Юрый Баляслаў Матулевіч-Матулайціс (сапраўднае Юргіс Матулайціс; польск.: Jerzy Bolesław Matulewicz-Matulaitis, літ.: Jurgis Matulevičius-Matulaitis; 13 красавіка 1871, вёска Лугіне, цяпер Літва — 27 студзеня 1927, Каўнас) — рымска-каталіцкі дзеяч Беларусі, Літвы і Польшчы, блаславёны.

Юрый Матулевіч
Біскуп віленскі
23 кастрычніка 1918 — 14 ліпеня 1925
Папярэднік Казімір Мікалай Міхалькевіч (як адміністратар)
Пераемнік Ян Цепляк (намінальна[1])
Адукацыя
Дзейнасць каталіцкі святар, каталіцкі святар, каталіцкі біскуп
Месца працы
Нараджэнне 13 красавіка 1871(1871-04-13)[2][3]
Смерць 27 студзеня 1927(1927-01-27)[2][3] (55 гадоў)
Пахаванне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ранняе жыццё

правіць

Паходзіў з літоўскай сям’і, быў малодшым з васьмі дзяцей. Вельмі рана страціў бацькоў, сіратой апекаваўся старэйшы брат. У 1878—1881 гадах наведваў пачатковую школу ў Мар’ямпалі, там жа скончыў гімназію. У 1889 пераехаў да свайго дзядзькі Яна Матулайціса ў Кельцы (Польшча), дзе той працаваў выкладчыкам замежных моў у Духоўнай семінарыі. 1 кастрычніка 1891 года паступіў у Келецкую семінарыю[ru]. У 1893 царскія ўлады зачынілі семінарыю і Матулевіч вымушаны быў пераехаць вучыцца ў Варшаву. Быў накіраваны ў Пецярбургскую духоўную акадэмію, у якой 20 лістапада 1898 атрымаў святарскае пасвячэнне. Пасля гадавой працы ў Келецкай дыяцэзіі Матулевіч распачаў навуку ў Каталіцкім універсітэце[en] ў Фрыбуры (Швейцарыя). Атрымаўшы доктарскую ступень, айцец Матулевіч працаваў спачатку выкладчыкам у семінарыі ў Кельцах.

Разам са святаром Міхалам Гадлеўскім прыняў удзел у стварэнні Таварыства каталіцкіх работнікаў, для студэнтаў жа ён заснаваў таварыства «Адраджэнне» (польская філіял міжнароднага руху «Каталіцкае дзеянне»). У 1907 быў пераведзены ў Пецярбургу для таго, каб узначаліць кафедру сацыялогіі ў Духоўнай акадэміі. У 1909 узначаліў кафедру дагматычнага багаслаўя. У 1909 уступіў у Ордэн айцоў марыянаў, стаўшы адным з яго рэфарматараў. 14 ліпеня 1911 быў генералам ордэна марыянаў. Да канца свайго жыцця айцец Матулевіч выконваў функцыю генерала гэтага ордэна.

Віленскі біскуп

правіць

23 кастрычніка 1918 Матулевіч стаў віленскім біскупам. Асабістым дэвізам свайго кіравання абраў словы апостала Паўла — «Vince malum in bono» (з лаціны: «Перамагай ліха дабром»). Адразу пасля прызначэння спаткаўся з непрыязным прыёмам з боку польскага грамадства, якое ўспрыняло папскае прызначэнне як вынік ціску нямецкіх акупацыйных улад, што падтрымлівалі літоўцаў. Віленскі капітул разам з польскім духавенствам дыяцэзіі выказваў занепакоенасць з прычыны прызначэння біскупа літоўскай нацыянальнасці. Сам біскуп Матулевіч разлічваў пазбягаць палітычных канфліктаў. Аднак гэта аказалася немагчымым, паколькі з моманту яго прыезду ў Вільню як палякі, так і літоўцы моцна націскалі на біскупа, які прыняў праграмны прынцып пазбягання адназначных выказванняў на тэіу будучыні Віленшчыны[4][5]. Дынамічныя змены рэчаіснасці Віленшчыны ў 1918—1919 гадах (адступленне немцаў, прыход бальшавікоў, захоп палякамі, паўторнае заняцце войскамі РСЧА) вымусілі каталіцкае грамадства абвінавачваць біскупа ў прыхаваных літоўска-беларускіх сімпатыях з-за імкнення Матулевіча да змякчэння найбольш крайніх выступленняў. Пасля заняцця Вільні ў жніўні 1920 года літоўскімі войскамі публічныя выступленні Матулевіча, а таксама яго кантакты з прадстаўнікамі новых улад былі ўспрынятыя як адназначна пралітоўскія і выклікалі шматлікія пратэсты польскіх жыхароў горада[4]. Падчас адной імшы ў Вострай Браме біскуп Матулевіч заклікаў «да спакою і любові, раячы памятаць, што выгнанне польскіх войскаў з’яўляецца актам Божай справядлівасці ў адказ на разбоі і злоўжыванні палякаў»[6].

