Анатамічная будова сцябла прымітыўная. Маладыя сцяблінкі маюць пратастэлічную, а дарослыя — плектастэлічную будову. Звонку сцябло пакрыта эпідэрмай. Далей ідзе моцная кара. Клеткі ўнутраных слаёў кары маюць тоўстыя сценкі і ўтвараюць механічнае кальцо. Цэнтральная частка сцябла занята канцэнтрычным праводзячым пучком (стэлай). Ксілема ў пучку размяшчаецца ў выглядзе стужак, якія злучаны паміж сабой. Паміж участкамі ксілемы і вакол яе з перыферыі — флаэма. Асяродка няма, камбія ў пучку няма. За флаэмай ідзе слой перыцыкла, далей — эндадэрма, якая аддзяляе пучок ад кары. У кары сцябла ёсць ліставыя сляды — пучкі праводзячай тканкі, якія ідуць да жылак ліста.
Характэрны рысы прымітыўнай арганізацыі: дыхатамічнае разгалінаванне сцяблоў і каранёў; адсутнасць строгай дэтэрмінаванасці пры закладванні парасткаў і каранёў; бакавыя
карані; анатамічнае падабенства ў будове сцяблоў і каранёў; наяўнасць самых прымітыўных тыпаў стэлы ў шэрагу відаў — пратастэлы, плектастэлы і актынастэлы; вялікая працягласць жыцця гаметафітаў; наяўнасць доўгай шыйкі архегонія. Гэта дае падставу разглядаць віды родаў дзеразовых як сапраўды жывых выкапнёвых раслін.