Ян Булгак

віленскі фатограф

Ян Булга́к (польск.: Jan Bułhak; 6 кастрычніка 1876, маёнтак каля в. Асташын Навагрудскага павета[4] — 4 лютага 1950, Гіжыцка) — віленскі майстар мастацкай краязнаўчай фатаграфіі, «бацька польскай фатаграфіі»[5], адзін з піянераў беларускай і польскай мастацкай фатаграфіі, этнограф, фалькларыст[4]. Яго творчасць лічыцца часткай супольнай культурнай спадчыны Беларусі, Літвы і Польшчы[6].

Ян Булгак
польск.: Jan Bułhak
Род дзейнасці фатограф
Дата нараджэння 6 кастрычніка 1876(1876-10-06)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 4 лютага 1950(1950-02-04)[3][2][…] (73 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Бацька Валерый Булгак[d]
Маці Юзэфа з Гаціскіх[d]
Месца працы
Альма-матар
Член у
Узнагароды і прэміі
залаты крыж Заслугі афіцэр ордэна Адраджэння Польшчы сярэбраныя Акадэмічныя лаўры
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфічныя звесткі

правіць
   
Магілы бацькоў Валерыя Булгака і Юзэфы з Гаціскіх каля касцёла ў Варончы

Бацька — Валеры Антоні Станіслаў Булгак герба «Сыракомля» (1842—1905), маці Юзэфа з роду Хаціцкіх гербу «Рох» (пам. 1893). На Беларусі ў вёсцы Варонча, што на Наваградчыне, каля касцёла Св. Ганны знаходзяцца 4 магілы продкаў Яна Булгака.

Скончыў класічную гімназію ў Вільні (1897), паступіў на факультэт філасофіі Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. Але абмежаванасць сродкаў прымусіла праз два гады пакінуць вучобу. Да 1912 жыў у вёсцы Пярэсека Мінскага павета, дзе знаходзіўся маёнтак, які ён атрымаў у спадчыну ад маці (спадчына стрыечнага дзеда Грынеўскага).

У жніўні 1901 года ажаніўся са стрыечнай сястрой Ганнай Хаціскай. Пасля смерці бацькі прадаў маёнтак і набыў у Радзівілаў фальварак у Беліцы каля Мінска.

27 красавіка 1906 года нарадзіўся яго адзіны сын Януш Булгак.

Заняткі фатаграфіяй

правіць

Пачаткі

правіць

Першыя свае фатаздымкі Я. Булгак зрабіў у 1905 годзе — жонка атрымала ў падарунак просценькі фотаапарат. Напачатку парадамі яму дапамагаў навагрудскі фатограф Баляслаў Ігнаці Дамейка. У 1908 годзе стварыў сваю фоталабараторыю ў сядзібе Пярэсіцы. У той самы год дэбютаваў і здабыў галоўную ўзнагароду на фотаконкурсе рэдакцыі «Ілюстраванага жыцця» (штотыднёвы дадатак да «Літоўскага кур'еру»).

Першыя перамогі

правіць

У 1910 годзе ўпершыню ўдзельнічаў у сусветнай фотавыстаўцы ў Бруселі. Перапісваўся з Парыжскім фотаклубам і вядомым французскім фатографам Канстанам Пюё  (руск.). Два сшыткі берлінскіх «Фатаграфічных паведамленняў» у 1910 годзе змяшчалі яго здымкі. Свае здымкі і нататкі дасылаў у часопіс «Зямля» (Варшава), а таксама Польскаму краязнаўчаму таварыству. У 1911 годзе зладзіў фотавыстаўку ў Мінску. Пачаў супрацоўнічаць з «Віленскім штотыднёвікам» («Tygodnik Wileński») (перапынілася ў 1939), «Варшаўскім фатографам», «Нямецкім альманахам». Удзельнічаў у выстаўцы фота ў Цехацінеку. Атрымаў ганаровы дыплом ў катэгорыі мастацкага партрэту на конкурсе ў Антверпене.

Прафесійная праца

правіць

На лёс Я. Булгака як фатографа паўплываў мастак Фердынанд Рушчыц, з якім Я. Булгак пазнаёміўся ў 1910. У 1911 годзе па яго прапанове Віленскі гарадскі магістрат стварыў пасаду гарадскога фатографа, на якую запрасіў Я. Булгака. Безумоўнае мастацкае ўздзеянне Ф. Рушчыца на творчасць Я. Булгака, менавіта пад яго ўплывам адбылося пераўтварэнне фатографа-аматара ў фатографа-прафесіянала. Перад тым як заняць пасаду гарадскога фатографа, Я. Булгак прайшоў практыку ў Германіі ў вядомага дрэздэнскага партрэтыста Хуга Эрфурта  (ням.), пабываў у розных мастацкіх суполках, дзе пазнаёміўся з сімвалістамі і імпрэсіяністамі з Германіі і Францыі.

