Яніславіцкая культура

Яніславіцкая культураархеалагічная культура позняга мезаліту (6—5 тыс. да н.э.), помнікі якой вядомы ў басейнах Віслы, Нёмана, Прыпяці, Верхняга Дняпра (у межах Палесся) на тэрыторыі Польшчы, Літвы, Украіны і Беларусі. Культуру вылучылі ў 1960-я гады С. К. Казлоўскі і Г. Венцкоўская («віслянскі цыкл»). Назву атрымала па пахаванні Яніславіца (Польшча).

Сярод помнікаў культуры вядомы стаянкі (Гжібава Гура, Польшча) і пахаванні (Яніславіца, Гіжыцка-Перкунова, Польшча) па абраду трупапалажэння ў грунтавых ямах выцягнутай формы. Інвентар прадстаўлены прыладамі працы і ўзбраення з крэменю і косці, упрыгажэннямі (падвескі з зубоў аленя, лася, тура, дзіка). Асобныя магілы пасыпаны гематытам і афарбаваны ў чырвоны колер. Асноўныя заняткі насельніцтва культуры — паляванне, збіральніцтва і рыбалоўства.

Помнікі культуры на тэрыторыі Беларусі сталі вядомы ў 2-й палове XIX ст., у розныя гады вывучалі З. Шміт, М. Федароўскі, Н. М. Гурына, В. Супрун, М. М. Чарняўскі, У. Ф. Ісаенка, У. П. Ксяндзоў, А. Г. Калечыц, В. С. Абухоўскі і інш. Вядома каля 150 месцазнаходжанняў яніславіцкай культуры ў басейнах Нёмана, Заходняга Буга і вярхоўях Прыпяці. Асобныя знаходкі таксама прадстаўлены на помніках сярэдняй і ніжняй Прыпяці, Верхняга Падняпроўя і Пасожжа. Найбольш выразныя матэрыялы атрыманы на стаянках Беліца-2, Бершты-6, Нясілавічы-1, Чарлёнка (басейн р. Нёман); Бабровічы, Кончыцы, Моталь, Майсеевічы, Церабень (Прыпяць), Красноўка 1Б, Старая Лутава (Падняпроўе), Раманавічы (на Іпуці).

Для вырабу прылад насельніцтва яніславіцкай культуры выкарыстоўвала ножападобныя рэгулярныя пласціны, атрыманыя шляхам адціскання з аднаго боку нуклеусаў аднапляцовачнай формы. Для крамянёвага інвентару характэрны вастрыі яніславіцкага тыпу і адыходы іх вытворчасці — мікраразцы. Вастрыі зроблены на праксімальных частках пласціністых нарыхтовак, маюць плоскі мікраразцовы скол і абламаную ці рэтушаваную (прамой, скошанай, вогнутай) аснову. Крамянёвы інвентар таксама прадстаўлены яніславіцкімі трохвугольнікамі, ланцэтападобнымі вастрыямі, трапецыямі, пласцінамі-ўкладышамі, скрабачамі на адшчэпах, канцавымі скрабкамі, рэтушнымі і на вугле зламанай пласціны рэзцамі, вырабамі з выемкай, праколкамі, сякерамі. Вядома таксама калекцыя вырабаў з рагоў высакароднага аленя са Смаргонскага кар'ера — сякеры, матыкі, муфты, малаткі, прылады з адтулінамі для рукаятак, асобныя прылады арнаментаваны (знаходка т.зв. «жэзла шамана»).

Генезіс яніславіцкай культуры асноўная частка даследчыкаў звязвае з колам культур Маглемазэ і ў прыватнасці культурай Свадборг. Мяркуецца, што насельніцтва культуры прымала ўдзел у фарміраванні прыпяцка-нёманскай (валынскай) культуры эпохі неаліту.

Літаратура

правіць
  • Obuchowski, W. Zabytki krzemienne i kamienne od paleolitu do wczesnej epoki żelaza z terenów Białorusi w zbiorach Państwowego Muzeum Archeologicznego w Warszawie=Знаходкі крамяневых і каменных вырабаў ад палеаліту да ранняга жалезнага веку з тэрыторыі Беларусі ў фондах Дзяржаўнага Археалагічнага Музея ў Варшаве / Wiktor Obuchowski; [tł. W. Obuchowski]; Ośrodek Ochrony Dziedzictwa Archeologicznego. — Warszawa: PMA, OODA, 2003. — 207 s.: il.,mapy. — ISBN 83-917894-4-6.
  • Абухоўскі, В. Раскопкі стаянкі Бершты VI / В. Абухоўскі // Гістарычна-археалагічны зборнік. — 1999. — № 14. — С. 48—53.
  • Залізняк, Л.Л. Фінальний палеоліт і мезоліт континентальної України. Культурний поділ та періодизація // Кам'яна доба України. — 2005. — Вип. 8. — С.
  • Исаенко, В.Ф. Неолит Припятского Полесья / В. Ф. Исаенко; Ред. Д. Я. Телегин; АН БССР, Ин-т истории. — Мн.: Наука и техника, 1976. — 128 с., 2 отд. л. схем.ил.
  • Коласаў, А.У. Яніславіцкая культура / А. У. Коласаў // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: У 2 т. / [складальнік Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 2: Л — Я. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2011. — 464 с.: іл. — С. 450—451. — ISBN 978-985-11-0549-2.
  • Кольцов, Л.В. Финальный палеолит и мезолит Южной и Восточной Прибалтики / Л. В. Кольцов; АН СССР, Ин-т археологии. — М.: Наука, 1977. — 216 с. ил.
  • Чарняўскі, М.М. Неаліт Беларускага Панямоння / М. М. Чарняўскі; Акадэмія навук БССР, Інстытут гісторыі; навуковы рэдактар Д. Я. Цялегін. — Мн.: Навука і тэхніка, 1979. — 140, [1] с.
  • Чарняўскі, М.М. Яніславіцкая культура / М. М. Чарняўскі // Археалогія Беларусі: У 4 т. / НАН Беларусі, Ін-т гісторыі; [Рэдкал.: М. В. Біч (старшыня) і інш.]. Т. 1: Каменны і бронзавы вякі / З. М. Зайкоўскі, У. Ф. Ісаенка, А. Г. Калечыц. — Мн.: Бел. навука, 1997. — 422, [2] с. — ISBN 985-08-0088-7.