Юбілейны дом

будынак на Архірэйскім падвор’і Мінска
(Пасля перасылкі з Юбілейны дом, Мінск)

Юбілейны дом, або Будынак царкоўна-археалагічнага музея — збудаванне ў Мінску на праспекце Незалежнасці, 26. Помнік архітэктуры псеўдарускага стылю, пабудаваны ў 1913 годзе (архітэктары Віктар Струеў і Іван Фамін). Уваходзіў у склад Архірэйскага падвор’я, частка гістарычнай забудовы колішняй Захар’еўскай вуліцы.

Славутасць
Юбілейны дом
2015 г.
2015 г.
53°54′10″ пн. ш. 27°33′53″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Архітэктурны стыль псеўдарускі стыль
Архітэктар Віктар Іванавіч Струеў і Іван Аляксандравіч Фамін
Дата заснавання 1913
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

У 1909 годзе паводле ініцыятывы гісторыка-археалагічнага камітэта ў Мінску быў адкрыты музей царкоўных старажытнасцяў. Першыя чатыры гады ён месціўся ў будынку Дваранскага сходу. У 1913 годзе быў пабудаваны адмысловы будынак царкоўна-архелагічнага музея на Архірэйскім падвор’і, архітэктарамі выступілі Віктар Струеў і Іван Фамін. Будынак узведзены да 300-годдзя дома Раманавых, таму займеў назву «Юбілейны дом». Стары адрас — Захар’еўская вуліца, у першай палове 1910-х — без нумара, у 1917 годзе — 94, у 1939—1941 — 108[1].

 
Юбілейны дом у 1928 г. Малюнак Марыі Уладычынай

У выцягнутым прамавугольным аб’ёме, што выходзіў на Захар’еўскую вуліцу (цяпер праспект Незалежнасці), месцілася выставачная зала. У кароткім крыле, размешчаным перпендыкулярна, былі фондасховішчы і адміністрацыйныя памяшканні. У месцы злучэння гэтых двух аб’ёмаў размяшчалася лесвіца, што вяла на другі паверх. Тут жа на галоўным фасадзе быў уваход у будынак, а на першым паверсе — невялікі вестыбюль. У музеі знаходзіліся ў асноўным прадметы рэлігійнага культу — крыжы, манеты, гравюры, адзенне. Таксама былі прадметы этнаграфічнага характару — тэксты народных песень, казак, паданняў. Галоўнай скарбніцай была бібліятэка гісторыка-археалагічнага камітэта. У музеі налічвалася каля 1900 тамоў старажытных кніг, у тым ліку рукапісы XVI — XVII стст[2]. У часе Першай сусветнай вайны музей быў эвакуяваны ў Разань. Экспанаты вярнуліся ў Менск у 1922 годзе, былі перададзеныя ў Беларускі дзяржаўны музей[3]. Невялікая частка экспанатаў, што засталася ў Беларусі пасля Другой сусветнай вайны, цяпер захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі.

 
Удзельнікі святкавання 15-годдзя творчай працы Янкі Купалы на ганку Беларускага (Юбілейнага) дома. 6 чэрвеня 1920 г.
 
Удзельнікі настаўніцкіх курсаў пры ЧБНК на фоне Беларускага (Юбілейнага) дома, 1920 г.

У 1917 годзе ў будынку месцяцца злічальны аддзел Упраўлення будаўніча-тэхнічнай часці Заходняга фронту і рэдакцыя тыднёвіка «Известия инженерно-строительных дружин Западного фронта»[1]. З чэрвеня 1918 года будынак займае Менскае беларускае прадстаўніцтва, «Юбілейны дом» на Захараўскай пазначаецца як «адрас адміністрацыі» газеты «Беларускі шлях», што выдавалася прадстаўніцтвам. З 17 жніўня 1918 года другі паверх Юбілейнага дома займае Народны сакратарыят БНР, на першым паверсе адбываюцца пасяджэнні Рады БНР[4][5][6]. Па заняцці Менска бальшавікамі, у 1919 годзе будынак займае Савет народнай асветы, старшыня — Вайцянкоў Т. К[1]. 8 жніўня 1919 года Менск займаюць польскія войскі (Польска-савецкая вайна), у Юбілейным доме размяшчаецца Часовы беларускі нацыянальны камітэт (ЧБНК), Беларуская школьная рада, кнігарня, адбываюцца курсы беларусазнаўства, Тэатральная і Выдавецкая камісіі пры БНК[7]. Тут размяшчаюцца рэдакцыі беларускіх газет «Звон», «Беларусь» і часопіса «Беларускае жыццё»[8]. Будынак займеў назву «Беларускі дом»[9].

