Ярмак Цімафеевіч

Ярмак Цімафеевіч (? — 16 жніўня 1585) — казацкі атаман, кіраўнік паходу ў Сібір, які паклаў пачатак яе далучэнню да Расійскай дзяржавы.

Ярмак Цімафеевіч. Помнік 1000-годдзя Расіі ў Вялікім Ноўгарадзе

Паводле розных звестак паходзіў з Прыкам'я, або данской станіцы Качалінская, быў атаманам казакоў-разбойнікаў на Волзе, удзельнічаў у казацкіх набегах на нагайскіх татараў. Ёсць звесткі (у тым ліку сведчанне тагачаснага магілёўскага каменданта), што ў час Лівонскай вайны Ярмак у 1580 годзе ўдзельнічаў у спробе рускіх войск захапіць г.Магілёў. У канцы 1570-х гадах або ў пачатку 1580-х гадах ратуючыся ад царскіх ваявод, Ярмак з атрадам казакоў пайшоў па рацэ Кама ва ўладанні купцоў Строганавых. якія вырашылі з яго дапамогай заваяваць для сябе частку зямель Сібірскага ханства. 1 верасня 1581 (паводле іншых звестак, у 1579 або ў 1582 годзе) Ярмак з добра ўзброеным на сродкі Строганавых атрадам (540 казакоў, 300 людзей Строганавых) накіраваўся ў Сібір. Ваенныя здольнасці, абсалютная перавага ў агнястрэльнай зброі і нежаданне карэнных сібірскіх народаў ваяваць за інтарэсы татараў дазволілі Ярмаку нанесці паражэнні войскам сібірскага хана Кучума ў баях на рацэ Тура і Табол, ва ўрочышчы Бабсан ў вырашыльнай бітве на Чувашаўскім мысе (2-4.11.1582). 5 лістапада 1582 года Ярмак без бою заняў сталіцу ханства г. Кашлык. У хуткім часе ён накіраваў у Маскву пасольства з весткай пра перамогу, з ясакам і просьбай аб дапамозе. У 1583—1585 гадах працягваў паспяховае заваяванне Сібіры. Загінуў (патануў у рацэ Іртыш) у выніку раптоўнага начнога нападу Кучума на лагер казакоў пры вусці ракі Вагай (цяпер у Цюменскай вобласці). У Новачаркаску ўсталяваны помнік.

Зноскі

ЛітаратураПравіць

  • Ярмак Цімафеевіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.18 Кн.1: Дадатак: Шчытнікі — ЯЯ / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. — Т. 18. — С. 190-193. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0295-4 (Т. 18 Кн. 1).

СпасылкіПравіць