Юзафат Фрыдэрык Жыскар (Józefat Fryderyk Żyskar; у архіўных дакументах НА РС(Я) Фридрих-Иозофат Жискард; псеўд. Х. Ahasfer; 1868—1919, Масква) — ксёндз, гісторык касцёла, публіцыст.

Юзафат Жыскар
Адукацыя
Дзейнасць гісторык царквы, публіцыст, каталіцкі святар
Нараджэнне 1868
Смерць 1919

Біяграфія правіць

Ягоным бацькам быў француз, католік, а маці — немка, пратэстантка. У Пецярбургскім кадэцкім корпусе, куды яго аддалі вучыцца, ён пачаў наведваць лекцыі па каталіцкай рэлігіі, якія так захапілі яго, што 18-гадовы юнак пасля заканчэння кадэцкага корпуса паступае ў Пецярбургскую духоўную семінарыю, якая належала да Магілёўскай архідыяцэзіі.

У 1891 г. быў пасвечаны ў святары і пачаў служыць вікарным ксяндзом пры касцёле Святой Кацярыны ў Пецярбургу. Там ён стварае прытулак для ўбогіх дзяцей, якіх сам вучыць і корміць. Але за актыўную дзейнасць на карысць каталіцкай веры сярод рускіх кс. Жыскар па загадзе паліцыі высылаецца з Пецярбургу. З правінцыі ён здолеў выехаць за мяжу і дабрацца да Папы Льва XIII, якому распавёў пра цяжкасці служэння каталіцкай веры ў Расійскай імперыі і раіў даручыць гэту справу езуітам. З Ватыкана кс. Жыскар, усцешаны разуменнем яго дзейнасці Святым Прастолам, нелегальна вярнуўся ў Пецярбург, дзе стаў праводзіць патаемную катэхізацыю.

У 1896 годзе, згодна з маніфестам з нагоды каранацыі Мікалая II[ru], які між іншым абвяшчаў амністыю і тым, «хто правінаваціўся перад пануючай верай», кс. Жыскар быў амніставаны і накіраваны пробашчам у Дэрпт (сучасны г. Тарту ў Эстоніі). Там, нягледзячы на шматлікія службовыя абавязкі, ён знаходзіў час на патаемныя выезды на Міншчыну і Падляссе дзеля рэлігійных паслуг «недабіткам былых уніятаў».

Аднойчы ноччу, падчас аказання ў леснічоўцы рэлігійных паслуг «упартым», кс. Жыскара арыштаваў паліцэйскі, але адданыя святару вернікі вызвалілі яго і схавалі.

Пасля гэтага ён патаемна прыехаў у Вільню, дзе ў келлі былога бернардзінскага кляштара абсталяваў каплічку, куды дзеля рэлігійных паслуг пацягнуліся ўніяты з усяго края. У Вільні ён пасяліўся ў сваёй маці, якая жыла з дачкою, што была замужам за праваслаўным афіцэрам. Кс. Жыскар паведаміў ім пра тое, з якой мэтай з’явіўся ў Вільні, і, нягледзячы на рознасць у веравызнаннях, атрымаў разуменне і пэўную дапамогу. Аднак у хуткім часе кс. Жыскар быў ізноў высачаны паліцыяй, і яму давялося ўцякаць за мяжу.

У Італіі, паблізу Рыма, ён заснаваў таварыствы святых Юзафата і Юзафатак, каб рыхтаваць місіянераў для працы ў Расійскай імперыі сярод уніятаў. Але хутка гэтыя таварыствы з-за нястачы сродкаў перасталі існаваць. Сам жа кс. Жыскар у грамадзянскай вопратцы вярнуўся ў Расійскую імперыю і зноў распачаў місіянерскую дзейнасць сярод уніятаў. Але ў хуткім часе ён быў арыштаваны ў Дзвінску і зняволены ў Варшаўскай цытадэлі. Неўзабаве кс. Жыскар атрымаў чарговы прысуд: 5 гадоў выгнання ў аддаленыя губерні Расіі.