 
Юбілейны дом у 1936 г.

11 ліпеня 1920 года Менск займаюць бальшавікі, у будынку месціцца «Политпросвет» Наркамата асветы. У 1920—1921 гадах — Беларускі кніжны склад. У 1922 годзе — Беларуска-руская бібліятэка, у 1923 годзе — Беларускі дзяржаўны архіў, з 1925 года — Беларускі дзяржаўны музей. У 1922—1932 гадах у будынку месціцца Беларуская дзяржаўная бібліятэка (да 1926 года пад назвай Беларуская дзяржаўная і ўніверсітэцкая бібліятэка). Рашэнне пра пераезд універсітэцкай бібліятэкі ў Юбілейны дом было прынята ў канцы 1921 года. Будынак меў два паверхі, на першым размяшчаўся аддзел савецкага будаўніцтва і сховішча, на другім — беларускі аддзел і чытальная зала. У 1923 годзе бібліятэцы перадалі яшчэ і суседні будынак былой духоўнай кансісторыі. У гэтым доме размясціліся медыцынскі, прыродазнаўчы, яўрэйскі аддзелы, канцылярыя, кніжная палата, а таксама сховішча старадрукаў і кватэра дырэктара І. Б. Сіманоўскага[10]. У 1935 годзе ў Юбілейным доме месціўся Беларускі дзяржаўны сацыяльна-гістарычны музей (у 1936 годзе — Музей гісторыі ЦК КП(б)Б, у 1937—1940 гадах Менскі (Мінскі) гістарычны музей), у 1940 годзе — цырульня № 2 «Аблкамгаса»[11].

 
Вуліца Савецкая і Юбілейны дом у 1938 г.

З 1963 года ў Юбілейным доме месціўся «Дом работнікаў мастацтваў» («Дом мастацтваў»), потым універсітэцкая бібліятэка[3]. «Дом мастацтваў» меў глядзельную (165 месцаў) і выставачную залы, бібліятэку. Праводзіў лекцыі і даклады, творчыя вечары, сустрэчы з майстрамі мастацтва. Працавалі ўніверсітэты тэатральнага і музычнага мастацтва, клубы творчай і навуковай моладзі, «Далягляд» (для школьнікаў)[12]. Разам з «Домам работнікаў мастацтваў» у будынку на першым паверсе месцілася кавярня з народнай назвай «Мутнае вока», папулярная сярод літаратараў і дзеячаў культуры[13]. У 1999 годзе будынак перададзены Беларускай праваслаўнай царкве, якая размясціла ў ім Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя Святых Мяфодзія і Кірыла. У 2013 годзе Мінскай епархіяй тут быў зарэгістраваны праваслаўны прыход храма святых раўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла з далейшым стварэннем адукацыйнага і культурна-гістарычнага цэнтра «Юбілейны дом»[14].

Архітэктура правіць

 
Бакавы фасад
 
Праспект Незалежнасці і Юбілейны дом, 2012 г.

