Іван Луцкевіч
Іва́н (Ян Ге́рман) Іва́навіч Луцке́віч (28 мая (9 чэрвеня) 1881, Шаўлі, Ковенская губерня— 20 жніўня 1919, Закапанэ, Польшча) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, археолаг, краязнавец.
Іван Луцкевіч | |
![]() | |
![]() Герб «Навіна» | |
Партыя | Беларуская сацыялістычная грамада |
---|---|
Адукацыя | |
Дзейнасць | публіцыст, палітык |
Член у | |
Веравызнанне | рыма-каталік |
Нараджэнне | 28 мая (9 чэрвеня) 1881 |
Смерць | 20 жніўня 1919 (38 гадоў) |
Пахаванне | |
Дынастыя | Луцкевічы |
Бацька | Ян Баляслаў Луцкевіч |
Маці | Зоф'я Эмерыкава з Лычкоўскіх |
БіяграфіяПравіць
ПаходжаннеПравіць
Паходзіў са збяднелага шляхецкага роду Мінскай губерні герба Навіна[1]. Род мае татарскае паходжанне[2]. Бацька — Ян Баляслаў (Іван Якімавіч) Луцкевіч — вайсковец Расійскай імперыі, удзельнік Крымскай вайны ў чыне капітана, за баявыя заслугі ў абароне Севастопаля быў узнагароджаны крыжамі Святога Георгія і Святой Ганны і двума медалямі. На вайне быў паранены, з войска дэмабілізаваўся. Сваёй маёмасці Ян Баляслаў не меў[1]. Вядома, што ў 1860-х гадах быў арандатарам маёнтка пана Вайніловіча ў Тарасевічах Бабруйскага павета Мінскай губерні. Верагодна, у гэты час ён пазнаёміўся з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, з якім у далейшым меў прыяцельскія стасункі, Дунін-Марцінкевіч у 1868 годзе прысвяціў Луцкевічу верш па-беларуску[1]. Першай жонкай Яна Баляслава была Казіміра Асяцімская, у іх нарадзіліся дзве дачкі: Станіслава (1877—1953) і Марыя Алёйзія (1876—1914). Пані Казіміра памерла ў 1878 ці 1879 годзе[3].
Увесну 1880 года Ян Баляслаў павянчаўся другі раз[3], з Зоф’яй Лычкоўскай, дачкой уладальніка невялікага фальварка Ракуцёўшчына, каля мястэчка Краснага. Зоф’я да фальварка дачынення ўжо не мела, але ў спадчыну ёй застаўся невялікі драўляны дом на Садовай вуліцы ў Мінску[1]. У Яна Баляслава і Зоф’і было пяць дзяцей: Ян Герман (Іван) быў іх першым дзіцем, у далейшым нарадзіліся Вікторыя (памерла ў маленстве; ?—?), Антон (1884—1942), Эмілія (1886—1974), Стэфан (Сцяпан; 1889—1947). Стэфан быў названы ў гонар дзядзькі — Стэфана Луцкевіча, удзельніка паўстання 1863—1864 гадоў, які загінуў у 1863 годзе[3].
Сям’я была каталіцкай, у хаце гаварылі па-польску[1]. Іван Луцкевіч наступным чынам згадвае светапогляд сям’і: «...сям’я жыла ўспамінамі аб напалеонаўскім паходзе і паўстаннях 1831 і 1863 гадоў, жыла ідэаламі дэмакратызму з часоў французскае рэвалюцыі і паўстанчаскімі настроямі, у ёй панаваў заўсёды шчыра дэмакратычны дух, — і гэтым духам былі прасякнуты дзеці, што шукалі ў школе дружбы не панічоў, a сыноў мужыцкіх»[4].
Раннія гадыПравіць
Нарадзіўся 28 траўня (9 чэрвеня) 1881 года ў горадзе Шаўлі Ковенскай губерні, дзе ягоны бацька ў той час працаваў на чыгунцы. Неўзабаве бацька быў пераведзены па працы ў Лібаву. У 1890 годзе Іван пачынае вучыцца ў Лібаўскай Мікалаеўскай гімназіі. У Мікалаеўскай гімназіі Лібавы вучылася шмат латышоў і літоўцаў. У гэты перыяд адбывалася станаўленне літоўскага і латышскага нацыянальнага руху, якія адмяжоўвалі сябе ад палякаў і немцаў, таму ў школьным жыцці быў раздзел паміж польскімі панскімі дзецьмі і простымі вясковымі дзецьмі іншых нацыянальнасцей[4]. Іван Луцкевіч сябраваў з літоўцамі, у 13—14 гадоў Іван наведваў літоўскі патрыятычны гурток пад кіраўніцтвам старога рэвалюцыянера Ёнаса Амбразайціса[lt][5]. У гэты перыяд у Івана фармуецца нацыянальны светапогляд, ён разумее што беларусы маюць такое ж права на самавызначэнне і развіццё ўласнай мовы як літоўцы і латышы[4]. У 1895 годзе Луцкевічы пераязджаюць у Мінск, але Іван дзеля далейшага навучання застаецца ў Лібаве[4]. Праз паўгода пасля пераезду памірае бацька Ян Баляслаў. У 1897 годзе маці забірае Івана ў Мінск, дзе ён паступае ў пяты клас Мінскай губернскай гімназіі.
