Ян Крашэ́ўскі герба «Канёва (Ястрабец)» (польск.: Jan Kraszewski; 1786 або 1789[2] — 15 лютага (27 лютага) 1864, маёнтак Яалін Пружанскага павета[2] Гродзенскай губерні, Расійская імперыя) — беларускі[3] шляхціч, харунжы Пружанскага павета, старшыня земскага суда, суддзя гранічны і земскі[2].

Ян Крашэўскі
Jan Kraszewski
Герб «Ястрабец»
Герб «Ястрабец»
харунжы Пружанскага павета
1820 — 1821
Нараджэнне 1789
Смерць 1864
Месца пахавання
Род Крашэўскія
Бацька Каэтан
Маці Эльжбета Міхалоўская[1]
Жонка Соф’я з Мальскіх
Дзеці Юзаф Крашэўскі, Каятан Крашэўскі, Люцыян Крашэўскі і Joanna Kraszewska[d]
Веравызнанне каталіцтва
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Дзед Яна Фабіян служыў у панцырнай харугве пад камандаваннем гетмана Юзафа Патоцкага, а пасля службы, згодна з прынятымі тады звычаямі, застаўся на двары гетмана. З ласкі гетманскага сына Вінцэнта пакінуў сыну Каэтану, апошняму трамбовельскаму лоўчаму, прыгожую вёску Бузаўку, ацэненую ў мільён злотых. Далейшыя перспектывы Крашэўскіх былі звязаны з лёсам «няміраўскай» лініі Патоцкіх, аднак іх росквіт перарваўся ў 1793 годзе з другім падзелам Рэчы Паспалітай. Вінцэнт Патоцкі, даведаўшыся, што шлях Суворава падчас яго паходу па Украіне пралягае праз Няміраў, загадаў зруйнаваць няміраўскі палац, прадаў маёнткі і назаўжды з’ехаў з Украіны.

У гэтым самым года памёр Каэтан Крашэўскі. яго жонка Эльжбета з Міхалоўскіх, дачка санацкага стольніка, памерла яшчэ раней, і Ян застаўся на выхаванні Каэтанавых братоў. Яны набылі хлопцу вялікую вёску Баровае або Баравое (польск.: Borowo) пасярод палескіх балотаў. Маладому шляхцічу не падабалася яго новае месца жыхарства, і пасталеўшы, ён пачаў шукаць спосабу пасяліцца ў іншым месцы, бліжэй да людзей. Адзін са стрыяў, Юзаф, прапанаваў Яну памяняцца на ўласны маёнтак Доўгае і Перасудавічы. Прапазіцыя здалася Яну прывабнай, і ў 1807 годзе абмен адбыўся. Аднак пазней высветлілася, што ў Перасудавічах цягнулася даўняя спрэчка суседзяў наконт мяжы маёнткаў, і неўзабаве ў чарговай інстанцыі земскіх судоў Ян Крашэўскі прайграў перасудавіцкі фальварак[4].

Каля 1810 года ўзяў шлюб з Зоф’яй Мальскай[2] з Раманава (цяпер у Любельскім ваяводстве Польшчы), атрымаў ладны пасаг і сувязі з пружанскім зямляцтвам. Ужо ў 1813—1815 ён згаданы ў «Месяцаслове з роспісам чыноўных асоб, ці Агульным штаце Расійскай імперыі» як суддзя Пружанскага павятовага суда, у 1816—1819 — старшыня гэтага суда. У 1820—1821 — харунжы павятовы ў земскім судзе, у 1822—1824 — суддзя ў межавым апеляцыйным судзе. Знаходжанне на пасадах у судох першай інстанцыі ў той час не патрабавала пэўных юрыдычных ведаў, а павятовы харунжы паводле Статусу ВКЛ меў абавязак захоўваць харугвы і мабілізаваць апалчэнне. Аднак у Расійскай імперыі гэтая пасада стала чыста намінальнай, і тым не менш, Ян Крашэўскі вельмі ганарыўся гэтым і шмат гадоў пасля называў сябе «апошнім харунжым Пружанскага павета» (хоць насамрэч пасля яго пасаду займалі прынамсі некалькі чалавек)[5].

У расійска-французскую вайну непадалёк ад маёнтку Крашэўскага размяшчалася дывізія генерала Касінскага, адбыліся дзве бітвы, а сама сядзіба была рабавана то адным, то другім бокам. У рэшце рэшт Ян Крашэўскі вырашыў разбурыць жылы дом, а сам перасяліўся ў флігель[6]. Пасля вайны маёнтак давялося будаваць наноў; быў пастаўлены сціплы драўляны палацык з невялічкім садам. Адразу за домам пачыналася багна і дрыгва, дзе тапілася быдла, а незаўважная з-за балота мяжа з суседзямі была пастаянным прадметам разладаў у часе сенакосаў[4].