Служыў ксяндзом у Валагодскай, Кастрамской, а потым у Чарнігаўскай губернях, ад 1905 г. пробашч у Іркуцку адкуль неаднаразова наведваў Якуцкую вобласць, якая ўваходзіла ў склад яго парафіі. У 1908 г. кс. Жыскар звярнуўся да якуцкага губернатара з просьбай даць звесткі пра састарэлых сасланых туды паўстанцаў 1863—1864 гг., «якія жадалі б паехаць на радзіму і там бязбедна і ціхамірна правесці апошнія гады свайго жыцця», і якім «ён адразу вышле грошы, неабходныя на дарогу».

Урэшце ўлады дазволілі яму выехаць на Каўказ. Там, у Сухум-Кале, ля Чорнага мора, ён напісаў кнігу ўспамінаў, прадмову да якой ён падрыхтаваў яшчэ ў Іркуцку.

Потым кс. Жыскар ізноў служыць у Дэрпце. Таксама паспрыяў пілігрымцы да Чэнстаховы пілігрымаў з Пецярбургу, Міншчыны і Магілёўшчыны.

З вялікім замілаваннем піша кс. Жыскар пра жыхароў вёскі Фашчаўка (цяпер у Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці), з якой у пілігрымку да Чэнстаховы выправілася 13 чалавек:

  Люд вакол не гаворыць па-польску, а захаваў чыстую сваю беларускую мову. Вялікія намаганні прыклалі езуіты, каб не страцілі яны сваёй беларускай мовы. Выдалі ім беларускі катэхізіс, прамаўлялі да народу казанні ў яго мове, у касцёле вялі беларускія спевы. І сёння яшчэ кожны селянін дасканала ўмее спяваць беларускую песню „Ах, мой Божа! Веру Табе“, і сапраўднае глыбока велічнае ўражанне робіць, калі аграмадная сціжма народу, што ідзе на фэст, як бы з адных грудзей заспявае, а гэтая пекная мелодыя напаўняе і цвінтар, і святыню. Фашчаўка да таго захавала свой нацыянальны беларускі характар, што да сёння яе жыхары апранаюцца ў беларускі строй. Спадніца з простай саматканкі, белая кашуля з вышыванкай, уласцівы спосаб павязвання хусткі на галаве — вось тыповы строй кабеты з Фашчаўкі, якія адрозніваюцца амаль ад усіх сваіх суседак  

Цікавіўся кс. Жыскар і беларускай літаратурай, бо ў сваіх працах цытуе творы са зборніка Янкі Купалы «Жалейка» (Пецярбург, 1908 г.).

У Дэрпце кс. Жыскар распачаў разам з кс. Д. Банчкоўскім з Луцку — Жытомірскай дыяцэзіі — працу над апісаннем усіх касцёлаў, якая павінна была ахапіць «польскія» касцёлы нават Паўночнай Амерыкі. Кс. Жыскар апрацаваў матэрыял пра магілёўскія, віцебскія і мінскія касцёлы, і гэтыя звесткі выходзілі асобнымі сшыткамі. У іх, апрача фатаздымкаў касцёлаў і каталіцкіх дзеячаў, было змешчана шмат этнаграфічных здымкаў беларускага народа, пададзены гісторыка-этнаграфічны матэрыял. Потым гэтыя сшыткі склалі агульны том. Далейшай працы ў гэтым кірунку перашкодзіла Першая сусветная вайна.

Калі ў лістападзе 1915 г. пры польскім Камітэце ў Маскве ўтварыўся Аддзел апекі над помнікамі мастацтва пад старшынствам М. Радзівіла, то ў яго кіраўнічы склад увайшоў кс. Жыскар, які вышукваў па чыгуначных пакгаўзах і складах лому Галоўнай управы артылерыі вывезеныя з раёна ваенных дзеянняў каталіцкія званы. А калі ў красавіку 1917 г. утварыўся Саюз польскіх арганізацый апекі над помнікамі польскага мастацтва і культуры (куды ўваходзіў і мінскі аддзел), кс. Жыскар зрабіўся намеснікам яго старшыні. Паводле інструкцыі, у кола зацікаўленняў саюза ўваходзілі «прадметы мастацтва, помнікі архітэктуры (збіранне фатаздымкаў), антыкварныя музейныя, бібліятэчныя, этнаграфічныя, рэлігійныя зборы, даўнія польскія строі, ваенныя мундзіры, зброя і г. д.»

