Эфіопа-эрытрэйская вайна

Эфіопа-эрытрэйская вайна — узброены канфлікт паміж Эфіопіяй і Эрытрэяй у 1998—2000 гадах за кантроль над спрэчнымі памежнымі тэрыторыямі. Падзеі пачаліся з уварвання эрытрэйскай арміі на эфіопскую тэрыторыю, чаму папярэднічаў інцыдэнт у пагранічным пасёлку. Баі з пераменным поспехам вяліся пераважна ў памежжы. У іх прынялі актыўны ўдзел найміты і ваенспецы з былых савецкіх рэспублік, у асноўным расіяне і ўкраінцы.

Эфіопа-эрытрэйская вайна
Асноўны канфлікт: Эфіопа-эрытрэйскі пагранічны канфлікт
Карта спрэчных тэрыторый на мяжы Эрытрэі і Эфіопіі, дзе ў асноўным адбываліся баявыя дзеянні.
Дата 6 мая 199818 чэрвеня 2000
Месца поўнач Эфіопіі (штаты Тыграй і Афар) і 1/4 тэрыторыі Эрытрэі[1],
апасродкавана: судана-эрытрэйская граніца, Самалі, эфіопскія рэгіёны Аромія і Агадэн
Прычына Праблема дэмаркацыі граніцы; перашкоды для эфіопскага транзіту праз эрытрэйскія парты; гвалтоўнае высяленне эфіопаў з Эрытрэі; мілітарызацыя эрытрэйскага грамадства; недавер эфіопскага грамадства да этнічных тыграі ва ўрадзе.
Вынік
Праціўнікі
Эфіопія
Эрытрэя Эрытрэя
Камандуючыя
Негаса Гідада
Мелес Зенаўі
Цадкан Гебрэтэнсэй
Самора Юніс
Расія Якім Янакаў
Расія Уладзімір Няфёдаў (лета 1998)
Эрытрэя Ісаяс Афеворкі
Эрытрэя Себхат Эфрэм
Эрытрэя Філіпас Вальдэяханэс
Расія Уладзімір Няфёдаў (1998/9?—2000)
Сілы бакоў
300 000[2]–350 000[3] вайскоўцаў
Садружнасць Незалежных Дзяржаў Расія 100[4]—500[5] ваенных саветнікаў і наймітаў
Эрытрэя 200 000—300 000 вайскоўцаў[2][6]
Садружнасць Незалежных Дзяржаў Украіна 40[7]—300[5] ваенных саветнікаў і наймітаў
Страты
ад 34 000 да 60 000 забітых па афіцыйнай інфармацыі ад 16 550 да 19 000 загінулых па афіцыйнай інфармацыі

Яшчэ на першым этапе вайны сфармаваліся тры фронты: заходні — сектар Бадмэ, участак паміж рэкамі Мэрэб і Сетыт, цэнтральны — раён Цэрона—Заламбеса—Алітэна, усходні — раён Бурэ. Усе яны апынуліся падзеленымі ў сувязі са складаным горным і пустынным рэльефам тэатра ваенных дзеянняў. Асабліва вялікі разрыў (некалькі сотняў кіламетраў) утварыўся паміж цэнтральным і усходнім франтамі, дзе пралягла пустыня Данакіль[4].

Па выніку супрацьстаяння бакі заключылі мірнае пагадненне і адклалі вырашэнне спрэчкі на нявызначаны тэрмін для разгляду справы ў міжнародным арбітражы, які абавязаў краіны падзяліць спрэчную тэрыторыю прыкладна пароўну. Тэрытарыяльнае пытанне было канчаткова закрыта толькі са зменай улады ў Эфіопіі і перадачы праблемных участкаў эрытрэйцам.

Перадгісторыя правіць

У пачатку 1950-х гадоў па рашэнні Генасамблеі ААН былая італьянская калонія Эрытрэя была ўключана на федэратыўных пачатках у склад Эфіопскай імперыі. У 1962 годзе федэрацыя скасавана. Ва ўмовах панавання народа амхара пачалася цэнтралізацыя. Мелі месца прыгнёт іншых этнічных груп і насаджэнне амхарскай мовы[8][9]. Нават пераход улады ад манархіі да марксісцка-ленінскай групоўцы афіцэраў «Дэрг» у 1974 годзе нічога не змяніў: прадстаўнікі амхара захавалі сваё вяршэнства. У 1991 годзе, пасля шматгадовай грамадзянскай вайны, краінай пачала кіраваць кааліцыя «Рэвалюцыйна-дэмакратычны фронт эфіопскіх народаў»[10].

У першыя ж гады новая ўлада ўзялася за ўрэгуляванне канфлікту з паўстанцкім рухам «Народны фронт вызвалення Эрытрэі». Яшчэ да звяржэння манархіі з-за яго дзейнасці на поўначы імперыі назіралася крызісная сітуацыя, якая аказала прыкметны ўплыў на ўсе бакі жыццядзейнасці эфіопскай дзяржавы, выкліканая ў верасні 1961 года пачаткам вайны за незалежнасць. Яна спрыяла росту сепаратысцкіх настрояў сярод насельніцтва іншых абласцей Эфіопіі, незадаволенасці ў арміі (вайскоўцы былі стомлены барацьбой з партызанскім рухам эрытрэйцаў) і значнаму пагаршэнню эканамічнага становішча. Эрытрэйская праблема таксама негатыўна адбівалася на міжнародныя ўзаемаадносіны краіны[11].

Па пагадненню сепаратыстаў з урадам у красавіку 1993 года ў Эрытрэі быў праведзены рэферэндум, па выніках якога краіна афіцыйна была абвешчана незалежнай[12]. Прыкметна, што прадстаўнiкi народнасці тыграі, складаючы аснову кіруючых эфіопскіх колаў[10], апынуліся у новай дзяржаве этнічнай большасцю[13].

