Трыццаць трэці з'езд КПБ (аднаўленчы). Адбыўся 2 лістапада 1996 г. у Мінску. Прысутнічалі 443 дэлегаты ад 1160 членаў партыі, якія выступілі ініцыятарамі аднаўлення КПБ як самастойнай партыі. Прынятая з'ездам рэзалюцыя адмяняла рашэнне XXXII з'езда КПБ аб уваходжанні КПБ у склад Партыі камуністаў беларускай, абвяшчала адноўленую Кампартыю Беларусі юрыдычнай і ідэйна-палітычнай пераемніцай КПСС – КПБ. Праграмная заява прынята ў якасці Часовай праграмы партыі да чарговага з'езда КПБ. Прыняты таксама Часовы статут КПБ. Прынцыпова новае ў ім – стварэнне Вышэйшага савета партыі (ВСП), які выбіраецца на з'ездзе з найбольш вопытных і аўтарытэтных камуністаў, «з'яўляецца гарантам адзінства КПБ і захавання статутных правоў членаў партыі». ВСП дадзена права распускаць ЦК КПБ і прызначаць датэрміновыя з'езды ў выпадку ўзнікнення рознагалоссяў у партыі, калі яны пагражаюць расколам. Свае функцыі ВСП ажыццяўляў без умяшання ў паўсядзённую работу ЦК і Цэнтральнай рэвізійнай камісіі. З'езд выбраў ВСП, ЦК КПБ, Цэнтральную рэвізійную камісію.