НАТА

(Пасля перасылкі з NATO)

Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавора[2], НАТА (англ.: North Atlantic Treaty Organisation, NATO; таксама фр.: Organisation du traité de l'Atlantique nord, OTAN), ваенна-палітычная арганізацыя, у якую ўваходяць ЗША, Канада і большасць краін Еўропы (уключаючы Турцыю), створаная на падставе Паўночнаатлантычнага дагавора (4 красавіка 1949, Вашынгтон). Забяспечвае калектыўную абарону краін-членаў.

Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавора
Карта краін-членаў
Краіна
Штаб-кватэра Сцяг Бельгіі Брусель, Бельгія
Тып арганізацыі military alliance[d], міжнародная міжурадавая арганізацыя[d], міжнародная арганізацыя і multinational military coalition[d]
Афіцыйныя мовы англійская, французская
Кіраўнікі
Генеральны сакратар Нарвегія Енс Столтэнберг
Заснаванне
Дата заснавання 4 красавіка 1949
Колькасць членаў 32 краіна[1]
Член у
Афіцыйны сайт
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Мэты дзейнасці правіць

Мэты дзейнасці Паўночнаатлантычнага альянсу зацверджаныя ў Артыкуле 5 Паўночнаатлантычнага дагавора:

Удзельнікі пагаджаюцца з тым, што ўзброеная атака супраць аднаго ці некалькіх з іх у Еўропе ці Паўночнай Амерыцы будзе расцэненая як атака супраць іх усіх. Адпаведна, яны пагаджаюцца ў выпадку такой агрэсіі кожны выканаць свае абавязкі па забеспячэнні калектыўнай бяспекі, аказаць дапамогу атакаванаму ці атакаваным удзельнікам разам з астатнімі ўдзельнікамі праз неабходныя для гэтага меры, уключаючы ваенныя, з мэтай падтрымання бяспекі ў паўночнаатлантычным рэгіёне.

Дагавор не змяшчае звестак пра патэнцыйных ворагаў і канкрэтныя меры па калектыўнай абароне. Тым не менш, першапачаткова альянс ствараўся для супрацьстаяння пагрозе з боку СССР і камуністычнага блоку. Паводле дагавора, напад на адну краіну-ўдзельніка арганізацыі расцэньваўся як агрэсія супраць усіх краін НАТА. На шчасце, упершыню гэтае палажэнне спрацавала толькі ў 2001 годзе пасля падзей 11 верасня[3].

Дзяржавы-члены правіць

дата ўступлення Краіна Пашырэнне Заўвага
4 красавіка 1949
  Бельгія краіны-заснавальнікі
  Канада
  Данія
  Францыя
  Ісландыя
  Італія
  Люксембург
  Нідэрланды
  Нарвегія
  Партугалія
  Вялікабрытанія
  Злучаныя Штаты Амерыкі
18 лютага 1952
  Грэцыя першае
  Турцыя
9 мая 1955   Германія другое
30 мая 1982   Іспанія трэцяе
12 сакавіка 1999   Чэхія чацвёртае У складзе Чэхаславакіі, былога члена Варшаўскай дамовы ў гады 1955-1991.
  Венгрыя Былы член Варшаўскай дамовы ў гады 1955-1991.
  Польшча Былы член Варшаўскай дамовы ў гады 1955-1991.
29 сакавіка 2004   Балгарыя пятае Былы член Варшаўскай дамовы ў гады 1955-1991.
  Эстонія Яна была саюзнай рэспублікай СССР, членам Варшаўскай дамовы ў гады 1955-1991.
  Латвія Яна была саюзнай рэспублікай СССР, членам Варшаўскай дамовы ў гады 1955-1991.
  Літва Яна была саюзнай рэспублікай СССР, членам Варшаўскай дамовы ў гады 1955-1991.
  Румынія Былы член Варшаўскай дамовы з 1955 па 1991.
  Славакія У рамках Чэхаславакіі, членам Варшаўскага дагавора ў гады 1955-1991.
  Славенія У складзе Югаславіі, сябра Руху недалучэння ў гады 1945-1991.
1 красавіка 2009   Албанія шостае Былы член Варшаўскай дамовы ў гады 1955-1968.
  Харватыя
5 чэрвеня 2017   Чарнагорыя сёмае
27 сакавіка 2020   Паўночная Македонія восьмае
4 красавіка 2023   Фінляндыя дзявятае
7 сакавіка 2024   Швецыя дзясятае

Гісторыя правіць

 
Ход пашырэння НАТА

Антыгітлераўская кааліцыя СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і іншых краін распалася практычна адразу ж пасля перамогі ў Другой сусветнай вайне. Былыя саюзнікі распачалі перадзел свету на сферы ўплыву і прыступілі да рэалізацыі мер па ваенна-палітычным замацаванні сваіх поспехаў.

17 сакавіка 1948 пяць заходнееўрапейскіх дзяржаў — Бельгія, Вялікабрытанія, Люксембург, Нідэрланды і Францыя — падпісалі Брусельскі дагавор, на падставе якога стварылі субрэгіянальную сістэму калектыўнай абароны — Заходнееўрапейскі саюз. Паралельна ім СССР і сацыялістычныя краіны Усходняй Еўропы заключылі паміж сабой дагаворы аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе. Заходнееўрапейцы пайшлі далей і пачалі абмеркаванне з ЗША і Канадай праекта Паўночнаатлантычнага ваенна-палітычнага альянсу, запрасіўшы да ўдзелу ў гэтым працэсе шэраг іншых краін Заходняй Еўропы — Данію, Ісландыю, Італію, Нарвегію і Партугалію. Перамовы завяршыліся падпісаннем у Вашынгтоне 4 красавіка 1949 дагавора паміж гэтымі дванаццаццю дзяржавамі. У 1952 да яго далучыліся Грэцыя і Турцыя, у 1955 — ФРГ1990 — дзеянне дагавора пашырылася на тэрыторыю былой ГДР), у 1982 — Іспанія, у 1999 — Венгрыя, Польшча, Чэхія, у 2004 — Балгарыя, Латвія, Літва, Румынія, Славакія, Славенія, Эстонія, у 2009 — Албанія, Харватыя, у 2017Чарнагорыя, у 2020Паўночная Македонія. Перамовы аб магчымым далучэнні вядуцца з Грузіяй, Сербіяй, Босніяй і Герцэгавінай, Украінай. 18 мая 2022 года прадстаўнікі Фінляндыі і Швецыі перадалі ў штаб-кватэру НАТА афіцыйныя заяўкі на далучэнне да Альянсу. 4 красавіка 2023 года Фінляндыя стала 31-м членам НАТА.