Некаторы час адносіны паміж краінамі былі самымі дружалюбнымі, аднак хутка ўсё змянілася[14][15]. Першыя праблемы пачаліся з-за дэпартацыі ўраджэнцаў Эфіопіі з эрытрэйскай тэрыторыі. Яшчэ ў 1991 годзе каля 30 000 жонак і дзяцей эфіопскіх вайскоўцаў, дыслакаваных у Эрытрэі, былі перавезены эрытрэйскімі войскамі праз мяжу і пакінуты на тэрыторыі суседзяў. Пры гэтым эрытрэйцы паведамілі эфіопскім чыноўнікам чакаць прыбыцця яшчэ 150 000 чалавек. Многія з дэпартаваных былі людзьмі, якія хоць і не нарадзіліся ў Эрытрэі, але доўгі час пражылі і прапрацавалі там[16].

Прычыны правіць

Эрытрэйскі лідар Ісаяс Афеворкі, улічваючы адсутнасць у сваёй краіне каштоўных выкапняў, вырашыў развіваць дзяржаву за кошт выгаднага геаграфічнага становішча на Чырвоным моры, стаўшы транзітным вузлом і вытворцам гатовай экспартнай прадукцыі, як у свой час Сінгапур і Ганконг. Падобнага можна было дамагчыся за кошт эканамічнай эксплуатацыі Эфіопіі, ператварэння суседа ў прыдатак для выкачкі сыравіны і працоўнай сілы, маніпуляваннем павышэннем цэн на транзіт грузаў праз свае парты. Гэта сустрэла супраціў эфіопскага ўрада[14]. У двухбаковых адносінах пачаліся істотныя ўскладненні, звязаныя з павышэннем мытных пошлін Эрытрэі для эфіопскіх бізнесменаў і гандляроў, адсутнасці адэкватнага механізму рэгулявання ўзаемных эканамічных пытанняў, дзейсных мер з абодвух бакоў супраць кантрабанды і нелегальнага гандлю, наяўнасці мноства мясцовых рознатыповых падаткаў, дыскрымінацыйнай сістэмы ліцэнзавання ў абедзвюх дзяржавах[4].

Супярэчнасці дайшлі і да тэрытарыяльных пытанняў, у тым ліку вакол горада Заламбеса, раёнаў Проб (Ыроб), Бада і так званага «трохвугольніка Ірга» — міжрэччы Тэкэзэ і Мэрэба (Гаша)[17]. Неўзабаве пасля абвяшчэння незалежнасці эрытрэйскія картографы выдалі карту краіны, дзе дзяржаўная граніца некалькі адрознівалася ад адміністрацыйнай, прынятай пры манархіі. Эрытрэйцы спаслаліся на старыя пагадненні паміж Каралеўствам Італія і Эфіопскай імперыяй[18].

У лістападзе 1997 года, пасля ліпеньскага здарэння ў раёне Ады-Муруг, сфарміравана двухбаковая камісія па дэмаркацыі і ўдакладненні мяжы. Яна рэгулярна праводзіла пасяджэнні па чарзе ў сталіцах абедзвюх дзяржаў — Адыс-Абебе і Асмэры[19]. Спецыялісты звярнуліся да італа-эфіопскіх дагавароў. Вакол іх узніклі складанасці, звязаныя з тлумачэннем тэкстаў дакументаў[20] і легітымнасці каланіяльных пагадненняў у сучасным міжнародным праве[21][22]. Падчас правядзення дэмаркацыі высветліліся і іншыя спрэчныя моманты: многія населеныя пункты нават не мелі выразнага геаграфічнага месцазнаходжання. Так, напрыклад, пасёлак Бадмэ на старых картах адсутнічаў, а яго з’яўленне датуецца 1960-я гадамі. У розных крыніцах населены пункт праходзіць пад рознымі назвамі. Аналагічная блытаніна адбылася з Бурэ і Заламбесай[23].

Нягледзячы на афіцыйныя спробы вырашаць усе мірным шляхам, кіруючыя колы імкнуліся да эскалацыі. Прэм’ер-міністр Эфіопіі Мелес Зенаўі, будучы прадстаўніком народа тыграі і знаёмым Ісаяса з часоў барацьбы супраць «Дэрг», хацеў пазбавіцца ад абвінавачванняў у супрацоўніцтве з эрытрэйцамі. Каб змяніць грамадскую думку пра сябе, палітыку патрэбны былі важкія контраргументы, напрыклад, прамы канфлікт з Эрытрэяй. Поспех будучай вайны меркавалася дасягнуць за кошт дэмаграфічнай і ваеннай перавагі над Асмэрай. У сваю чаргу Ісаяс і члены яго ўрада, большасць з якіх аддалі многія гады свайго жыцця на справу здабыцця незалежнасці, пачалі мілітарызацыю грамадства. Сам прэзідэнт лічыў, што «войны неабходны, каб маладое пакаленне, не паспеўшае зведаць нягоды барацьбы за незалежнасць, не расслаблялася і не забывала ахвяры, прынесеныя на алтар айчыны іх бацькоў». У гэтай сувязі знешнепалітычны і ўнутраны курс дзяржавы грунтаваўся на ваеннай ідэалогіі, што непазбежна прыводзіла да пагаршэння адносін з суседзямі[24].

Калі ў Адыс-Абебе практычна нічога не было зроблена для падрыхтоўкі да магчымай вайны, то ўрад Эрытрэі праявіў сябе больш дальнабачным. Дзяржаўныя выдаткі на нацыянальную абарону толькі ў 1996 годзе склалі 196 млн долараў[4].

Ход падзей правіць

Кампанія 1998 года правіць

Ваенныя дзеянні пачаліся са здарэння ў Бадмэ на поўначы эфіопскага штата Тыграй 6 мая 1998 года[25]. Дакладна невядома, што там адбылося. У літаратуры сустракаюцца некалькі падобных варыянтаў падзеі. Аднак ва ўсіх іх адзначаецца, што з прычыны да канца нявысветленых абставінаў эфіопамі быў забіты эрытрэец[26][27][17]. У той жа дзень Асмэра абвясціла частковую мабілізацыю[4].

Інцыдэнту ў Бадмэ спачатку не надалі вялікай увагі, паколькі сутычкі паміж эфіопамі і эрытрэйцамі ў памежжы фіксаваліся неадразова. Аднак 12 мая злучэнні рэгулярнай эрытрэйскай арміі (тры пяхотныя брыгады пры падтрымцы 13 танкаў) занялі пасёлак. Спробы супрацьстаяць уварванню апынуліся марнымі, таму эфіопскія паліцыянты і апалчэнцы былі вымушаны адступіць. У ходзе ўзброеных сутыкненняў былі разбураны сем будынкаў — некалькі школ, бальніца і іншыя грамадскія ўстановы[19].

