18-ы літоўскі ўланскі полк
18-ы літоўскі ўланскі полк[1] (Нясвіжскі) — полк лёгкай кавалерыі, створаны дэкрэтам Напалеона I Банапарта ад 5 ліпеня 1812 года з рэкрутаў і добраахвотнікаў з земляў Вялікага Княства Літоўскага.
Шлях палка
правіцьКампанія 1812 года
правіцьСпачатку, 18-ы полк узначаліў брыгадны генерал Ваўжэцкі, але неўзабаве яго прызначылі інспектарам кавалерыі Вялікага Княства Літоўскага. Яго пераемнікам — Кароль Дамінік Пшаздзецкі. Старшымі афіцэрамі былі шэфы швадронаў Плошчынскі і Длузкі.
Галоўнай кватэрай палка стаў Нясвіж у Менскім дэпартаменце, па назве якога полк атрымаў сваю мянушку. З гэтага жа дэпартамента ў полк абавязаны былі паступаць кантаністы. Большасць жаўнераў былі рэкрутамі, але добраахвотнікаў таксама было нямала, вядома пра рэкрутаваных ваеннапалонных ураджэнцаў Вялікага Княства Літоўскага з Рускай імператарскай арміі.
З пачаткам восені 18-ы ўланскі выступае на Менск, важны пункт камунікацыйнай лініі Вялікай Арміі, праз яго ішлі абозы, маршавыя папаўненні, ваенная карэспандэнцыя. Непасрэдна ў горадзе знаходзіліся вялікія правіянцкія склады.
Прыбыўшы ў Менск, полк увайшоў у склад Менскай брыгады генерала Касецкага. Аднак жа, разумеючы, што уланы Пшаздецкага не падрыхтаваны да баявых сутыкненняў належным чынам, генерал-інспектар кавалерыі Вялікага Княства Літоўскага Ваўжэцкі наказаў яму выступіць да Віленскага дэпартамента каб працягнуць падрыхтоўку, пачатую напрыканцы жніўня. Але ж як толькі полк пачаў шлях, камандаванне палка атрымала супрацьлеглы наказ: трэба было зноўку ісці на Менск. Цягам наступных некалькіх тыдняў Пшаздецкі ўвесь час будзе атрымліваць самыя супрацьлеглыя наказы аб тым, куды ён вінен весці сваіх жаўнераў, таму 18-ы замест навучання будзе падзелены і без аніякай карысці маршыраваць па дэпартаменце.
Тым часам Менская брыгада Касецкага, у якой застаўся 3-ці швадрон 18-га палка з 230 чалавек, адступала пад ціскам значна праўзыходных сіл расіян. Уланы 18-га нясвіжскага нарэшце прынялі ўдзел у баявых дзеяннях. Упершыню сутыкнуўшыся з Расійскай імператарскай арміяй у Койданаўскім павеце: падчас шматгадзіннай бітвы, Менская брыгада была апракінута і рассеяна, частка трапіла ў палон. Вырвацца здолелі толькі некалькі сотняў пяхотнікаў, кавалерыстаў, ды генерал Касецкі ўласна. Першы баявы досвед аказаўся занадта жорсткім.
Моцна пабітыя, уланы вярнуліся ў Менск і ўвайшлі ў склад яго гарнізона. На вайсковай радзе, было прынята рашэнне пакінуць горад і ісці да Барысава каб з’яднацца з адступаючым войскам Напалеона, 18-ты жа хутчэй за ўсё здолее сабрацца разам.
Каля вёскі Лошніца, уланы адпомсцілі за сваю паразу пад Койданава. У складзе авангарду 2-го корпуса Вялікай арміі пад камандаваннем брыгаднага генерала Б. Кастэкса, полк Пшаздецкага, які налічваў 486 шабель, разбіў авангард 3-й Заходняй арміі П. Палена. Напалеонаўскі генерал атакаваў вялікімі сіламі, не даўшы суперніку разгарнуцца ў баявую лінію. Рускія спачатку падаліся назад, а затым і пабеглі. Іх даганялі і секлі польскія і літвінскія ўланы, якія прагнулі паквітацца за нядаўнюю паразу.
Калі Напалеон наказаў перапраўляцца праз Бярэзіну ля в. Студзёнка (барысаўскі мост спалілі рускія), палкоўнік Пшаздзецкі адным з першых, на чале ўланаў свайго палка, перайшоў раку раніцай 26 лістапада.
Непасрэдна падчас бітвы ля Бярэзіны ўланы 18-га прынялі ўдзел у атацы кавалерыі Думерка 28 лістапада. У разгар бою ля Стахаўскага леса руская пяхота моцна біла па адступаючай арміі французскага імператара. Рассыпаўшыся на стралецкія ланцугі, яна прасоўваліся наперад, ведучы забойны ружэйны агонь і наносячы моцную шкоду. Аднак гэты поспех быў набыты коштам поўнага разладу баявога парадку. У крытычны момант, маршал Нэй прыняў рашэнне атакаваць рускую пяхоту наўпрост у лесе. Шок ад раптоўнага ўдару кавалерыі быў такі, што расіяне былі не толькі перакулены і звернуты ва ўцёкі, але і пераследаваліся на працягу 5 кіламетраў углыб лесу.
Менавіта ўланы 18-га палка былі аднымі з тых, хто прыкрываў рэшткі Вялікай Арміі пры адыходзе ад Бярэзіны да Вільні. Але ў мястэчку Зембін яны былі пазбаўлены нямалай частцы сваіх коняў, аддаўшы 233 з іх па загадзе Напалеона конным егерам імператарскай гвардыі. Пасля гэтага ўланы былі пасланы да Вільні, каб падрыхтаваць зімовыя кватэры, бо яны добра ведалі мясцовасць гэтага краю. Аднак жа, як вядома, Вялікая Армія не размясцілася ў Вільні, а працягнула сваю цяжкую рэтрыяцыю на захад праз Коўна. Моцна парадзеўшы, але зноўку атрымаўшы коней, 18-ы напрыканцы снежня прыбудзе ў Варшаву.
Кампанія 1813 года
правіцьУ 1813 годзе літоўскія палкі былі рэарганізаваны. У сярэдзіне студзеня Напалеон, насуперак жадання галоўнакамандуючага Княства Варшаўскага князя Панятоўскага, прыняў іх на французскую службу, захаваўшы існуючую нумарацыю, асобную арганізацыю, абмундзіраванне і штат. Аднак, адрэзанасць ад рэкруцкіх базаў не дазваляла ўзмацніць парадзелыя шэрагі, таму было прынята рашэнне аб расфарміраванні дробных літоўскіх аддзелаў і ўліванні жаўнераў з іх у буйныя палкі. Такім чынам у склад 18-га ўланскага, што згодна рапарта брыгаднага генерала С. Грабоўскага ад 15 студзеня, налічваў 25 афіцэраў, 97 уланаў ды 131 каня паступілі рэшткі 21-га конна-стралецкага палка Манюшкі (5 афіцэраў, 26 стральцоў ды 32 коні), а сам полк уключаны ў зводную кавалерыйскую дывізію генерала А. Сулкоўскага, з якой разам адышоў у напрамку Кракава праз Пясэчна.
У пачатку лютага 1813 г. полк знаходзіўся ў Вольбужы ў складзе брыгады Юзэфа Талінскага, затым яго накіравалі ў Асякуў, Касцельнікі, а потым — у Саксонію праз Багемію.
Загадам аб арганізацыі VIII корпуса Вялікай Арміі ад 27 чэрвеня 1813 г. было канчаткова вырашана ўліць тое, што засталося ад 18-га ў склад 6-га палка ўлан польскіх, дзе яны прынялі ўдзел у бойках кампаніі 1813—1814 гадоў. Але ўжо ў жніўні 6-ы полк увайшоў у 1-ую дывізію IV корпуса рэзервовай кавалерыі Келлермана. Сам палкоўнік Пшаздецкі атрымаў пасаду ў штабе князя Панятоўскага. У шэрагах 6-га палка яны біліся пад Нойштатам 15 верасня 1813, дзе ўланы атакавалі і звярнулі два палкі казакоў. Пад Лаўтэрбахам 21 верасня яны апракінулі і пераследвалі значна праўзыходзячыя іх лікам рэгулярныя часткі ворага, а 4 кастрычніка ля Зехмы хвацкім нападам рассеялі рускіх гусар і казакоў, узяўшы больш за дзвесце палонных. 16 кастрычніка, у першы дзень знакамітай Лейпцыгскай «бітвы народаў» , 6-ы ўланскі полк страціў за чвэрць гадзіны забітымі і параненымі больш за палову сваіх ваяроў, але ў крытычны момант адкінуў суперніка, перашкодзіўшы яму развіць поспех. Пры Лейпцыгу ў палон да непрыяцеля трапіў К. Пшаздзецкі, які атрымаў раненне ў галаву. Бой быў прайграны, французскі імператар мусіў адступаць.
Напрыканцы існавання
правіцьСа складзенага 14 лістапада 1814 года колькаснага спісу былых палкоў Княства Варшаўскага і Вялікага Княства Літоўскага вядома, што стан 18-га палка быў наступны: 1 палкоўнік, 1 маёр, 3 капітаны, 2 падпаручыкі, 7 падафіцэраў, 7 жаўнераў; агулам 7 афіцэраў і 14 падафіцэраў ды жаўнераў. Вынікам, з тых, хто са зброяй ў руках у шэрагах 18-га ўланскага пакінуў Літву на зыходзе 1812 года, дадому павярнулася толькі 4 адсоткі (калі лічыць па найбольшай колькасці з рапарту 1812 г.). Пасля адрачэння Напалеона польска-літоўскія палкі, якія ваявалі на яго баку, былі ўзяты імператарам Аляксандрам I на расійскае ўтрыманне. У канцы ліпеня палкі прыбылі ў Княства Варшаўскае, што праз год, па рашэнні Венскага кангрэса, будзе далучана да Расіі як Каралеўства Польскае. Тут з польскіх фарміраванняў ізноў вылучылі былыя палкі Вялікага Княства Літоўскага. Іх накіравалі ў розныя дэпартаменты для перафарміравання, папаўнення да штатнай колькасці і пераўзбраення.
Прыняты ў пачатку 1815 года штат новага войска прадугледжваў (па фінансавых і іншых прычынах) захаванне толькі 12 пяхотных і 8 кавалерыйскіх палкоў. Іншыя (у тым ліку ўсе палкі Вялікага Княства Літоўскага) падлягалі расфарміраванню, а іх асабісты склад перадаваўся ў астатнія часткі. Падрабязнасці пасляваеннага жыцця былых нясвіжскіх уланаў нам пакуль невядомыя. Дакладна можна казаць, што нехта з іх сышоў у адстаўку, астатнія працягнулі службу ў арміі Каралеўства Польскага ці Літоўскім асобным корпусе Расійскай імператарскай арміі.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ СИРИО — Т. 128. Ч. 1. 1909, с. 287.
Літаратура
правіць- Andrzej Tomaszewicz. Wojsko Wielkiego Ksiestwa Litewskiego w roku 1812 // Nasz Czas.- 2006.-№ 18.
- Bronislaw Gembarzewski. Wojsko Polskie, Ksiestwo Warszawskie 1807—1814. Warszawa, 1905, reprint wyd. Kurpisz, Poznan, 2003.
- Gaidis H.L. Napoleon’s Lithuanian Forces //LITUANUS.-1984.-Volume 30., № 1.
- Guziki. Polskie guziki wojskowe od XVI do konca XX wieku. Przewodnik dla kolekcjonerow.-Warszawa, 1999.
- Historia 17 pulku ulanow na tle wojsk litewskich 1812—1814 / Jozef Tyszkiewicz w opracowaniu Dariusza Nawrota i Andrzeja Nieuwaznego.- Gdynia: Wydawnictwo «Armagedon Books», 2004.
- John R. Elting. Napoleonic uniforms vol. I—IV, 1993.
- Les uniformes de l`Armee Francaise. / Lienhart, Humbert.-Leipzig, 1908.
- Nawrot D. Litwa I Napoleon w 1812 roku. Katowice, 2008.
- Акты Виленской археографической комиссии. Т. XXXVII. Вильно, 1912.
- Приказ Императора Наполеона от 13 июля 1812 года о назначении офицеров в Литовские полки // Сборник Императорского Русского Исторического Общества. -- Т. 128 : Акты, документы и материалы для политической и бытовой истории 1812 года : Ч. 1 : Литва и западные губернии / Отв. за вып. К. А. Военский.. — Петербург, 1909. — С. 285. — VIII, XI, VIII, 582 с. 18 л. карт., факс. с.
- Вильна в 1812 году. В память столетней годовщины Отечественной войны. Составил Ф. А. Кудринский. С факсимиле Императора Александра I, Наполеона и некоторых русских генералов. Вильна: Издание Управления Виленскаго Учебнаго Округа Типография А. Г. Сыркина, 1912.
- Вооруженные силы Литовского княжества 1812 года. Кудряшов И. Ю. Москва, 1991.
- Заходні рэгіён Беларусі ў часы напалеонаўскіх войнаў. 1805—1815 гады. / В. Швед, С. Данскіх. — Гр.: ГрДУ імя Янкі Купалы, 2006.
- Часовая мінская газета. 1812 год. — Мн.: Выд. В.Хурсік, 2008.
- Реквием Минской бригаде. Историко-докуменальный очерк. Лякин В. А. Изд. УП «Экциклопедикс», Минск, 2014
- Белорусские солдаты Наполеона. Лякин В. А. Изд. Архив Великого княжества Литовского, Минск, 2017
- Последние защитники Великого Княжества Литовского. Лякин В. А. Изд. Цимберов Р. М., Минск, 2019