Юбілейная сельскагаспадарчая выстаўка ў Мінску (1901)

Юбілейная сельскагаспадарчая і саматужна-прамысловая выстаўка ў Мінску ў 1901 годзе — выстаўка сельскагаспадарчых і саматужна-прамысловых вырабаў, якая праходзіла ў Мінску (Мінская губерня, Расійская імперыя) з 26 жніўня па 4 верасня 1901 г. Была арганізавана членамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСТ) і прымеркавана да 25-гадовага юбілея дзейнасці таварыства. Лідарамі МТСГ планавалася, што выстаўка будзе мець святочна-юбілейны характар і стане дэманстрацыяй сваіх поспехаў — без чакання прыбытковасці мерапрыемства, але выстаўка стала прыбытковай, мела інфармацыйную значнасць, паспрыяла актывізацыі дзейнасці іншых губернскіх селькагаспадарчых таварыстваў, заключэнню камерцыйных кантрактаў і прастымулявала тавараабмен і вытворчасць у літоўска-беларускіх губернях.

Эмблема сельскагаспадарчай выстаўкі МТСГ у Мінску — эскіз дыплома прызёраў выстаўкі, 1901 г. Аўтар Генрык Вейсенгоф

Падрыхтоўка правіць

 
Вокладка правіл правядзення юбілейнай выстаўкі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, 1900 г.

Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ) і раней арганізоўвала выстаўкі, але яны праводзіліся ў памяшканнях таварыства, адзін раз у доме дваранскага сходу ў Мінску і былі даступныя для абмежаванага кола асоб. Лідары МТСГ вырашылі атсвяткаваць 25-годдзе свайго таварыства арганізацыяй вялікай выстаўкі, каб прадэманстраваць шырокаму колу людзей усяго літоўска-беларускага края свае дасягненні за чвэрць веку[1].

Віцэ-старшыня Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (і па сутнасці яго неафіцыйны кіраўнік) Эдвард Вайніловіч даручыў падрыхтоўку і правядзенне юбілейнай выстаўкі свайму сябру і адначасова члену Рады МТСГ — графу Ежы Эмерыкавічу Чапскаму, брату тагачаснага гарадскога галавы горада Мінска — графа Караля Эмерыкавіча Чапскага[2]. Ежы Чапскі ўзначаліў спецыяльны гаспадарчы камітэт, які займаўся падрыхтоўкай і арганізацыяй выстаўкі; камісарам выстаўкі стаў іншы ўплывовы член МТСГ і сябра Вайніловіча — Міхал Генрыкавіч Валовіч[3]. Члены таварыства загадзя стварылі спецыяльны фонд для фінансавання выстаўкі за ўласны, а не дзяржаўны кошт[4]. Дызайнерскае афармленне выстаўкі рабіў за грошы мастак Генрык Вейсенгоф, які стварыў і эскіз дыплома за лепшыя дасягненні ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці.

На выстаўку былі запрошаны 700 удзельнікаў з Мінскай, Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Ковенскай, Валынскай, Кіеўскай, Чарнігаўскай і Смаленскай губерняў.

Правядзенне правіць

Выстаўка прыцягнула да сябе ўвагу землеўладальнікаў не толькі Беларусі і Літвы, але і польскіх губерняў Расійскай імперыі, і складалася з 12 аддзелаў. У Мінск прыехала шмат запрошаных асоб і гасцей з розных гарадоў Расійскай імперыі, што стала прычынай павышэння цэн у гасцініцах за нумар да 10-15 рублёў за суткі[5].

На юбілей з'ехаліся прадстаўнікі ад усіх таварыстваў сельскай гаспадаркі літоўска-беларускіх губерняў (напрыклад, Ковенскае таварыства сельскай гаспадаркі прадстаўляў асабіста яго старшыня (1901—1902) Пётр Аркадзевіч Сталыпін), прадстаўнікі ад таварыстваў Валынскай, Падольскай, Седлецкай губерняў, прадстаўнікі ад міністэрства земляробства Расійскай імперыі: Іпаліт Гечэвіч, Аляксандр Мяйштовіч, Канстанцін Скірмунт, Браніслаў Шахна, Вінцэнт Козел-Паклеўскі, граф Фелікс Чапскі, Юзаф Монтвіл (1850—1911), граф Уладзімір Мікалаевіч Зубаў (1862—1933), князь Міхал Ірэніевіч Агінскі (1849—1902), віцэ-старшыня Рэжыцкага таварыства сельскай гаспадаркі Станіслаў Венцлавовіч, прадстаўнік Расіенскага таварыства сельскай гаспадаркі пан Гружэўскі, прадстаўнік Луцкага таварыства сельскай гаспадаркі пан Русаноўскі, (ад міністэрства земляробства) Е. Сіцін і Панамароў, рэдактар варшаўскай газеты «Gazeta Warszawska» Станіслаў Ляшноўскі, журналіст санкт-пецярбурскага часопіса «Kraj» А. Данімірскі, Міхал Натансон і інш.[6]

Прысутнічаў і сам фармальны старшыня Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі князь Мікалай Мікалаевіч Трубяцкі. Былі зачытаны прывітальныя тэлеграмы ад вялікага князя Уладзіміра Аляксандравіча Раманава (члена МТСГ), міністра земляробства і намесніка міністра земляробства Расійскай імперыі, мінскага губернскага маршалка (1897—1904) Аляксандра Генадзьевіча Рацькова-Ражнова і інш.[7] У якасці ганаровага госця быў запрошаны і генерал-лейтэнант Іосіф Іпалітавіч Жылінскі. Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел і родныя сёстры Эдварда Вайніловіча — Ядвіга Адамаўна Кастравіцкая і Міхаліна Адамаўна Горват[8].