У адказ на наступленне суседзяў эфіопская артылерыя пачала абстрэл пазіцый праціўніка. Акрамя гэтага камандаванне УС Эфіопіі не рабіла ніякіх актыўных дзеянняў супраць уварвання[4]. Да канца месяца інтэнсіўнасць канфлікту была даволі нізкай. Агнявы кантакт бакоў у пераважнай большасці выпадкаў абмяжоўваўся ўжываннем стралковай зброі[19]. Нечакана 31 мая сілы эрытрэйскай арміі, скарыстаўшыся малалікасцю воражых фарміванняў у зоне баявых дзеянняў[4], перайшлі ў наступленне на цэнтральным участку граніцы, захапіўшы горад Заламбеса, а таксама размешчаныя каля яго пасёлкі Алітэна і Айга. 3 чэрвеня зафіксаваны першы абмен артылерыйска-мінамётным агнём і залпамі рэактыўных сістэм[19].

Праз два дні раніцай пара эфіопскіх МіГ-23 разбамбіла аэрапорт Асмэры (выкарыстоўваўся і як грамадзянскі, і як ваенны). У выніку ўдару пашкоджанні атрымалі лайнер авіякампаніі Aero Zambia і два ангары. Адна бомба ўпала за межамі авіябазы, блізу аўтобуснага прыпынку, у выніку чаго загінуў адзін чалавек і яшчэ пяцёра атрымалі раненні. У другой палове дня эрытрэйская авіацыя атакавала Мэкэле. Пад авіаўдар трапілі адміністратыўныя будынкі, аэрадром[19] і пачатковая школа, дзе загінулі 53 грамадзянскія асобы[28]. На заўтра ў адказ эфіопы зноў атакавалі аэрапорт Асмэры[29][30][31]. Шчыльным агнём СПА эрытрэйцы падбілі адзін МіГ-21, паланіўшы пілота. На наступны дзень паветраны налёт здзейснены яшчэ раз[19].

6 чэрвеня эфіопы перайшлі ў контрнаступленне. Ім удалося вярнуць Заламбесу, аднак ужо на наступны дзень, у выніку контратакі эрытрэйскай пяхотнай брыгады пры падтрымцы РСЗА БМ-21 «Град» і самалётаў Aermacchi MB-339, горад зноў трапіў пад кантроль праціўніка. Увесь наступны тыдзень эфіопскія войскі беспаспяхова спрабавалі адбіць Заламбесу. Актывізаваліся дзеянні бакоў у сектары Бадмэ. 11 чэрвеня бамбілі Адыграт. Упершыню баявыя сутыкненні мелі месца на крайнім усходнім участку мяжы ў раёне пагранічнага пераходнага пункта Бурэ. 17 чэрвеня тут эфіопы блакавалі і знішчылі брыгаду спецыяльнага прызначэння УС Эрытрэі[4][19].

У канцы месяца наступіла зацішша. Эфіопскія і эрытрэйскія вайскоўцы пачалі акопвацца[32]. 26 чэрвеня была прынята Рэзалюцыя Савета Бяспекі ААН 1177. Дакумент запатрабаваў ад Асмэры і Адыс-Абебы неадкладнага спынення агню[33].

Арганізацыя афрыканскага адзінства, ЗША і Руанда скарысталіся момантам, каб дапамагчы ўрэгуляваць канфлікт мірным шляхам[17]. Амерыканцы і руандыйцы прадставілі праект мірнага пагаднення, дзе прадугледжваўся адвод воінскіх фарміраванняў двух бакоў на першапачатковыя пазіцыі. Эрытрэя адмовілася прыняць прапанову і замест гэтага запатрабавала дэмілітарызацыі ўсіх спрэчных раёнаў[34][35], у той час як у Эфіопіі праект падтрымалі, пра што заявіў прэм’ер-міністр Мелес Зенаўі[19].

З ліпеня па лістапад у рэгіёне надыходзіць сезон дажджоў, які робіць непраходнай і без таго слабую дарожную сетку. У гэты перыяд праціўнікі засяродзіліся на пераўзбраенні, узмацненні і падрыхтоўцы сваіх баявых часцей[4].

Першы раўнд вайны выявіў негатоўнасць варагуючых дзяржаў да поўнамаштабных баявых дзеянняў, асабліва ў паветры. Эфіопы, нягледзячы на колькасную і якасную перавагу сваіх ВПС, адчувалі недахоп падрыхтаваных пілотаў, тэхнікаў і збройнікаў, запасных частак і былі абмежаваны ў выбары аэрадромаў базавання, якія мелі неабходную інфраструктуру. Летам праз прадстаўніка кампаніі «Росвооружение» палкоўніка Уладзіміра Няфёдава ўлады краіны звярнуліся да Расіі з заяўкай аб закупцы адсутнай матэрыяльнай часткі і паслуг неабходных спецыялістаў, у тым ліку пілотаў-інструктараў[19].

Бакам канфлікту спатрэбіліся спецыялісты па эксплуатацыі армейскай авіяцыі. Можна было звярнуцца да заходніх спецыялістаў, але паслугі расіян былі куды танней. Так, напрыклад, згодна з французскім наймітам Бобам Дэнарам, калі брытанец браў за сваю работу чатыры тысячы долараў, то спецыялісты з Расіі былі згодны на дзве. Паколькі пасля 1991 года ў былых савецкіх рэспубліках мноства вайсковых кадраў былі выкінуты з арміі ці ж знаходзіліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы, то жадаючых паехаць у Эфіопію знайшлося шмат[36].

Неўзабаве чартарным рэйсам транспартнік Іл-76 даставіў на галоўную базу ВПС Эфіопіі ў Дэбры-Зэйт 80 спецыялістаў, камплекты бартавых РЛС, узбраенне, абсталяванне сувязі і іншую маёмасць, неабходную для правядзення аднаўленчага рамонту МіГ-21 і МіГ-23[19].

