Юрый Рубцоў
Юрый Рубцоў (нар. 29.7.1961, Гомель, Беларусь) — грамадскі актывіст, член незалежнага прафсаюзу РЭП, палітвязень Беларусі, вязень сумлення[1].
Юрый Рубцоў | |
---|---|
Імя пры нараджэнні | Юрый Рубцоў |
Дата нараджэння | 29 ліпеня 1961 (63 гады) |
Месца нараджэння | Гомель, Беларусь |
Грамадзянства | Беларусь |
Род дзейнасці | палітык |
Жонка | Ядвіга |
Дзеці | Віктар |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся ў Гомелі, Беларусь. Адукацыя сярэдняя. Прафесійны кіроўца. Служыў у Савецкай арміі ў ракетных войсках. Пабываў у Афганістане, але маўчаў пра гэта да распаду СССР, так як даваў падпіску пра неразгалошванне, і афіцыйна служыў толькі ў Калініне.
Апошні час працаваў кіроўцам на прадпрыемстве «Цэнтр будаўніцтва і рамонту» ў Гомелі.
Храналогія пераследу
правіцьНеаднаразова затрымліваўся супрацоўнікамі міліцыі за надпісы з палітычным зместам на майках. 3 лістапада 2013 г. Ю. Рубцова затрымлівалі пасля мітынгу ў Курапатах, на які ён прыйшоў у майцы з надпісамі спераду — «Лукашэнка, сыходзь», ззаду — «Чатыры разы прэзідэнт — не! Гэта не прэзідэнт, а цар-самазванец!». Тады Ю. Рубцоў быў асуджаны на трое сутак арышту. 6 лістапада, пасля выхаду з ЦІП, быў дастаўлены ў Маскоўскі РУУС, дзе майка была прымусова канфіскавана.
07 лістапада 2013 г., падчас мерапрыемства па адзначэнні ўладамі гадавіны кастрычніцкай рэвалюцыі каля помніка У. Леніну на цэнтральнай плошчы ў Гомелі, Ю. Рубцоў быў затрыманы за майку з надпісам «За Беларусь — без кантрактаў». Яго затрымалі для высвятлення асобы, затым адпусцілі, але не падпускалі да помніка.[2]
Падчас акцыі «Чарнобыльскі шлях−2014» у Мінску 26 красавіка 2014 г. быў у майцы з надпісам «Лукашенко, уходи!». Пасля акцыі быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.
28 красавіка 2014 г. яго прывезлі ў суд Савецкага раёна г. Мінску для разгляду адміністрацыйных пратаколаў па артыкулах 17.1 КаАП РБ (дробнае хуліганства) і 23.4 КаАП РБ (непадпарадкаванне законным патрабаванням службовых асоб). Пры гэтым яшчэ пасля затрымання з Ю. Рубцова знялі майку. Аголеным па пояс яго прывялі да суддзі, Кірыла Палулеха, пры гэтым амаль нікога не пусцілі на разгляд адміністрацыйнай справы. Суддзя ў гэтым выпадку не прыняў ніякіх захадаў, скіраваных на абарону яго правоў, а таксама праігнараваў яго просьбы выдаць яму акуляры для азнаямлення з матэрыяламі справы. У сувязі з грубым парушэннем сваіх правоў Ю. Рубцоў назваў падобныя судовыя працэсы «судзілішчам», а суддзяў, якія выносяць незаконныя судовыя рашэнні, «падонкамі». У выніку ён атрымаў максімальны тэрмін адміністрацыйнага арышту ў 25 сутак (цягам якіх трымаў галадоўку ў ЦІПе). Пасля, па заяве суддзі К. Палулеха, была ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 391 КК РБ (абраза суддзі або народнага засядацеля).
16 верасня 2014 г. пачаўся працэс над Ю. Рубцовым. 6 кастрычніка 2014 г. Ю. Рубцоў быў асуджаны судом Цэнтральнага раёна г. Мінска, суддзя Наталля Вайцяховіч, на 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.
У аснову вынесенага прысуду былі пакладзены выключна паказанні супрацоўнікаў міліцыі (у тым ліку тых, якія “сведчылі” на працэсе 28 красавіка), сакратара судовага пасяджэння і самога суддзі К. Палулеха. Ні падчас папярэднягя следства, ні падчас судовага разбіральніцтва не быў дапытаны як сведка адвакат Ю. Рубцова, якія ўдзельнічаў падчас разгляду адміністрацыйнай справы 28 красавіка.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» і РГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» у сумеснай заяве прызналі Ю. Рубцова палітычным вязнем. Яны абвясцілі, што пераслед Ю. Рубцова наўпрост звязаны з незаконнай практыкай адвольных затрыманняў і з’яўляецца палітычна матываваным. Праваабаронцы запатрабавалі вызвалення Ю. Рубцова і перагляду яго справы ў адпаведнасці з прынцыпамі справядлівага судовага разбіральніцтва[3].
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch ў 2015 г. патрабавала ад беларускага ўрада неадкладна вызваліць Ю. Рубцова і іншых палітвязняў.[4]
З 21 снежня 2014 г. адбываў пакаранне ў в. Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці ў куплінскай спецкамендатуры №7. У 2011 — 2013 гг. на гэтай “хіміі” адбываў пакаранне палітычны зняволены П. Севярынец.
У Купліне Ю. Рубцоў перанёс лозунг “Лукашенко — уходи!», які фігураваў у яго на майцы, на цела ў выглядзе татуіроўкі. Гэта, па меркаванні жонкі Ю. Рубцова, выклікала чарговы пераслед.