Антон Луцкевіч, адзначаў, што яшчэ ў Мінскай гімназіі ён і яго брат Іван усвядоміліся і нацыянальна, і сацыяльна, і пачалі гуртаваць вакол сябе болей-меней свядомых беларусаў[4]. Пазнаёміўшыся з беларускім паэтам, мастаком і перакладчыкам Карусём Каганцом, браты Луцкевічы арганізавалі гімназічны гурток, у занятках якога значнае месца займала беларуская тэматыка. Браты мелі цесныя стасункі з Генрыхам Францішкам Татурам, беларускім гісторыкам, краязнаўцам і калекцыянерам[3]. Таксама ў братоў Луцкевічаў збіраўся і інтэрнацыянальны гурток, у якім яны займаліся сацыяльнымі пытаннямі[4]. Браты заклалі беларускую бібліятэчку з кніжкамі па беларускай гісторыі і этнаграфіі[4].
Пачатак палітычнай дзейнасціПравіць
У 1902 годзе Іван заканчвае вучобу ў гімназіі, разам з Антонам яны едуць у Санкт-Пецярбург. Іван паступіў на юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, і адначасова ў Археалагічны інстытут. У сталіцы Расійскай імперыі ў гэты час было шмат беларускіх студэнтаў, тут браты знаёмяцца з Вацлавам Іваноўскім. У гэтым жа годзе Іван і Антон Луцкевічы разам з Вацлавам Іваноўскім арганізоўваюць «Круг беларускай народнай прасветы і культуры», мэтай гуртка было стварэнне беларускай школьнай адукацыі і выдавецтва беларускіх кніг[4]. Іван адрэдагаваў першую адозву кружка да грамадзянства Краю, заклікаўшы да выпаўнення натуральнага абавязку перад беларускім народам: да нясення ў вёску асветы на беларускай мове[4]. Пры ўдзеле Івана была выдадзеная брашура «Калядная пісанка на 1904 год» і зборнік Янкі Лучыны «Вязанка»[6].
У гэты час Іван Луцкевіч шукае кантактаў з рэвалюцыйнымі арганізацыямі, сыходзіцца з сацыял-рэвалюцыянерамі і знаёміцца з сёстрамі Ізмайлавічанкамі з Мінска[6]. Увесну 1903 года пры падрыхтоўцы да першамайскай дэманстрацыі ў Санкт-Пецярбургу Іван арыштоўваецца на кватэры Ізмайлавічанак. Спярша ён быў змешчаны ў Дом папярэдняга заключэння[ru], а пазней пераведзены ў «Кресты[ru]». Праседзеў у турме амаль да канца лета, за гэты час прыняў удзел у галадоўцы палітвязняў, а ў «Крестах» захварэў і быў змешчаны ў бальніцу ў аддзел сухотнікаў[7]. Увосень 1903 года браты Луцкевічы разам з Вацлавам Іваноўскім засноўваюць палітычную арганізацыю Беларуская рэвалюцыйная грамада на базе ўжо існуючай Беларускай рэвалюцыйнай партыі. Мэтай арганізацыі было змаганне супраць самадзяржаўнай улады, за дэмакратычны лад: зямлю для сялян, фабрыкі і заводы для рабочых. Арганізацыя патрабуе свабоды для беларусаў: школы на беларускай мове і роўных правоў у краі[8].