Генеральны Штаб Эфіопіі ўзначальваў генерал Анатоль Касьяненка, былы начштаба Уральскай ваеннай акругі, штаб ВПС курыраваў генерал Іван Фралоў, ягоны памочнік генерал Дзмітрый Яфіменка адказваў за бамбардзіровачную авіяцыю, а за боегатоўнасць сістэм супрацьпаветранай абароны – палкоўнік Яўген Абухоў, былы камандзір часці СПА з падмаскоўнай Кубінцы. Усіх гэтых людзей завербаваў у свой час генерал Якім Янакаў, які ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва замежнымі сіламі[7].

Тым часам эрытрэйцы заручыліся ваенна-тэхнічнай падтрымкай Украіны. Ужо летам быў арганізаваны паветраны мост Кіеў — Асмэра. Група эрытрэйскіх пілотаў прайшла паскораны курс перавучвання на новую тэхніку ва ўкраінскіх навучальных цэнтрах. Для абслугоўвання эрытрэйскіх ВПС у краіну прыбылі ўкраінскія і балгарскія тэхнікі. Украінцы таксама выступілі ў ролі пілотаў-інструктараў. Адначасова яны займаліся перавозам узбраення і ваеннай тэхнікай, якая пастаўлялася ў Эрытрэю трэцімі дзяржавамі[19].

Варта адзначыць, што і на баку Эфіопіі мелася некаторая колькасць украінцаў, як і расіян на баку Эрытрэі, а сярод людзей Янакава былі таксама беларусы[7].

Кампанія 1999 года правіць

У лютым 1999 года Эфіопія і Эрытрэя, не дасягнуўшы прагрэсу ў перамовах, аднавілі баявыя дзеянні[37]. Да гэтага моманту завяршылася падрыхтоўка лётных і тэхнічных кадраў замежнымі ваенспецамі[38].

На досвітку 2 лютага артылерыя эрытрэйцаў арганізавала масіраваны абстрэл пазіцый эфіопаў у раёне Заламбесы. Раніцай 4 лютага пачалася артпадрыхтоўка эрытрэйцаў на фронце Бадмэ—Шэрара. На наступны дзень пара эрытрэйскіх MB.339 нанесла ўдар па буйным складзе ГЗМ у Адыграце. Праз дзень, 7 лютага, яны паўтарылі налёт на горад: сем чалавек атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці[19].

У гэты час, 6 лютага, эрытрэйскія войскі перайшлі ў агульнае наступленне ў сектары Бадмэ. Эфіопы адбілі ўдар праціўніка. У контратацы дзвюх сваіх элітных брыгад, якія складаліся з былых партызан НФВТ, эфіопскім вайскоўцам удалося ўзяць пасёлак Гэза-Герласэ — адзін з ключавых пунктаў усёй эрытрэйскай абароны ў гэтым сектары. Адчайныя контратакі праціўніка былі беспаспяховымі. Акрамя таго, у выніку камбінаванага ўдару артылерыі і баявых верталётаў была знішчана РЛС эрытрэйскай сістэмы СПА ў Ады-Квала. Ужо 8 лютага эфіопы нанеслі ўдары ў сектарах Бадмэ—Шэрара і Заламбеса і захапілі дзве ўмацаваныя пазіцыі эрытрэйцаў у раёнах Канін і Каніта. Потым яшчэ вайскоўцы паспяхова адбілі ўсе контратакі. 10 лютага пачался аператыўная паўза. 14-га чысла трэцяя атака пры магутнай падтрымцы цяжкай артылерыі была праведзена на ўсходнім фронце ў напрамку на Асэб. Гэтыя аперацыі каштавалі велізарных страт, але яны прымусілі эрытрэйскае камандаванне накіраваць падмацаванне ў цэнтр і на ўсход, а не заходні фронт[4]. 23 лютага баі аднавіліся. Эрытрэйцы адступілі на свае першапачатковыя пазіцыі, якія займалі 6 мая 1998 года[19].

Генштаб Адыс-Абебы даў свайму наступленню кодавую назву «Аперацыя "Заход"»[39].

Абстаноўка імкліва змянялася кожныя суткі. Паспяхова пачаўшы наступленне, эфіопскія войскі затым спыніліся і вымушаны былі правесці перагрупоўку сіл. У гэты час у паветры фіксіраваліся сутыкненні авіацыі варожых бакоў. 21-га чысла эрытрэйцы, выкарыстоўваючы пару МіГ-29, арганізавалі засаду і ледзь не збілі эфіопскі Су-27. 25-га Су-27, які выконваў планавае дзяжурства ў паветры, быў выведзены на перахоп парай МіГ-29. Адзін самалёт ВПС Эрытрэі быў збіты. На наступны дзень адбыўся чарговы бой, дзе эрытрэйцы зноў панеслі страты[40].

Развіваючы поспех, 16 сакавіка эфіопскія войскі паспрабавалі прарвацца ў раёне Цсароны і Заламбесы, але былі спынены. Яны правялі танкавую атаку на фронце ў 4 км праз мінныя палі ўздоўж павароту ракі Мэрэб. Эрытрэйцы сканцэнтравалі на гэтак вузкім участку агонь усёй наяўнай у гэтым сектары цяжкай артылерыі[4]. За чатыры дні эфіопы прарвалі варожую абарону на ўсю яго глыбіню і вымусілі праціўніка адысці на тылавую мяжу. Пасля гэтага інтэнсіўнасць баявых дзеянняў знізілася да ўзроўню баёў мясцовага значэння. Поспеху наступлення ў значнай ступені спрыялі верталёты. 20 сакавіка была зафіксавана чарговая сутычка самалётнай авіяцыі[19].

16 мая пасля зацішша адбылося сутыкненне ў раёне Белесы[41]. 24 мая[4] эрытрэйскія войскі сіламі да чатырох пяхотных брыгад з фарміраваннямі ўзмацнення нанеслі ўдар па пазіцыях эфіопаў на заходнім участку фронту, уздоўж левага берага р. Мэрэб, але поспеху не мелі. Баі працягваліся: ВПС Эфіопіі паспяхова наносілі ўдары па войсках эрытрэйцаў. Апошняя ўспышка баёў у заходнім сектары фронту прыйшлася на канец месяца. Тады Асмэра адмовілася ад далейшых спробаў прарваць абарону праціўніка. У гэты ж перыяд эфіопская авіяцыя двойчы паспяхова бамбіла партовы комплекс і аэрапорт Асэба[19].

