Адкрыць галоўнае меню

Язэп Аляксеевіч Мамонька

беларускі палітык
(Пасля перасылкі з Язэп Мамонька)

Язэ́п Аляксе́евіч Мамо́нька (28 студзеня 1889, в. Залессе, цяпер Мінская вобласць, Беларусь10 верасня 1937, ст. Мядзвеж’я Гара, Сандармох, цяпер Карэлія, Расія) — беларускі палітычны дзеяч, публіцыст. Адзін з заснавальнікаў Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, дэлегат Першага Усебеларускага з’езда, сябра Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі. Адзін з ініцыятараў расколу Рады БНР у снежні 1919 года, сябра прэзідыума Народнай Рады БНР.

Язэп Аляксеевіч Мамонька
Jazep Mamońka.jpg
 
Партыя:
Дзейнасць: палітык, ваенны
Член у:
Нараджэнне: 28 студзеня 1889(1889-01-28)
Смерць: 10 верасня 1937(1937-09-10) (48 гадоў)
Пахаванне:

Змест

БіяграфіяПравіць

Нарадзіўся ў вёсцы Залессе Слуцкага павета Мінскай губерні 28 студзеня 1889 года. У 1907—1917 гадах сябра партыі эсэраў. Двойчы арыштоўваўся, правёў у турме 2 гады і 10 месяцаў[1].

У часе Першай сусветнай вайны мабілізаваны ў царскае войска, малодшы унтэр-афіцэр 24 асобнай тэлеграфнай роты 12-й арміі[2][1]. Стварыў у Рызе ў траўні 1917 года першае беларускае вайсковае аб’яднанне[2].

Дзейнасць у Цэнтральнай беларускай вайсковай радзеПравіць

 
2-я сесія Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (15 (28) кастрычніка 1917, Мінск). Язэп Мамонька сядзіць першы злева

Дэлегат ад 12-й арміі ІІІ з’езда Беларуская сацыялістычнай грамады (кастрычнік 1917), на якім абраны ў ЦК. 18—24 кастрычніка ўдзельнічаў у З’ездзе беларусаў-вайскоўцаў Заходняга фронту ў Мінску. 24 кастрычніка з’езд утварыў Цэнтральную беларускую вайсковую раду (ЦБВР), тады ж быў абраны яе Часовы выканаўчы камітэт[3]. Старшынёй стаў прапаршчык Сымон Рак-Міхайлоўскі, намеснікамі старшыні — паручнік Кастусь Езавітаў і малодшы унтэр-афіцэр Язэп Мамонька[3]. Цэнтральная беларуская вайсковая рада была аўтаномнай часткай Вялікай беларускай рады (ВБР), якая ўтварылася ў той самы час і складалася напалову з цывільных і вайсковых дзеячоў. Выканаўчы камітэт ЦБВР увайшоў у склад выканаўчага камітэта ВБР, старшынёй якога быў вайсковы дзеяч капітан Вячаслаў Адамовіч. 4—5 снежня адбылася другая пленарная сесія ЦБВР, на якой пасаду намесніка замест Язэпа Мамонькі заняў Тамаш Грыб[4].

Адзін з арганізатараў і дэлегатаў Першага Усебеларускага з’езда (18 (5) — 31 (18) снежня 1917), ненадоўга арыштоўваўся бальшавікамі па разгоне з’езда. 1 лютага 1918 года разам з іншымі дзеячамі ЦБВР арыштаваны бальшавікамі, пасаджаны на гаўптвахту[5]. Арышт дзеячаў ЦБВР выклікаў канфлікт паміж беларускімі вайскоўцамі і бальшавікамі, у Віцебску адбыліся ўзброеныя сутыкненні паміж вайскоўцамі Беларускай вайсковай рады Паўночнага фронту і бальшавікамі, на кароткі час улада ў Віцебску перайшла ў рукі Рады[6].

18 лютага 1918 года войскі Германскай імперыі і Аўстра-Венгрыі пачалі наступ на ўсход супраць бальшавікоў. Бальшавіцкае кіраўніцтва Заходняй вобласці і фронту вырашыла эвакуявацца з Менску. Апоўдні 19 лютага Язэп Мамонька і яшчэ пяць сяброў ЦБВР збеглі з гаўптвахты і праз гадзіну распачалі надзвычайнае пасяджэнне выканаўчага камітэта ЦБВР у доме Антона Лявіцкага[7]. Беларускія вайскоўцы вырашылі ўзяць на сябе ахову парадку ў горадзе і перадаць яе ў рукі Рады I Усебеларускага з’езда, камендантам горада стаў Кастусь Езавітаў[8].

Дзейнасць па абвяшчэнні БНРПравіць

 
Палута Бадунова і Язэп Мамонька, 1921 г.

