Ян (Іван) Юзафавіч Ходзька, Барэйка (24 чэрвеня 1777, м. Крывічы, Вілейскі павет, Віленская губерня, цяпер Мядзельскі раён Мінскай вобл. — 10 лістапада 1851, Мінск; Псеўданімы: Ян са Свіслачы, Jan ze Świsłoczy) — пісьменнік, драматург, грамадскі дзеяч. Дзядзька пісьменніка Ігната Ходзькі.

Ян Ходзька
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 24 чэрвеня 1777(1777-06-24)
Месца нараджэння
Дата смерці 10 лістапада 1851(1851-11-10) (74 гады)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Дзеці Язэп Ходзька, Аляксандр Ходзька, Міхал Ходзька і Станіслаў Ходзька[d]
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік, драматург
Мова твораў польская
Грамадская дзейнасць
Член у
Узнагароды
ордэн Святога Уладзіміра 4 ступені ордэн Святой Ганны 2 ступені
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Сын шляхціча Юзафа і Канстанцыі з Буйніцкіх. Атрымаў хатнюю адукацыю, вучыўся ў школах Вільні. З 1793 года цывільна-ваенны камісар Ашмянскага павета, дзе валодаў 96 дварамі з 657 прыгоннымі абодвух палоў, з 1795 года асэсар, з 1798 года падсудак Пастаўскага земскага суда. 7 чэрвеня 1800 года пры выбарах на судовыя пасады ён значыцца падсудкам Вілейскага павятовага суда з 259 мужскіх душ уласных сялян. З 1808 года падкаморы Вілейскага павета, у 1810—1811 гадах старшыня Галоўнага цывільнага суда ў Мінску, у якім у 1813—1814 гадах узначальваў другі дэпартамент. У 1812 годзе з’яўляўся ганаровым наглядальнікам вучылішчаў у Дзісенскім павеце[1]. Адзін з арганізатараў масонскіх лож у Мінску і Вільні. У 1816 годзе арганізоўваў масонскія ложы ў Мінскай губерні «Дасканалае адзінства», «Школа Сакрата», «Паўночная Паходня» (заснавальнік, масон 3 ступені з 1818 года), «Шчаслівае вызваленне» (масон 7 ступені)[2].

Дом Я. Ходзькі ў Мінску стаў асяродкам культуры, дзе арганізоўваліся канцэрты і тэатральныя пастаноўкі. Пасля звальнення з дзяржаўнай службы пераехаў у Вільню, дзе працаваў у Камісіі па спадчыне князёў Радзівілаў. Быў членам таварыстваў дабрачыннасці і шубраўцаў. Захапіўся праблемамі асветы ў краі. У артыкуле ў часопісе «Dzieje dobroczynności» (1820, № 1) выказаўся за пашырэнне адукацыі сярод народа; ідэю народнай школы і асветы развіў у аповесці «Пан Ян са Свіслачы» (1821). У выніку Я. Ходзька быў абраны ганаровым членам Віленскага ўніверсітэта і прызначаны інспектарам школ Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. У 1826 арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці. Вярнуўся ў Вільню вясной 1830. Знаходзіўся пад наглядам паліцыі. За ўдзел у паўстанні 1830—1831 гадоў зноў арыштаваны ў 1830. Сасланы на Урал[3]. Вярнуўшыся ў 1834 з ссылкі, жыў з арандатарства ў Мінскай губ. Пісаў мемуары.

Пахаваны на Парафіяльных могілках у Заслаўі.

Творчасць

правіць

Пісаў на польскай мове. Класіцыст, потым псеўдакласіцыст-маралізатар. Аўтар камедыі «Вызваленая Літва, або Пераход Нёмана» (1812), трагедыі «Кракус» (нап. 1816), аповесцей «Пан Ян са Свіслачы…» (1821) і «Брат і сястра» (1845), трактата «Аб эксдывізіях, або Аб судовым падзеле маёнтка даўжніка на карысць крэдытораў» (1816), успамінаў і артыкулаў па гісторыі Міншчыны, адметных жывасцю апавядання і значнай колькасцю беларусізмаў. Друкаваўся ў часопісе «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»), альманаху «Rubon» («Рубон») і інш. П’есы Я. Ходзькі ставіліся ў Мінску на аматарскай сцэне ў 1812.

Сям’я

правіць

У шлюбе з Кларай з Корсакаў (1770—1852). Дзеці:

  • Уладзіслаў (1794—1861), вілейскі павятовы суддзя;
  • Юзаф (1800—1881), сябра Таварыства філарэтаў, інжынер імператарскага двара, даследчык Каўказа, пазней генерал-лейтэнант Генеральнага штаба;
  • Аляксандр (1804—1891), сябра Таварыства філарэтаў, паэт, блізкі сябра А. Міцкевіча і Ю. Славацкага, рускі консул у Персіі, усходазнавец, арыенталіст і славіст;
  • Фелікс і Міхал (1808—1879), вядомыя механікі;
  • Станіслаў (1808—1879), прафесар хіміі і фізікі ў камунальнай школе Фрыбурга;
  • Зоф’я, замужам за Набароўскім.

Узнагароды

правіць

Узнагароджаны ордэнамі Св. Ганны 2-й ст., Св. Уладзіміра 4-й ст.

Бібліяграфія

правіць
  • Pisma rozmaite autora «Pana Jana ze Świsłoczy». T. 1—12. Wilno, 1837—1842.
  • Diecezja Mińska około 1830 roku. T. 1. Struktury parafialne. Lublin, 1998.

Крыніцы

правіць
  1. Часовая мінская газета. 1812 год / [агульная рэдакцыя, пераклад з польскага, персаналіі і пасляслоўе Я. Анішчанкі]. — Мн.: В. Хурсік, 2008. — 181, [1] c. — С. 118—118. — ISBN 978-985-6718-71-0. Са спасылкай:Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей — НГАБ). — Фонд 588. — Спр. 207. — Л. 68, 215.
  2. Часовая мінская газета. 1812 год… — С. 118—118. Са спасылкай:НГАБ. — Фонд 295. — Спр. 286. — Л. 171, 238; Фонд 320. — Воп. 3. — Спр. 76. — Л. 124; Фонд 295. — Спр. 286. — Л. 239 адв.; Швед, В. В. Масоны і ложы на землях Беларусі (канец XVIII — першая чвэрць XIX ст.): бібліяграфіяны слоўнік / В. В. Швед; Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы. — Гродна: ГрДУ, 2007. — 275 с.: іл. — С. 78, 93. — ISBN 978-985-417-866-0.
  3. Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794-1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. — ISBN 985-6374-04-9

Літаратура

правіць