З пачаткам новага буйнога зацішша бакі заняліся ўмацаваннем сваіх пазіцый[42].

У другой палове 1999 года аднавіліся спробы мірнага ўрэгулявання. Пацярпеўшы паразу ў Бадмэ, Ісаяс Афеворкі быў вымушаны прыняць амерыкана-руандыйскі праект пагаднення аб урэгуляванні канфлікту. Аднак цяпер дагавор адмаўлялася падпісваць Эфіопія, паколькі Мелес Зенаўі не хацеў вывадзіць войскі з раёна, узятага з вялізнымі стратамі[4]. Пачаліся перамовы пры пасярэдніцтве алжырскага прэзідэнта Абдэля Азіза Бутэфлікі. Аднак дыпламатычнае манеўраванне не магло падмануць ўдзельнікаў супрацьстаяння, так як Эфіопія і Эрытрэя чакалі вырашальнай сутычкі[17]. На апошнім раўндзе перамоваў у перыяд з 29 красавіка па 4 мая 2000 года эрытрэйцы сталі вылучаць новыя ўмовы і, па сутнасці справы, сарвалі падпісанне пагаднення аб спыненні агню[19].

Амерыканскія ўлады ў рамках так званай «чоўнавай дыпламатыі» распачалі спробы заахвоціць бакі да прымірэння (план амерыканцаў складаўся ў тым, каб зблізіць іх на антысуданскай аснове). Пачынаючы з лета 1999 года памочнік прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Энтані Лэйк курсіраваў паміж сталіцамі Эрытрэі і Эфіопіі, каб хоць неяк падштурхнуць іх да хутчэйшага вырашэння канфлікту[5].

Аднак стварэнне антысуданскай кааліцыі абярнулася правалам: Афеворкі пачаў збліжацца з лівійскім лідарам Муамарам Кадафі, што выклікала расчараванне прэзідэнта ЗША Біла Клінтана[5], а Зенаўі аднавіў адносіны з рэжымам Амара аль-Башыра ў Судане. У той перыяд яго ўрад садзейнічаў баевікам «Эрытрэйскага ісламскага джыхада». Арганізацыя праводзіла напады на судана-эрытрэйскай граніцы, а таксама аказвала падтрымку розным эрытрэйскім апазіцыйным арганізацыям[43][44]. Тым часам Эрытрэя пачала падтрымліваць «Фронт нацыянальнага вызвалення Агадэна»[45] і «Фронт вызвалення Арома»[46]. Апошняя змагалася за незалежнасць Ароміі ад Эфіопіі і грунтавалася ў раёнах Самалі, кантраляваных прыхільнікамі забітага прэзідэнта краіны Махамеда Фараха Айдыда[47]. У адказ Эфіопія падтрымала апалчэнні, якія выступалі супраць Айдыда[43].

Кампанія 2000 года правіць

12 мая эфіопская армія нанесла першы ўдар на заходнім участку фронту ў раёне Бадмэ. Гэта было нечакана для эрытрэйцаў, якія чакалі галоўнага ўдару пад Заламбесай (на найкарацейшай адлегласці да Асмэры), дзе іх камандаванне засяродзіла большую частку сіл. На тактычным узроўні эфіопам таксама ўдалося перайграць праціўніка: у адрозненне ад кампаніі мінулага года, калі наступленне пачалося з масіраванай артылерыйскай і авіяцыйнай падрыхтоўкі, а затым чатыры дзесяткі танкаў літаральна прапрасавалі траншэі, на гэты раз удар наносіўся на флангах, утойліва, без прымянення цяжкага ўзбраення. Поспех быў прадвызначаны дзеяннямі абыходзячых атрадаў, якія ў ноч напярэдадні аперацыі высунуліся ўглыб абарончай пазіцыі УС Эрытрэі, выкарыстоўваючы для транспарціроўкі групавых сістэм зброі і боепрыпасаў сотні клуначных жывёл. Раніцай камбінаваным ударам з фронту, флангаў і тылу эфіопы ізалявалі дывізіі першага эшалона эрытрэйцаў і на працягу наступных двух сутак па частках знішчылі іх[19].

Перадавая лінія абароны эрытрэйцаў была рассечана, за два дні баёў ачагі супраціву былі цалкам знішчаны. Было відавочна, што фронт рассыпаўся. Вайскоўцы вымушана пачалі агульнае адходзіць на поўнач, праследуемыя варожай бранятэхнікай і авіяцыяй[4].

Эрытрэйцы сталі адступаць у трох кірунках: на захад, у бок Шылала, Дукамбія; на паўночны захад, у бок Барэнту; на паўночны ўсход, у бок Май-Дыме, Арэса. Праціўнік не даваў ім адарвацца і перагрупаваць свае сілы, не даючы замацавацца на прамежкавых рубяжах. 17 мая эфіопскія войскі ўварваліся ў Барэнту (буйны палітыка-адміністрацыйны цэнтр Заходняй, нізіннай часткі Эрытрэі), падчас чаго зрабілі перагрупоўку і перанацалілі галоўныя сілы. Прасоўваючыся па шашы, іх часці занялі Май-Дыма і стварылі рэальную пагрозу захопу іншага буйнога цэнтра — горада Мэндэфэра ў цэнтральнай частцы Эрытрэі і адсячэння ўсёй групоўкі праціўніка на цэнтральным участку фронту[19]. Падцягнуўшы рэзервы, эфіопы працягнулі рух ў напрамках на захад і на усход. 26 мая на захадзе імі быў захоплены буйны горад Тэсэнэй[4].

Па даных італьянскага часопіса Analisi Difesa, у планаванні майскага наступлення 2000 года ўдзельнічалі замежнікі. Аперацыю рыхтавалі васемнаццаць расійскіх ваенных саветнікаў і спецыялістаў вышэйшага каманднага звяна, у тым ліку тры ад ВПС і адзін ад СПА[48].

