1917 г. / сост.: Я. И. Трещенок и др.; под науч. ред. К. М. Бондаренко. — Минск: Изд. центр БГУ, 2008. — 623 с.
- Чаквин И. В., Терешкович П. В. Из истории становления национального самосознания белорусов (XIV — начало XX в.) / И. В. Чаквин, В. П. Терешкович // Советская этнография. — 1990. — № 6. — С. 42-55.
- Черепнин Л. В. Исторические условия формирования русской народности до конца XV в. // Вопросы формирования русской народности и нации. — М.-Л., 1958. — C. 7—105.
- Штыхаў Г. В. Крывічы. — Мн., 1992.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 1 / рэдкал.: М. В. Біч і інш.; прадм. М. Ткачова. — Мн.: БелЭн., 1993. — 494 с.
- Этнаграфія Беларусі. Энцыклапедыя. — Мн., 1989.