СССР у 1954 прапанаваў сябе ў якасці магчымага ўдзельніка НАТА дзеля захавання міру і адзінства ў Еўропе, але члены арганізацыі адкінулі савецкую ініцыятыву. У выніку ў 1955 СССР са сваімі ўсходнееўрапейскімі саюзнікамі, каб зменшыць пагрозу з боку аб’яднанага Захаду, стварылі Арганізацыю Варшаўскага дагавора.

У 1958 НАТА сутыкнулася з першым вялікім унутраным крызісам. Прэзідэнт Францыі Шарль дэ Голь выступіў супраць гегемоніі ЗША ў справах Заходняй Еўропы. У прыватнасці, ён крытыкаваў асаблівыя адносіны ЗША і Вялікабрытаніі, прапанаваўшы замест гэтага аформіць трохбаковы дырэктарат з роўнымі палітычнымі правамі Францыі, Вялікабрытаніі і ЗША. Атрымаўшы адмову, дэ Голь пачаў вывад сваёй краіны з НАТА. У наступныя гады штаб-кватэра НАТА і камандаванне аб’яднанымі ўзброенымі сіламі НАТА ў Еўропе былі пераведзены з Парыжа адпаведна ў Брусель і Монс (Бельгія), амерыканскія вайсковыя базы на французскай тэрыторыі былі закрытыя, Францыя распачала ўласную праграму стварэння ядзернай зброі і пакінула (часова, з 1966 па 1995) ваенную арганізацыю НАТА.

У 1974 з ваеннай арганізацыі НАТА выйшла Грэцыя, пратэстуючы супраць турэцкага ўварвання на Кіпр (вярнулася ў 1980).

Ва ўмовах блокавага супрацьстаяння, калі на ўліку была кожная краіна, выкарыстоўваліся любыя магчымасці для пашырэння альянсу: інтэгравалі ў НАТА дэнацыфікаваную Заходнюю Германію і постфранкісцкую Іспанію, вялі работу з нейтральнымі краінамі з мэтай пераканаць іх адмовіцца ад свайго статусу. Комплекс сакрэтных аперацый вайсковых і палітычных разведак краін НАТА па падрыхтоўцы партызанаў на выпадак савецкай акупацыі паставіў пад кантроль палітычнае і грамадскае жыццё шэрагу краін Заходняй Еўропы, у прыватнасці не дапусціў прыход да ўлады левых сіл у Італіі (аперацыя «Гладыё»).

НАТА з самага пачатку праектавалася для ўдзелу ў глабальнай міжблокавай вайне, адпаведна былі адбудаваны яе палітычная і ваенная структуры. На практыцы выкарыстоўваліся асобныя магчымасці НАТА (пераважна, абмен развед’інфармацыяй) пры вырашэнні яе членамі менш маштабных задач (Фалклендская вайна, Паўночнаірландскі канфлікт і г.д.).

Шматлікія ж непаразуменні і спрэчкі паміж членамі НАТА вырашаліся без яе ўдзелу (у двухбаковым парадку ці пры пасрэдніцтве ААН), што пацвярджае характар НАТА як арганізацыі менавіта калектыўнай абароны, а не калектыўнай бяспекі.

На працягу «халоднай вайны» асноўным праціўнікам НАТА была Арганізацыя Варшаўскага дагавора. Ліквідацыя апошняй у 1991 прывяла да т. зв. «крызісу ідэнтычнасці», звязанага з пошукам абгрунтавання патрэбы захоўваць арганізацыю, з якога яна выйшла ў сярэдзіне 1990-х, умяшаўшыся ў Югаслаўскія войны, спачатку пад эгідай ААН, а потым самастойна.

Узброеныя сілы правіць

Усе члены НАТА маюць узброеныя сілы, толькі Ісландыя не мае рэгулярнай арміі (аднак мае ахову ўзбярэжжа і невялікі атрад салдат для міратворчых аперацый). Тры дзяржавы-члены маюць ядзерную зброю: Францыя, Вялікабрытанія і ЗША.

Юрыдычная прырода правіць

Сутнаснае прызначэнне НАТА — забеспячэнне бяспекі дзяржаў-членаў ва ўсіх сферах у адпаведнасці з асноўнымі прынцыпамі міжнароднага права. Фундаментальны прынцып дзейнасці арганізацыі — супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне суверэнных дзяржаў, заснаванае на непадзельнасці бяспекі. НАТА падтрымлівае т. зв. трансатлантычную сувязь, пры якой бяспека Паўночнай Амерыкі непасрэдна звязана з бяспекай Еўропы.

З прававога пункту гледжання, НАТА — міжнародная міжурадавая арганізацыя. Узяўшы за аснову дактрынальнае азначэнне міжнароднай арганізацыі як аб’яднання дзяржаў, створанага на падставе міжнароднага дагавора для выканання пэўных мэт, якое мае адпаведную сістэму органаў, валодае правамі і абавязкамі, адрознымі ад правоў і абавязкаў дзяржаў-членаў, і заснаванае ў адпаведнасці з міжнародным правам, можна, такім чынам, гаварыць аб наступных пяці прыкметах, якія складаюць паняцце міжнароднай арганізацыі з юрыдычнага погляду: дагаворная аснова; наяўнасць пэўных мэт; адпаведная арганізацыйная структура; самастойныя правы і абавязкі; заснаванне ў адпаведнасці з міжнародным правам.