Вярнуўшыся дадому, Я. Булгак распачаў фотаінвентарызацыю помнікаў архітэктуры Вільні, дзеля чаго ў 1912 Я. Булгак заснаваў у Вільні атэлье фатаграфіі (да 1915 зрабіў больш за 800 здымкаў), ваколіц і Літвы. Пераважная частка яго творчасці звязаная з Вільняй і Віленшчынай, ён таксама дакументаваў помнікі і пейзажы іншых частак тагачаснай Польшчы. Большасць яго калекцыі зробленая ў 1912—1915, але нават падчас нямецкай акупацыі ў Другую сусветную вайну Я. Булгак не пераставаў фатаграфаваць (15 альбомаў з той пары з 462 здымкамі захаваліся дагэтуль у Літоўскай акадэміі навук у Вільні).

Серыю сваіх здымкаў ён змясціў у часопісе «Вестник фотографии», з якім супрацоўнічаў у 1913—1914. У доме Я. Булгака на плошчы Э. Ажэшкі захоўвалася калекцыя з 10 тысяч фотаздымкаў, з іх каля 6 тысяч — Вільні і Віленшчыны. Калекцыя амаль цалкам згарэла ў 1944[4].

Задакументаваў палацава-паркавы ансамбль Булгакаў. У 1915 годзе выйшаў альбом у 6 тамах «Літва ў здымках Яна Булгака», якія ён рабіў у 1905—1911 гадах, і дзе змешчана больш за 270 здымкаў. Сярод якіх Навагрудак, Мір, Нясвіж, Свіцязь, Крэва, Вілейка, Тракай.

У 1919—1939 кіраваў фатаграфічнай лабараторыяй пры факультэце мастацтваў Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні.

У 1944, пасля бамбардзіровак, Я. Булгак пакінуў Вільню. З 1945 пераехаў з сям'ёй у Варшаву, дзе дакументаваў ваенныя разбурэнні, а таксама помнікі на захадзе Польшчы. Выканаў каля тысячы фатаграфій разбуранай Варшавы ў працэсе аднаўлення, каля 2 тысяч фатаграфій заходніх зямель, далучаных да Польшчы. Быў адным з заснавальнікаў Саюза польскіх фотамастакоў  (польск.), пэўны час яго першым прэзідэнтам і старшынёй кваліфікацыйнай камісіі. У Варшаве, пры дапамозе дырэктара Народнага музея Станіслава Лорэнца, адбылася і першая пасляваенная выстава Я. Булгака «Варшава. 1945 г. у выявах Яна Булгака». Памёр у Гіжыцка, пахаваны ў Варшаве.

Творчасць

правіць

Я. Булгак прадстаўнік піктаральнай плыні  (руск.) фотамастацтва. Плынь з'явілася ў канцы 19 ст., прымаючы эстэтыку імпрэсіянізму і працуючы з тэмамі пейзажа і архітэктуры. Галоўная тэма ягоных прац — брамы, завулкі, дахі, прырода і святло, калі і з'яўляецца сілуэт чалавека, то падпарадкоўваецца кампазіцыі, інтэгруецца з архітэктурай.

Фотаздымкі Булгака, якія перадаюць саму аўру Старога горада і навакольнага ландшафту, адносяць да твораў «непараўнальнай мастацкай каштоўнасці»[7].

Крытыкі і фатографы звяртаюць увагу на тое, што Вільня, сфатаграфаваная Я. Булгаком, нагадвае разагрэты сонцам паўднёваеўрапейскі горад, няма ў ім жыцця, няма людзей, крамаў, рэстаранаў, ёсць чыстая архітэктура. Работы Я. Булгака вылучае незвычайная мастацкасць, пачуццё пейзажу, відавочнае захапленне амаль тэатральнай пастаноўкай кадра, адчуванне прапорцыі і прасторы, а перадусім уменне працаваць са святлом, якое стварае клімат фатаграфіі. Вывучэнне святла вельмі цікавіла Я. Булгака. За фатаграфію «Радасць жыцця», якая паказвала заценены пакой у які пранікаюць промні сонца, Я. Булгак атрымаў узнагароду на Міжнародным фатаграфічным салоне ў Варшаве (1937).