У 1904 годзе Іван Луцкевіч заканчвае Археалагічны інстытут і атрымлівае камандзіроўку для навуковых доследаў на Беларусь і для далейшай навукі ў Вену. У Вене ён навучаецца ў «Славянскім семінары» пры Венскім універсітэце пад кіраўніцтвам прафесара Ватраслава Ягіча[8]. Выезд за мяжу дазволіў пазнаёміцца з рэвалюцыйнымі і нацыянальна-вызваленчымі рухамі іншых краін. У Львове Луцкевіч сыходзіцца з украінскім нацыянальным рухам, а пазней у Кракаве і Варшаве наладжвае кантакты з Польскай партыяй сацыялістычнай[4]. У пачатку 1905 года Іван Луцкевіч вяртаецца ў Санкт-Пецярбург дзеля заканчэння навучання на юрыдычным факультэце ўніверсітэта. У гэты ж час ён ад Беларускай рэвалюцыйнай грамады атрымлівае мандат на з’езд прадстаўнікоў сацыялістычных партый у Фінляндыі[8].
У часе рэвалюцыі 1905 года ў Мінску, дзе праходзіць найбольш шырокая дзейнасць партыі. Іван Луцкевіч выступае на мітынгах па-беларуску, нацыянальны элемент у выступах пераважае палітычны і сацыяльны. На II з’ездзе Беларускай сацыялістычнай грамады (у яе была перайменаваная БРГ) разам Антонам Луцкевічам, Аляксандрам Бурбісам і Вацлавам Іваноўскім абраны ў склад цэнтральнага камітэта партыі. У лютым 1906 года сумесна з братам Антонам пераходзяць на нелегальнае становішча, пераязджаюць у Вільню. Пераезд адбываецца з той прычыны, што распачалося следства ў справе замаху на мінскага губернатара Паўла Курлова. Замах здзейснілі Іван Пуліхаў і сёстры Ізмайловіч, якія былі частымі гасцямі на мінскай кватэры Луцкевічаў, таму апошнія аўтаматычна падпадалі пад падазрэнне[9]. Ёсць звесткі, што з віленскімі кантактамі Луцкевічам дапамог Вацлаў Іваноўскі[10]. На нелегальным становішчы ў Вільні браты жылі да 1908 года[4].
ВільняПравіць
Знаходзячыся ў Вільні на нелегальным становішчы, Іван Луцкевіч разгортвае агітацыйную дзейнасць у праваслаўнай духоўнай семінарыі, чытае вучням лекцыі па гісторыі Беларусі. Тут жа пашыраецца партыйная дзейнасць Беларускай сацыялістычнай грамады, канспірацыйнай кватэрай якой ёсць кватэра Алаізы Пашкевіч (Цёткі). З ініцыятывы Івана Луцкевіча ў верасні 1906 года выходзіць першая легальная беларускамоўная газета «Наша доля», а пасля яе хуткай забароны «Наша ніва»[11]. У гэты ж час Луцкевіч займаецца археалагічнымі працамі і зборам беларускага антыкварыяту, старадрукаў і рукапісных кніг, калекцыя захоўвалася ў рэдакцыі «Нашай нівы» на вуліцы Завальнай, 7[12]. Ініцыятар стварэння Выдавецтва «Нашай нівы» ў 1907 годзе, пазней таксама меў дачыненне да стварэння выдавецтва «Наша хата» (1908—1911) і Беларускага выдавецкага таварыства.
У чэрвені 1908 года едзе ў Прагу на Усеславянскі з’езд прагрэсіўных студэнтаў, дзе кіруе беларускае секцыяй і адкрыта крытыкуе расійскія ўлады за нацыянальны прыгнёт[7]. У 1909 годзе меў дачыненне да стварэння Беларускага хору і Тэатральнай дружыны, якія дэбютавалі на Першай беларускай вечарынцы ў Вільні 12 лютага 1910 года. Разам з братам Антонам быў сярод заснавальнікаў у 1910 годзе ў Вільні масонскай ложы «Еднасць» (польск.: Jendość). Ложа была створаная паводле ініцыятывы расійскіх масонаў, сябраў партыі кадэтаў[4]. У «Еднасці» былі прадстаўлены ўсе асноўныя народы беларуска-літоўскага краю. Луцкевічы прытрымліваліся краёвай ідэалогіі[4]. Прытрымліваючыся краёвай ідэалогіі, Іван Луцкевіч супрацоўнічаў з іншымі нацыянальнасцямі. У 1910 годзе, калі ладзілася польскае Таварыства прыяцеляў навук (Towarzystwo Рrzyjacіół Nauk) ён зрабіў багата працы для арганізацыі яго музея, а таксама перадаў шмат сваіх рэчаў, якія вярнуў пасля пачатку Першай сусветнай вайны[7].