Дзядзькі болей не цікавіліся лёсам крэўнага, і яму даводзілася спадзявацца толькі на самога сябе. Паводле сведчанняў сучаснікаў, Ян быў энергічным і моцным гаспадаром. У першай трэці XIX стагоддзя набыў суседні з Доўгім маёнтак[7] і збудаваў сядзібны дом, а ў 1834 годзе — уніяцкую царкву[8]; рыў каналы для асушэння балотаў; узвёў гаспадарчыя пабудовы і адзін з першых у Літве цукровы завод; нарыхтоўваў торф для ацяплення. У Доўгім аднавіў і цалкам адрэстаўраваў каталіцкую каплічку з цудатворным абразам Божай Маці, павесіў новы звон, названы «Люцыянам»[7]. Добра ведаў лацінскую, нямецкую і французскую мовы, збіраў бібліятэку і старажытныя рукапісы. Сябраваў з паэтам Францішкам Карпінскім[9]. У Доўгім, які тады ўваходзіў у склад маёнтку Крашэўскіх Стары Куплін, 11 сакавіка 1827 года нарадзіўся яшчэ адзін сын Каятан.

Ян з Соф’яй мелі трох сыноў і дзвюх дачок: Юзафа (1812—1887); Ядвігу[10] (†1864), якая выйшла замуж за Яна Марачэўскага; Люцыяна (1820—1892); Ганну (†1853), замужам за Габрыэлем Лунеўскім; Каэтана (1827—1896)[11]. У сям’і шмат чыталі, улюбёным творам быў «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча. Менавіта ў Купліне Юзаф чытаў свае першыя літаратурныя творы падчас прыезду на вакацыі з Віленскага ўніверсітэта[9].

 
Надмагілле Яна і Каэтана Крашэўскіх у Шарашове

Ян памёр у 1864 годзе, знаходзячыся ў гасцях у маёнтку Марачэўскіх Яалін, куды выйшла замуж іхняя дачка Ядвіга (польск.: Joanna)[12]. Пахаваны ў Шарашове (Пружанскі раён).

Зноскі

  1. Jan Kraszewski (1786 — 1864) (англ.). Праверана 22 лютага 2012.
  2. а б в г Jan Kraszewski h. Jastrzębiec (польск.). Genealogia potomków Sejmu Wielkiego. M. J. Minakowski (19 сакавіка 2012).
  3. 144. Якія выдатныя польскія дзеячы з паходжання беларусы? Архівавана 23 жніўня 2011. // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.
  4. а б Warzenica Ewa.. Józef Ignacy Kraszewski (польск.)(недаступная спасылка). Chomik (19 сакавіка 2012). Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 4 мая 2020.
  5. Ірына Сядова. Мае Крашэўскія // Раённыя будні. — 28 красавіка 2012. — № 34 (9480). — С. 3.
  6. Конспекты по Ю.И. Крашевскому / сост. Р.Н. Гусева. — Брест: Альтернатива, 2010. — С. 38—39.
  7. а б Ірына Сядова. Мае Крашэўскія // Раённыя будні. — 23 мая 2012. — № 39 (9485). — С. 5.
  8. Наталля Пракаповіч. Летапіс духоўнасці: праваслаўная архітэктура Пружаншчыны // Рэха Берасцейшчыны. — кастрычнік 2010. — № 1 (4). — С. 4—5.
  9. а б admin.. Многогранная личность Ю. И. Крашевского (руск.)(недаступная спасылка). Свіслацкая газета (22 лютага 2012). Архівавана з першакрыніцы 13 сакавіка 2016. Праверана 4 мая 2020.
  10. Jadwiga Moraczewska z d. Kraszewska (англ.)(недаступная спасылка). Strona genealogiczna Tadeusza i Jagody Plebańskich (23 лютага). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 4 мая 2020.
  11. Danek Wincenty.. Józef Ignacy Kraszewski. Zarys życia i twórczości (польск.)(недаступная спасылка). Chomikuj.pl. Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 23 лютага 2012.
  12. Jadwiga Siedlecka-Siwuda.. Szereszewo — historia miasteczka (польск.). Encyklopedia Puszczy Białowieskiej (2 чэрвеня 2012).

Літаратура правіць

  • Ірына Сядова. Мае Крашэўскія // Раённыя будні. — 28 красавіка 2012. — № 34 (9480).

Спасылкі правіць