Прамавугольны ў плане, двухпавярховы будынак на высокім цокалі накрыты вальмавым дахам. Галоўны фасад асіметрычнай кампазіцыі. З усходняга боку галоўнага фасада далучаная круглая ў плане вежа, накрытая шлемападобным купалам, якая імітуе старажытнарускія абарончыя вежы. Сцены вежы прарэзаныя байніцамі, верхняя частка аформленая машыкулямі і геаметрычным арнаментам. З заходняга боку фасад фланкіраваны невысокай квадратнай у плане чатырохграннай шатровай вежачкай. Галоўны ўваход, размешчаны асіметрычна, падкрэслены кілепадобным шчытом, плоскасць якога ўпрыгожаная арнаментам. Сцены галоўнага фасада прарэзаныя высокімі лучковымі аконнымі праёмамі, якія багата дэкараваныя (дэкаратыўныя паўкалоны, 2- і 3-лопасцевыя аркі, філёнгі і іншыя элементы). Абрамленне вокнаў 2-га паверха імітуе старажытнарускія какошнікі.

Будынак ёсць помнікам архітэктуры псеўдарускага стылю.

Зноскі

  1. а б в Маракоў Л. 2013, с. 176.
  2. Чарняўская Т. 2002, с. 449.
  3. а б Церковно-археологический музей (руск.)(недаступная спасылка). minsk-old-new.com (6 сакавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 7 лютага 2019. Праверана 24-11-2019.
  4. Сяргей Шупа. Падарожжа ў БНР (9). Летняе зацішша, Скірмунт едзе адпачываць (бел. (тар.)). svaboda.org (28 лютага 2018). Праверана 24-11-2019.
  5. Сяргей Шупа. Падарожжа ў БНР (11). На сцэну выходзіць Антон Луцкевіч (бел. (тар.)). svaboda.org (2 сакавіка 2018). Праверана 24-11-2019.
  6. Архівы БНР 1998, с. 237.
  7. Беларускі Дом у Менску // Рунь : часопіс. — 1920. — 16 мая — № 3. — С. 6.
  8. З гісторыі сьвяткаваньня 25 сакавіка // Спадчына. 1998. №1. С. 32—50. pawet.net. Архівавана з першакрыніцы 26-11-2019. Праверана 26-11-2019.
  9. Беларускае жыцьцё № 1(23)(недаступная спасылка) (19 студня 1920). Архівавана з першакрыніцы 26 лістапада 2019.
  10. Тамковіч Ю. В. Спроба рэканструкцыі карты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1921—1941 гг. // Беларускі гістарычны часопіс. — 2021. — № 10 (267), кастрычнік. — С. 18-27.
  11. Маракоў Л. 2013, с. 177.
  12. «Дом искусств» // Минск: Энциклопедический справочник (руск.) / Ред. кол.: И. П. Шамякин, И. И. Антонович, Г. Г. Бартошевич и др. — Изд. 2-е, доп. и перераб. — Мн.: БелСЭ им. П. Бровки, 1983. — 467 с.
  13. «Мутнае вока» (бел. (тар.)). svaboda.org (21 лістапада 1999). Архівавана з першакрыніцы 30-4-2020. Праверана 30-4-2020.
  14. О Юбилейном доме (руск.)(недаступная спасылка). jubileum.by. Архівавана з першакрыніцы 20 снежня 2019. Праверана 26-11-2019.

Літаратура правіць

  • Маракоў Л. Галоўная вуліца Мінска (1880—1940 гг.). Кніга 2. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2013. — 466 с. — ISBN 978-985-02-1525-3.
  • Чарнатаў В., Чарняўская Т. Будынак былога царкоўна-археалагічнага музея // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінск / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал С. В. Марцэлеў (гал. рэд.). — Мінск, 1988. — С. 127—128. — 333 с. — ISBN 5-85700-006-8.
  • Чарняўская Т. Архірэйскае падвор’е // Памяць: Гіст.-дакум. хроніца Мінска. У 4 кн. Кн. 2-я. — Мінск: БЕЛТА, 2002. — С. 448—449. — 704 с. — ISBN 985-6302-46-3.
  • Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Том 1. Кніга 1 / Сяргей Шупа. — Беларускі інстытут навукі й мастацтва. Таварыства беларускага пісьменства. Наша Ніва, 1998. — ISBN 9986-9219-2-9.
  • Тамковіч Ю. В. Спроба рэканструкцыі карты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1921—1941 гг. // Беларускі гістарычны часопіс. — 2021. — № 10 (267), кастрычнік. — С. 18-27.

Спасылкі правіць