Арганізатар Беларускага народнага камітэта (1915—1918), першых беларускіх школ на Віленшчыне, Гродзеншчыне, Беласточчыне (1916), настаўніцкіх курсаў, Віленскай беларускай гімназіі (1919), Беларускага навуковага таварыства (1918). Збіральнік і даследчык беларускіх старажытнасцей. Яго асабістая калекцыя стала асновай Беларускага музея ў Вільні.
У сярэдзіне чэрвеня 1919 г. выехаў на лячэнне на польскі курорт Закапанэ, дзе і памёр. У 1991 г. прах Івана Луцкевіча перапахаваны на могілках Роса ў Вільні.
У палітыцыПравіць
Разам з Антонам Луцкевічам, Вацлавам Ластоўскім і інш., Іван Луцкевіч распрацоўваў пытанні дзяржаўнага самавызначэння Беларусі — ад канцэпцыі краёвай аўтаноміі, аднаўлення на канфедэратыўнай аснове дзяржаўнай уніі Беларусі і Літвы (1906—1918) да абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі ў яе этнаграфічных межах. Лічыў дэнацыяналізуючай у адносінах да беларусаў ролю рэлігійна-царкоўных праваслаўных і каталіцкіх структур на Беларусі як праваднікоў палітыка-ідэалагічных інтарэсаў Расіі і Польшчы. Выступаў за аднаўленне на Беларусі царкоўнай уніі дзеля паяднання рэлігійнага і грамадска-палітычнага рухаў у адзіным нацыянальна-адраджэнскім працэсе. Паводле яго ініцыятывы і з асабістым яго ўдзелам пытанне аб нацыянальным самавызначэнні беларускага народа ўпершыню прагучала на міжнародных форумах — канферэнцыі сацыялістычных і рэвалюцыйных партый (Фінляндыя, 1905), Славянскім з'ездзе прагрэсіўных студэнтаў (Прага, 1908), Міжнароднай канферэнцыі нацый (Лазана, 1916). Быў прыхільнікам раўнапраўных адносін Беларусі з Расіяй, Польшчай, Украінай, Літвой.
Практык-арганізатар, таленавіты прамоўца, Іван Луцкевіч спрыяў ажыўленню культурна-асветнай працы, абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці вучнёўскай і студэнцкай моладзі, інтэлігенцыі. Паўплываў на творчы лёс Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі, Максіма Гарэцкага і інш.
У навуцыПравіць
Іван Луцкевіч — аўтар навукова-публіцыстычных прац па гісторыі, мастацтве, кніжнай культуры Беларусі. Увёў у навуковы ўжытак помнікі старабеларускай літаратуры XVI ст., пісаныя арабскай графікай «Аль-Кітаб». Яго багатыя калекцыі сталі асновай для створанага ў 1921 Беларускага музея.
Карыстаўся псеўданімамі Ян Міхальчык, Нашанівец, Шчасны, Palissander Нев.
Ушанаванне памяціПравіць
- У Мінску створана Фундацыя сацыяльных ініцыятыў і даследаванняў імя братоў Луцкевічаў (1993).
- 7 сакавіка 2018 года ў Мінску ў рамках мерапрыемстваў да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі быў усталяваны памятны знак у гонар братоў Антона і Івана Луцкевічаў. Памятны знак размешчаны на месцы дамоў Зоф’і Луцкевіч па колішняй Садовай вуліцы (цяпер парк імя Янкі Купалы), дзе браты жылі ў 1896—1906 гадах[13].
- 20 жніўня – 11 верасня 2019 ў Дзяржаўным літаратурным музеі імя Янкі Купалы адбылася першая персанальная выстаўка пра Івана Луцкевіча, прысвечаная 100-годздзю з дня сьмерці[14]
БібліяграфіяПравіць
- Аб беларускім мастацтве // Гоман. 1918, № 70 (перадрук: Скарыніч. Вып. 2. Мн., 1993);
- Ай-Кітаб // Зборнік «Наша ніва». Вільня, 1920;
- Ай-Кітаб-Кіцёп // Беларускае жыццё. 1920, 11 сак. (перадрук: Спадчына. 1992, № 3; Скарыніч. Вып. 2).