1. Дагаворная аснова (канвенцыйны базіс) Паўночнаатлантычнага альянсу прадстаўлена Вашынгтонскім дагаворам 1949 і чатырнаццаццю пагадненнямі — 1952 (два), 1955, 1980, 1999 (тры) і 2004 (сем пагадненняў) гадоў — аб далучэнні Грэцыі, Турцыі, ФРГ, Іспаніі, Венгрыі, Польшчы, Чэхіі, Балгарыі, Латвіі, Літвы, Румыніі, Славакіі, Славеніі і Эстоніі да НАТА. Суб’ектамі дагавора з’яўляюцца дзяржавы. Гэта вызначае юрыдычную прыроду міжнароднай арганізацыі, сведчыць аб яе міждзяржаўным характары, адрозніваючы тым самым ад міжнародных няўрадавых арганізацый.

2. Наяўнасць пэўных мэт — важная прыкмета ў вызначэнні правамернага характару міжнароднай арганізацыі, яе арганізацыйнай структуры, кампетэнцыі, якой надзеленая арганізацыя. НАТА стваралася, каб аб’яднаць намаганні краін-членаў для калектыўнай абароны і захавання міру і бяспекі. Заключаны ў адпаведнасці са Статутам ААН Паўночнаатлантычны пакт ставіць перад НАТА і мэты Аб’яднаных Нацый, зафіксаваныя ў прэамбуле і арт. 1 Статута: вызваліць наступныя пакаленні ад бедстваў вайны, пацвердзіць веру ў асноўныя правы чалавека і ў роўнасць правоў вялікіх і малых нацый, стварыць умовы, пры якіх могуць захоўвацца справядлівасць і павага да абавязацельстваў, што вынікаюць з дагавораў і іншых крыніц міжнароднага права, садзейнічаць сацыяльнаму прагрэсу і паляпшэнню ўмоў жыцця пры большай волі, ажыццяўляць міжнароднае супрацоўніцтва ў вырашэнні міжнародных праблем эканамічнага, сацыяльнага, культурнага і гуманітарнага характару, падтрымліваць міжнародны мір і бяспеку і з гэтай мэтай прадпрымаць эфектыўныя калектыўныя меры для прадухілення і спынення пагрозы міру і падаўлення актаў агрэсіі ці іншых парушэнняў міру.

3. Як правіла, аснову сістэмы органаў міжнароднай арганізацыі складаюць наступныя віды органаў: 1) вышэйшы, 2) выканаўчы, 3) адміністрацыйны, 4) спецыяльныя камітэты і камісіі. Структура НАТА не адпавядае гэтай сістэме, характэрнай для большасці сучасных міжнародных арганізацый, і больш нагадвае сістэму органаў ААН з яе галоўнымі і дапаможнымі органамі. Дагавор устанаўлівае стварэнне Савета і дапаможных органаў, з якіх першым будзе створаны Камітэт абароны. Такім чынам, Савет (Паўночнаатлантычны савет) — вышэйшы орган НАТА. У выканаўчым органе, які закліканы кіраваць арганізацыяй паміж сесіямі вышэйшага органа, НАТА не мае патрэбы. Паняцце сесійнасці тут умоўнае, таму што ёсць магчымасць збіраць прадстаўнікоў дзяржаў-членаў у любы момант (пры тым, што і ў звычайных умовах яны сустракаюцца не радзей за адзін раз на тыдзень). Функцыі, якія, як правіла, выконваюць выканаўчыя органы, — забеспячэнне эфектыўнасці дзейнасці міжнароднай арганізацыі, ажыццяўленне сувязі з дзяржавамі-членамі і іншымі міжнароднымі арганізацыямі, складанне бюджэту арганізацыі, падрыхтоўка павесткі дня пасяджэнняў вышэйшага органа і разгляд пытанняў персаналу — у асноўным перададзены Міжнароднаму сакратарыяту НАТА. Між тым, у большасці міжнародных арганізацый сакратарыят — орган адміністрацыйны.

4. НАТА мае самастойныя правы і абавязкі, адрозныя ад правоў і абавязкаў дзяржаў-членаў. Ва ўстаноўчым акце міжнароднай арганізацыі асобныя артыкулы адрасаваны непасрэдна дзяржавам-членам, іншыя — міжнароднай арганізацыі, у асобе яе органаў. У арт. 8 Вашынгтонскага дагавора абвешчана, што

«кожны бок, які дамаўляецца, заяўляе, што ні адно з міжнародных пагадненняў, якія маюць у цяперашні час сілу, паміж ім і любым іншым бокам, які дамаўляецца, не знаходзіцца ў супярэчнасці з палажэннямі гэтага дагавора, і абавязваецца не прымаць ніякага міжнароднага абавязацельства, якое супярэчыць гэтаму дагавору».

Арт. 9 дагавора, наадварот, звернуты непасрэдна да арганізацыі:

«Савет створыць такія дапаможныя органы, якія могуць аказацца неабходнымі, у прыватнасці, ён неадкладна створыць Камітэт абароны, які будзе рэкамендаваць меры для прымянення артыкулаў 3 і 5».

Магчымасць міжнароднай арганізацыі мець самастойныя правы і абавязкі, асобныя ад правоў і абавязкаў дзяржаў-членаў, фарміруе арганізацыю як суб’екта міжнароднага права, які валодае сваёй прававой воляй і правы якога непасрэдна звязаныя з міжнароднай правасуб’ектнасцю. Да такіх правоў належаць права на заключэнне міжнародных пагадненняў, права на прывілеі і імунітэты, права на прадстаўніцтва і іншыя правы, звязаныя з міжнароднай правасуб’ектнасцю. Вонкава міжнародная арганізацыя, у тым ліку і НАТА, выступае самастойна, як адзінае цэлае, прадстаўленае генеральным сакратаром арганізацыі.

