Этрускі
Этру́скі (саманазва: Rasenna) † — старажытны народ, што ў I тыс. да н.э. насяляў паўночны захад Апенінскага п-ва (вобласць Этрурыя, цяпер Таскана) і стварыў развітую цывілізацыю, якая папярэднічала рымскай.
Этрускі † Rasenna | |
Жанчына. Тэракотавая фігура
| |
Агульная колькасць | |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Этрурыя |
Мова | Этруская мова |
Рэлігія | політэізм |
Блізкія этнічныя групы | рэты |
Гісторыя
правіцьПаводле большасці старажытнагрэчаскіх, эліністычных і рымскіх аўтараў, этрускі паходзілі ад пеласгаў Балканскага паўвострава або тырэнаў Малой Азіі. Але ўжо Дыянісій з Галікарнаса сцвярджаў, што этрускі — аўтахтоны Апенінскага паўвострава, далёкія па мове і звычаям ад усходніх народаў. Дыянісій узгадваў саманазву этрускаў — расена. Грэкі называлі іх тырэнамі (стар.-грэч.: Τυρρηνοί). Назву тускі або этрускі (лац.: Tuscī, Etruscī) далі старажытныя рымляне.
Паходжанне этрускаў цяжка вызначыць з-за дыскусійнага пытання аб сувязях этрускай мовы. Вядома, што на Апенінскім паўвостраве жылі і іншыя народы, якія размаўлялі на падобных мовах — рэты і камуны. Археолагі звязваюць этрускаў з адносна позняй культурай Віланова. Да канца XX ст. у гістарыяграфіі склалася думка, што этрускі сфарміраваліся ў Італіі ў выніку складаных узаемаадносін мясцовых і прышлых этнічных груп, галоўным чынам з Усходу. Гэтаму супярэчаць генетычныя даследаванні, апублікаваныя ў 2013 г. Яны паказваюць сувязь этрускаў з сучаснымі тасканцамі, некаторымі групамі немцаў і корнуальцамі. Былі выяўлены генетычныя сувязі і з жыхарамі Малой Азіі, але вельмі старажытныя часу неаліта, калі адбывалася перасяленне старажытных земляробаў у Еўропу. Такім чынам, этрускаў можна лічыць аўтахтонамі Апенінскага паўвострава.
У VII ст. да н.э. ў этрускаў існавалі гарады-дзяржавы на чале з царамі, якія засяроджвалі ў сваіх руках ваенную, адміністрацыйную і жрэцкую ўладу. У канцы VII ст. да н.э. ўзнікла канфедэрацыя гарадоў (Веі, Цэрэ, Тарквініі, Вальсініі, Ветулонія і інш.), на чале якой стаяў вышэйшы магістрат і жрэц аднаго з гарадоў. У VI ст. да н.э. этрускі авалодалі Кампаніяй, далінай р. По і заснавалі там калоніі. Паводле падання, этруская дынастыя Тарквініяў правіла ў 616—509 да н.э. ў Рыме. У канцы VI — пач. V ст. да н.э. ўлада перайшла да арыстакратыі, вышэйшыя выбарныя пасады замяшчаліся вузкім колам асоб. У саюзе з Карфагенам этрускі каля 535 да н.э. перамаглі грэкаў-факейцаў, выцеснілі іх з Корсікі, непадзельна ўладарылі на Тырэнскім моры і пашырылі ўплыў на ўсю тэрыторыю Італіі. Аднак сацыяльныя супярэчнасді, адпор насельніцтва залежных зямель, знешнія напады (грэкаў у 524 і 474 да н.э., рымлян каля 509 да н.э., самнітаў у 423 да н.э., галаў каля 400 да н.э.) аслабілі канфедэрацыю этрускаў. У ІІІ ст. да н.э. ўся іх тэрыторыя трапіла пад уладу Рыма, хоць да 1 ст. да н.э. этрускія гарады зберагалі свой палітычны лад, культавыя ўстановы і культурную адметнасць. Хуткая раманізацыя этрускаў адбылася пасля перамогі Сулы (I ст. да н.э.) і падзелу Этрурыі.
Гаспадарка
правіцьПаўночная і Паўднёвая Этрурыя была багатая металамі. Этрускі здабывалі медзь, жалеза і цынк. Іншымі значнымі прыроднымі багаццямі былі лясы, што давалі вялікую колькасць дрэва, якое ішло на металургічныя патрэбы і з якога будаваліся караблі. Этрускай цывілізацыі было характэрна пірацтва, якое дамінавала моры, на заходнім узбярэжжы Італіі. Аднак, шматвекавы росквіт Этрурыі быў заснаваны на моцы сельскагаспадарчых традыцый.
Культура
правіцьПаходжанне этрускіх плямёнаў да канца не высветлена, як не разгаданы іх мова, пісьменнасць. Культура этрускаў нясе на сабе адбітак многіх напластаванняў. Вядома, што ўжо ў VIII ст. да н.э. этрускі будавалі ўмацаваныя гарады, мелі значныя дасягненні ў мастацкім рамястве, ведалі марскую справу, вялі ажыўлены гандаль з суседнімі краінамі. Усё гэта спрыяла таму, што на землях Апенінскага паўвострава, у яго цэнтральнай частцы атрымалі распаўсюджанне характэрныя формы грэчаскай, сірыйскай, малаазіяцкай, фінікійскай культуры, у тым ліку творы пластыкі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Але запазычанні аб'ядноўвалі багатыя мясцовыя культурныя традыцыі, што прывяло да фарміравання адзінага стылю.
