Траскі

(Пасля перасылкі з Gadus)

Траскі́ (Gadus) — род рыб сямейства трасковых.

Траскі

Атлантычная траска (Gadus morhua)
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Gadus Linnaeus, 1758


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  164710
NCBI  8048
EOL  13122
FW  35714

Біялогія правіць

Пашыраны ў морах паўночных частак Атлантычнага і Ціхага акіянаў. 1 від — траска атлантычная (Gadus morhua) з падвідамі: балтыйская, або дорш; беламорская; грэнландская; кільдзінская; ціхаакіянская. Паводле іншых класіфікацыяй да асобных відаў адносяць траску грэнландскую (Gadus ogac) і траску ціхаакіянскую (Gadus macrocephalus). Мае фіёрдавыя і азёрныя формы. Жыве ў прыдонных слаях вады на глыбіні да 300 м. У Атлантыцы робіць кармавыя і нераставыя міграцыі да 2 тыс. км. Даўжыня да 180 см, маса да 40 кг. Спіна зеленавата-аліўкавая з дробнымі жаўтаватымі плямамі, бруха і бакі светлыя. 3 спінныя, 2 анальныя плаўнікі. На ніжняй сківіцы вусік. Корміцца рыбай і ракападобнымі. З печані траскі атрымліваюць рыбін тлушч. Аб'ект промыслу.

Гісторыя правіць

З канца XV ст. лоўля траскі у паўночнай Атлантыцы, асабліва на водмелях Ньюфаўндленда, зрабілася буйным промыслам заходнееўрапейскіх рыбакоў, за які спаборнічалі баскі, нарвежцы, датчане ды іншыя. Паступова першынства ў гэтым промысле захапілі дзяржавы, якія мелі магутныя ваенныя флаты: Нідэрланды, Францыя, Англія. У XVI — XVII ст. траска робіцца другой па распаўсюджанасці марской рыбай у рацыёне Заходняй Еўропы, шырока даступнай нават бяднейшым пластам грамадства. У англасаксонскіх народаў промысел траскі і стравы з яе — істотная частка нацыянальнай культуры. Праз Гданьск траска трапляла і ў Рэч Паспалітую, дзе, аднак, яе даступнасць была значна вузейшай. У «Літоўскай гаспадыні» змяшчаецца шэраг рэкамендацый, як імітаваць траску з мясцовых прэснаводных рыб — шчупака і судака. Польская назва траскі dorsz запазычанне з нямецкай мовы; назва «мянка» ў старабеларускіх пісьмовых крыніцах (з сярэдзіны XVI ст., ад літоўскага ménkė), відавочна, дзеля асацыяцыі з ментузом — адзінай рыбай сямейства трасковых у Беларусі ды Літве. Траску трыбушылі і салілі на борце карабля ў Паўночнай Атлантыцы, або сушылі ў еўрапейскіх портах; такую сушаную і салёную траску ў Рэчы Паспалітай называлі «штокфіш», у асноўным траска была ў нас даступна менавіта ў такім выглядзе.

Кухня правіць

Нягледзячы на адносную даступнасць, траска — каштоўная рыба з добрымі дыетычнымі вартасцямі (малы змест насычаных тлустых кіслот ды нізкая каларыйнасць — 118 ккал на 100 г), з лагодным смакам, далікатным белым, сочным, слаістым мясам. Гарманічна спалучаецца з большасцю прыпраў, надаецца да гатавання рознымі спосабамі: смажання, запякання, вырабу кракетаў, мусаў, катлетаў. Падаюць і гарачай і халоднай, з разнастайнымі соусамі. Перад гатаваннем рэкамендуецца на працягу гадзіны ці болей вымачыць у лімонным соку, каб выдаліць непрыемны смак і пах рыбінага тлушчу. Класічным беларускім спосабам гатавання лічыцца запяканне пад «футрам» з пакрышаных кіслых яблыкаў і смятаны (у іншым варыянце — з хрэну).

Літаратура правіць

  • Белы А. Траска // Праект «Наша ежа»