5. Пад заснаваннем ў адпаведнасці з міжнародным правам разумеецца правамерны характар міжнароднай арганізацыі, неабходнасць адпаведнасці яе статута і дзейнасці агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права і, перш за ўсё, нормам jus cogens у сэнсе арт. 53 Венскай канвенцыі аб праве міжнародных дагавораў 1969. Лічыцца, што імператыўнымі нормамі jus cogens з’яўляюцца прынцыпы Статута ААН, а Паўночнаатлантычны пакт у цэлым тэкстуальна сумяшчальны са Статутам ААН. У той жа час, не адпавядаюць главе VIII Статута ААН палажэнні Вашынгтонскага дагавора аб яго тэрытарыяльнай сферы дзеяння: некалькі кантынентаў і велізарныя прасторы Сусветнага акіяна. НАТА таксама не выконвае арганізацыйна-прававых мер, якія накладаюцца на яе, як на рэгіянальную арганізацыю ў адпаведнасці з главой VIII, але працягвае настойваць на гэтым статусе, каб мець магчымасць ажыццяўляць прымусовыя дзеянні адносна іншых дзяржаў, як у выпадку з легітымацыяй агрэсіі НАТА супраць Югаславіі.

Арганізацыйная структура правіць

  • Паўночнаатлантычны савет (англ.: The North Atlantic Council, NAC), вышэйшы палітычны орган НАТА, складаецца з пастаянных прадстаўнікоў (у рангу пасла) усіх краін-членаў, якія праводзяць пасяджэнні як мінімум раз на тыдзень. Савет таксама збіраецца на міністэрскім і на вышэйшым узроўнях, але, у любым выпадку, ён мае аднолькавыя паўнамоцтвы ў прыняцці рашэнняў, незалежна ад узроўню, на якім гэта было зроблена. Рашэнні прымаюцца на аснове кансэнсусу. Старшынствуе на пасяджэннях Генеральны сакратар НАТА.

Савет — адзіны орган, стварэнне якога прама прадугледжана тэкстам Паўночнаатлантычнага дагавора. Савет надзелены паўнамоцтвамі ўтвараць дадатковыя органы. Так былі створаны камітэты і планавыя групы для забеспячэння работы Савета і падрыхтоўкі рэкамендацый ў спецыяльных галінах.

Пытанні, якія разглядае Савет, датычацца ўсіх аспектаў дзейнасці арганізацыі і, звычайна, засноўваюцца на дакладах і рэкамендацыях, якія рыхтуюцца па запыту Савета ніжэйшымі камітэтамі. Пытанні таксама могуць быць паднятыя нацыянальнымі пастаяннымі прадстаўнікамі ці Генеральным сакратаром.

  • Камітэт планавання абароны (англ.: Defence Planning Committee, DPC), палітыка-ваенны орган НАТА, звычайна складаецца з пастаянных прадстаўнікоў усіх краін-членаў акрамя Францыі, і як мінімум двойчы на год склікаецца на ўзроўні міністраў абароны і разглядае пытанні, звязаныя з сумесным абарончым планаваннем. Камітэт планавання абароны забяспечвае кіраванне ваеннымі структурамі НАТА і, у межах сваёй кампетэнцыі, мае тыя функцыі і паўнамоцтвы, што і Паўночнаатлантычны савет ў межах яго кампетэнцыі.
  • Група ядзернага планавання (англ.: Nuclear Planning Group, NPG), асноўны орган для кансультацый па ўсіх пытаннях, што адносяцца да ролі ядзерных сіл у палітыцы бяспекі і абароны НАТА. У групе ўдзельнічаюць усе краіны-члены, за выключэннем Францыі. Ісландыя ўдзельнічае як назіральнік. Група, як правіла, збіраецца два разы на год на ўзроўні міністраў абароны, звычайна разам з Камітэтам планавання абароны, а таксама на ўзроўні паслоў — па меры неабходнасці.
  • Генеральны сакратар (англ.: The Secretary General), вышэйшая службовая асоба НАТА. Ён адказвае за арганізацыю і кіраўніцтва працэсам кансультацый і выпрацоўкі рашэнняў у Паўночнаатлантычным альянсе. Узначальвае пасяджэнні Паўночнаатлантычнага савета, Камітэта планавання абароны, Групы ядзернага планавання, іншых галоўных камітэтаў. Ён дзейнічае як галоўны афіцыйны прадстаўнік (англ.: principal spokesman) арганізацыі ў яе знешніх стасунках. Генеральнаму сакратару падпарадкаваны Міжнародны сакратарыят. З 2004 пасаду Генеральнага сакратара займае Яап дэ Хооп Схефер (Нідэрланды).

Пад непасрэдным кіраўніцтвам Генеральнага сакратара знаходзяцца Кабінет (англ.: Private Office) і Адміністрацыя (англ.: Office of the Secretary General) Генеральнага сакратара. Кабінет дапамагае Генеральнаму сакратару і яго намесніку (які кіруе шэрагам рабочых груп) па ўсіх аспектах іх працы. У яго штаце знаходзяцца юрысконсульт і спецыяльны саветнік па справах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Адміністрацыя Генеральнага сакратара складаецца з Выканаўчага сакратарыята, Упраўлення інфармацыі і прэсы і Службы бяспекі НАТА. Выканаўчы сакратарыят (англ.: Executive Secretariat) забяспечвае функцыянаванне Савета НАТА, Савета Еўра-атлантычнага партнёрства, Камітэта планавання абароны, Групы ядзернага планавання і ўсіх структур, утвораных вышэйназванымі органамі. На Выканаўчы сакратарыят ускладзена і адміністрацыйнае забеспячэнне праграмы «Партнёрства дзеля міру».

Упраўленне інфармацыі і прэсы (англ.: Office of Information and Press) складаецца са Службы СМІ (англ.: Press and Media Service) і Інфармацыйнай службы (англ.: Information Service). Дырэктар Упраўлення ўзначальвае таксама Камітэт па інфармацыі і культурных сувязях (англ.: the Committee on Information and Cultural Relations).

Служба бяспекі НАТА (англ.: NATO Office of Security) каардынуе і ажыццяўляе палітыку ўнутранай бяспекі НАТА. Дырэктар службы — галоўны саветнік Генеральнага сакратара па пытаннях бяспекі і старшыня Камітэта НАТА па бяспецы (англ.: NATO Security Committee). Ён кіруе Службай бяспекі штаб-кватэры і адказвае за ўсеагульную бяспеку ў блоку.