Эрытрэя апынулася на мяжы катастрофы. Асмэра пагадзілася сесці за стол перамоваў, якія аднавіліся 29 мая. Пры гэтым баявыя дзеянні працягнуліся, эрытрэйцы 5 чэрвеня адбілі Тэсэнэй і за некалькі дзён баёў зноў занялі шэраг раёнаў на захадзе. На працягу дзесяці дзён, атрымаўшы падмацаванне, эфіопы вярнулі ўсе гэтыя тэрыторыі. На цэнтральным фронце працягваліся баі ў раёне Ады-Кэіх і Сенафе. На ўсходзе, дзе эрытрэйская армія пакінула Бурэ, эфіопскія часці пачынаючы з 3 чэрвеня прадпрымалі тры масіраваных наступлення сілай да двух дывізій з мэтай прарыву да порта Асэб. Першыя два былі адбіты, падчас трэцяга намеціўся поспех, аднак прыйшоў загад спыніць аперацыю[4].

18 чэрвеня бакі спынілі баявыя дзеянні і дамовіліся аб усёабдымным мірным пагадненні, якое яны падпісалі 12 снежня ў Алжыры. У дакуменце прапісана, што краіны павінны вырашыць тэрытарыяльную спрэчку праз міжнародны суд[49].

Наступныя падзеі правіць

Пасля вайны ў памежжы быў размешчаны міратворчы кантынгент ААН. Місія мела на мэце пераадоленне наступстваў эфіопа-эрытрэйскага ўзброенага канфлікту і нармалізацыю ўзаемаадносін дзвюх дзяржаў. У складзе міжнародных сіл налічвалася 4 200 чалавек, у тым ліку 3 900 вайскоўцаў, 90 штабных афіцэраў і 210 ваенных назіральнікаў. Разгортванне пачалося ў верасні 2000 года і было завершана ў студзені. Згортванне місіі адбылося ў 2008 годзе[17].

У гэты час міждзяржаўны канфлікт з фазы адкрытага супрацьстаяння перайшоў у закрыты. Бакі перанеслі акцэнт з хуткага ўрэгулявання на доўгатэрміновае рэгуляванне. Выкананне пытання аб заканчэнні тэрытарыяльнай спрэчкі зацягвалася[50]. Міжнародны арбітраж абавязаў бакі падзяліць спрэчную тэрыторыю прыкладна пароўну, але пасёлак Бадмэ, сімвал вайны, пакінуць за эрытрэйцамі[51].

9 ліпеня 2018 года ў Асмэры прэм’ер Эфіопіі Абій Ахмед Алі і прэзідэнт Эрытрэі Ісаяс Афеворкі падпісалі мірнае пагадненне, па якім спрэчныя тэрыторыі пераходзілі эрытрэйцам. Краіны дамовіліся аб аднаўленні дыпламатычных адносін, супрацоўніцтве ў сферы палітыкі, эканомікі, культуры і бяспекі. Падпісанне дакумента азнаменавала заканчэнне стану вайны паміж дзяржавамі[52][53][54][55].

Ахвяры і шкода правіць

З пачаткам вайны былі перапынены авіярэйсы і тэлефонная сувязь паміж дзвюма краінамі, зачынены ўсе памежныя пераходы[4]. Да падзей 1998—2000 гадоў Асмэра і Адыс-Абеба эканамічна залежалі адзін ад аднаго, паколькі Эфіопія выступала галоўным гандлёвым партнёрам Эрытрэі, а большая частка яе знешняга гандлю залежала ад эрытрэйскіх дарог і партоў. Разрыў гэтых сувязяў апынуўся пагібельным, так як абедзве краіны і без таго былі аслаблены ў выніку каланіялізму, грамадзянскай вайны і засухі. Назіраліся сур’ёзныя праблемы з недахопам харчавання[56].

Па афіцыйнай інфармацыі, УС Эрытрэі страцілі забітымі ад 16 550 да 19 000 чалавек[57][58][59], а УС Эфіопіі — ад 34 000[60] да 60 000[61]. Між тым, падпольная палітычная апазіцыйная група «Голас дэмакратычнага шляху эфіопскага адзінства» называла лічбу ў 123 000 загінулых эфіопскіх камбатантаў[62][63], у той час як колькасць загінулых эрытрэйцаў ацэньвалася ў 150 000 чалавек[64]. Згодна з большасцю міжнародных справаздач, агульныя ваенныя страты з абодвух бакоў склалі каля 70 000 чалавек[65]. Называліся лічбы ў 100[66] і нават 300[2] тысяч загінуўшых.

Баявыя дзеянні прывялі да масавага бежанства з зоны канфлікту, прымусовых дэпартацый і дыскрымінацыі. Да канца мая 2000 года Эфіопія выцесніла з захопленых тэрыторый 650 000 эрытрэйцаў (па даных CNN[1]), а Эрытрэя — 70 000 эфіопаў (па даных Human Rights Watch[67]). Ураджэнцы краіны праціўніка пацярпелі ад ганенняў, іх звальнялі і канфіскоўвалі маёмасць[68][69]. У некаторых выпадках яны сталі ахвярамі катаванняў і згвалтаванняў[70].

Зброевыя пастаўкі правіць

З пачаткам аператыўнай паўзы летам 1998 года Эфіопія і Эрытрэя заняліся закупкай новага ўзбраення і тэхнікі, на што яны выдаткавалі некалькі сотняў мільёнаў долараў[71]. Асмэры ў фінансавым забеспячэнні ваенных закупак вельмі дапамагла Лівія і іншыя арабскія краіны. Трэція краіны паставілі ў «гарачую кропку» наступнае[19][72]:

