Праект SETI (англ.: SETI. Searsh for Extraterrestrial Intelligence) — агульная назва праектаў і мерапрыемстваў па пошуку пазаземных цывілізацый і магчымаму ўступленню з імі ў кантакт. Асобныя астраномы здаўна лічаць, што планет у Сусвеце так шмат, што нават калі малая іх частка прыдатная для жыцця, то тысячы, ці нават мільёны планет павінны быць населенымі. Але, з цягам часу, рэалістычныя ацэнкі колькасці цывілізацый значна знізіліся і павялічылася колькасць скептыкаў (гл. Ураўненне Дрэйка, Парадокс Фермі). У той жа час апошнія дасягненні астраноміі і фізікі ўмацавалі ўяўленне аб існаванні шматлікіх планетных сістэм, прыдатных для жыцця, самога па сабе[1].

Здымак экрана застаўкі для SETI@home, праекта размеркаваных вылічэнняў, у якім добраахвотнікі ахвяруюць час бяздзеяння камп'ютара для аналізу радыёсігналаў, з мэтай знайсці адзнакі пазаземнага розуму

Гісторыя правіць

Пачатак праекта SETI датуецца 1959 годам, калі ў міжнародным навуковым часопісе «Nature» быў апублікаваны артыкул Дж. Каконі і Ф. Морысана «Пошук міжзорных паведамленняў»[2]. У гэтым артыкуле было паказана (з улікам дасягнутай выпраменьваемай магутнасці і адчувальнасці радыётэлескопаў), што нават пры тагачасным узроўні развіцця радыёастраноміі (1959 год) магчыма было разлічваць на выяўленне пазаземных цывілізацый прыкладна такога ж тэхналагічнага узроўню, як зямны, пры ўмове, што яны жывуць на не надта далёкіх ад нас планетах, у планетных сістэмах зорак сонечнага тыпа.

Радыёвыпраменьванне на даўжыні хвалі 21 см, частата каля 1420 МГц, абумоўленае звыштонкім метастабільным пераходам паміж двума станамі нейтральнага атама вадароду, якія адрозніваюцца ўзаемнай арыентацыяй магнітнага моманту электрона і пратона, з'яўляецца ўніверсальнай фізічнай велічынёй (радыёлінія выпраменьвання нейтральнага атамарнага вадароду ў Сусвеце). Меркавалася, што любая тэхналагічна развітая цывілізацыя, якая дасягнула тэхналагічнага ўзроўню зямной цывілізацыі, будзе выпраменьваць у радыёдыяпазоне, для кантактаў з іншымі цывілізацыямі на гэтай частаце. Спектральная шчыльнасць магутнасці памех з частатой ніжэй за 1 ГГц, абумоўленых выпраменьваннем хутка рухаючыхся электронаў у газе Галактыкі і на частотах вышэй за 10 ГГц, якія выпраменьваюць малекулы кіслароду і вады ў атмасферы Зямлі істотна вышэй, што абцяжарвае сувязь на міжзорных адлегласцях[3], па гэтаму гэта частата прапаноўвалася ў якасці прымальнай для пошукаў па праграме «SETI».

Але, пошукі штучных пазаземных сігналаў на гэтай частаце ні да чаго не прывялі. У 1960 г. Фрэнк Дональд Дрэйк ініцыяваў праект «Озма»; сігналы меркавалася шукаць пры дапамозе 25-метровага радыётэлескопа ў Грын-Бэнк, штат Заходняя Вірджынія[3]. У якасці аб'ектаў для пошуку былі выбраныя дзве бліжэйшыя зоркі сонечнага тыпа — Тау Кіта і Эпсілон Эрыдана.


 
Антэна ўсталявана ўнутры абарончага купала, які адсейвае радыёсігналы памех

У 1971 годзе НАСА прапанавала ўзяць на сабе фінансаванне праекта «SETI». Гэты праект вядомы таксама як праект «Цыклоп», прадугледжваў выкарыстанне 1500 радыётэлескопаў і павінен быў абысціся ў 10 мільярдаў долараў. Фінансаванне было выдзелена для значна больш сціплага праекта — адправіць у космас старанна зашыфраванае паведамленне для іншых цывілізацый (гл: Пасланне Арэсіба, Абсерваторыя Арэсіба). У 1974 годзе паведамленне, якое ўтрымлівала 1679 біт, было адпраўлена з велічэзнага радыётэлескопа ў Арэсіба ў Пуэрта-Рыка ў кірунку шаравога зорнага скаплення M13, якое знаходзіцца на адлегласці 25 100 гадоў ад нас. Гэтае кароткае паведамленне з'яўляецца малюнкам памерам 23 × 73 кропкі; вучоныя абазначылі на ім размяшчэнне Сонечнай сістэмы, размясцілі выяву чалавечых істот і некалькіх хімічных формул. Калі ўлічыць адлегласці, аб якіх ідзе размова, адказ магчыма чакаць не раней, чым праз 52 166 гадоў[3].

