Якаў Львовіч Сімкін

Якаў Львовіч Сімкін (25.08.1921, в. Леніна Горацкага раёна Магілёўскай вобласці — 2.08.1978, Масква) — савецкі мастак, графік, член Саюза мастакоў СССР (1969), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

Якаў Львовіч Сімкін
Дата нараджэння 25 жніўня 1921(1921-08-25)
Месца нараджэння
Дата смерці 2 жніўня 1978(1978-08-02) (56 гадоў)
Месца смерці
Род дзейнасці мастак, графіка
Вучоба
Член у
Узнагароды
медаль «За абарону Масквы» медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» юбілейны медаль «Трыццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» Badge "25 Years of Victory in the Great Patriotic War"

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў сям’і Льва і Эстэр Сімкіных. Праз некаторы час сям’я пераехала ў горад Горкі Магілёўскай вобласці, дзе ён у 1939 годзе скончыў сярэднюю школу № 2.

Заслужаны эканаміст БССР, кандыдат эканамічных навук, прафесар кафедры аграбізнесу Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі М. З. Фрэйдзін, стрыечны брат мастака, успамінае, што «…яшчэ ў школьныя гады Якаў захапляўся мастацтвам і літаратурай. І доўга вагаўся, куды паступаць: у мастацкі ці педагагічны інстытут. У той час перамагло захапленне літаратурай»[1].

У 1939 годзе ён паступіў у Мінскі педагагічны інстытут, а праз некалькі месяцаў быў прызваны на службу ў Чырвоную Армію, дзе і сустрэў Вялікую Айчынную вайну.

З першага і да апошняга дня Якаў Сімкін ваяваў, будучы механікам 16-га і 177-га знішчальных палкоў Чырвонай Арміі. Узнагароджаны медалямі «За абарону Масквы» і «За перамогу над Германіяй». [2].

Пасля вайны Я. Сімкін жыў у Мінску, працаваў у газетах «Тревога» і «Зорька» (Мінск). Быў лектарам Усесаюзнага таварыства па распаўсюджванні палітычных і навуковых ведаў, ездзіў з лекцыямі па Беларусі.

Затым пераязджае ў Маскву. У 1947 годзе ён уваходзіў у «Брыгаду Маякоўскага» — літаратурнае аб’яднанне, якое працавала пры музеі У. У. Маякоўскага, і быў няштатным лектарам гэтага музея.

Мастацтвазнаўца Н. Крымава ў артыкуле «О Я. Л. Симкине» успамінала:

  Мы пазнаёміліся пасля вайны, годзе ў 47-м, у так званай „Брыгадзе Маякоўскага“ — літаратурным аб'яднанні, з якім звязана юнацтва многіх, хто любіў паэзію. Мы тады маглі чытаць Маякоўскага, Багрыцкага, Пастарнака з вечара да раніцы. Нас захапляла атмасфера паэтычнага спаборніцтва і тая „барацьба за Маякоўскага“, у якой, здаецца, менавіта мы самі і мелі патрэбу… Жыццёвы вопыт Яшы Сімкіна, які нарадзіўся ў беларускай вёсцы ў 1921 годзе і прайшоў праз вайну механікам знішчальнага авіяпалка, быў асаблівым, нялёгкім, ды і сам Яша быў мала падобны да нас, тады зусім яшчэ легкадумных маскоўскіх школьнікаў ці студэнтаў-філолагаў[3].

 

З чытаннем вершаў ён шмат ездзіў па краіне, быў у ліку пераможцаў агульнамаскоўскага конкурсу на лепшага чытальніка твораў паэта. У 1950 годзе Я. Сімкін скончыў завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта МДУ імя М. В. Ламаносава. Аднак уладкавацца на працу па спецыяльнасці ў гуманітарнай сферы, у сувязі з разгорнутай у СССР у той час антысеміцкай кампаніяй па барацьбе з «бязроднымі касмапалітамі», было немагчыма. Прыйшлося працаваць слесарам на заводзе «Борец», майстрам вытворчага навучання ў тэхнічным вучылішчы ў Маскве, а затым — выкладчыкам працы і малявання ў школе. Праца ў школе дазваляла яму працягнуць любімыя з ранняга дзяцінства самастойныя заняткі малявання. З часам гэтыя заняткі прадоўжыліся ў студыі самадзейных мастакоў. Там ён займаўся ў мастакоў М. Т. Райскага і М. Т. Хазанава, апошні быў вучнем Казіміра Малевіча.

У 1969 годзе Я. Сімкін быў прыняты ў члены Саюза мастакоў СССР[4]. Мастак памёр у 1978 годзе пасля цяжкай хваробы.

Творчая дзейнасць правіць

Ён пачынаў працаваць, як усе мастакі, пэндзлем і алоўкам, але потым — усё больш масціхінам і звяртаўся да пэндзля ўжо толькі для замацавання малюнка. Яго родныя ўспамінаюць, што працаваў ён вельмі шмат. Усюды, дзе толькі мог, рабіў малюнкі і накіды. Мабыць, ён прадчуваў, што часу на творчасць будзе адпушчана мала [5].