Памёр кс. Жыскар у 1917 г. у Маскве на пасадзе вікарыя пры новым касцёле «на Грузінах»[ru].

Творы правіць

  • Ksiądz Fryderyk Józefat Żyskar. Polacy w rozproszeniu. Tułacz tułaczom poświąca. Wspomnienia z piętnastu lat prac kapłańskich w Cesarstwie. Petersburg. 1909.
  • Ks. Józefat Żyskar. Obrazki z Syberyi. // Przegląd Katolicki. NrNr 3, 4, 5, 8, 17, 19 zа 1912 r.
  • Wspomnienia z pielgryzmki z mohylewskiej archidiecezyi do Częstochowy w 1912 r. Zebrał z osobistych wrażeń i streścił z pism na prośbę pelgrzymów ks. Żyskar. Warszawa. 1912.
  • ks. Żyskar J. F. Kilka słów o szukaniu chleba na obszczyżnie. 1912.
  • Nasze kościoły. Opis wszystkich kościołów i parafij znajdujących się na obszarach dawnej Polski i ziemiach przyległych. Tom I. Archidjecezja Mohylowska. Ułożyli i wydali ks. D. Bącykowski i ks. J. Źyskar. Warszawa-Peterburg. 1913.
  • Nasze kościoły. Djecezja Mińska. Pod redakcją ks. Józefаta Żyskara. Warszawa. 1913.
  • X. Ahasfer. Tunka. Opowiadanie o wsi Tunka, dzie było na wygnaniu przeszło 15-stu ksęży, oparte na wspomnieniach naocznych świadków i odnośnych dokumentach. Poznań. 1914.
  • Ксёндз Язафат Жыскар. Беларусь. // Наша вера. Мінск. № 3. 2006. С. 69-70.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Gamma. Ks. F. J. Żyskar. Polacy w rozproszeniu. // Tygodnik ilustrowany. Nr. 36. Warszawa. 1910. S. 736.
  • X. W. Cz. Żyskar Fryderyk ks // "Podręczna encyklopedya kościelna. T. 43-44. Warszawa. 1916. S. 327.
  • Czeczott W. Ks. Fryderyk Józefat Żyskar. Warszawa. 1926.
  • Z dziejów pracy unijnej w Rosii (Urywek ze wspomnień J. E. Ks. Arcybiskupa Karewicza). // Kościół katolicki w Rosji. Materjały do jego historji i organizacji. Źeszyt 1. Warszawa, 1932. S. 50.
  • Zieliński S. ks Żyskar Józefat Fryderyk. // Stanisław Zieliński. Mały słownik pionierów polskich kolonjalnych i morskich. Podróżnicy, odkrywcy, zdobywcy, badacze, eksploratorzy, emigrańci, pamiętnikarze, działacze i pisarze migracyjni. Warszawa. S. 647.
  • Najdus W. Polacy w rewolucji 1917 roku. Warszawa. 1967. S. 41, 66, 69, 70.
  • Барковский А. Якутия в составе Могилёвской архидецэзии. Койданава-Амма. 1998.
  • Kijas А. Żyskar Fryderyk Józefat. // Kijas А. Polacy w Rosji od XVII wieku do 1917 roku. Słownik biograficzny. Warszawa. 2000. S. 404—405.
  • Баркоўскі А. Беларусь ксяндза Жыскара. // Наша вера. Мінск. № 3. 2006. С. 67-68.
  • Баркоўскі А. Ксёндз Жыскар — пілігрым і пакутнік. // Краязнаўчая газета. № 32. Жнівень. Мінск. 2007. С. 7.