  Узброеным сілам Эрытрэі
Краіна Прадукцыя
  Расія 6 знішчальнікаў МіГ-29 (кантракт 1998 г. на суму 150 млн. дол., пастаўка ў 1998—1999 гг.), 4 верталёта Мі-17 (кантракт 1998 г., пастаўка ў 1998—1999 гг.) і 200 ПЗРК «Ігла» (кантракт 1999 г., пастаўка ў тым жа годзе)
  Грузія 8 штурмавікоў Су-25 (кантракт 1999 г., пастаўкі ў тым жа годзе)
  Малдова 6 знішчальнікаў МіГ-21 (кантракт 1999 г., пастаўкі ў тым жа годзе)
  Украіна вялікая партыя стралковай зброі (пастаўка ў 1998—1999 гг.)
  Румынія рэактыўныя сістэмы залпавага агню (на суму 50 млн. дол., пастаўка ў 1998—1999 гг.)
  Балгарыя боепрыпасы да рэактыўных сістэм залпавага агню (пастаўка ў 1998—1999 гг.)
  Італія ваенныя верталёты (пастаўка ў 1998—1999 гг.)
  Узброеным сілам Эфіопіі
Краіна Прадукцыя
  Расія 8 самалётаў Су-27 (кантракт 1998 г. на суму звыш 150 млн. дол., пастаўка ў 1998—1999 гг. дзве партыі па чатыры машыны), 2 баявых верталёта Мі-24Д/Мі-35 (кантракт 1998 г. на суму 30 млн. дол., пастаўка ў тым жа годзе праз прадпрыемства «Промэкспорт»), 10 152-мм САУ 2С3 «Акацыя» (кантракт 1999 г.; пастаўка ў тым жа годзе), бранятанкавая тэхніка на суму 200 млн дол. (кантракт 1999 г.; пастаўка ў тым жа годзе).
  Румынія 10 знішчальнікаў МіГ-21 (кантракт 1998 г., пастаўка ў 1998—1999 гг.; мадэрнізацыя ў варыянт МіГ-21-2000 з удзелам ізраільцян)
  ЗША 4 ваенна-транспартных самалёта C-130B Hercules (кантракт 1995 г., пастаўка ў 1998 г.)
  Беларусь 40 танкаў Т-55 (пастаўка ў 1998 г.)
  Балгарыя 140 танкаў Т-55 (пастаўка ў 1998—1999 гг.)
  Францыя абсталяванне сувязі (пастаўка ў 1998 г.)
  Кітай сістэмы ствольнай і рэактыўнай артылерыі (пастаўка ў 1998 г.)