 
Копія сігналу арыгінальнай раздрукоўкі атрыманага сігналу з паметкай «Wow!», які цяпер захоўваецца ў калекцыі Гістарычнага Грамадства штата Агая[4] (англ.)

У 1977 годзе быў зарэгістраваны сігнал, які увайшоў у гісторыю пад назвай «Wow!». У ім можна было ўбачыць паслядоўнасць літар і лічбаў, якая здавалася невыпадковай і гаварыла быццам бы аб наяўнасці пазаземнага розуму (трэба сказаць, што не ўсе навукоўцы, якія бачылі сігнал «Wow!», былі ўпэўнены ў яго невыпадковым характары)[3].

У 1995 годзе амерыканскія астраномы ў сувязі з недастатковым фінансаваннем з боку федэральнага ўрада вырашылі звярнуцца да прыватных сродкаў. Быў заснаваны некамерцыйны Інстытут SETI у Маўнцін-В'ю, штат Каліфорнія, і запушчаны праект «Фенікс»; праект прадугледжвае вывучэнне тысячы бліжэйшых зорак сонечнага класа ў радыёдыяпазоне 1200–3000 МГц. Дырэктарам інстытута абралі доктара Джыла Тартэра[en]. У гэтым праекце выкарыстоўваюцца надзвычай адчувальныя прыборы, здольныя ўлавіць выпраменьванне звычайнага аэрадромнага радыёлакатара з адлегласці 200 светлавых гадоў. Пачынаючы з 1995 года Інстытут SETI з бюджэтам 5 мільёнаў долараў у год прасканаваў ужо больш за тысячу зорак, але адчувальных вынікаў пакуль няма. Тым не менш, Сет Шостак[en], старэйшы астраном праекта SETI, з неўвядальным аптымізмам верыць у тое, што масіў тэлескопаў Алена у складзе 350 антэн «натрапіць на сігнал яшчэ да 2025 года»[3].

Наватарскі падыход да праблемы прадэманстравалі астраномы з Універсітэта Каліфорніі у Берклі: у 1999 г. яны запусцілі ў дзеянне праект SETI@home. Ідэя праекта — прыцягнуць да працы мільёны ўладальнікаў асабістых камп'ютараў, чые машыны большую частку часу бяздзейнічаюць. Тыя, хто ўдзельнічае ў праекце, спампоўваюць з інтэрнэту і ўсталёўваюць на сваім камп'ютары пакет праграм[5], якія працуюць у рэжыме скрынсэйвера, а таму не дастаўляюць уладальніку ніякіх перашкод. Гэтыя праграмы ўдзельнічаюць у расшыфроўцы сігналаў, прынятых радыётэлескопам. Да гэтага моманту да праекта далучылася 5 мільёнаў карыстальнікаў у больш чым за 200 краінах свету; разам яны выдаткавалі электрычнасці больш чым на мільярд долараў, але кожнаму карыстальніку ўдзел у праекце каштаваў няшмат. Гэта самы маштабны камп'ютарны праект у гісторыі; ён мог бы паслужыць прыкладам для іншых праектаў, дзе патрабуюцца вялікія вылічальныя магутнасці. Тым не менш да гэтага моманту праект SETI@home таксама не выявіў іншапланетных сігналаў[3].

5 студзеня 2012 года было абвешчана аб выяўленні ў рамках праекта, сігналу, які можа з'яўляцца патэнцыйным кандыдатам на радыёсігнал пазаземнага паходжання. Сігнал быў атрыманы па кірунку ад экзапланеты KOI 817, для выяўлення былі выкарыстаны дадзеныя тэлескопа Кеплер. Адназначнай трактоўкі «адкрыцця» няма[6][7].

Методыкі правіць

Існуе два падыходу да пошукаў пазаземнага розуму:

  • Шукаць сігналы пазаземных цывілізацый, маючы на ўвазе, што браты па розуму таксама будуць шукаць кантакт. Асноўных праблем тры: што шукаць, як шукаць і дзе шукаць.
  • Пасылаць так званы «сігнал гатоўнасці», у надзеі на тое, што нехта будзе шукаць гэты сігнал. Асноўныя праблемы дадзенага падыходу аналагічны праблемам першага, за выключэннем меншых тэхнічных праблем.