Зноскі
- ↑ 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 Крывіцкі Л., 1991, с. 10
- ↑ Богдан С., Пабеданосцава Кая А., 2018, с. 71
- ↑ 3,0 3,1 3,2 3,3 Сідарэвіч А., 2014
- ↑ 4,00 4,01 4,02 4,03 4,04 4,05 4,06 4,07 4,08 4,09 4,10 4,11 4,12 Серыкава В., 2009
- ↑ Сідарэвіч А., 2017
- ↑ 6,0 6,1 Крывіцкі Л., 1991, с. 11
- ↑ 7,0 7,1 7,2 Луцкевіч А., 2015
- ↑ 8,0 8,1 8,2 Крывіцкі Л., 1991, с. 13
- ↑ Антон Луцкевіч. Да гісторыі беларускага руху: выбраныя творы, 2003, с. 90
- ↑ Антон Луцкевіч. Да гісторыі беларускага руху: выбраныя творы, 2003, с. 11
- ↑ Крывіцкі Л., 1991, с. 14
- ↑ Крывіцкі Л., 1991, с. 15
- ↑ Максім Ляшко У парку Янкі Купалы ў Мінску ўсталявалі мемарыяльную дошку ў гонар братоў Луцкевічаў. nashaniva.by (7 сакавіка 2018). Архівавана з першакрыніцы 7 сакавіка 2018. Праверана 7 сакавіка 2018.
- ↑ «Выбачэнне за гады бяспамяцтва». Упершыню ў Мінску адкрылася выстава пра Івана Луцкевіча // nashaniva.by 21 жніўня 2019
ЛітаратураПравіць
- Памяці Івана Луцкевіча. У першыя ўгодкі сьмерці яго. (20.8.1919 — 20.8.1920). Вільня, 1920;
- Кветка Вітан. «Наша ніва» і Іван Луцкевіч // На суд гісторыі: Успаміны, дыялогі / Уклад. Б. І. Сачанка. Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. С. 61-65;
- Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Вільня, 1928 (рэпрынт, Мн., 1991);
- Луцкевіч А. Беларускі музей ім. Івана Луцкевіча. Вільня, 1933 (рэпрынт, Мн., 1992);
- Станкевіч А. Іван Луцкевіч — закладчык Віленскай Беларускай гімназіі // 25-лецьце Беларускай гімназіі ў Вільні, 1919—1944. Вільня, 1944;
- Запруднік Я. Браты Луцкевічы й мы // Беларус. Нью-Ёрк, 1970, № 153—155;
- Каваль А. (Каўка А.). Іван Луцкевіч, 1881—1919 // Ніва. 1981. № 23;
- Каваль А. (Каўка А.). Яшчэ пра Івана Луцкевіча // Ніва. 1981. № 45, 46;
- Іваноў М, Мірачыцкі Л. Асветнік, папулярызатар, збіральнік // Голас Радзімы. 1981. 18 чэрв.;
- Адамовіч А. Як дух змагання Беларусі… Нью-Йорк, 1983;
- Крывіцкі Л. Нельга абысці маўчаннем // Спадчына. — 1991. — № 1. — С. 10—17. — ISSN 0236-1019.
- Гужалоўскі А. Сабранае застаецца, калі свой не адхінецца…: Іван Луцкевіч — збіральнік беларускіх старажытнасцяў // Мастацтва Беларусі. 1991. № 10;
- Гарэцкі М. Псторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992. С. 283;
- Каваль А. (Каўка А.). Іван Луцкевіч — адраджэнец // Беларусіка-Albaruthenica. Мн., 1993. Вып. 1.;
- Лабынцаў Ю. Архіў беларускага адраджэння. Мн., 1993;
- Вітан-Дубейкаўская Ю. Мае ўспаміны. Вільня, 1994;
- Луцкевіч Іван // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.;
- Сідарэвіч А. М. Сям’я Луцкевічаў: у якіх умовах гадаваліся стваральнікі беларускай незалежнасці // nashaniva.by. — 2014.
- Серыкава В. Браты Луцкевічы як стваральнікі і захавальнікі Беларускага музея ў Вільні (1921—1945) // pawet.net. — 2009. Архівавана з першакрыніцы 28 сакавіка 2016.
- Сідарэвіч А. Яны былі першыя: Іван Луцкевіч (бел. (тар.)) . — svaboda.org, 2017.
- Богдан С., Пабеданосцава Кая А. Ясінскія, Луцкевічы, Александровічы і ўсе нашы татары // Наша Гісторыя : часопіс. — Мінск: 2018. — № 5. — С. 68—75.
- Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2. — Смаленск, 2003.
- Каўка А. Луцкевіч Іван Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл. / эдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мінск: БелЭн, 1997. — С. 403—404. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2.
- Луцкевіч А. Жыцьцё і праца Івана Луцкевіча. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — С. 104—115. Архівавана з першакрыніцы 7 мая 2020.
СпасылкіПравіць
Іван Луцкевіч на Вікісховішчы |