Пасля заняцця бальшыні тэрыторыі Беларусі нямецкімі войскамі, Язэп Мамонька працягнуў дзейнасць у беларускім нацыянальным руху. Па абвяшчэнні незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі працаваў у яе структурах. Пасля расколу Беларускай сацыялістычнай грамады ўлетку 1918 года і ўтварэння Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) абраны ў склад кіраўніцтва партыі. У снежні 1918 года, па заняцці горада бальшавікамі пакінуў горад Менск, вярнуўся ў жніўні 1919 года па заняцці горада польскім войскам. 19 верасня 1919 года Язэп Мамонька ў складзе Канвента сеньёраў БНР сустрэўся ў Шляхецкім доме ў Менску з Юзафам Пілсудскім. Канвент сеньёраў звярнуўся да Пілсудскага з просьбай прызнаць БНР і яе цэласнасць і тым самым аднавіць працу яе органаў на тэрыторыі Беларусі, занятай Войскам Польскім, а таксама даць крэдыт. Дэлегацыя не атрымала ніякіх абяцанняў ад Пілсудскага[9].

Увосень 1919 года, разам з іншым дзеячамі БПС-Р, падпісаў у Смаленску пагадненне з бальшавікамі, згодна з якім БПС-Р абавязвалася весці барацьбу супраць усіх ворагаў Саветаў і арганізаваць паўстанне ў тыле польскіх войскаў[10][11]. Гэтая дамова мусіла гарантаваць удзел ва ўладзе БПС-Р пры перамозе бальшавікоў[12]. 13 снежня 1919 года прыняў удзел у пасяджэнні Рады БНР, на якім выступіў супраць палітыкі Антона Луцкевіча, адбыўся раскол Рады, Мамонька стаў сябрам прэзідыума Народнай Рады БНР[1].

У канцы 1919 года быў арыштаваны польскімі ўладамі. Пасля вызвалення перабраўся ў Коўна, дзе аднавіў дзейнасць у якасці сакратара прэзідыума Рады БНР. У лютым 1921 года ў Коўне разам з Палутай Бадуновай і Тамашом Грыбам стварыў Бюро ЦК БПС-Р, якое імкнулася аб’яднаць раздзеленыя нацыянальныя сілы[1]. У пачатку 1921 года па даручэнні Вацлава Ластоўскага, Аляксандра Цвікевіча і А. К. Галавінскага прыехаў у Менск дзеля каардынацыі падпольнай дзейнасці ў анэксаванай Польшчай Заходняй Беларусі. Арыштаваны ў сакавіку 1921 года, прывезены ў Маскву. У красавіку 1921 года высланы ў Казань, адкуль уцёк у Коўна[1].

Удзельнік Першай Усебеларускай канферэнцыі 1921 года ў Празе, на якой востра крытыкаваў палітыку ўрада Савецкай Беларусі. У канцы 1922 года пераехаў у Чэхаславакію. У кастрычніку 1923 года разам з Палутай Бадуновай пратэставаў супраць стварэння ў Коўне ўрада БНР на чале з Аляксандрам Цвікевічам і лічыў яго незаконным. У 1925 годзе скончыў 3 курсы камерцыйнага інстытута ў Празе. У часе Другой Усебеларускай канферэнцыі 1925 года ў Берліне выступіў супраць роспуску ўрада БНР і пакінуў канферэнцыю. Пераехаў у Коўна, потым у Вільню. У 1928 годзе жыў у Рызе[1].

На хвалі беларусізацыі вырашыў пераехаць у БССР. У верасні 1928 года атрымаў візу для прыезду ў СССР, дзе адразу ж 11 верасня 1928 года быў арыштаваны ДПУ БССР на станцыі Бігосава, адпраўлены ў Маскву. 3 студзеня 1929 года пастановай калегіі АДПУ прыгавораны да 10 гадоў лагераў[1]. 2 верасня 1937 года пастановай «тройкі» НКУС Карэльскай АССР[13] прыгавораны да расстрэлу. Расстраляны на ст. Мядзведжая Гара (Сандармох) Карэла-Фінскай АССР (цяпер Мядзвеж’ягорскі раён, Карэлія, Расія). Рэабілітаваны пракурорам Карэліі 12 красавіка 1989 года, Генеральнай пракуратурай Расіі 25 сакавіка 1993 года[14].

У культурыПравіць

Герой п’есы Янкі Купалы «Тутэйшыя» Мікіта Зносак, дэманструючы сваё знаёмства з беларускай літаратурай[15], цытуе наступны верш:

 

Беларусь, мая старонка,
Куток цемнаты.
Жыве Шыла, Грыб, Мамонька, —
Будзеш жыць і ты...

 

ЗноскіПравіць

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць