IX археалагічны з’езд

(Пасля перасылкі з IX археалагічны з'езд)

IX (дзевяты) археалагічны з’езд. Адбыўся 31 ліпеня — 14 жніўня 1893 г. у Вільні па прапанове Маскоўскага археалагічнага таварыства. У 1891 г. з мэтай падрыхтоўкі і правядзення IX археалагічнага з’езду створаны Маскоўскі падрыхтоўчы камітэт з аддзяленнем у Вільні (кіраўнік генерал-лейтэнант П. Тыртоў, яго намеснік Ю. Ф. Крачкоўскі, члены камітэта Ф. М. Дабранскі, І. Я. Спрогіс, К. І. Снітка, М. Плашчынскі, Ф. В. Пакроўскі, А. П. Адамсон, В. І. Насовіч, А. І. Шверубовіч, В. В. Гразноў, Я. Ф. Карскі, М. І. Самойла, П. Д. Бранцаў, М. І. Коханаў, І. П. Трутнеў).

Была выпрацавана праграма вывучэння старажытнасцей беларуска-літоўскіх губерняў, якая ўключала праверку наяўных звестак аб курганах і гарадзішчах, разведачныя раскопкі новых археалагічных помнікаў, абагульненне атрыманых матэрыялаў, стварэнне археалагічных карт, збор дадзеных аб прыватных калекцыях. Для яе выканання распрацаваны апытальны ліст, які ў 7 тыс. экзэмпляраў разасланы ў органы мясцовай адміністрацыі, статыстычныя камітэты, прыватным асобам. Віленскае аддзяленне Маскоўскага падрыхтоўчага камітэта атрымала каля 900 адказаў ад настаўнікаў, святароў, ляснічых, валасных пісараў. Да працы па рэалізацыі праграмы запрашаліся вучоныя з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Кіева, Харкава, Адэсы, Юр’ева, Варшавы і інш. Вылучаныя папячыцелем Віленскай навучальнай акругі і ахвяраваныя прыватнымі асобамі сродкі пайшлі на выданне прац IX археалагічнага з’езда. Магілёўскі губернатар А. С. Дамбавецкі фінансаваў археалагічныя працы ў Падняпроўі Е. Р. Раманава, У. З. Завітневіча, М. В. Фурсава, С. Ю. Чалоўскага. Мэтанакіраваныя даследаванні археалагічных помнікаў у адпаведнасці з праграмай да з’езда правялі У. З. Завітневіч, Ф. В. Пакроўскі, М. В. Фурсаў, С. Ю. Чалоўскі, В. Шукевіч, А. С. Дамбавецкі, М. П. Авенарыус, Э. А. Вольтэр. Адбылося 15 пасяджэнняў арганізацыйнага камітэта.

Пасяджэнні праходзілі ў памяшканні 1-й мужчынскай гімназіі пад старшынствам графіні П. С. Уваравай пры ўдзеле 395 дэлегатаў (археолагаў, этнографаў, краязнаўцаў, гісторыкаў і інш.). У залах 2-й Віленскай гімназіі дзейнічалі выставы. У будынку Настаўніцкага інстытута былі вылучаны класы для «вечерних чаепитий» у час якіх працягваліся абмеркаванні археалагічных праблем. Для дэлегатаў з’езда Віленская гарадская ўправа вылучыла 30 нумароў у лепшых гатэлях горада. Для ўдзельнікаў з’езда ў Бернардзінскім садзе ладзілі свята. На з’езд прыязджалі вялікі князь Сяргей Аляксандравіч і вялікая княгіня Елізавета Фёдараўна. Былі арганізаваны экскурсіі ў Трокі і ў Коўна, паездка па р. Нёман і агляд старадаўняга Пачаеўскага манастыра. Княгіня Гогенлоэ зрабіла ў сваім маёнтку Верках прыём для ўдзельнікаў з’езда, а гаспадзін Чаркасаў прымаў іх у сваім загарадным доме.

Ад Мінскага губернскага статыстычнага камітэта на з’ездзе быў Г. Х. Татур і настаўнік Мінскай гімназіі А. П. Смародскі; ад Магілёўскага — стацкі саветнік, дырэктар Магілёўскай класічнай гімназіі, рэдактар неафіцыйнай часткі газеты «Могилевские губернские ведомости» М. В. Фурсаў; ад Гродзенскага — выкладчык гімназіі, член Гродзенскага археалагічнага камітэта, член Паўночна-Заходняга аддзела Рускага геаграфічнага таварыства Я. Ф. Арлоўскі і А. М. Горбаў; ад Віцебскага — выкладчык Віцебскай гімназіі А. П. Сапуноў.

