19-ы літоўскі пяхотны полк

19-ы пяхотны полк — полк лінейнай пяхоты, створаны загадам Напалеона летам 1812 года з рэкрутаў і добраахвотнікаў земляў былога Вялікага княства Літоўскага.

Гісторыя правіць

Рэкруты ў 19-ы пяхотны полк набіраліся ў асноўным з Жамойці. Полк стаяў у Расенах. Шэфам палка прызначаны Канстанцін Ігнатавіч Тызенгаўз. Яго намеснікам быў маёр Антоні Паўлоўскі (Antoni Pawłowski) — былы шэф батальёна 17-га пп, камандзірамі батальёнаў былі Аўгустын Радван (Augustyn Radwan) — былы капітан 17-га пп, Станіслаў Рымінскі (Stanisław Rymiński) — былы капітан 2-га пп, Юліян Гурскі (Julian Górski) — былы капітан 2-га пп.

У снежні 1812 года полк удзельнічаў у абароне Вільні. 11 лютага 1813 года полк узяў удзел у бітве на Варце пад Цыркам, дзе быў разбіты.

Строй правіць

Строй узору 1810 года, як у войску Герцагства Варшаўскага. Курткі гранатавыя, канты кармазінавыя, рабат белы. На рагатыўках ці ківерах над нумарной бляхай Арол з Пагоняй. У 1813 годзе, напэўна, Пагоня.

Сцягі палкавыя правіць

Не захаваліся. Апісанне штандара 19-га пяхотнага палка паводле Гембаржэўскага: чатырохкутнік памерам 75х75 см з сукна кармазінавага з 4-ма клінамі блакітнымі ядвабнымі. Пасярэдзіне арол у кароне, гафтаваны срэбрам і часткова золатам. У гары гафтаваны срэбрам надпіс: 19. Pulk piechoty. Аблямаваны штандар срэбранымі фрэдзламі. Дрэўка зроблена з дрэва, пафарбаванага чорным з залочанай куляй, на якой сядзіць пасярэбраны арол з каронай меднай.

У Варшаве захоўваюцца чырвона-блакітныя сцягі з Арлом без нумара палка з часоў 1812 года. Напэўна, сярод іх ёсць сцягі палкоў, сфарміраваных на тэрыторыі былога ВКЛ.

Артэфакты з музеяў і прыватных калекцый правіць

Вільня: захоўваецца ківерная бляха ў выглядзе тарчы Мінервы з лічбай 19.

Захаваўся каляровы партрэт шэфа 19-га пяхотнага палка Канстанціна Тызенгаўза.

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць

Спасылкі правіць