Адзін з падыходаў адлюстроўваецца ў фінансуемай НАСА праграме праслухоўвання электрамагнітных сігналаў штучнага паходжання — сыходзячы з меркавання, што любая тэхналагічна развітая цывілізацыя павінна прыйсці да стварэння сістэм радыё-тэлевізійных ці радыёлакацыйных сігналаў — такіх жа як і на Зямлі. Самыя раннія на Зямлі радыёлакацыйныя сігналы маглі да бягучага моманту распаўсюдзіцца па ўсім кірункам на адлегласць амаль 100 светлавых гадоў. Спробы выявіць чужыя сігналы, накіраваныя да Зямлі застаюцца беспаспяховымі, але лічба «правераных» такім чынам зорак менш за 0,1 % колькасці зорак, якія яшчэ чакаюць даследавання, калі існуе статыстычназначная верагоднасць выяўлення пазаземных цывілізацый.

У 1960–1980-ых гадах SETI скрытна фінансавалася (праз навуковыя фонды) і выкарыстоўвалася ЦРУ для касмічнай радыёразведкі — пошук радыёчастот, на якіх працавалі савецкія спадарожнікі і наземныя станцыі[8].

У 2011 годзе астраномы Абрахам Лоэб з Гарвардскага ўніверсітэта і Эдвін Тёрнер з Прынстанскага ўніверсітэта прапанавалі новую схему пошуку пазаземных цывілізацый. Іх прапанова зводзіцца да пошуку іншапланетных цывілізацый, па асвятленню іх магчымых гарадоў, якія знаходзяцца на начным баку іх планет. Існуюць таксама сумненні, што развітыя іншапланетныя цывілізацыі могуць выкарыстоўваць радыёхвалі, якія магчыма б было рэгістраваць на касмічных адлегласцях[9].

Вучоныя прапанавалі шукаць «светлавыя» сляды пазаземных цывілізацый. Так, напрыклад, яны прапануюць рэгістраваць асветленасць начнога боку экзапланет, (напрыклад, святлом гарадоў. Мяркуючы, што арбіта планеты эліптычная, астраномы паказалі, што магчыма вымераць варыяцыю бляску аб'екта і выявіць, ці асветлены яго цёмны бок. Пры гэтым, праўда, вучоныя мяркуюць, што асветленасць цёмнага боку параўнальна з асветленасцю дзённай (у Зямлі гэтыя парадкі адрозніваюцца на пяць парадкаў).

Акрамя гэтага, вучоныя маюць намер шукаць яркія аб'екты ў паясах Койпера вакол іншых зорак з наступным спектральным аналізам іх выпраменьвання. Астраномы мяркуюць, што такі аналіз дазволіць вызначыць прыроду асвятлення — натуральнае яно ці штучнае. Вучоныя падкрэсліваюць, што ўсе прапанаваныя варыянты немагчыма рэалізаваць з дапамогай існуючай тэхнікі. Разам з тым, згодна з іх меркаваннем, тэлескопы новага пакалення, як, напрыклад, амерыканскі «Джэймс Вэб», цалкам здольныя выканаць апісаныя задачы.

Праект «Джэймс Вэб», які на бягучы момант мае сур'ёзныя фінансавыя цяжкасці, павінен стаць зменшчыкам «Хабл». Дыяметр яго люстэрка, якое складаецца з некалькіх шасцівугольных сегментаў, будзе складаць 6,5 м (у «Хабла» люстэрка — 2,4 м). Сам тэлескоп, забяспечаны ахоўным экранам, будзе размешчаны ў кропцы Лагранжа L2 на адлегласці 1,5 млн км ад планеты. Пакуль старт запланаваны на 2018 год.

Ацэнкі праекта правіць

Відавочная адсутнасць вынікаў некалькіх дзесяцігоддзяў цяжкай працы вымушае прыхільнікаў актыўнага пошуку пазаземнага розуму шукаць адказы на цяжкія пытанні. Адным з відавочных недахопаў праекта магчыма назваць той факт, што пошук ідзе толькі на пэўных частотах радыёдыяпазону. Ёсць меркаванні, што іншыя цывілізацыі замест радыёсігналу выкарыстоўваюць лазернае выпраменьванне (англ.). Сучасныя прыборы аптычнай сувязі працуюць на тэхналогіі FSO. Free Space Optics[3].