Найбольш вядомыя фатаграфіі Булгака, зробленыя ў Беларусі, характарызуюцца ярка вызначанай этнаграфічнай скіраванасцю: беларускія народныя тыпы, краявіды, вёскі, гаспадарчыя пабудовы беларускіх сялян («Беларус з-пад Клецка», «Бабулька-беларуска з маёнтка Пярэсека пад Мінскам», «Вечар. Міншчына»).

Аўтар кнiг «Мая зямля» (1919), «Эстэтыка святла» (1936), «Дваццаць шэсць гадоў з Рушчыцам» (1939). Вядомы Я. Булгак не толькі як майстра краязнаўчай фатаграфіі, але і як педагог, бібліёграф, фалькларыст, гісторык мастацтваў, першы беларускі гісторык фатаграфіі. Аўтар дзесяткаў артыкулаў пра беларускі фальклор і краязнаўства («Экскурсіі на Свіцязь», 1910; «Велікодныя песні на Міншчыне (валачобнікі)», 1911 і інш.), прац пра мастака Ф. Рушчыца, даследаванняў і падручнікаў па эстэтыцы і тэхніцы фатаграфіі. Яму належыць спецыяльная праца «Пра першых віленскіх фатографаў з XIX стагоддзя» (1939) і кніга ўспамінаў «Край дзіцячых гадоў» (1942), у якой адлюстравана жыццё Навагрудчыны канца 19 — пачатку 20 ст[4].

Фатаграфіямі Булгака ілюстраваны даведнік па горадзе Вільнюсе Юліуша Клоса[8], кніга пра Вільню Ежы Рэмера[9] і іншыя выданні.

Удзельнік 174 міжнародных выставак.

Фотатэка і калекцыя яго здымкаў (каля 10 тысяч) згарэла ў 1944. Фатаграфіі Я. Булгака зберагаюцца ў архівах і бібліятэках Вільнюса і Варшавы, у тым ліку ў Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве  (літ.) і Бібліятэцы Акадэміі навук Літвы[4]. У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі таксама захоўваецца невялікая калекцыя работ фотамастака. У 1999 яна ўпершыню публічна экспанавалася ў мінскай незалежнай галерэі візуальных мастацтваў «Nova».

У 2012 годзе ў польскі Нацыянальны музей у Варшаве трапіў альбом невядомых раней фота Яна Булгака. Альбом датаваны 1924 годам і ўключае 44 здымкі. Кожны падпісаны Янам Булгакам, што тады працаваў у Вільні, і мае кароткае тлумачэнне. Фотаздымкі складаюцца ў рэпартаж пра жыццё ў Віленскай следчай вайсковай турме. Зняволеныя і ахоўнікі знятыя падчас штодзённых заняткаў.

Бібліяграфія

правіць
  • Вандроўкі фатографа: Віленскі краявід (фрагменты) / перакл. з польскай мовы Вацлава Арэшкі // Культура. 2001. 13-19 кастр. № 39/40. С. 14.
  • Край дзіцячых гадоў / Уклад., прадм. Т. Г. Вяршыцкая; перакл. з польскай Т. Г. Вяршыцкай; перакл. вершаў з польскай мовы С. І. Законнікава; аўтар каментарыяў, подпісаў да фотаздымкаў, бібліяграфіі, артыкула «Жыццё і творчасць Яна Булгака» І. Б. Кухарская. — Мінск : Беларусь, 2004. — 415 с.
  • Fotografika. Warszawa, 1931.
  • Wędrówki fotografa… Cz. 1—4. Wilno, 1931—36.
  • Technika bromowa. Wilno, 1933.
  • Bromografika czyli metoda wtórnika. Wilno, 1934.
  • Estetyka światła. Wilno, 1936.
  • Fotografia ojczysta. Wrocław, 1951.

Культурны ўплыў

правіць

Меў вялікі ўплыў на творчасць віленскіх фотамастакоў, якія цалкам перанялі погляды Я. Булгака на мастацтва. Гэты ўплыў абумовіў развіццё фатаграфіі як мастацтва на Віленшчыне і на тэрыторыі не толькі Заходняй Беларусі, але і ўсёй Польшчы. Быў абраны заснавальнікам Віленскага[10] (у іншых крыніцах сцвярджаецца, што заснаваў фотаклуб і кіраваў ім з 1927 года)[11] і Польскага фотаклубаў і Польскага фатаграфічнага таварыства. У 1935—1939 быў адным з рэдактараў часопісаў «Przegląd Fotograficzny», «Fotograf Polski».