Не без уплыву грэкаў склаліся своеасаблівыя міфалагічныя ўяўленні этрускаў. Вышэйшую частку пантэона іх багоў займалі Юпітэр, Юнона, Мінерва, што адпавядала Зеўсу, Геры, Афіне. Відаць, глыбокія ўсходнія карані паўплывалі на фарміраванне развітага замагільнага культу з адпаведнымі ўяўленнямі, мастацкімі формамі, атрыбутамі.
Мастацтва
правіцьМастацтва этрускаў звязана са старажытнаіталійскай культурай Вілановы (IX—V ст. да н.э.), а таксама з іншымі рэгіёнамі Усходняга Міжземнамор'я (Старажытная Грэцыя, Малая Азія, Сірыя, Фінікія).
Пры будаўніцтвеве этрускі выкарыстоўвалі клінчатыя аркі (вароты ў Перуджы) і скляпенні (несапраўдныя ступеньчатыя ў VII—VI ст. да н.э. і паўцыркульныя ў III—II ст. да н.э.). Захаваліся рэшткі прамавугольнай планіроўкі г. Марцабота (каля Балонні) і т.зв. гіпадамавай (г. Спіна). Гарады, размешчаныя на ўзгорках, спускаліся тэрасамі па іх схілах. Квадратныя ў плане дамы мелі 2- ці 4-схільны дах і адкрыты ўнутраны дворык-атрый. Храмы падымаліся на высокі цокаль-подый, мелі 1 ці 3 свяцілішчы-цэлы і глыбокі порцік, карніз якога з багата дэкарыраваным фрызам апіраўся на калоны тасканскага ордэра. Франтоны і схілы даху ўпрыгожвалі фігурнымі выявамі з расфарбаванай тэракоты. Каля гарадоў размяшчаліся вял. некропалі (Цэрэ, цяпер Чэрветэры; Перузія, Тарквініі і інш.). Разнастайнасцю тыпаў адметныя грабніцы-пахавальні: псеўдакупальныя (VII ст. да н.э.), у пячорах і скалістых выступах (каля г. Вальтэра, ІІІ ст. да н.э.), у выглядзе насыпнога кургана-тумулуса з вузкім калідорам-дромасам (у некропалі Бандытача), у Паўночнай Італіі — з несапраўднымі скляпеннямі, што апіраліся на слуп у цэнтры. Многія пахавальныя збудаванні імітавалі жылыя інтэр'еры (грабніца ў Чэрветэры, VII ст. да н.э.).
У VII—VI ст. да н.э. ў росквіце манументальны жывапіс (пераважна размалёўкі грабніц). На жывапісе V—IV ст. да н.э. адбіўся старажытнагрэчаскі ўплыў (грабніца «Леапардаў» у Тарквініях). Сярод помнікаў скульптуры статуі і рэльефы з расфарбаванай тэракоты і каменю (антэфіксы, акратэрыі, культавая скульптура на франтонах храмаў), пахавальныя антрапаморфныя урны-«канопы» з накрыўкай у выглядзе галавы памерлага, манументальныя саркафагі. Прымітыўныя формы партрэта сустракаліся на антрапаморфных урнах і надмагільных стэлах. Развівалася мастацтва тарэўтыкі: літыя бронзавыя статуэткі багоў, прадметы хатняга ўжытку і пахавальнага культу, люстэркі з чаканенымі ці гравіраванымі выявамі.
Высокага ўзроўню дасягнула кераміка: пасудзіны тыпу букеро, што імітавалі вырабы з металу (VII ст. да н.э.), з чорна- і чырвонафігурнай размалёўкай на мясцовыя тэмы і сюжэты (дэманы, фантастычныя істоты, драпежнікі, сцэны замагільнага жыцця). Вядомы арыгінальныя залатыя ўпрыгожанні VII—VI ст. да н.э. (булы — медальёны на ланцужках, завушніцы і інш.; ліццё, штампоўка, філігрань, зернь).
У III—II ст. да н.э. мастацтва этрускаў пачало занепадаць.
Гл. таксама
правіцьЛітаратура
правіць- Зельскі А., Мартыненка Т. Этрускі // БЭ ў 18 т. Т. 18. Кн. І. Мн., 2004.
Спасылкі
правіцьЭтрускі на Вікісховішчы |
- Etruscan Texts Project Архівавана 30 сакавіка 2005., a searchable database of Etruscan inscriptions.
- Etruscan News Online, the Newsletter of the American Section of the Institute for Etruscan and Italic Studies.
- Etruscan and Early Italic Fonts Архівавана 29 мая 2006., for the digital transcription of Etruscan inscriptions.
- Web bibliography of Etruscan-related sites Архівавана 26 жніўня 2006. (in Italian)
- Tabula Cortonensis, described by Dr Massimo Pittau (in Italian).
- Museum of the Etruscan Academy, in Cortona, Italy.
- (Soprintendenza per i Beni Archeologici dell'Umbria) «The Cai Cutu Etruscan tomb» Архівавана 8 мая 2006. An undisturbed late Etruscan family tomb, reused between the 3rd and 1st century BC, reassembled in the National Archeological Museum of Perugia
- Etruscan Lion Plaque Pendant Архівавана 9 мая 2017., article on a piece of Etruscan art.
- Etruscan Splendors from Volterra in Tuscany Архівавана 14 верасня 2006.
- Origins and Evolution of the Etruscans’ mtDNA
- DENYS D'HALICARNASSE