Эта Майсееўна Тырманд
Эта (Эдзі) Майсееўна Ты́рманд (23 лютага 1917, Варшава — 29 красавіка 2008, Мінск, Беларусь) — беларускі кампазітар, педагог. Першая жанчына-кампазітар у Беларусі[4].
Эта Майсееўна Тырманд | |
---|---|
Асноўная інфармацыя | |
Дата нараджэння | 23 лютага 1917[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 29 красавіка 2008[1] (91 год) |
Месца смерці | |
Краіна | |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Музычная дзейнасць | |
Педагог | Анатоль Васільевіч Багатыроў[3] |
Прафесіі | кампазітарка, педагог |
Інструменты | фартэпіяна[2] |
Жанры | акадэмічная музыка |
Выхаванцы | Ларыса Сямёнаўна Талкачова |
Грамадская дзейнасць | |
Член у |
Біяграфія
правіцьЭта (Эдзі) Майсееўна Тырманд нарадзілася 23 лютага 1917 года ў Варшаве. З 1929 года наведвала клас фартэпіяна Варшаўскай кансерваторыі. У 1938 годзе скончыла настаўніцка-харавы факультэт Варшаўскай кансерваторыі, адначасова працягваючы навучацца па класе фартэпіяна.
У 1939 годзе, пасля акупацыі Варшавы нямецка-фашысцкімі войскамі, пешшу перайшла граніцу СССР. Пасля пераезду ў Мінск паступіла ў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю ў клас фартэпіяна дацэнта Аляксея Канстанцінавіча Клумава, сумяшчаючы вучобу з працай канцэртмайстра.
У гады Вялікай Айчыннай вайны і ў першыя паваенныя гады Эдзі Тырманд пражывала ў горадзе Фрунзэ (цяпер Бішкек), працуючы канцэртмайстрам Кіргізскага тэатра оперы і балета імя А. Малдыбаева, а таксама педагогам мясцовага музычнага вучылішча.
У 1948 годзе аднаўляецца на пятым курсе Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (клас фартэпіяна Рыгора Ільіча Шаршэўскага) і паступае на першы курс аддзялення кампазіцыі (клас Анатоля Васільевіча Багатырова). Фартэпіяннае аддзяленне сканчае ў 1949 годзе, кампазітарскае ў 1952.
У 1949—1989 гадах выкладчыца ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі[5], спачатку выкладала фартэпіяна, а з 1963 года выконвала абавязкі дацэнта зноў створанай кафедры канцэртмайстарскага майстэрства. Ёй належаць адмысловыя заслугі ў выхаванні некалькіх пакаленняў высокакваліфікаваных канцэртмайстраў, яе лічаць галавой беларускай канцэртмайстарскай школы[6]. Адначасова ў 1949—1962 гадах выкладала ў музычнай школы пры Беларускай кансерваторыі[5].
Адначасова Эдзі Тырманд інтэнсіўна займаецца кампазітарскай творчасцю, ствараючы творы галоўным чынам у камерным жанры.
Член Саюза кампазітараў Беларусі з 1954 года.
Апошнія 20 гадоў жыцця Эдзі Майсееўны былі азмрочаны праблемамі са зрокам, якія вельмі хутка прывялі да практычна поўнай слепаты.
Эдзі Майсееўна Тырманд памерла ў Мінску 29 красавіка 2008 года[6].
Сям’я
правіцьУсе родныя і блізкія Эдзі Майсееўны загінулі ў Варшаўскім гета[7], у тым ліку бацькі Мойшэ-Герш Іосіфавіч Тырманд (1891[8]—1942), выхадзец Варшавы[9] і Шыфра-Цырл Іцкоўна Глянцшпігель (1895—1942), нараджэнка Любліна[10], сястра Ёспа-Марыям (1921—1942)[11].
Адзіным блізкім ёй чалавекам быў муж, альтыст Ізраіль Аляксандравіч Турш, які таксама страціў сваіх блізкіх у Халакосце на тэрыторыі Польшчы.
Творчасць
правіцьТворчасці Тырманд уласцівы канкрэтнасць і шырокі дыяпазон вобразнага мыслення, экспрэсіўная манера пісьма, нацыянальная характэрнасць музычнай мовы, абумоўленая чуйным услухоўваннем у інтанацыйную і ладавую будову беларускай народнай песні. Сярод твораў: 2-і канцэрт для фартэпіяна з аркестрам (1956), санаты для фартэпіяна (1969), альта і фартэпіяна (1961), віяланчэлі і фартэпіяна (1971), скрыпкі і фартэпіяна (1972), а таксама саната і п’есы для цымбалаў і фартэпіяна; санаціны, сюіты, такаты для фартэпіяна, а таксама «Сюіта ў стылі рэтра» для домры і фартэпіяна (1977); вакальныя цыклы на вершы М. Танка, Э. Агняцвет, Р. Бёрнса, Ф. Гарсія Лоркі, Б. Дадзье; хары на словы М. Багдановіча, Я. Коласа, М. Танка, П. Труса; фартэпіяна п’есы, песні і хары для дзяцей[5].
Зноскі
- ↑ а б Elphick D. Music behind the Iron Curtain: Weinberg and his Polish Contemporaries — Выдавецтва Кембрыджскага ўніверсітэта, 2019. — С. 41. — 314 с. — ISBN 978-1-1084-9367-3 — doi:10.1017/9781108642774
- ↑ а б в Соломаха Е. Умерла белорусский композитор Эди ТырмандЧитать полностью // TUT.BY / под ред. М. В. Золотова — 2008.
- ↑ а б Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969.
- ↑ Юлия Андреева. К 100-летию со дня рождения Эди Моисеевны Тырманд (руск.). СБ Беларусь Сегодня (15 сакавіка 2017). Праверана 8 сакавіка 2020.(недаступная спасылка)
- ↑ а б в А. А. Саламаха. Тырманд Эта (Эдзі) Майсееўна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16).
- ↑ а б Умерла белорусский композитор Эди Тырманд (руск.). Naviny.by (29 красавіка 2008). Праверана 8 сакавіка 2020.(недаступная спасылка)
- ↑ Спіс загінулых членаў сям’і Тырманд у музеі Яд-Вашэм (Іерусалім)
- ↑ Запіс пра нараджэнне М.-Г. Тырманда 14 студзеня 1891 года(недаступная спасылка)
- ↑ Картка М. Турманда ў Музеі Яд-Вашэм
- ↑ Картка Ш. Глянцшпігель у музеі Яд-Вашэм
- ↑ Картка М. Тырманд у музеі Яд-Вашэм (Іерусалім)
Літаратура
правіць- А. А. Саламаха. Тырманд Эта (Эдзі) Майсееўна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16).
- Саламаха А. Эдзі Тырманд. Мн., 1973;
- Гарт Б. Сюиты Э. Тырманд // Вопросы фортепнанного творчества, исполнительства и педагогики. Л., 1973;
- Тер-Минасян Л. Фортепианные произведения Э. Тырманд… Мн., 1983.