Ян Абрамовіч
Ян Абрамовіч (? — 19 красавіка 1602) — дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Ваявода менскі (1593—1596), ваявода смаленскі (з 1596).
Ян Абрамовіч | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Ян Валмінскі | ||||||
Пераемнік | Пётр Дарагастайскі | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Багдан Паўлавіч Сапега | ||||||
Пераемнік | Андрэй Ян Завіша | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Мікалай Радзівіл Руды | ||||||
Пераемнік | Аляксандр Галоўчынскі | ||||||
Нараджэнне | 1540 | ||||||
Смерць | 19 красавіка 1602[1] | ||||||
Род | Абрамовічы | ||||||
Бацька | Станіслаў Абрамовіч | ||||||
Жонка | Дарота Валовіч | ||||||
Дзеці | Мікалай, Марына | ||||||
Веравызнанне | кальвінізм[1] |
Біяграфія
правіцьЗ роду Абрамовічаў герба «Ястрабец». Выхоўваўся пры двары князя Мікалая Радзівіла Рудога і ўсё жыццё быў звязаны з біржанскай галіной роду Радзівілаў. Побач з Радзівіламі быў адным з лідараў кальвінізму ў Вялікага Княства Літоўскага. Упершыню згадваецца ў 1587 як староста лідскі, войскі і намеснік віленскі, атрымаўшы гэтыя пасады з радзівілаўскай пратэкцыі, дзякуючы ёй прасоўваўся па кар’ернай лесвіцы, атрымаў прэзідэнцтва дорпацкае (1591—1598, склаў паўнамоцтвы з утварэннем Дорпацкага ваяводства); у 1593 прызначаны ваяводам менскім, у 1596 — ваяводам смаленскім.
Захоўваў адданасць Радзівілам і, як сведчаць лісты, займаўся іх прыватнымі справамі. Браў актыўны ўдзел у палітычным і царкоўным жыцці ВКЛ, будучы разам з біржанскімі Радзівіламі ў антыпольскім крыле. Гэта выразна выявілася пры абароне правоў ВКЛ, калі ішла справа аб наданні віленскай кафедры Мацяёўскаму (ад 1595 і пазней), а таксама калі Я. Абрамовіч на соймах выступаў за перадачу Інфлянтаў ВКЛ (1585). Удзельнічаў у торуньскім сіноду калівіністаў (1595), у перамовах з тымі, хто не прыняў Берасцейскую унію ў Вільні (1599), у дыспуце кальвіністаў з езуітамі (1599). Трымаў сувязь з К. І. Астрожскім, бо праз жонку Ганну Дароту з Валовічаў, быў цесна звязаны з праваслаўнымі коламі ў ВКЛ. Ганна Дарота была апякункай Віленскага брацтва, і сам Абрамовіч неаднаразова выступаў у абарону праваслаўных мяшчан, напр. у спрэчцы пра пабудову брацкай царквы, якая была забароненая віленскім магістратам у 1596, з-за чаго меў канфлікт з канцлерам Л. І. Сапегам, які падтрымліваў уніяцкага мітрапаліта. Таксама Ян Абрамовіч быў апекуном кальвінскага палеміста Андрэя Волана. У сваім маёнтку ў Варнянах заклаў збор, шпіталь, школу, якія праіснавалі да сяр. 17 ст. На смерць Я. Абрамовіча кальвіністы адазваліся друкаванай «Прамовай на жалобную смерць і пахаванне вялікага патрона Божага Збору і мудрага Сенатара».
Напісаў «Думкі літвіна, пра танную куплю і дарагі продаж збожжа» (1595), на яго заказ Ян Радван напісаў паэму «Радзівіліяда» (1592). Сваім коштам выдаў шэраг кніг, м.інш. «Катэхізіс» Станіслава Судроўскага, віленскага міністра, з 300 рэлігійнымі песнямі (1598).
Меў сына Мікалая, генерала артылерыі і ваяводу троцкага.
Літаратура
правіць- Kazimierz Tyszkowski, w: Polski Słownik Biograficzny. T. 1. Polska Akademia Umiejętności — Skład Główny w Księgarniach Gebethnera i Wolffa, 1935, s. 13.
- Wolff J. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego: 1385—1795. — Kraków, 1885. — С. 12.
- Пазднякоў В. Абрамовічы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 197—198. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ а б Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego : spisy. T. 4, Ziemia smolenśka i województwo smolenśkie XIV-XVIII wiek / пад рэд. А. Рахуба — Warszawa: Wydawnictwo DiG, 2003. — С. 216. — 412 с. — ISBN 83-7181-279-5