Liber Usualis

(Пасля перасылкі з Liber usualis)

Liber usualis (лац., даслоўна «Штодзённая кніга») — зборнік паўсюдна выкарыстоўваных грыгарыянскіх харалаў, складзеных манахамі Салемскага абацтва святога Пятра.

Інцыпіт антыфоны Asperges, з Liber Usualis

Кніга аб'ёмам каля 1900 старонак утрымлівае большасць спеваў ардынарыя (Kyrie, Gloria, Credo, Sanctus і Agnus Dei) і пропрыя імшы і афіцыя для штодзённых і святочных набажэнстваў, у тым ліку болей за 200 старонак прысвечаныя Вялікаму тыдню. Таксама ў кнізе знаходзяцца напевы і для канкрэтных абрадаў, зафіксаваныя нотным запісам з IX стагоддзя і выконваемыя католікамі да нашых дзён.

У вялікай прадмове растлумачана, якім чынам чытаць і інтэрпрэтаваць рымскую квадратную натацыю, у якой запісаныя ўсе харалы Liber usualis. Падрабязны змест, дзе спевы сістэматызаваныя па жанрах/формах і алфавіце інцыпітаў, дазваляе лёгка зарыентавацца ў гэтай вялікай кнізе спеваў.

Liber usualis была ўпершыню выдадзеная ў 1896 годзе салемскім абатам Андрэ Макеро (1849—1930). Пасля таго, як Другі Ватыканскі сабор, адкрыты папам Янам XXIII у 1962 годзе, дазволіў у апостальскай канстытуцыі пра літургію Sacrosanctum Concilium прымяняць мясцовыя мовы ў царкоўных абрадах, выкарыстанне традыцыйнага лацінскага харалу скарацілася, хоць той жа сабор і пастанавіў, што грыгарыянскі спеў павінен захаваць "ганаровае месца" ў літургіі (Sacrosanctum Concilium, 116). Грыгарыянскія спевы да гэтага часу выконваюцца ў большасці кляштараў і ў некаторых цэрквах, а таксама свецкімі музыкамі, якія выступаюць за іх захаванне.

Спасылкі правіць