Язэп Якаўлевіч Варонка

беларускі палітычны дзеяч
(Пасля перасылкі з Язэп Варонка)

Язэ́п Варо́нка, таксама Іо́сіф Я́каўлевіч Варо́нка (16 красавіка 1891, Кузніца, Сакольскі павет4 ліпеня 1952, Чыкага, ЗША) — беларускі палітычны дзеяч, журналіст, публіцыст. Першы старшыня Народнага сакратарыята Беларускай Народнай Рэспублікі.

Язэп Якаўлевіч Варонка
Язэп Варонка, 1919 г.
Язэп Варонка, 1919 г.
Старшыня Выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з’езда
3 студзеня — 18 сакавіка 1918
1-ы Старшыня Народнага сакратарыята БНР
20 лютага — 9 ліпеня 1918
Папярэднік пасада заснавана
Пераемнік Раман Скірмунт
1-ы Народны сакратар унутраных спраў БНР
19 красавіка — 9 ліпеня 1918
Папярэднік пасада заснавана
Пераемнік Раман Скірмунт
1-ы Народны сакратар замежных спраў БНР
20 лютага — 9 ліпеня 1918
Папярэднік пасада заснавана
Пераемнік Раман Скірмунт
1-ы Міністр беларускіх спраў Літвы
1 снежня 1918 — красавік 1920
Кіраўнік урада Аўгусцінас Вальдзямарас (1918)
Мікалас Сляжавічус (19181919)
Папярэднік пасада заснавана
Пераемнік Дамінік Сямашка
Нараджэнне 4 (16) красавіка 1891
Смерць 4 чэрвеня 1952(1952-06-04) (61 год)
Месца пахавання
Імя пры нараджэнні Язэп Якаўлевіч Варонка
Партыя
Член у
Адукацыя
Месца працы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць
 
Язэп Варонка ў студэнцкія часы, 1910—1914 гг.

Нарадзіўся ў вёсцы Кузніца Сакольскага павета Гродзенскай губерні (цяпер у Падляскім ваяводстве Польшчы) у праваслаўнай сям’і[1]. Быў вольным слухачом юрыдычнага факультэта Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, выключаны праз нясплату за навучанне (1914). Удзельнічаў у другім «Усерасійскім студэнцкім зборніку» (1911). Быў супрацоўнікам пецярбургскай газеты «Воскресная вечерняя газета» (бел.: Нядзельная вячэрняя газета), часопісаў «Зритель» (бел.: Глядач), «Театральное обозрение» (бел.: Тэатральны агляд), быў сакратаром рэдакцыі газеты «Столичные вести» (бел.: Сталічныя весткі). Свае вершы ў рускамоўных выданнях падпісваў псеўданімам Юрий Вегов.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ўступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду, з чэрвеня 1917 член яе ЦК. Прадстаўляў беларускія арганізацыі ў Асобай нарадзе для выпрацоўкі палажэння аб выбарах ва Усерасійскі Устаноўчы сход, удзельнічаў у рабоце Дзяржаўнай нарады (жнівень 1917, Масква). У прамове на Усерасійскай дэмакратычнай нарадзе (верасень 1917, Петраград) ад імя Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый выказаўся супраць урадавай кааліцыі сацыялістычных партый з буржуазнымі. Уваходзіў у склад Часовага савета Расійскай рэспублікі (Перадпарламента).

Да снежня 1917 года ўзначальваў камітэт Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. На II сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (кастрычнік 1917, Мінск) падтрымаў прапановы аб увядзенні аўтаноміі Беларусі явачным парадкам; выбраны камісарам юстыцыі і ўнутраных спраў Вялікай беларускай рады. Дэлегат Усебеларускага з’езда ад Беларускага выканаўчага камітэта Петраградскага гарнізона[2], па разгоне старшыня Выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з’езда.

 
Уліковая картка літоўскага пашпарта Язэпа Варонкі. 1920

У лютым — ліпені 1918 года старшыня Народнага сакратарыята Беларусі і народны сакратар замежных спраў, адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года. У красавіку 1918 года разам з іншымі актывістамі Рады БНР падпісаў тэлеграму кайзеру Вільгельму II з падзякай «за вызваленне Беларусі нямецкімі войскамі ад цяжкага прыгнёту, гвалту і анархіі». Па распадзе Беларускай сацыялістычнай грамады быў адным з лідараў Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў. Рэдагаваў часопіс «Варта».