Урачысты баль МТСГ для запрошаных асоб праходзіў у доме графа Караля Чапскага (1860—1904), аднаго з галоўных экспанентаў выстаўкі.

 
План Юбілейнай сельскагаспадарчай выстаўкі, якая праходзіла ў гарадскім садзе
 
Гарадскі сад перад выстаўкай

Павільёны выстаўкі былі арганізаваны ў Гарадскім садзе (цяпер Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага). У 12 аддзелах (сельскай гаспадаркі, прамысловасці і рамяства) і ў прыватных павільёнах быў прадстаўлены самы шырокі набор тавараў — ад розных складаных сельскагаспадарчых прылад і парод хатняй жывёлы да вырабаў мясцовых рамеснікаў. У павільёнах сельскай гаспадаркі дэманстраваліся бульба, гародніна, хлеб (маянткоўцаў Караля Свяцкага і Л. Малчацкага), прышчэпленыя садовыя дрэвы, кветкі (В. А. Рыбскі), калекцыі лясных саджанцаў, дошак з драўніны розных парод, чыстапародная буйная рагатая жывёла, авечкі і свінні, чыстапародныя коні і сабакі, птушкі, вяндліна, масла, віны, лячэбны кефір (К. Сігаліна), калекцыі малочных бактэрый (Ф. С. Сільвестровіч), гербарыі лекавых раслін і інш.[9]

У павільёнах вырабаў прамысловасці можна было ўбачыць цэглу, кафлю, кафляныя печы, дрэнажныя трубы, чарапіцу, турбіны (А. Е. Кржыжаноўскі), скураныя вырабы (Л. Б. Суцін), клей, мыла, пакосты, мазі, экіпажы (І. Я. Лейбман і браты Стараневічы) і інш. З вырабаў рамеснікаў былі прадстаўлены 102 экспанаты (48 з якімі былі вырабамі мінскіх рамеснікаў): дываны, мэбля, жырандолі, карункі, музычныя інструменты (у тым ліку, піяніна і скрыпка), рэчы з золата і срэбра, гадзіннікі, вадзяны веласіпед, галантарэйныя вырабы, касметыку і парфумерыю[10].

Многія ўдзельнікі прывезлі на выстаўку групы тавараў. Напрыклад, уласнік маёнтка Беліца ў Сенненскім павеце Магілёўскай губерні Караль Свяцкі прадставіў каля 40 відаў прадукцыі свайго маёнтка[11]. Але самым значным эспанентам аказаўся граф Караль Эмерыкавіч Чапскі, які меў цудоўна пастаўленую гаспадарку ў маёнтку Станькава ў Мінскім павеце Мінскай губерні. Чапскі дэманстраваў калекцыю саджанцаў са свайго лесу, чыстапародную буйную рагатую жывёлу, коней станькаўскага племяннога завода, чыстакроўных сабак, авечак, цэглу, чарапіцу і дрэнажныя трубы[12].

Некаторыя заможныя прамыслоўцы свае вырабы прадставілі ва ўласных павільёнах: кандытарская Франца Канстанцінавіча Вянгржэцкага адкрыла адзін павільён, свой павільён «Фатаграфічныя прылады і работы» прадставіў мешчанін і фатограф Моўша-Элья Напельбаўм, у асобным павільёне дэманстраваліся узорныя мужчынскія і жаночыя прыбіральні Анцэліёвіча, два павільёны адкрылі браты Лекерт (паравы піваварны завод)[13]. Хоць выстаўка анансіравалася як сельскагаспадарчая і прамыслова-рамесная, але мела больш прадстаўнічы характар. Праспект выстаўкі рэкламаваў тавары яшчэ 30 фірм, якія афіцыйна не ўдзельнічалі ў выстаўцы: вяндліна, гарбата, веласіпеды, швейныя машыны, тэхнічныя і інжынерныя работы (бюро інжынераў Крыжаноўскага і Цывінскага), пазыкі і банкаўскія аперацыі (банкірская кантора Поляка і Вейсбрэма)[14].

Узнагароды выстаўкі правіць

Якуб Наркевіч-Ёдка быў удастоены бронзавага медаля выстаўкі за заслугі ў галіне метэаралогіі.

Мінскі яўрэй-фатограф Моўша-Элья Напельбаўм быў удастоены бронзавага медаля выстаўкі за дзейнасць у галіне фатаграфіі.