Мастак працаваў у розных жанрах. З самага пачатку ён вялікую ўвагу надаваў партрэту, які займаў у яго творчасці значнае месца. Ён авалодаў прафесійнымі навыкамі партрэтыста і выпрацаваў самастойны падыход да задач партрэтнага жывапісу. Я. Сімкін стварыў цэлую плеяду партрэтаў, адзначаных вострай назіральнасцю, дакладных і лаканічных па выяўленчай форме. Ужо ў першых сваіх працах мастак праявіў здольнасць выказаць характар і перадаць тыповыя асаблівасці адлюстроўваных імі людзей. Сярод іх шмат партрэтаў дзеячаў культуры — Б. Пастэрнака (з 1963 па 1978 гады былі напісаныя пяць яго партрэтаў), А. Грына (гэты партрэт быў набыты дырэкцыяй музея А. Грына), выдатнага артыста С. Міхоэлса, мастакоў Н. Ларскага, А. Ю. Нікіча, піяніста Ван Кліберна, Героя Савецкага Саюза Аліі Молдагулавай (яе партрэт знаходзіцца ў фондах Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея) і іншых [6].

Я. Сімкін быў аўтарам серыі нацюрмортаў. Адзін з іх, «Натюрморт с автопортретом Ван Гога», напісаны ў 1975 годзе, быў закуплены дырэкцыяй выстаў Саюза мастакоў РСФСР.

З 1968 года Якаў Львовіч пачаў займацца графікай і стварае цэлыя цыклы работ аб такіх гістарычных гарадах, як Растоў Вялікі, Яраслаўль, Угліч, Пячоры. Не забыўся зямляк і пра родную Беларусь. Ім былі створаны карціны: «В белорусской хате», «Белоруссия. В Горках» і іншыя.

Мастак прымяняе розную тэхніку: чорную туш, пяро, каляровыя алоўкі, фламастэры. Графічныя работы даследчыкі яго творчасці дзеляць на цыклы: «В Карпатах», «Псковско-Печерская лавра», «Обнаженная натура», «Карпатские и прибалтийские пейзажи», «Церкви».

Мастак вельмі любіў мора і стварыў шмат марскіх пейзажаў. Малюючы мора, ён бачыў яго рух, адчуваў подых ветру і прахалоду марскіх пырскаў, і гэта надавала жывую энергетыку палатну. У карцінах «Пристань», «В рижском заливе», «Лодки на озере» і іншых раскрываецца прыгажосць мора і сіла дзікай прыроды.

Большая частка работ Я. Л. Сімкіна захоўваецца ў сям’і мастака, у горадзе Кэмбрыдж канадскай правінцыі Антарыё. Калекцыя з 21 карціны была падорана жонкай мастака Дзінай Каданер і яго сынам Уладзімірам Горацкаму гісторыка-этнаграфічнаму музею, які штогод да дня нараджэння майстра выстаўляе карціны ў выставачнай зале.

Ацэнка творчасці правіць

Мастацтвазнаўца і арт-крытык Сяргей Кускоў лічыць, што Я. Сімкін «…жывапісец, які працаваў не дзеля славы і поспеху, а па-пустэльніцку бескарысліва, у лепшым сэнсе слова для сябе, але больш за ўсё для самакаштоўнага Мастацтва, якое стала сэнсам жыцця і шанцам асабістай свабоды» [7].

Мастацтвазнаўца Марына Аграноўская ў артыкуле «Пра Я. Л. Сімкіна», аналізуючы яго партрэты, пісала: «Гледзячы на напісаныя Сімкіным партрэты, адчуваеш, як дзівіла мастака адзінасць кожнага чалавечага аблічча. Партрэтыст не змаўкаў у ім ніколі. Як любіў мастак разглядаць людзей, як кранала і замілоўвала яго іх адрозненне — гэта заўсёды цудоўная для добразычлівага погляду каштоўнасць, якая ёсць у кожным: раскосасць вачэй, прыпухласць шчок ці пакатасць плячэй. Як ён умеў убачыць, адчуць, суперажыць характар і захоплена захаваць яго!» </ref>Аграновская, Марина. «О Я. Л. Симкине» в кат.: Симкин, Яков Львович Живопись. Графика : каталог выставки / составитель В. А. Невельсон. — Москва : Советский художник, 1980. С. 19.</ref>.

Мастак і мастацтвазнаўца А. Госцеў, аналізуючы нацюрморты Я. Сімкіна, адзначае: «Разнастайны прадметны свет, які атачае чалавека… паўстае перад намі ў шматлікіх нацюрмортах Сімкіна. Узнікае пытанне, што можа дадаць яшчэ адзін новы нацюрморт да дзясяткаў ужо напісаных? Вось тут вось і здзяйсняецца цуд: створаны рукою майстра, ён уводзіць гледачоў у свет такіх знаёмых нам рэчаў і прадметаў, адкрываючы пры гэтым усё новыя і новыя грані іх, а такім чынам, і нашага быцця» [8].

