Аксана Барысаўна Аракчэева

беларуская мастачка, педагог, пісьменніца

Аксана Барысаўна Аракчэева (нар. 24 сакавіка 1963(1963-03-24), Мінск) — беларуская мастачка, педагог, пісьменніца. Лаўрэат прэміі Васіля Віткі, дыпламантка ЮНЕСКА. Куратар перасоўнай галерэі «GalerieKaras»[2][3][4][5].

Аксана Аракчэева
Фатаграфія
Аксана Аракчэева, вернісаж выставы ў музее Янкі Купалы, Мінск.
Імя пры нараджэнні Аксана Барысаўна Аракчэева
Дата нараджэння 24 сакавіка 1963(1963-03-24) (61 год)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Бацька Барыс Уладзіміравіч Аракчэеў
Род дзейнасці мастачка, графік, ілюстратарка, настаўніца мастацтва
Вучоба
Мастацкі кірунак Станковая і кніжная графіка, жывапіс, анімацыя[1]
Член у
Узнагароды
Сайт arakcha.by/…
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Удзельніца шматлікіх мастацкіх выстаў[6]. Куратар і арганізатар больш чым 50 выставак у Беларусі і Чэхіі[7]. Супрацоўніца «Таварыства чэшска-беларускага сяброўства ў Празе»[8].

Аўтар больш за ста жывапісных партрэтаў (Францыска Скарыны, Уладзіміра Караткевіча, Янкі Купалы, Тадэвуша Кандрусевіча і іншых). Працы Аксаны Аракчэевай знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, галерэях і прыватных калекцыях замежжа[9]. Удзельнічала ў мастацкім афармленні больш за 70 кніжак, пераважна для дзяцей[10][11][⇨].

Працуе ў станковай і кніжнай графіцы, жывапісу ў жанрах нацюрморта, пейзажа, партрэта[12]. Асноўныя творы: цыкл «Казкі лета», дыптых «Мой Мінск», «Гаспадыня Зіма», «Паненка Восень», трыпціх «Сланечнікі», палотны з цыклу «Нам засталася спадчына», цыкл «Мінскія вокны»[1][13][4].

Біяграфія правіць

Аксана Аракчэева нарадзілася ў Мінску ў 1963 годзе ў сям’і вядомага беларускага мастака і выкладчыка жывапісу Барыса Уладзіміравіча Аракчэева[14] і Галіны Ягораўны Перасецкай (працавала загадчыцай касцюмернага цэха ў Оперным тэатры)[15].

З пяці гадоў вучылася маляванню ў студыі заслужанага настаўніка БССР мастака-жывапісца Сяргея Каткова, а таксама ў скульптара Святланы Гарбуновай. Навучалася ў мінскай мастацкай школе № 1. У 1982 годзе скончыла Мінскае мастацкае вучылішча[16].

З 1982 па 1988 год навучалася ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (аддзяленне станкавай графікі)[17]. Працу над дыпломнай работай курыраваў прафесар, заслужаны дзеяч мастацтва Уладзімір Пятровіч Савіч. Ілюстрацыі з дыпломнай працы былі набыты фондам Саюза мастакоў Беларусі[16], гэта былі малюнкі да казкі Змітрака Бядулі «Сярэбраная табакерка», напісаныя гуашшу[18].

З 1986 года прымае ўдзел у выставах. Працуе ў станкавой і кніжнай графіцы, жывапісу, анімацыі[19].

З 1994 года — член Беларускага саюза мастакоў[1][20].

З 2010 з’яўляецца куратарам выстаў у пасольстве Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама каардынатарам выставы беларускіх мастакоў «Душа Беларусі» ў Парламенце Чэхіі ў Празе[8].

Восенню 2016 года арганізавала[21] ў гістарычным цэнтры Прагі, у Страгаўскім манастыры, вялікую выставу «Шляхам Скарыны да Прагi», прысвечаную 500-гадоваму юбілею беларускага кнігадрукавання. На выставе былі прадстаўлены творы чатырох беларускіх дынастый мастакоў і майстроў фота — Аракчэевых, Бархатковых, Бацюковых і Масленіковых[22].

Выкладала малюнак, жывапіс, кампазіцыю ў мінскай школе № 185 з архітэктурна-мастацкім ухілам[23][24].

Першым шлюбам была за Уланоўскім. Другі муж — музыкант-барабаншчык Уладзімір Бельскі. Сын ад другога шлюбу — Ягор, займаецца музыкай[25]. Трэцім шлюбам (з 2017 года) — за Хельмутам Кіппхардтам (ням.: Kipphardt Helmut), родам з Гамбурга (Германія). Пасля трэцяга шлюбу Аксана Аракчэева жыве і працуе часам у родным Мінску, часам у Гамбургу, дзе пражывае яе муж[5].