Яшчэ адным недахопам, можа аказацца няправільны выбар радыёдыяпазонаў. Пазаземныя цывілізацыі, калі яны існуюць, могуць выкарыстоўваць самыя розныя сістэмы сціскання. Цалкам верагодна, што ўслухаючыся ў сціснутыя паведамленні, размеркаваныя да таго ж на некалькі частотных дыяпазонаў, можна пачуць толькі «белы шум»[3].

У інтэрв'ю часопісу «Cosmic Search» Себасцьян фон Хорнер гаварыў: «Я сур'ёзна думаю, што спроба ўсталявання кантакта з іншымі цывілізацыямі ў Сусвеце з'яўляецца нашай наступнай вялікай мэтай і што яе поспех будзе азначаць велічэзны крок у эвалюцыі чалавека, параўнальны з нашым авалодваннем мовай мільёны гадоў таму»[10].

У сваёй кнізе «Фізіка немагчымага» др. Мітіа Каку паўтарае аптымістычныя заявы: «Улічваючы імклівае развіццё праграмы SETI і выяўленне ўсё новых планет пазасонечных планет, кантакт з пазаземным жыццём<...>можа адбыцца ўжо ў гэтым стагоддзі»[3].

Крытыка правіць

У той жа час многія крытыкуюць праект не толькі за недастатковую прадуманасць методык пошуку, але і самі асноватворныя ідэі. Напрыклад, Пітэр Счэнкель, будучы прыхільнікам праектаў SETI, напісаў, што «У святле апошніх дасягненняў мы сталі глыбей пранікаць у сутнасць рэчаў, і лепшым ходам мяркуецца суняць празмерную ўзбуджанасць, і прагматычна разгледзець факты... Мы павінны спакойна прызнаць, што ранейшыя ўяўленні аб існаванні можа быць мільёнаў, сотняў тысяч ці некалькіх тысяч перадавых пазаземных цывілізацый у нашай галактыцы больш не надзейныя»[11].

Існуе думка аб тым, што праект SETI можа несці сур'ёзную небяспеку. Мяркуецца, што высокаразвітая іншапланетная цывілізацыя можа выкарыстоўваць радыёсігналы ў якасці інфармацыйнай зброі ці сродку ўласнага распаўсюджвання[12][13].

Зноскі

  1. Article in TIME Magazine «Eartlike Planets May Be Less Common than We Thinc» By Michael D. Lemonick Read more: http://www.time.com/time/health/article/0,8599,2095436,00html#ixzz2BdEzZvI9(недаступная спасылка)
  2. Cocconi G., Morrison P. Searching for interstellar communications // Nature. 1959. Vol. 184. P. 844-846.
  3. а б в г д е ё ж з Каку, Митио (2009). Физика невозможного. Москва: Альпина Нон-Фикшн. ISBN 978-5-91671-024-3. (пераклад з англ. - Kaku, Michio (2008). "Physics of the Imposisible. ISBN 978-0385520690. {{cite book}}: Невядомы параметр |publicher= ігнараваны (даведка)
  4. WOW!(недаступная спасылка). Ohio Historical Society Collections Blog. Архівавана з першакрыніцы 6 чэрвеня 2012. Праверана 12 снежня 2015.
  5. Афіцыйны сайт
  6. Праект «SETI» пра дапамозе тэлескопа «Kepler» выявіў першы радыёсігнал пазаземнага паходжання Архівавана 18 кастрычніка 2012. // DailyTechInfo - Навіны навукі і тэхналогій
  7. Kepler's SETI Project Detects First Signals Архівавана 4 лістапада 2012. : Discovery News
  8. The Longest Search^ The story of the Twenty-one_Year Pursuit of the Soviet Deep Space Data Linc Архівавана 12 ліпеня 2014. Cryptologic Almanac. April - june 2003.
  9. arΧiv:1110/6181
  10. Cosmic Searsh, Volume 1, Number1; January 1979. page 40
  11. Trotman, Clive (2004). the Feathered Onion - Creation of Life in the Universe. Wiley. ISBN 0-470-87187-3.
  12. Рычард Кэрыгэн следует обеззараживать сигналы SETI?
  13. SciTecLibrary Статьи и публикации(недаступная спасылка)

Літаратура правіць

  • Иосиф Шкловский. Вселенная. Жизнь. Разум. / Под ред. Н. С. Кардашева и В. И. Мороза. — 6-е изд., доп.. — М: Наука, 1987. — 320 с. — 132 000 экз.
  • Виктор Амбарцумян. Проблема поиска жизни во Вселенной. — М: Наука, 1986. — 256 с.

Спасылкі правіць