Ян Казімір Пашкевіч
Ян Казімір Пашкевіч — слуга канцылярыі ВКЛ, паэт 1-й пал. XVII ст.
Ян Казімір Пашкевіч | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | невядома |
Дата смерці | 1635 |
Грамадзянства | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | пісьменнік, паэт |
Гады творчасці | 1621 — 1622 |
БіяграфіяПравіць
Біяграфічных звестак аб ім амаль не засталося. Паходзіў, відаць, са шляхецкага роду герба «Радван» з Ашмяншчыны. Вядома, што слуга канцылярыі ВКЛ Ян Казімір Пашкевіч атрымаў за заслугі, аказаныя ў канцылярыі, ад караля 18 жніўня 1631 г. намінацыйную прывілею на скарбовае дваранства і юргельт у памеры 160 злотых па смерці Самуэля Бральніцкага. Відавочна, кар’ерны рост у межах канцылярыі для слуг быў досыць праблематычным[1].
ТворчасцьПравіць
Вядомы адзіны яго верш «Полска квітнет лаціною, Літва квітнет русчызнаю…» (датаваны 1621, апубл. 1842), у якім выявіліся асаблівасці сілаба-танічнага вершаскладання. Твор Я. К. Пашкевіча — узор грамадзянскай, патрыятычнай лірыкі. Паэт адзначае ролю роднай мовы ў грамадскім і культурным жыцці Вялікага Княства Літоўскага, ганарыцца міжнароднай славай свайго народа, верыць у яго бессмяротнасць. Як сведчаць змест, паэтычная форма і мова верша, аўтар быў чалавекам свецкім, высокаадукаваным, патрыятычна настроеным беларускім шляхціцам або мешчанінам. Твор захаваўся ў Слуцкім спісе Статута ВКЛ 1529. У ім змешчана яшчэ 5 аўтографаў паэта, а таксама запісы іншых асоб, якія сведчаць, што ў 1-й пал. XVII ст. рукапіс бытаваў у Вільні, дзе, напэўна, і быў напісаны верш.
Зноскі
- ↑ Галубовіч, Віталь. Матэрыялы па гісторыі скарбу ВКЛ у кнігах запісаў за перыяд праўлення Уладзіслава IV Вазы : Беларускі гістарычны зборнік. — Białystok: Białoruskie Towarzystwo Historyczne, 2002. — В. 17. — С. 73—87.
ЛітаратураПравіць
- Грынчык М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973.
- Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.