Юргельт (jurgelt), часам зваўся пенсіяй (pensio) — штогадовая ці штомесячная выплата са скарбу ВКЛ.

Юргельты былі двух відаў — ардынарныя і неардынарныя. Ардынарныя юргельты даваліся разам з прывілеям на ўрад і былі платай за службу, у прывілеі на ўрад часам пазначаўся і памер юргельту, але звычайна памер вызначаўся асобным лістом вялікага князя да земскага падскарбія літоўскага. Ардынарныя юргельты даваліся на час заняцця ўраду. Неардынарныя юргельты звычайна даваліся асобам за заслугі перад дзяржавай, але часам невялікія юргельты былі сродкам падтрымкі некаторых асоб у цяжкім матэрыяльным становішчы («на выратаванне і харчаванне»). Звычайна неардынарныя юргельты даваліся пажыццёва («да жывата»), але часам і да адмысловага загаду вялікага князя («да волі гаспадарскай»). Таксама неардынарныя юргельты маглі давацца на ўтрыманне якіх-небудзь недзяржаўных аб'ектаў, напрыклад Стэфан Баторый даў юргельт у памеры 13 коп грошаў штогод на ўтрыманне царквы ў Пінску.

Агульная сума выплат юргельтаў са скарбу ВКЛ у сяр. 17 ст. складала штогод каля 55 000 злотых. Памеры юргельтаў вагаліся ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх тысяч грошаў штогод. Выплата ардынарных юргельтаў ніколі не перапынялася. Выплата неардынарных юргельтаў паводле загаду вялікага князя магла быць перапыненыя на пэўны тэрмін (нават на некалькі гадоў), калі ў скарбе была нястача грошай або планаваліся важныя вялікія дзяржаўныя выдаткі.

Грошы юргельтчыкі атрымлівалі ў Вільні ў Скарбе на дзень св. Марціна (25 кастрычніка) ці на дзень св. Міхаіла (29 верасня), гэта амаль заўсёды пазначалася ў прывілеі на юргельт. Нават асобы якія збіралі дзяржаўныя прыбыткі і мелі права на юргельт не маглі з гэтых прыбыткаў узяць грошы ў залік юргельту — яны мусілі здаць сабраныя прыбыткі ў скарб, а са скарбу атрымаць свой юргельт. Юргельтчыкі маглі з дазволу вялікага князя перадаваць свае юргельты іншым асобам, а таксама абмяняць юргельт на маёнтак ці іншую крыніцу прыбытку той жа сумы.

ЛітаратураПравіць

  • Галубовіч В. Матэрыялы па гісторыі скарбу ВКЛ у кнігах запісаў за перыяд праўлення Уладзіслава IV Вазы // Białoruskie Zeszyty Historyczne. — Nr 17. — Białystok, 2002. — S. 73-87.