Ад Віленскай беларускай рады 27 лістапада 1918 года высунуты кандыдатам у сябры літоўскага ўрада пры Літоўскай Тарыбе[3]. У снежні 1918 — красавіку 1920 года міністр беларускіх спраў і сябра кабінета міністраў Літоўскай Рэспублікі, неўзабаве практычна адышоў ад падтрымкі інтарэсаў Беларускай Народнай Рэспублікі, узяўшы за мэту стварэнне беларускай аўтаноміі ў складзе Літоўскай Рэспублікі[4][5]. З вясны 1921 года старшыня беларускага Чырвонага Крыжа, з лістапада 1922 года старшыня таварыства «Беларуская грамада ў Коўне».

У 1923 з’ехаў у ЗША, жыў у Чыкага. Узначальваў Беларуска-амерыканскую нацыянальную асацыяцыю, быў адным з кіраўнікоў Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады, выдаваў газету «Белорусская трибуна» (бел.: Беларуская трыбуна), вёў беларускія і рускія праграмы на чыкагскім радыё. У 1932 годзе ажаніўся з Марыяй Пятроўскай.

Пахаваны на могілках Элмвуд[en] у Рывер-Гроўв[en], прыгарадзе Чыкага, побач з ім пахаваная жонка Марыя (1902—1991)[6].

Выдавецкая дзейнасць, публіцыстыка

правіць
 
Выдадзены Я. Варонкам плакат «Люты 16: 1918—1922», прысвечаны 4 угодкам акту аднаўлення незалежнасці Літвы (Коўна, 1922)
 
Язэп Варонка, «Беларускі рух ад 1917 да 1920 году. Кароткі агляд» (1920)

Займаўся выдавецкай і публіцыстычнай дзейнасцю. Быў рэдактарам газеты «Беларускі народ». Адначасова рэдактар беларускага часопіса «Часопісь» (Коўна, 1919—1920) і рэдактар-выдавец рускамоўнай штодзённай газеты «Вольная Литва» (бел.: Вольная Літва) (чэрвень 1921 — люты 1922, з перапынкамі) і яе дадатку — часопіса «Зеркало» (бел.: Люстэрка) (1921).

Аўтар брашур «Белорусский вопрос к моменту Версальской мирной конференции. Историко-политический очерк» (бел.: Беларускае пытанне на момант Версальскай мірнай канферэнцыі. Гістарычна-палітычны нарыс) (Коўна, 1919), «Беларускі рух ад 1917 да 1920 году. Кароткі агляд. 2 выд.» (Коўна, 1920), «Gudų klausimas».

У гісторыка-публіцыстычных працах абагульняў асноўныя факты з гісторыі беларускага нацыянальнага руху ў гады рэвалюцыі ў Расіі і грамадзянскай вайны, аналізаваў тагачаснае палітычнае становішча. Прытрымліваўся канцэпцыі «двух ворагаў» беларускага адраджэння — Расіі і Польшчы. Адмоўна ацэньваў палітыку ў нацыянальным пытанні як Часовага ўрада Расіі, так і Савета Народных Камісараў. У яго інтэрпрэтацыі Першы Усебеларускі з’езд — гэта Устаноўчы з’езд, які ўвёў у межах Беларусі рэспубліканскі лад, замацаваў права народа на зямлю і інш. Ухваляў абвяшчэнне БНР, а ўтварэнне БССР разглядаў як палітычны манеўр, з дапамогай якога бальшавікі імкнуліся «авалодаць розумамі элементаў, што нацыянальна адрадзіліся». Адначасова асуджаў захоп Беларусі войскамі Польшчы, паказваў крывадушнасць палітыкі польскіх акупантаў, выкрываў іх бясчынствы ў дачыненні да мясцовага насельніцтва.

Крыніцы

правіць
  1. Алег Латышонак: У Язэпа Варонкі былі правадырскія замашкі(недаступная спасылка). racyja.com. Архівавана з першакрыніцы 25 мая 2021. Праверана 19-4-2020.
  2. Міхалюк Д. 2015, с. 196.
  3. Міхалюк Д. 2015, с. 307.
  4. Міхалюк Д. 2015, с. 328.
  5. Міхалюк Д. 2015, с. 330.
  6. У Чыкага знойдзена магіла першага прэм’ер-міністра БНР Язэпа Варонкі . Радыё Свабода (25 лютага 2018). Праверана 23 снежня 2023.

Літаратура

правіць
  • Рудовіч С. Варонка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
  • Міхалюк Д. Беларуская Народная Рэспубліка 1918 — 1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці / навук. рэд. Станіслаў Рудовіч; пераклад з польскай мовы Алесь Пілецкі. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 496 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-5-00076-016-1.

Спасылкі

правіць