Іба (парт.: Ibo) — найбуйнейшы востраў архіпелага Кірымбаш у Мазамбіку. Плошча — 15 км². Насельніцтва (2019 г.) — 11 724 чалавек.

Іба
парт. Ibo
Крэпасць Санту-Антоніу
Крэпасць Санту-Антоніу
Характарыстыкі
Плошча15 км²
Насельніцтва11 724 чал.
Шчыльнасць насельніцтва781,6 чал./км²
Размяшчэнне
12°20′29,50″ пд. ш. 40°36′04″ у. д.HGЯO
АкваторыяІндыйскі акіян
Краіна
Іба (Мазамбік)
Іба
Іба
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Геаграфія правіць

Востраў Іба месціцца за 1731 км на паўночны ўсход ад Мапуту, сталіцы Мазамбіка. Аддзелены ад мацерыка пралівам шырынёю ад 400 м да 7,5 км. З'яўляецца часткай доўгага прыбярэжнага каралавага рыфа, што фарміруе паўднёвую групу архіпелага Кірымбаш.

Паверхня нізкая, складзеная вапнякамі каралавага паходжання. Паўднёва-ўсходняя частка ўяўляе сабою раўніну, аддзеленую ад астатніх раёнаў вострава выдмамі. На ўсходзе рыф фарміруе шырокую водмель, якая затапляецца падчас прыліваў. Паўночны і паўночна-ўсходні берагі знаходзяцца ў атачэнні невысокіх скал.

На востраве каля 150 калодзежаў з саланаватай вадою. Пітную ваду звычайна назапашваюць падчас дажджоў. Астравіцяне здабываюць для будаўніцтва вапняковы камень, пясок, вапну.

Клімат трапічны пасатны. Вылучаюцца сухі і вільготны сезоны. Сярэдняя тэмпература на працягу года вагаецца ад +22 °C да +29 °C. Іба знаходзіцца ў інтэнсіўнай зоне дзеяння цыклонаў. У 2019 г. цыклон Кенет разбурыў 90% будынкаў.

Прырода правіць

Для вострава Іба характэрна сітаватая вапняковая паверхня, што хутка ўбірае ў сябе дажджавую ваду. Тонкі пласт глебы вельмі вышчалачаны. Тым не меней, востраў вельмі зялёны дзякуючы натуральным і штучным насаджэнням. Значная плошча занята пабудовамі і прыватнымі палеткамі. Астравіцяне вырошчваюць рыс, садавіну і гародніну. Са старажытных часоў захоўваюцца рэдкалессе з дрэў міёмба і зараснікі манграў на ўзбярэжжы.

На востраве шмат птушак. Сустракаюцца пеліканы, гарбаткі, птушкі-насарогі. На беразе — марскія чарапахі і крабы. Марскія прасторы вакол вострава адрозніваюцца большай разнастайнасцю фаўны. Іх насяляюць рэдкія віды каралаў, акулы, дэльфіны, кіты.

Гісторыя правіць

Першымі пасяленцамі на востраве Іба былі суахілі, якія заснавалі на ім гандлёвае паселішча. У 1522 г. яны паспяхова адбілі напад партугальцаў. Тым не меней, захоп апошнімі гандлёвых шляхоў прывёў да крызісу мясцовай эканомікі, і паселішча на Іба было пакінута.

Партугальскія каланіяльныя ўлады зацікавіліся востравам толькі ў XVIII ст. У 1754 г. для аховы ўзбярэжжа на ім была пабудавана крэпасць Сан-Жуан-Баптыста. У 17601764 гг. — яшчэ адна крэпасць Сан-Жазэ. У 1761 г. партугальскае паселішча на востраве атрымала статус самастойнага населенага пункта. У 1763 г. было ўведзена самакіраванне. Яго жыхары прымалі ўдзел у каланізацыі іншых астравоў Мазамбікскага праліва. Гаспадарка каланіяльнага Іба доўгі час залежала ад гандлю рабамі. У 1847 г. была ўзведзена трэцяя крэпасць Санту-Антоніу.

Адмена рабства ў 1869 г. і перанос ваеннай каланіяльнай адміністрацыі на поўдзень прывялі да заняпаду паселішча. У 1974 г. напярэдадні абвяшчэння незалежнасці Мазамбіка многія партугальцы пакінулі свае валоданні на востраве. З пачатку XXI ст. пачалося паступовае адраджэнне, звязанае з развіццём турызму і дзейнасцю па ахове прыроды. У 2021 г. паселішча апынулася на мяжы гуманітарнага крызісу з-за перамяшчэння насельніцтва з іншых раёнаў Мазамбіка, дзе адзначаліся тэрарыстычныя атакі.

Спасылкі правіць