  • Міжнародны сакратарыят (англ.: International Staff) забяспечвае дзейнасць Савета НАТА і яго камітэтаў. Міжнародны сакратарыят складаецца з Адміністрацыі Генеральнага сакратара, пяці аддзелаў (палітычны, планавання і палітыкі абароны, матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння абароны, інфраструктуры і планавання выкарыстання цывільных службаў пры надзвычайным становішчы, па навуцы і навакольным асяроддзі), кіраўніцтва справамі і кабінета фінансавага кантралёра. Кожны з аддзелаў узначальваецца памочнікам генеральнага сакратара. Акрамя таго, Міжнародны сакратарыят — гэта некалькі цывільных агенцтваў і арганізацый, размешчаных у розных краінах-членах. Гэтыя арганізацыі працуюць па спецыяльных кірунках, такіх як камунікацыі ці тылавое забеспячэнне.

Персанал Міжнароднага сакратарыята набіраецца непасрэдна арганізацыяй альбо па накіраваннях ўрадаў краін-членаў тэрмінам на тры – чатыры гады. Супрацоўнікі міжнароднага сакратарыята адказныя перад Генеральным сакратаром і абавязваюцца захоўваць поўную лаяльнасць арганізацыі на ўвесь час знаходжання на пасадзе.

  • Ваенны камітэт (англ.: Military Committee), вышэйшы ваенны орган НАТА, дае палітычным уладам блока рэкамендацыі па ваенных пытаннях дзейнасці ў зоне адказнасці НАТА, забяспечвае Галоўнаму камандаванню НАТА магчымасць выканання сваіх функцый. Знаходзіцца пад палітычным кіраўніцтвам Паўночнаатлантычнага савета і Камітэта планавання абароны, а калі закранаюцца ядзерныя пытанні, то і Групы ядзернага планавання. Камітэт складаецца з начальнікаў штабоў кожнай краіны-члена (у тым ліку, і Францыі, якая да 1996 года была прадстаўлена вайсковай місіяй у Ваенным камітэце). Ісландыя не мае ўзброеных сіл, але можа быць прадстаўлена цывільнай асобай. Начальнікі штабоў сустракаюцца не радзей, як два разы на год. У астатні час краіны прадстаўлены нацыянальнымі ваеннымі прадстаўнікамі, што прызначаюцца начальнікамі штабоў.
  • Інтэграваная вайсковая структура (англ.: Integrated Military Structure) знаходзіцца пад палітычным кантролем і бягучым кіраўніцтвам вышэйшага ўзроўню. Яе прызначэнне — у забеспячэнні арганізацыйных рамак абароны тэрыторый краін-членаў ад знешніх пагроз. Яна ўключае ў сябе сетку вайсковага камандавання, што пакрывае ўсю Паўночнаатлантычную зону.

НАТА мае два галоўныя цэнтры камандавання — Саюзнае камандаванне аб’яднаных ўзброеных сіл у Еўропе (англ.: Supreme Allied Commander Europe, SACEUR), размешчанае ў так званым ШЭЙПе (англ.: SHAPE — Supreme Headquarters Allied Powers Europe), непадалёку ад Монса (Бельгія), і Саюзнае камандаванне аб’яднаных узброеных сіл у зоне Атлантычнага акіяна (англ.: Supreme Allied Commander Atlantic, SACLANT) у Норфалку (штат Вірджынія, ЗША). Існуе таксама Рэгіянальная стратэгічная група Канады—ЗША (англ.: Canada—U.S. Regional Planning Group, CUSRPG), размешчаная ў Арлінгтоне (ЗША), якой даручана каардынаваць планаванне абароны Паўночнай Амерыкі.

  • Міжнародны ваенны штаб (англ.: International Military Staff) забяспечвае дзейнасць Ваеннага камітэта і арганізуе выкананне яго рашэнняў. Супрацоўнікі Міжнароднага ваеннага штаба маюць такі ж статус у арганізацыі, як і супрацоўнікі Міжнароднага сакратарыята, але падпадаюць пад адміністрацыйную ўладу начальніка штаба альбо кіраўніка самастойнага агенцтва НАТА, у якім яны непасрэдна працуюць. Начальнік Міжнароднага ваеннага штаба выбіраецца Ваенным камітэтам і можа быць прадстаўніком любой краіны, але мець адрознае грамадзянства ад старшыні Ваеннага камітэта.

У арганізацыйным плане Міжнародны ваенны штаб падраздзяляецца на наступныя аддзелы: разведкі, планавання і палітыкі, аперацый, матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, сувязі і сістэм інфармацыі, узбраенняў і стандартызацыі. Пры начальніку Міжнароднага ваеннага штаба створаны Сітуацыйны цэнтр НАТА (англ.: NATO Situation Centre), прызначаны дапамагаць Паўночнаатлантычнаму савету, Камітэту планавання абароны і Ваеннаму камітэту ў выкананні імі сваіх функцый у крызісныя перыяды. Цэнтр кругласутачна назірае за палітычным, ваенным і эканамічным станам у сферах, якія цікавяць НАТА, наглядае і абслугоўвае сістэмы сувязі НАТА, забяспечвае магчымасці для хуткай арганізацыі кансультацый і камандных дзеянняў падчас перыядаў напружанасці.

Пасля абвешчаных пасля студзеньскага 1994 саміту ініцыятыў Паўночнаатлантычны савет заснаваў некалькі дадатковых структур, якія дапамагаюць НАТА у выкананні яе новых задач.

Камітэт палітыка-вайсковага кіравання па праграме «Партнёрства дзеля міру» (англ.: Political-Military Steering Committee on Partnership for Pease, PMSE) з’яўляецца важнейшым рабочым форумам «Партнёрства». Ён збіраецца ў розных канфігурацыях: гэта і сустрэчы з асобнымі краінамі-партнёрамі, і з усімі краінамі —ўдзельніцамі Савета Еўра-атлантычнага партнёрства.