Доктар Франц Сільвестровіч, загадчык мінскай Аналітычнай станцыяй, быў удастоены малога срэбнага медаля выстаўкі за «Хатнюю сельскагаспадарчую хімічную лабараторыю» для даследавання харчовых прадуктаў, гербарый дзікіх і культурных лекавых раслін у Мінскай губерні.

Вынікі правіць

Выстаўка стала дэманстрацыяй трыумфа высокага развіцця сельскай гаспадаркі Мінскай губерні і ўсяго літоўска-беларускага краю пад кіраўніцтвам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі на чале з Эдвардам Вайніловічам.

Першапачаткова арганізатары меркавалі, што выстаўка не прынясе ніякіх прыбыткаў, але ўсё роўна хацелі правесці яе, каб прадэманстраваць дасягненні гаспадарак губерні і адсвяткаваць угодкі. Аднак, дзякуючы таленту Ежы Чапскага, які быў адным з галоўных арганізатараў мерапрыемства, выстаўка прынесла 3300 рублёў прыбытку[15]. Гэтыя грошы пайшлі ў фонд МТСГ для арганізацыі новых выставак[16].

Ацэнка сучаснікамі правіць

Мечыслаў Ялавецкі згадваў, якое моцнае ўражанне зрабіла выстаўка на яго бацькоў. Яны ўспрынялі яе як адзін з доказаў жыццёвасці і ўплывовасці мясцовых землеўладальнікаў-каталікоў.

У прамове на пашыраным сходзе МТСГ Эдвард Вайніловіч заявіў, што поспех дзейнасці таварыства быў забяспечаны тым, што яго члены адкінулі «палітыканства» і ўсе сілы аддавалі працы на роднай зямлі. Па яго ж словах, сельскагаспадарчае таварыства стала для многіх падрыхтоўчай школай грамадскага жыцця.

Зноскі

  1. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 71.
  2. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 71.
  3. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 71.
  4. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 71.
  5. Шыбека, З. В. Минскъ сто гадоў таму… С. 188.
  6. C.J. Jubileusz Miński. Uroczyste posiedzenie Tow. Rolniczego… С. 6, 7.
  7. C.J. Jubileusz Miński. Uroczyste posiedzenie Tow. Rolniczego… С. 7.
  8. C.J. Jubileusz Miński. Uroczyste posiedzenie Tow. Rolniczego… С. 6.
  9. Шыбека, З. В. Минскъ сто гадоў таму… С. 188.
  10. Шыбека, З. В. Минскъ сто гадоў таму… С. 188.
  11. Шыбека, З. В. Минскъ сто гадоў таму… С. 188.
  12. Шыбека, З. В. Минскъ сто гадоў таму… С. 188.
  13. Шыбека, З. В. Минскъ сто гадоў таму… С. 188.
  14. Шыбека, З. В. Минскъ сто гадоў таму… С. 189.
  15. Бяспалая, М. Браты Чапскія... С. 151.
  16. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 71.

Літаратура правіць

  • Бяспалая, М. Браты Чапскія ў эканамічным жыцці Мінскага краю / М. Бяспалая // Жыццё айчыне, гонар нікому : Матэрыялы міжнар. навук. канф., прысв. 180-годдзю з дня нарадж. Эмерыка фон Гутэн-Чапскага: Мінск, 16—18 сакавіка 2009 г. / Народн. гіст.-краязн. аб'ядн. "Прылуцкая спадчына" Прылуцкага ц. нар. творч. Мінскага р-на; Нац. гіст. музей Рэсп. Беларусь; Польскі Ін-т у Мінску. — Мінск : Хурсік, 2010. — С. 148—152.
  • Грибковский, Д.Я. Яков Оттонович Наркевич-Иодко Архівавана 21 студзеня 2017. / Д.Я. Грибковский, О.А. Гапоненко, В.Н. Киселев / Весці Акадэміі навук БССР. Сер. фізіка-матэматычных навук. — 1985. — №5.
  • Отчет Юбилейной сельскохозяйственной и кустарно-промышленной выставки, устроенной в 1901 году Минским Обществом Сельского Хозяйства. — Минск, 1902. — 179 с.
  • Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А.Ф. Смалянчук. — Санкт-Пецярбург : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
  • Шыбека, З.В. Минскъ сто гадоў таму / З.В. Шыбека. — Мінск : Беларусь, 2007. — 304 с.
  • Jurkowski, R. Ziemiaństwo polskie Kresów Północno-Wschodnich 1864–1904. Działalność społeczno-gospodarcza / R. Jurkowski. — Warszawa : Przegląd Wschodni, 2001. — 606 s.
  • Sław. 25-letnia działalność Mińskiego Tow. Rolniczego(недаступная спасылка) / Sław. // Kraj. — 1901. — № 32. — S. 3—6.
  • C.J. Jubileusz Miński. Uroczyste posiedzenie Tow. Rolniczego Архівавана 22 ліпеня 2018. / C.J. // Kraj. — 1901. — № 35. — S. 5—7.
  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.