Мастацтвазнаўца Наталля Крымава, аналізуючы яго графічныя творы, пісала: «Асабліва ў яго графічных працах (зробленых у Растове Вялікім, на возеры Сенеж, ва Углічы, Пячорах, на рацэ Нерль) бачныя прыхільнасці мастака. Я. Сімкін любіў тое, што зроблена на зямлі чалавекам як бы ў згодзе з прыродай, не ў супярэчнасці з ёй» [9].

Мастацтвазнаўцы і арт-крытыкі лічаць, што галоўным у працы мастака з’яўляецца духоўнасць і прыгажосць навакольнага свету. Адзначалі, што ў адоранага жывапісца асаблівае «колерабачанне», і называлі Я. Сімкіна «колераносным» мастаком.

Выстаўкі правіць

  • 1959—1960 — 2-я Маскоўская гарадская выстава самадзейнай творчасці
  • 1961 — Усесаюзная выстава работ самадзейных мастакоў
  • 1967, 1969 — Вясновыя выставы маскоўскіх мастакоў
  • 1976, 1971, 1972, 1974, 1976, 1977, 1978 — Выставы маскоўскіх мастакоў-ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны
  • 1975 — Усесаюзная выстава «30 лет Победы»
  • 1977 — Выстава маскоўскіх мастакоў «Посвящается 60-летию Октября»
  • 1966—1967, 1981 — Персанальныя выставы, Масква
  • 1997 — Персанальная выстава, г. Пушчына Маскоўскай вобл., Дом навукоўцаў навукаграда [10]

Прызнанне правіць

  • Член Саюза мастакоў СССР (1969).

Узнагароды правіць

Сям’я правіць

  • Жонка — Дзіна Каданер
  • Сын — Уладзімір (нар. 1948).

Зноскі

  1. Лившиц, В. М. Долгий путь к признанию: (о Я. Симкине). В кн.: Евреи в Горках: судьбы и дела. — Горки — Нацрат Илит: 2012. — С. 184
  2. Сайт «Память народа» https://pamyat-naroda.su/awards/1536529858 Архівавана 10 кастрычніка 2021.
  3. Крымова, М. «О Я. Л. Симкине». Статья в каталоге: Симкин, Яков Львович Живопись. Графика : каталог выставки // составитель В. А. Невельсон. — Москва : Советский художник, 1980. С. 6.
  4. Художники СССР//https://socrealizm.com.ua/gallery/artist/simkin-ial-1921
  5. Лившиц, В. М. Долгий путь к признанию: (о Я. Симкине) В кн.: Евреи в Горках: судьбы и дела. — Горки — Нацрат Илит: 2012. — С. 184—194
  6. Горецкий районный историко -этнографический музей. КП 2834. М 29. Акт приема № 168 от 23.01.1990 г.
  7. Сергей Кусков. Яков Симкин = Jacob Simkin : Живопись : Кат / [Авт. вступ. ст. Сергей Кусков]. На рус. и анг. языках — М. : Артагентство Бонфи, 1997. — С. 5.
  8. Гостев, О. «Слово о живописце». Симкин, Яков Львович Живопись. Графика : каталог выставки / составитель В. А. Невельсон. — Москва : Советский художник, 1980. С. 7.
  9. Крымова, Н. в статье «О Я. Л. Симкине» в кат.: Симкин, Яков Львович Живопись. Графика : каталог выставки / соствитель В. А. Невельсон. — Москва : Советский художник, 1980. С. 6.
  10. http://dupushino.ru/vistavki/290-yakov-lvovich-simkin.html Яков Львович Симкин

Літаратура правіць

  • Белоусова, В. Цветоносный художник из Горок // Узгорак (Горкі). — 2011. — 20 кастрычніка. — С. 3.
  • Караевская, Т. Всполохи колорита // Горацкі веснік (Горкі). — 2011. — 1 кастрычніка. — С. 4.
  • Кольчевская, И. Его картины выставляли на Кузнецком // Горацкі веснік (Горкі). — 2016. — 12 лістапада. — С. 4.
  • Кусков, Сергей. Яков Симкин = Jacob Simkin : Живопись : Кат / [Авт. вступ. ст. Сергей Кусков]. На рус. и анг. языках — М. : Артагентство «Бонфи», 1997.
  • Лившиц, В. М. Долгий путь к признанию : (о Я. Симкине) // Лившиц, В. М. Евреи в Горках: судьбы и дела.- Горки — Нацрат Илит, 2012. — С. 184—193.
  • Ліўшыц, У. Падарунак землякам// Ленінскі шлях (Горкі). — 1987. — 11 лістапада.
  • Сімкін Якаў Львовіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Горацкага раёна. — Мінск,1996. — С. 558.
  • Симкин, Яков Львович Живопись. Графика : каталог выставки / составитель В. А. Невельсон. — Москва : Советский художник, 1980.

Спасылкі правіць