Сумесны камітэт па праблеме распаўсюджвання зброі (англ.: Joint Committee on Proliferation, JCP) распрацоўвае супольную палітыку ў галіне распаўсюджвання ўзбраенняў і з’яўляецца палітычным форумам для кансультацый па гэтай праблеме.

Часовая група каардынавання палітыкі (англ.: Provisional Policy Coordination Group, PPCG) працуе над праблемай падтрымання міру і над тым, як павысіць эфектыўнасць НАТА ў гэтай галіне, распрацоўвае канцэпцыю аб’яднаных тактычных войскаў. Група адказвае за супрацоўніцтва з Заходнееўрапейскім Саюзам.

  • Большасць з арганізацыйных структур НАТА размешчана ў яе штаб-кватэры. Штаб-кватэра НАТА (англ.: the NATO Headquarters) у Бруселі з’яўляецца палітычным цэнтрам Альянсу і пастаянным месцам знаходжання Паўночнаатлантычнага савета. Тут размяшчаюцца пастаянныя прадстаўніцтвы дзяржаў-членаў, Генеральны сакратар і Міжнародны сакратарыят, нацыянальныя вайсковыя прадстаўніцтвы, старшыня Ваеннага камітэта і Міжнародны вайсковы штаб і шмат якіх агенцтваў НАТА.

Каля 4 тысяч чалавек працуюць у штаб-кватэры НАТА на поўнай стаўцы. З іх больш за 2000 — члены нацыянальных прадстаўніцтваў пры НАТА. Прыкладна тысячу чалавек налічвае Міжнародны сакратарыят і да 500 — Міжнародны ваенны штаб.

  • У дадатак да апісаных вышэй камандных структур існуе шэраг ваенных агенцтваў, даследчых і навучальных устаноў, падпарадкаваных Ваеннаму камітэту або вярхоўным галоўнакамандуючым.

Дарадчая група па аэракасмічных даследаваннях (англ.: Advisory Group for Aerospace Research and Development,AGARD) была ўтворана ў 1952 для спрыяння распрацоўкам і абмену інфармацыяй у галіне аэракасманаўтыкі паміж краінамі НАТА. Штаб-кватэра AGARD знаходзіцца ў Парыжы.

Ваеннае агенцтва па стандартызацыі (англ.: Military Agency for Standartisation, MAS), галоўнае ваеннае агенцтва па стандартызацыі ў НАТА. Створана ў Лондане ў 1951 з мэтай садзеяння аператыўнай, працэдурнай і матэрыяльна-тэхнічнай стандартызацыі сярод членаў НАТА дзеля надання войскам Альянсу большай эфектыўнасці ў сумесных аператыўных мерапрыемствах. З 1970 размяшчаецца ў штаб-кватэры НАТА у Бруселі.

Кансультацыйны камітэт НАТА па ваеннай электроніцы (англ.: NATO Electronic Warfare Advisory Committee, NEWAС) заснаваны ў 1966. Закліканы павысіць магчымасці электронных службаў НАТА падчас баявых дзеянняў. Аналізуе прагрэс, дасягнуты на нацыянальным узроўні і ў інтэграцыйных вайсковых структурах наконт магчымасцей вайсковага электроннага забеспячэння. NEWAC складаецца з прадстаўнікоў кожнай краіны-члена НАТА і вярхоўных галоўнакамандуючых.

Вучэбная група НАТА (англ.: NATO Training Group, NTG) аб’ядноўвае ўсе намаганні ў рамках НАТА па трэніроўках і вучэннях на шматнацыянальнай аснове, спрыяе правядзенню трэніровак і вучэнняў сярод краін-членаў.

Камітэт кіраўнікоў ваенна-медыцынскіх служб краін НАТА (англ.: Committee of the Chiefs of Military Medical Services in NATO, COMEDS), таксама вядомы як EUROMED. Складаецца з вышэйшых ваенна-медыцынскіх чыноўнікаў краін-членаў, дзейнічае як цэнтр па развіцці, каардынацыі і кансультаванні Ваеннага камітэта ў гэтай галіне.

Метэаралагічная група Ваеннага камітэта (англ.: Military Committee Meteorogical Group, MCMG) дае спецыяльныя парады Ваеннаму камітэту ў сферы метэаралогіі, дапамагае яму ў выпрацоўцы адпаведнай палітыкі і тэхнікі.

Шэсць спецыялізаваных агенцтваў па тэлекамунікацыях, сістэмах сувязі і інфарматыцы (англ.: Military Telecommunications and Communications and Information Systems (CIS) Agencies) забяспечваюць вайсковы камітэт экспертнай падтрымкай у гэтай галіне ваеннай тэхнікі. Паміж сабой яны спецыялізуюцца на камунікацыйнай і камп’ютэрнай бяспецы (ACCSA), лініях сувязі (ALLA), радыёчастотах (ARFA), тактычных сродках сувязі (ATCA), узаемасувязі баз даных (ADSIA), марской сувязі (ANCA). Размяшчаюцца ў Бруселі, за выключэннем ANCA, месцазнаходжанне якога — Лондан.

Тэхнічны цэнтр Вярхоўнага галоўнакамандавання аб’яднанымі войскамі ў Еўропе (англ.: SHAPE Technical Centre) размяшчаецца ў Гаазе і працуе пад палітычным кіраўніцтвам Вярхоўнага галоўнакамандуючага аб’яднанымі ўзброенымі сіламі ў Еўропе (SACEUR). Задача цэнтра заключаецца ў тэхнічнай дапамозе ШЭЙПу і ў правядзенні даследаванняў для аб’яднанага камандавання ў Еўропе. Сфера інтарэсаў тэхнічнага цэнтра: гатоўнасць войскаў і вайсковых структур, новыя тэхналогіі ўзбраенняў, камандаванне і кантроль (інфарматызацыя і аўтаматызацыя гэтых працэсаў), інжынерныя сістэмы і аператыўная дапамога.

Цэнтр падводных даследаванняў Вярхоўнага галоўнакамандуючага войскамі ў зоне Атлантыкі (англ.: SACLANT Undersea Research Centre, SACLANTCEN) створаны ў 1959 каля Спецыі ў Італіі і афіцыйна стаў структурай НАТА ў 1963. Распрацоўвае парады SACLANT у галіне барацьбы з падводнымі лодкамі і мінамі. Праводзіць і акіянаграфічныя даследаванні.

У 1996 пачало працу агенцтва па нагляду за навуковым і тэхналагічным працэсам у Альянсе — Арганізацыя па даследаваннях і тэхналогіях (англ.: Research and Technology Organisation, R&TO). Створаная для больш паспяховага кіраўніцтва даследчымі праграмамі ў рамках ужо існуючых Дарадчай групы па аэракасмічных даследаваннях (AGARD) і Групы абарончых даследаванняў (англ.: Defence Research Group, DRG), R&TO кіруецца Саветам (англ.: R&T Board), які, у сваю чаргу, замяніў сабой органы кіравання AGARD і DRG. Савет каардынуе абмен навуковай інфармацыяй паміж краінамі-членамі. Складаныя сістэмы навукова-даследчых супольнасцей краін прадстаўленыя трыма элементамі: урадавая, прамысловая і акадэмічная навука ў галіне абароны.

НАТА валодае трыма навучальнымі ўстановамі. Абарончы каледж НАТА (англ.: NATO Defence College) заснаваны ў Парыжы ў 1951, пераведзены ў 1966 у Рым. Рыхтуе афіцэраў і цывільны персанал для заняцця ключавых пастоў у НАТА і нацыянальных адміністрацыях.

Школа НАТА (англ.: NATO (SHAPE) School), размешчаная ў Оберамергау ў Германіі, — адзін з галоўных цэнтраў падрыхтоўкі ваенных і цывільных спецыялістаў для службы ў НАТА. Створаная ў 1953, у 1966 перайшла пад аператыўны кантроль SACEUR. З 1953 падрыхтоўку ў школе прайшлі больш як 50 000 афіцэраў і цывільных асоб. Кожны год каля 6 тысяч слухачоў наведваюць курсы па спецыяльнасцях: ядзерная, біялагічная і хімічная абарона, вайсковая электроніка, камандаванне і кантроль, мабільныя войскі, шматнацыянальныя войскі, падтрыманне міру, ахова навакольнага асяроддзя, крызіснае кіраванне.

Школа сродкаў сувязі і інфармацыйных сістэм (англ.: NATO Communicatians and Information Systems (CIS) School) забяспечвае ўзмоцненую падрыхтоўку цывільнага і ваеннага персаналу перад накіраваннем іх на працу ў камунікацыйныя і інфармацыйныя службы НАТА. Размяшчаецца школа на базе італьянскіх ВПС у Лаціне.

Механізм супрацоўніцтва правіць

Усе краіны-члены НАТА у поўнай меры ўдзельнічаюць на палітычным узроўні супрацоўніцтва ў рамках Альянсу і ўсе аднолькава прынялі на сябе абавязкі, што ўтрымліваюцца ў арт. 5 Паўночнаатлантычнага дагавора і сімвалізуюць непадзельнасць іх бяспекі, а менавіта, што напад на адну ці некалькі краін разглядаецца як напад на ўсе краіны-члены. Ніводная краіна-член НАТА не павінна спадзявацца толькі на свае ваенна-палітычныя намаганні і эканамічныя рэсурсы. Роўнасць бяспекі краін-членаў — у адсутнасці залежнасці паміж ёй і тымі нацыянальнымі вайсковымі магчымасцямі, што ўкладзеныя ў агульную стабільнасць.

Спосаб функцыянавання НАТА забяспечвае ўлік патрэбнасцей краін-членаў ў адпаведнасці з іх становішчам у арганізацыі. Так, Ісландыя, не маючы ўзброеных сілаў, прадстаўлена ў ваенных органах НАТА цывільным прадстаўніком.

Францыя, застаючыся паўнавартым членам арганізацыі і яе палітычных структур, выйшла ў 1966 з інтэграванай вайсковай структуры НАТА, не ўдзельнічала ў працы Камітэта планавання абароны, Групы ядзернага планавання і Ваеннага камітэта. Рэгулярныя кантакты з ваеннымі структурамі НАТА ажыццяўляліся праз французскую ваенную місію пры Ваенным камітэце, а таксама праз удзел у асобных галінах супрацоўніцтва (сродкі сувязі, узбраенні, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне і г.д.). З 1995 Францыя аднавіла работу ў Камітэце планавання абароны і Ваенным камітэце, але адносіны з інтэграванай вайсковай структурай НАТА не змяніліся: яны працягваюць рэгулявацца двухбаковымі пагадненнямі.

Іспанія ўдзельнічае ў працы Камітэта планавання абароны, Групы ядзернага планавання і Ваеннага камітэта. У адпаведнасці з вынікамі нацыянальнага рэферэндуму 1986, Іспанія не ўдзельнічае ў інтэграванай вайсковай структуры НАТА, але прымае ўдзел у калектыўным абарончым планаванні. Дамоўленасці аб вайсковай каардынацыі дазваляюць іспанскім войскам супрацоўнічаць з іншымі саюзнымі войскамі ў спецыяльных галінах, застаючыся пры гэтым за межамі інтэграванай вайсковай структуры. У 1996 іспанскі парламент пагадзіўся з рашэннем урада аб пераходзе да поўнага ўдзелу Іспаніі ў аб’яднанай вайсковай структуры НАТА.

Усе без выключэння краіны НАТА удзельнічаюць у працы Камітэта палітыка-вайсковага кіравання па праграме «Партнёрства дзеля міру» і іншых групах, што дзейнічаюць па праграмах Савета еўра-атлантычнага партнёрства і «Партнёрства дзеля міру».

Адрозненні паміж краінамі-членамі НАТА могуць таксама быць вынікам геаграфічнага, палітычнага, ваеннага або канстытуцыйнага становішча. Так, удзел Нарвегіі і Даніі ў ваенных планах НАТА абмяжоўваецца нацыянальным заканадаўствам, па якім немагчыма размяшчэнне ядзернай зброі і замежных войскаў на іх нацыянальнай тэрыторыі ў мірны час.