Зноскі

  1. а б CNN staff (23 December 2000). "Eritrean, Ethiopian exchange of POWs begins". CNN. Архівавана з арыгінала 16 April 2009.
  2. а б в Former U.S. Ambassador: Eritrea and Ethiopia Unlikely To Resume War(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 1 сакавіка 2012. Праверана 9 лютага 2013.
  3. Pike, John. Ethiopia - Army.
  4. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р Коновалов 2014.
  5. а б в г Алексей Андреев. АФРИКАНСКИЙ РОГ: ЗАТИШЬЕ ПЕРЕД БУРЕЙ // Независимая газета : газета. — 29 марта 2000.
  6. Pike, John. Ethiopia / Eritrea War.
  7. а б в Владимир Воронов, Павел Мороз. Слуги смерти: Русские наёмники в Африке // Собеседник : газета. — 28 мая 2001.
  8. Пискунова & Весна 2006, p. 149.
  9. Ethiopia: land of slavery & brutality (PDF). League of Nations. 1935. pp. 2–5. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 6 кастрычніка 2021. Праверана 6 лістапада 2022.Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 6 кастрычніка 2021. Праверана 6 лістапада 2022.
  10. а б Михаил Магид. Гражданская война в Эфиопии может взорвать Африку // Ведомости : газета. — 26 января 2021.
  11. Цыпкин Г. В., Ягья В. С. История Эфиопии в новое и новейшее время.— М., Наука: Главная редакция восточной литературы, 1989.— 405 с.: ил. — с. 200.
  12. Eritrea. Архівавана з першакрыніцы 31 кастрычніка 2009. Праверана 25 жніўня 2006.
  13. Пискунова & Весна 2006, pp. 149–151.
  14. а б Пискунова & Весна 2006, p. 150.
  15. Иванович 2009, p. 40.
  16. Perlez, Jane (1991-07-22). "Ethiopia Troops Battle to Survive Misery of Peace". The New York Times [амерыканская англійская]. ISSN 0362-4331. Праверана 2022-06-06.
  17. а б в г д Елгазин 2010.
  18. Пискунова & Весна 2006, p. 151.
  19. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т Жирохов 2004.
  20. Mussie, Tesfagiorgis G. (2010). "Eritrean colonial boundaries". Eritrea. Africa in Focus (illustrated ed.). ABC-CLIO. pp. 53–54. ISBN 978-1-59884-231-9.
  21. Shapland, Greg (1997). Rivers of discord: international water disputes in the Middle East. C. Hurst & Co. p. 71. ISBN 1-85065-214-7.
  22. Degefu, Gebre Tsadik (2003). The Nile: Historical, Legal and Developmental Perspectives (illustrated ed.). Trafford Publishing. pp. 94–99. ISBN 1-4120-0056-4.
  23. Пискунова & Весна 2006, p. 152.
  24. Пискунова & Весна 2006, pp. 151–152.
  25. Hans van der Splinter. Border conflict with Ethiopia. eritrea.be. Праверана 29 March 2017.
  26. Connell, Dan. Eritrea/Ethiopia War Looms. Foreign Policy in Focus (2 кастрычніка 2005).
  27. Пётр Суханов. Незатухающая междоусобная война // Независимая газета : газета. — 7 июля 2000.
  28. Vick, Karl (8 June 1998). "SCHOOL ATTACK SHOCKS ETHIOPIANS". Washington Post. ISSN 0190-8286. Праверана 2022-06-06.
  29. Ethiopia's War on Eritrea. Asmara: Sabur Printing Services. 1999.
  30. Lords Hansard text for 30 Nov 1999 (191130-16). publications.parliament.uk. Праверана 30 снежня 2021.
  31. Eritrea Ethiopia Claims Commission. PARTIAL AWARD Central Front - Ethiopia's Claim 2. Архівавана з першакрыніцы 13 July 2014.
  32. Biles, Peter (20 May 2000). "Ethiopia's push north". BBC.
  33. S/RES/1177 (руск.). Организация Объединённых Наций. Архівавана з першакрыніцы 25 кастрычніка 2021. Праверана 25 кастрычніка 2021.
  34. IRIN. Ethiopia-Eritrea: New peace efforts amid claims of civilian abuses. ReliefWeb. Праверана 29 March 2017.
  35. HRW World Report 1999: Ethiopia: The Role of the International Community. Архівавана з першакрыніцы 14 November 2008.
  36. Георгий Зотов. Дикие гуси : Откровения легендарного "солдата удачи" Боба Денара // Известия : газета. — 3 ноября 2001.
  37. Visafric (7 February 1999). "Ethiopian Leader admits allegation of Eritrean air strike based 'on wrong information'". www.dehai.org. Праверана 29 March 2017.
  38. Иванович 2009, p. 42.
  39. Cooper, Tom; Fontanellaz, Adrien (31 July 2018). Ethiopian-Eritrean Wars. Volume 2: Eritrean War of Independence, 1988-1991 & Badme War, 1998-2001. ISBN 9781913118358.
  40. Иванович 2009, pp. 44–45.
  41. Last, Alex (16 March 1999). "World: Africa Hundreds killed in Horn". BBC.
  42. Laeke, Mariam Demassie (23 July 1999). "Touring the Ethiopian front". BBC.
  43. а б BBC NEWS | Special Report | 1999 | 07/99 | Battle in the Horn | The Somali connection. news.bbc.co.uk. Праверана 30 снежня 2021.
  44. Angel Rabasa, et al., Beyond al-Qaeda: Part 2, The Outer Rings of the Terrorist Universe RAND Project AIR FORCE RAND Corporation pp. 82–85 online pp. 44–47 hardcopy
  45. Collective Punishment: War Crimes and Crimes against Humanity in the Ogaden area of Ethiopia’s Somali Region, Human Rights Watch, June 2008
  46. Human Rights Watch World Report 2001: Ethiopia - Human Rights Developments. www.hrw.org. Праверана 30 снежня 2021.
  47. UN & Conflict Monitor, Summer 1999: Africa E-S(недаступная спасылка). www.bradford.ac.uk. Архівавана з першакрыніцы 8 лістапада 2022. Праверана 30 снежня 2021.
  48. Analisi Difesa, 2000, Nr 6
  49. "Horn peace deal: Full text". BBC News [брытанская англійская]. 2000-12-11. Архівавана з арыгінала 1 November 2019. Праверана 2021-12-30.{{cite news}}: Папярэджанні CS1: бот: невядомы статус арыгінальнага URL (link)
  50. Пискунова & Весна 2006, p. 153.
  51. Zane, Damian. Ethiopia regrets Badme ruling, BBC, 3 April 2003.
  52. gordonua.com Архівавана 17 жніўня 2018. Эфиопия и Эритрея спустя 20 лет после начала войны заключили мирный договор
  53. Эфиопия и Эритрея заключили мирный договор. аиф. Архівавана з першакрыніцы 1 кастрычніка 2018. Праверана 4 кастрычніка 2018.
  54. РИА Новости Архівавана 31 ліпеня 2018. Конец войне: Эфиопия и Эритрея подписали мирный договор
  55. Allo, Awol. Ethiopia offers an olive branch to Eritrea. Al Jazeera (7 чэрвеня 2018). Праверана June 28, 2018.
  56. Tadesse, Zenbeworke. The Ethiopian-Eritrean Conflict(недаступная спасылка) 109–110. Calx Proclivia. Архівавана з першакрыніцы 14 чэрвеня 2007. Праверана 29 March 2017.
  57. Claimed by President Isaias Afeworki, 2001. Shinn, Historical Dictionary of Ethiopia, p.149
  58. "Eritrea reveals human cost of war". BBC News. 20 June 2001. Праверана 2007-03-12.
  59. Profiling Our Martyrs: Ethiopia-Eritrea Border War (1998-2000) (Part 1). Архівавана з першакрыніцы 1 сакавіка 2012. Праверана 19 жніўня 2009.
  60. Claimed by Chief of Staffs Tsadkan Gebretensae. Shinn, Historical Dictionary of Ethiopia, p. 149.
  61. Claimed by Major General Samora Yunis. Shinn, Historical Dictionary of Ethiopia, p. 149.
  62. Claimed on 8 April 2002 by the Voice of the Democratic Path of Ethiopian Unity, an Ethiopian clandestine opposition group operating from Germany. The claim also stated that each family that lost a member in the war would receive $350 in indemnity, but this number has not been verified, although it has been often cited by other groups (see Number of war dead soldiers reportedly 123,000 Архівавана 25 снежня 2007 года. – internet news message; and clandestineradio.com Архівавана 10 лістапада 2014 года. audio button Архівавана 3 сакавіка 2016 года.), and no indemnities have been paid. Shinn, Historical Dictionary of Ethiopia, p. 149
  63. "Ethiopia: Number of war dead soldiers reportedly 123,000" [амхарская]. Wonchif. 2001-04-10.
  64. Banks, Arthur; Muller, Thomas; and Overstreet, William, ed. Political Handbook of the World 2005–6 (A Division of Congressional Quarterly, Inc.: Washington, D.C., 2005), p.366. 156802952-7
  65. * Xan Rice, east Africa correspondent (31 October 2006). "Annan warns of another war between Ethiopia and Eritrea". London: Guardian. Праверана 29 March 2017.
  66. Ethiopia: Nation on verge of war with Eritrea, report says(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 26 сакавіка 2014. Праверана 8 лістапада 2022.
  67. The Horn of Africa War: Mass Expulsions and the Nationality Issue (англ.) (29 студзеня 2003).
  68. Memorandum by the government of Ethiopia, 16 July 1998, Eritrean Aggression against Ethiopia and continued gross violations of the human rights of Ethiopians in Eritrea.
  69. Natalie S. Klein. MASS EXPULSION FROM ETHIOPIA, Report on the Deportation of Eritreans and Ethiopians of Eritrean origin from Ethiopia, June – August, 1998(недаступная спасылка). denden.com. Архівавана з першакрыніцы 30 снежня 2021. Праверана 30 снежня 2021.
  70. Eritrea expels over 800 Ethiopians home – official(недаступная спасылка). Sudan Tribune (29 кастрычніка 2007). Архівавана з першакрыніцы 7 лістапада 2017. Праверана 6 студзеня 2008.
  71. Will arms ban slow war?. BBC News. Праверана 30 снежня 2021.
  72. Б. Кузык, Н. Новичков, В. Шварев, М. Кенжетаев, А. Симаков. Россия на мировом рынке оружия. Анализ и перспективы. М, "Военный парад", 2001, с.300 - 301

Літаратура правіць

Спасылкі правіць