Памяць

правіць

У гонар 125-годдзя са дня нараджэння Яна Булгака РУП «Белпошта» выпусціла памятны мастацкі канверт з арыгінальнай маркай (2001)[12].

 
Надмагілле на могілках Старыя Павонзкі

Урывак з незакончанай паэмы Танка: [13]

А на сцяне — краявід Булгака:
Хаты пакрытыя мохам, саломай,
Змрочны цень гатаўскага сасняка,
Нарачы бераг да болю знаёмы…

Зноскі

  1. Jan Bulhak // RKDartists Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. а б Jan Bulhak // Luminous-Lint — 2005. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Jan Bulhak // Kunstindeks Danmark Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. а б в г д Булгак Ян // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 89. — 737 с.
  5. Jurecki, Krzysztof. Jan Bułhak (польск.)(недаступная спасылка). culture.pl (marzec 2004). Архівавана з першакрыніцы 17 студзеня 2012. Праверана 31 октября 2008.
  6. 6 кастрычніка — 130 год з дня нараджэння Яна Булгака (1876—1950), беларускага і польскага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі, этнографа, фалькларыста Архівавана 28 кастрычніка 2018. // Нацыянальная бібліятэка Беларусі
  7. Venclova, Tomas. Bułhak Jan // Vilniaus vardai. — Vilnius: R. Paknio leidykla, 2006. — С. 225. — ISBN 9986-830-96-6. (літ.)
  8. Kłos, Juliusz. Wilno. Przewodnik krajoznawczy. — Wydanie trzecie poprawione po zgonie autora. — Wilno: Wydawnictwo Wileńskiego oddziału Polskiego Towarzystwa Turystyczniego-krajoznawczego, 1937. — 323 с. (польск.)
  9. Remer, Jerzy. Wilno. — Poznań: Wydawnictwo Polskie, 1934. — 214 с. (польск.)
  10. Jackiewicz, Mieczysław. Bułhak Jan // Wileńska encyklopedia 1939-2005. — Warszawa: Galeria Polskiej Książki Sp. z o. o. Ex libris, 2007. — С. 74. — ISBN 978-83-89913-95-1. (польск.)
  11. Venclova, Tomas. Bułhak Jan // Vilniaus vardai. — Vilnius: R. Paknio leidykla, 2006. — С. 225. — ISBN 9986-830-96-6. (літ.))
  12. Марка з выявай Яна Булгака на канверце РУП «Белпошта»
  13. Максім Танк: новыя факты, матэрыялы, інтэрпрэтацыі. 2014. С. 295

Літаратура

правіць
  • Булгак Ян // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 329.
  • Булгак Ян // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 124.
  • Булгак Ян // Беларусь: энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1995. С. 134.
  • Булгак Ян // Этнаграфія Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 1989. С. 92.
  • Булгак Ян // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 513.
  • Булгак Ян // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкалегія : А. А. Воінаў [і інш.]. Мінск, 1993. С. 578.
  • Булгак Ян // Фотография : энциклопедический справочник / ред. коллегия: П. И. Бояров и др. Минск, 1992. С. 38.
  • Зайцава Т. З гісторыі нацыянальнай фатаграфіі: Ян Булгак у Беларусі / Тамара Зайцава // Гісторыя. Культуралогія. Мастацтвазнаўства: матэрыялы III Міжнароднага кангрэса беларусістаў «Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый», 1 сесія — 21-25 мая, 2 сесія — 4-7 снежня, Мінск, 2000 г. / рэд. калегія: Віталь Скалабан (галоўны рэдактар) і інш. Мінск, 2001. С. 218—220.
  • Кошур С. У якім Асташыне нарадзіўся Ян Булгак? / Святлана Кошур // Культура. 2004. 11-17 верас. (№ 37). С. 14.
  • Кухарска Я. Ян Брунан Булгак (1876—1950) — забыты мастак Наваградзкае зямлі / перакл. з польскае мовы Натальлі Пятровіч // Спадчына. 2002. № 2/3. С. 143—158.
  • Лаўрэш Л. Л. Ян Булгак: паводле Г. Каняста, Інстытут Адама Міцкевіча (Польшча) // Эл. рэсурс pawet.net

Спасылкі

правіць