Выпрацоўка палітыкі НАТА і падрыхтоўка канкрэтных мерапрыемстваў ажыццяўляецца на падставе рэгулярных узаемных кансультацый краін-членаў. Такія кансультацыі могуць мець некалькі форм:

  • аднабаковае прадастаўленне інфармацыі кім-небудзь з удзельнікаў;
  • двухбаковы ці шматбаковы інфармацыйны абмен;
  • апавяшчэнне іншых удзельнікаў аб рашэннях, прынятых на нацыянальным узроўні (у тым ліку з мэтай атрымаць ухваленне з боку партнёраў);
  • папярэдняе паведамленне аб падрыхтоўваемых акцыях;
  • папярэднія кансультацыі з мэтай узгаднення паралельных дзеянняў, якія будуць ажыццяўляцца кожным з удзельнікаў індывідуальным чынам;
  • кансультацыі з мэтай выпрацоўкі такіх рашэнняў, якія павінны прымацца ці ажыццяўляцца на калектыўнай аснове.

Рэгулярныя кансультацыі па палітычных пытаннях таксама маюць месца ў рамках Савета еўра-атлантычнага партнёрства і пры сустрэчах Паўночнаатлантычнага савета і палітычных камітэтаў з партнёрамі па супрацоўніцтву — дзяржавамі, якія не з’яўляюцца членамі НАТА.

Галоўнымі форумамі НАТА для інтэнсіўных кансультацый падчас перыядаў палітычнай напружанасці з’яўляюцца Паўночнаатлантычны савет і Камітэт планавання абароны пры падтрымцы Ваеннага камітэта і палітычных камітэтаў. Стабільнасць камунікацыйнага працэсу забяспечвае Сітуацыйны цэнтр НАТА, які круглыя суткі падтрымлівае сувязь са сталіцамі дзяржаў-членаў НАТА і галоўнакамандуючымі войскамі НАТА.

Месца і роля ў свеце правіць

Трансфармацыя НАТА правіць

Лонданскі саміт НАТА 1990, Рымскі саміт НАТА 1991, Стратэгічная канцэпцыя НАТА 1991, Савет еўра-атлантычнага партнёрства, Праграма «Партнёрства дзеля міру», Вашынгтонскі саміт НАТА 1999, Стратэгічная канцэпцыя НАТА 1999.

Аперацыі НАТА правіць

  • Аперацыі 19921993 у былой Югаславіі: нагляд ваенна-марскімі сіламі за выкананнем эмбарга ў Адрыятыцы, усталяванага ў адпаведнасці з рэзалюцыяй № 787 Савета Бяспекі ААН; кантроль зоны, забароненай для палётаў над Босніяй і Герцэгавінай, забяспечаны самалётамі НАТА, у адпаведнасці з рэзалюцыяй № 781 Савета Бяспекі ААН.
  • Ажыццяўленне ваеннага аспекту мірнага дагавора па Босніі 1995 у рамках шматнацыянальных «выканаўчых» сіл (англ.: Implementation Force, IFOR): аперацыя «Сумесная спроба» (англ.: Joint Endeavour) снежань 1995 — снежань 1996.
  • Стабілізацыйныя сілы (англ.: Stabilisation Force, SFOR).
  • Аперацыі пасля 11 верасня 2001 (англ.: Operation Eagle Assist, Operation Active Endeavour). Ваенная прысутнасць НАТА ў Афганістане ў рамках Міжнародных сіл па забеспячэнню бяспекі (англ.: International Security Assistance Force, ISAF) з 2003.

Узаемадзеянне з іншымі арганізацыямі правіць

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Еўрапейскі Саюз, Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы, Савет Еўропы.

Адносіны з Рэспублікай Беларусь правіць

Развіццё поўнамаштабнага супрацоўніцтва з НАТА — адзін з прыярытэтаў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. Наша дзяржава ўдзельнічае ў Савеце еўра-атлантычнага партнёрства з 1992 (да 1997 — Савет Паўночнаатлантычнага супрацоўніцтва), у праграме «Партнёрства дзеля міру» — з 1995. Удзел у мерапрыемствах Навуковай праграмы НАТА беларускія вучоныя бяруць з 1993. Пастаяннае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры НАТА адкрыта ў 1998.

Супрацоўніцтва Беларусі і НАТА вядзецца па наступных асноўных кірунках: адпрацоўка ўзаемадзеяння пры ліквідацыі надзвычайных сітуацый, кіраванне крызіснымі сітуацыямі, моўная падрыхтоўка афіцэраў, ваенная адукацыя, дэмакратычны кантроль над узброенымі сіламі, планаванне і правядзенне аперацый па падтрыманні міру, ваенная геаграфія, гуманітарнае размініраванне, меры палітычнага і ваеннага характару, скіраваныя супраць распаўсюджання ядзернай, бактэрыялагічнай і хімічнай зброі, планаванне, арганізацыя і кіраванне нацыянальнымі праграмамі ў галіне абарончых даследаванняў і тэхналогія, стралковая зброя і лёгкія ўзбраенні.

Вясной 1999 Беларусь асудзіла агрэсію супраць Югаславіі і часова прыпыніла адносіны з НАТА, пазней яны былі адноўлены ў поўным аб’ёме. Восенню 2001 Беларусь аказала некаторую практычную дапамогу НАТА пры падрыхтоўцы міжнароднай антытэрарыстычнай ваеннай аперацыі ў Афганістане.

У сакавіку 2011 года ў Беларусі заснаваны Савет Еўраатлантычнага Супрацоўніцтва, які скіраваны на еўраатлантычную інтэграцыю Беларусі шляхам ажыццяўлення праектаў у вобласці інфармацыйнага забеспячэння суб'ектаў грамадства Беларусі [4].

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. NATO Member countries Праверана 4 красавіка 2023.
  2. Таксама ўжываюцца пераклады назвы са словамі «пакт», «альянс».
  3. Statement by the North Atlantic Council
  4. Савет Еўраатлантычнага Супрацоўніцтва Архівавана 7 сакавіка 2014.

Спасылкі правіць