Яўген Іванавіч Барычэўскі

Яўген Іванавіч Барычэўскі (17 снежня 1883, Мінск — 12 верасня 1934; Крыптанім: Е. Б.) — беларускі літаратуразнавец і перакладчык. Прафесар (1928)[1].

Яўген Іванавіч Барычэўскі
Яўген Барычэўскі.jpg
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 17 (29) снежня 1883
Месца нараджэння г. Мінск
Дата смерці 12 верасня 1934(1934-09-12) (50 гадоў)
Грамадзянства
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці літаратуразнавец, перакладчык
Мова твораў беларуская
Commons-logo.svg Выявы на Вікісховішчы

БіяграфіяПравіць

Нарадзіўся ў сям'і натарыуса. Скончыў Мінскую класічную гімназію (1903), паступіў у Берлінскі ўніверсітэт, у 1904 перавёўся на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, які скончыў у 1910[1]. Атрымаў залаты медаль за выпускную працу «Рэалізм Гартмана».

Працаваў у Маскоўскім універсітэце, выкладаў рускую літаратуру ў сярэдніх навучальных установах Масквы, займаўся навукова-літаратурнай дзейнасцю, друкаваў артыкулы і даследаванні ў маскоўскіх часопісах і газетах. З восені 1918 прызначаны вучоным сакратаром Музейнага аддзела Наркамасветы. У пачатку 1922 запрошаны на працу ў БДУ[1]. Працаваў у Мінскай цэнтральнай партыйнай школе (1924—1927), у Інбелкульце і Інстытуце літаратуры і мастацтва АН БССР (1927—1933). Прафесар. Рэпрэсіраваны, у даведніках Л. У. Маракова згадваецца як адзін з «нацдэмаў», але асобнага артыкула пра Я. І. Барычэўскага няма. Пасмяротна рэабілітаваны.

Навуковая дзейнасцьПравіць

Пісаў на беларускай і рускай мовах. У 1922 годзе ў Маскве выйшла складзеная Я. Барычэўскім кніга «Мир искусств в образах». У 1927 годзе ў Мінску выдадзены працы «Тэорыя санету» і «Паэтыка літаратурных жанраў», якія найбольш глыбока ў тагачасным беларускім літаратуразнаўстве тлумачылі прыроду мастацтва ў яго сувязі з сацыяльна-гістарычнымі і грамадскімі з'явамі[1].

Артыкулы і даследаванні па пытаннях паэтыкі і эстэтыкі, прысвечаныя творчасці Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, М. Гарэцкага, рускіх, нямецкіх, французскіх пісьменнікаў, друкаваліся ў «Працах Беларускага дзяржаўнага універсітэта», у часопісах «Маладняк», «Узвышша», «Полымя», «Трыбуна мастацтва». Аўтар дапаможніка для студэнтаў-завочнікаў «Паэтыка. Курс для завочнага педфаку» (1929—1930). Удзельнічаў у падрыхтоўцы Збору твораў М. Багдановіча ў 2 т. (1927—1928).

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 Боричевский Евгений Иванович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 75. — 737 с.

ЛітаратураПравіць

  • Барычэўскі Яўген Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — 480 с. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2), ISBN 985-11-0035-8.
  • Яўген Іванавіч Барычэўскі // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995. — Т. 1.
  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
  • Барычэўскі Яўген Іванавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мінск: БелЭн, 1995. — 800 с.: іл. — 5000 экз. ISBN 985-11-0026-9. — С. 77.
  • Календарыюм // «Czasopis» № 12/2003
  • Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. Т. 1. — Мінск, 1984.
  • Чарнякевіч Ц. Мінск — Берлін — Масква — Мінск: Германіяна Яўгена Барычэўскага // Літаратура і мастацтва. № 5. — 2011, 4 лют.