Біскуп ацэньваў дзеянні ўлад Літвы як перыяд «поўнай свабоды і спакою», а таксама з задавальненнм успрымаў стаўленне літоўцаў, якія не ўмешваліся ў справы касцёла і не чакалі ад яго аніякіх дэкларацый. У кастрычніку 1920 года Вільню занялі польскія часці генерала Л. Жалігоўскага. Пра настроі, якія панавалі ў той час на тэрыторыі Віленскай дыяцэзіі, біскуп Матулевіч пісаў біскупу Пшаздзецкаму.

У 1923 годзе ён заснаваў новы жаночы ордэн Сёстраў Служэбніц Ісуса ў Еўхарыстыі (Сёстры Еўхарысткі), і кляштар марыянаў у Друі. Новаму ордэну айцец Матулевіч вызначыў наступныя заданні: асноўная мэта — праца паміж беларусаў-каталікоў, шляхам заснавання школаў, майстэрняў, інтэрнатаў, дзіцячых садкоў, праз навучанне катэхізісу, распаўсюджанне добрых кніг і апеку над хворымі. На пасадзе архібіскупа Юрый Матулевіч змагаўся з паланізацыяй касцёла, уводзіў беларускую і літоўскую мовы, гэтак штонядзелю ў кафедры адбываліся казанні па-беларуску. Ён быў асабіста знаёмы з Адамам Станкевічам, якога шмат разоў абараняў ад нападак улад, і Браніславам Тарашкевічам. Айцец Юрый лічыў беларускую мову мостам, «які можа лучыць каталіцтва і праваслаўе». Апроч таго архібіскуп апекаваўся рускай дыяспарай: з дапамогай айца рускія дзеці-сіроты неаднойчы атрымлівалі дапамогу з-за мяжы, ён таксама спрычыніўся да заснавання дзіцячага дома для расійскіх эмігрантаў. За сваю дзейнасць архібіскуп неаднаразова падвяргаўся нападкам польскіх і літоўскіх нацыяналістаў. У 1925 годзе пасля шматлікіх просьбаў айца Матулевіча ён быў вызвалены ад пасады віленскага архібіскупа.

Далейшае жыццё

правіць

З 1925 года Матулевіч выконваў функцыю апостальскага візітатара ў Літве. У ліпені 1926 года Матулевіч удзельнічаў у Еўхарыстычным кангрэсе ў Чыкага, дзе прачытаў даклад пра апостальскае служэнне сярод праваслаўных. Пры жыцці айцец Матулевіч спаў на дошках і толькі тры гадзіны ў суткі, не здымаў з цела валасяніцы, бічаваўся, у яго цела ўпіваўся пас з дроту.

Памёр 27 студзеня 1927 года ў бальніцы Каўнаса пасля няўдалай аперацыі па выдаленні апендыцыту. Пахаваны быў у кафедральным саборы ў Каўнасе, у 1934 годзе рэшткі былі перанесены ў капліцу Марыямпальскай базілікі[lt].

 
Бюст у Кафедральным саборы ў Вільнюсе

28 чэрвеня 1987 года Папа Ян Павел II беатыфікаваў Юрыя Матулевіча.

Зноскі

  1. памёр да ўступлення на пасаду
  2. а б Jurgis Matulaitis-Matulevicius // GCatholic.org — 1997.
  3. а б Jerzy Bolesław Matulewicz // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  4. а б Мруз, М. Каталіцызм на паграніччы: адносіны каталіцкай царквы да ўкраінскага і беларускага пытання ў Польшчы ў 1918―1925 г. / Мацей Мруз; [пераклад з польскай мовы Яна Зеліньскага; навук. рэд. Генадзь Сагановіч]. — Мінск: Медысонт, 2009. — 300 с. — С. 40. — (Бібліятэка часопіса «Беларускі Гістарычны Агляд»). — ISBN 978-985-6887-41-6
  5. Senn, A. E. Great Powers, Lithuania and the Vilna question 1920—1928. — Leiden, 1966. — P. 15. — (Studien zur Geschichte Osteuropas, Vol. 11). — ISBN 978-90-04-02164-8.
  6. Archiwum Akt Nowych[pl], Ministerstwo Wyznań Religijnych i Oświecenia Publicznego. Sygn. 422. — S. 123.

Спасылкі

правіць