У гэтай старонкі няма правераных версій, хутчэй за ўсё, яе якасць не ацэньвалася на адпаведнасць стандартам.

Ян Казаковіч (Казак) Літвін (1550-я — пасля 1603) — паэт, перакладчык. Вызнаваў кальвінізм.

Ян Казаковіч
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 1550-я
Дата смерці не раней за 1603
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт, перакладчык
Мова твораў лацінская мова

Творчасць

правіць

Пісаў на польскай і лацінскай мовах. Быў звязаны з дваром біржанскай (кальвінісцкай) лініі Радзівілаў. Першы вядомы твор Я. Казаковіча — лацінамоўны верш-прысвячэнне А. Рымшу ў кнізе апошняга «Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы… Крыштофа Радзівіла» (Вільня, 1585). У кнізе Я. Радвана «Радзівіліяда» (Вільня, 1588) змешчаны 3 вершаваныя прысвячэнні Я. Казаковіча маладым Радзівілам: Юрыю, Янушу і Крыштофу (подпіс пад апошнім — Jan Kozak Litwin). Мяркуецца, што верш «Слава на шчаслівую перамогу Мікалая Радзівіла пад Кессю ў 1578 годзе», змешчаны ў гэтай кнізе, таксама належыць Я. Казаковічу. На працягу 1590-х Я. Казаковіч апублікаваў каля 15 вершаў у 7 кнігах розных аўтараў. У перакладзе С. Кашуцкага кнігі Цыцэрона «Пра абавязкі людзей усіх станаў» (Вільня, 1593) змешчаны 2 творы Я. Казаковіча: лацінамоўнае прысвячэнне Мікалаю Нарушэвічу і польскамоўны верш «На гэтыя кнігі». Матыў асуджэння шляхты за тое, што вышэй за рыцарскую годнасць і хрысціянскія цноты яна ставіць багацце, гучыць у вершах Я. Казаковіча з «Новага запавета» (Вільня, 1593). Услаўленне «праўдзівай» веры ў кальвінісцкім разуменні і антыкаталіцкія захады прысутнічаюць у вершах Я. Казаковіча, змешчаных у пратэстанцкіх выданнях рэлігійна-асветніцкай і рэлігійна-палемічнай накіраванасці. У перавыдадзенай у Вільні ў 1594 годзе кнізе Мікалая Рэя «Польская пасціла» надрукаваны 2 вершы Я. Казаковіча. Выразную рэлігійна-палемічную накіраванасць мае верш Я. Казаковіча «Да ласкавага чытача», змешчаны разам з эпіграмай на герб Януша Радзівіла ў творы Шымана Тэафіла (Турноўскага) «Люстра хрысціянскага набажэнства ў Польшчы» (Вільня, 1594). Я. Казаковіч абараняў ад арыян боскасць Хрыста ў кнізе Гжэгажа з Жарнаўца «Кліпеус, альбо Духоўны шчыт» (Вільня, 1598), заклікаў да кальвінізму ў перавыданні кнігі «Літоўская пасціла» (Вільня, 1600). Найбольшую вядомасць прынёс яму выдадзены Я. Карцанам пераклад на польскую мову кнігі Іосіфа Флавія «Іўдзейская вайна» (Вільня, 1595), з якога потым невядомым аўтарам быў зроблены пераклад на старабеларускую мову (не апублікаваны). Свой твор Я. Казаковіч прысвяціў Крыштафу Зяновічу, пры гэтым пазначыў сваё месцазнаходжанне (Мосар). Пасля Я. Казаковіч выдаў кнігі «Дух Данілы» («Manes Danielani», Вільня, 1603; зборнік вершаў на смерць кальвінісцкага святара Данілы Стафана Тэаліпта і яго блізкіх) і «Валоскі арэх» («Orzech wioski», Вільня, 1603; вольны пераклад Авідзія). Хоць у паэтычнай творчасці поспехі Я. Казаковіча былі даволі сціплымі, ён быў адным з самых пладавітых віленскіх паэтаў канца XVI — пачатак XVII стст.

Зноскі

Літаратура

правіць
  • Кавалёў, С. Сціплы служка муз: (Творчасць Яна Казаковіча Літвіна) // Працы кафедры гісторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага універсітэта. — 2002. — Выпуск 2. — С.
  • Казаковіч Ян // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: У 2 тамах / Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) [і інш.]; Навуковыя кансультанты: Я. К. Анішчанка [і інш.]. Том 2: К — Я. — 2-е выданне. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2007. — С. 11.