Новая крымінальная справа на Ю. Рубцова была заведзена 18 сакавіка 2015 г. па артыкуле 415 КК РБ (ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі). Ю. Рубцоў адмаўляўся ад працаўладкавання падчас абмежавання волі з-за малога заробку. Узяты пад варту 6 красавіка 2015 г. З 13 красавіка 2015 г. этапаваны ў СІЗА г. Баранавічы. Там абвясціў галадоўку ў знак пратэсту супраць вылучаных яму абвінавачванняў. Галадаў 48 дзён да вынясення судовага прысуду.
28 мая 2015 г. суд Пружанскага раёна, суддзя Мікалай Рапіха, асудзіў Ю. Рубцова да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму[5]. Падчас абскарджвання гэтага рашэння ўтрымліваўся ў следчым ізалятары ў г. Баранавічы.
11 чэрвеня 2015 г. Amnesty International прызнала Ю. Рубцова вязнем сумлення[6].
24 ліпеня 2015 г. касацыйная скарга Ю. Рубцова была разгледжана Брэсцкім абласным судом і не задаволена[7].
8-9 жніўня 2015 г. этапаваны ў калонію № 2 у г. Бабруйск. З 14-ці дзён знаходжання ў калоніі 13 дзён ён правёў у ШЫЗА.[8]
22 жніўня 2015 г. Ю. Рубцоў быў датэрмінова вызвалены з месцаў пазбаўлення волі згодна з прынятым Аляксандрам Лукашэнкам рашэннем аб памілаванні шасці палітвязняў (на волю таксама выйшлі Мікалай Дзядок, Мікалай Статкевіч, Арцём Пракапенка, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч).[9]
У снежні 2015 г. пакінуў Беларусь і папрасіў палітычнага прытулку ў Германіі[10].
Жыве з жонкай у Нюрнбергу[11].
1.06.2017 Ю. Рубцову адмовілі ў палітычным прытулку ў Германіі.[12] Падаў апеляцыю і працягвае жыць у Германіі.
Зноскі
- ↑ https://amnesty.org.ru/ru/2015-06-11-belarus/ Архівавана 19 красавіка 2018.
- ↑ http://naviny.by/rubrics/society/2013/11/07/ic_news_116_427815 Юрий Рубцов снова был задержан за надпись на майке
- ↑ https://spring96.org/be/news/74833 У Беларусі з'явіўся новы палітычны зняволены — Юрый Рубцоў
- ↑ https://charter97.org/ru/news/2015/4/14/147564/ Human Rights Watch требует освободить белорусских политзаключенных
- ↑ https://news.tut.by/society/449792.html Архівавана 20 лістапада 2016. Общественный активист из Гомеля Юрий Рубцов приговорен к двум годам лишения свободы
- ↑ https://news.tut.by/politics/451691.html Архівавана 7 верасня 2017. Amnesty International признала Юрия Рубцова узником совести. Теперь в Беларуси их два
- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 верасня 2017. Праверана 20 красавіка 2017.
- ↑ https://www.svaboda.org/a/27205130.html «Чалавек-майка» Рубцоў — першыя фота на волі
- ↑ http://nashaniva.by/?c=ar&i=155057 Вызвалены ўсе асуджаныя палітвязні, у тым ліку Статкевіч, Васьковіч і Рубцоў
- ↑ http://naviny.by/rubrics/society/2015/12/09/ic_news_116_467983 Экс-политзаключенный Юрий Рубцов попросил политического убежища в Германии
- ↑ https://charter97.org/ru/news/2017/2/5/239914/ Юрий Рубцов: Немцы работают гораздо меньше, чем белорусы, при куда более высоких зарплатах
- ↑ https://charter97.org/be/news/2017/6/1/251826/ Юрыю Рубцову адмовілі ў палітычным прытулку ў Германіі
Спасылкі
правіць- https://news.tut.by/society/461456.html Архівавана 8 ліпеня 2017.
- https://palitviazni.info/viazen/jury-rubcou Архівавана 16 красавіка 2016.
- http://humanrightshouse.org/Articles/20985.html Архівавана 18 студзеня 2017.
- http://www.racyja.com/hramadstva/palitvyazen-yuryj-rubtsou-pratsyagvae-zm/ Архівавана 13 жніўня 2020.
- http://litigation.by/798-u-belarusi-z-yavi-sya-novy-palitychny-znyavoleny-yuryj-rubtso(недаступная спасылка)
- http://www.salidarnasc.org/content/%D1%8E%D1%80%D1%8B%D0%B9-%D1%80%D1%83%D0%B1%D1%86%D0%BE%D1%9E-%D0%B4%D0%B2%D0%B0-%D0%B3%D0%B0%D0%B4%D1%8B-%D0%B1%D1%83%D0%B4%D0%B7%D0%B5-%D0%BD%D0%B0-%D0%BF%D1%80%D0%B0%D1%84%D1%96%D0%BB%D0%B0%D0%BA%D1%82%D1%8B%D1%87%D0%BD%D1%8B%D0%BC-%D1%83%D0%BB%D1%96%D0%BA%D1%83(недаступная спасылка)
- http://gomel.today/rus/article/politics/viktor-rubcov/
- http://spring96.org/be/news/77788
- https://novychas.by/hramadstva/juryj-rubcou-tyh-hroszaj-szto-dae-urad-hermanii
- https://www.youtube.com/watch?v=xdyz2Mfs1rE
- https://charter97.org/ru/news/2017/2/5/239914/