На з’ездзе былі М. П. Авенарыус, прафесар Кіеўскага Імператарскага ўніверсітэта св. Уладзіміра У. Б. Антановіч, прафесар В. Г. Васільеўскі, архіварыус Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актаў М. Л. Вяроўкін, мастак В. В. Гразноў, граф Л. дэ Флёры, У. З. Завітневіч, М. Ф. Кусцінскі, святар Сынкавіцкага манастыра Е. І. Міхайлоўскі, выкладчык духоўнай семінарыі ў Вільні А. І. Мілавідаў, святар Л. С. Паеўскі, захавальнік Віленскага музея старажытнасцей Ф. В. Пакроўскі, А. М. Паўлінаў, маршалак дваранства Віленскай губерні А. С. Плятэр, інспектар вучылішч Е. Р. Раманаў, археолаг А. К. Снітка, член імператарскай Археалагічнай камісіі А. А. Спіцын, юрыст і калекцыянер Е. П. Федаровіч, паручык Лідскага рэзервавага батальёна М. А. Цыбышаў, археолаг і антраполаг В. Шукевіч, выкладчык Свіслацкай настаўніцкай семінарыі І. К. Шуліцкі і інш.

На выставе свае калекцыі прадставілі: імператарская Археалагічная камісія, Магілёўская губерня і прыватныя асобы: М. Ф. Кусцінскі, А. Плятэр, Е. Р. Раманаў, В. В. Гразноў і інш. В. Гразноў паказаў малюнкі і фота старажытных помнікаў.

У пратаколах з’езда пералічаецца, хто і які чытаў даклад, і прыводзіцца анатацыя. Было заслухана 86 дакладаў, з іх 43 прысвечаны старажытнасцям Беларусі: даследаванні курганоў Магілёўскай (У. З. Завітневіч, М. В. Фурсаў) і Мінскай (М. П. Авенарыус, Г. Х. Татур) губерняў, на мяжы Літвы і Беларусі (Ф. В. Пакроўскі), помнікаў бронзавага веку ў басейне р. Дняпра (К. П. Мельнік), пра заснаванне Гродна (Я. Ф. Арлоўскі), гісторыю Брэста (Л. С. Паеўскі), каменныя бабы (С. С. Слуцкі), старажытныя храмы Віцебска і Полацка (А. М. Паўлінаў), пра пахаванні радзімічаў (У. Б. Антановіч), пра яцвяжскія могільнікі (граф Л. дэ Флёры), пра месцазнаходжанне Крывога замка ў Вільні (В. Г. Васільеўскі) і інш.

Былі выдадзены «Труды IX Археологического съезда в Вильне» пад рэдакцыяй П. С. Уваравай і С. С. Слуцкага, «Каталог предметов, доставленных на Археологическую выставку при IX Археологическом съезде в Вильне в 1893 году». Да IX завершаны «Археологическая карта Гродненской губернии» Ф. В. Пакроўскага, «Археологическая карта Виленской губернии».

Публікацыі

правіць
  • [Чоловский, С.] Дневник курганных раскопок, произведенных по поручению почетного члена IX Археологического съезда, тайного советника А. С. Дембовецкого, в течении июня 1893 года, в 3-х уездах Могилевской губернии / [С. Чоловский]. — Могилев: Типография Губернского правления, 1893. — 16 с.

Літаратура

правіць
  • Алексеев, Л. В. Белорусская археология и историческое краеведение во второй половине XIX — начале XX в. // Советская археология. — 1968. — № 3. — С. 85 — 100.
  • Археалагічны з’езд дзевяты // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] с. — С. 46. — ISBN 978-985-11-0353-5.
  • Вяргей, В. Археалагічнае вывучэнне Беларусі ў другой палове XIX ст. / Валянціна Вяргей // Гістарычна-археалагічны зборнік. — 2006. — Вып. 22. — С. 9 — 13.
  • Каханоўскі, Г. А. Археалагічны з’езд дзевяты / Г. А. Каханоўскі // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с. — С. 49 — 50. — ISBN 5-85700-077-7.
  • Каханоўскі, Г. А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. / Г. А. Каханоўскі; навук. рэд. Л. Д. Побаль. — Мн.: Навука і тэхніка, 1984. — 118, [2] с.
  • Сторожев, В. Н. IX археологический съезд в г. Вильно / В. Н. Сторожев. — СПб.: Типография М. М. Стасюлевича, 1894. — 24 с.