Творчасць правіць

 
Аксана Аракчэева ў сваёй майстэрні, сярод сваіх работ і са сваімі кнігамі.

Пісаць партрэты пачала з дзяцінства. Спачатку малявала бацькоў і сясцёр, потым пачала сяброў з двара[26]. Першапачаткова планавала вывучыцца на мадэльера, але трапіўшы на графічнае аддзяленне, захапілася гэтай справай[27].

Вучылася ў такіх мастакоў, як Віктар Варламаў, Леанід Каленік, Генадзь Грак, Віктар Мікіта, Людміла Кальмаева, Павел Любамудраў, Уладзімір Савіч[1][13]. Пасля завяршэння аддзялення графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута працавала ў розных выдавецтвах, стварала ілюстрацыі да кніг[19].

Аформіла каля 70 кніг[28][11], сярод якіх: «Сярэбраная табакерка» Змітрака Бядулі, «Басни» (бел.: «Байкі») Івана Крылова, «Резвушка — хохотушка…» (бел.: «Гарэзка-рагатушка») Ізы Заслонавай, «Прыгоды мышкі Пік-Пік» Людмілы Рублеўскай, «Брык і Шуся» Таццяны Сівец, «Звяры ў трамваі» Ніны Галіноўскай, казкі Алеся Карлюкевіча, «Мяне завуць Лахнэска» Алены Масла, «Дзяўчынка з Вішнёвага завулка», «Чароўны кошык» і «Сад з матылькамі» Тамары Бунта, «Закаханы трэцякласнік» Уладзіміра Ліпскага, «Байкі і казкі бабкі Параскі» Таццяны Атрошчанкі і іншыя. Супрацоўнічае з выдавецтвамі «Пачатковая школа», «АЗБУКВАРИК», «Мастацкая літаратура», «Вышэйшая школа», з часопісамі «Вясёлка», «Рюкзачок» і іншыя[29]. Сама мастачка так апісвае сваю працу афармлення кніг:

«Калі працую над кнігай, то амаль жыву, патанаю ў ёй. Спачатку чытаю першы раз, раблю эскізы, потым перачытваю зноў і зноў. Працую ў кожную вольную хвіліну, нават у самалёце»[30].

Таксама мае вопыт у мультыплікацыі — працавала над стварэннем малюнкаў да анімацыйнай стужкі «Прилетай, ветерок!» ((бел.: «Прылятай, ветрык!») 1992 год, «Беларусьфільм» для маскоўскай кінастудыі «12 А»)[31][32].

У лістападзе 2009 года ў мінскім Літаратурным музеі М. Багдановіча адбылася першая[33] выстава Аксаны Аракчэевай «Зачараваныя…» — галерэя партрэтаў асоб, якія ўнеслі значны ўклад ў духоўнае развіццё Беларусі[16]. Да пачатку 2011 года Аксана Аракчэева намалявала і напісала на палатне больш за сотню партрэтаў. Галерэя выяў, створаных пэндзлем мастака, гэта людзі, якія зрабілі ўклад у духоўнае развіццё грамадства: мастакі, музыкі, урачы, святары, дыпламаты, дырэктары, супрацоўнікі музеяў і галерэй і іншыя[19]. Сваю працу над стварэннем партрэтаў характарызуе наступным чынам:

«Я вучылася на графіка, таму і свае партрэты бачыла як партрэты-вобразы. Прычым некаторыя з іх далёкія, на першы погляд, ад вобразаў рэальных. Але я пішу на палатне характар, натуру, тое, што чалавек часам хавае ад навакольных. У выніку выяўляецца тое, што нават у жыцці для многіх застаецца „за кадрам“…»[33].

 
Аксана Аракчэева падчас творчай сустрэчы з аформленымі ёй кнігамі і з уласнымі творамі.

Вясной 2010 года ў памяшканні Пасольства Чэшскай Рэспублікі ў Беларусі прайшла выстава «Паміж Мінскам і Прагай…», на якой былі прадстаўлены каля 20 графічных і жывапісных партрэтаў супрацоўнікаў пасольства і іншых дыпламатаў, а таксама беларускіх дзеячаў: Наталлі Шаранговіч, Дзяніса Барсукова, Жанны Лашкевіч, віцэ-міс «Мінск-2009» Дар’і Саладухі і іншых[16]. Падчас адкрыцця выставы Пасол Чэхіі ў Беларусі Іржы Карас[cs] адзначыў, што для яго працы беларускай мастачкі Аксаны Аракчэевай сталі адкрыццём і ён выказаў надзею, што супрацоўніцтва ў сферы мастацтва паміж Беларуссю і Чэхіяй будзе паглыбляцца[34][35].

З 2010 года сумесна з чэшскім пасольствам у Рэспубліцы Беларусь Аксана Аракчэева правяла 46 выстаў у сталічных музеях, бібліятэках, у ДУ «Карцінная галерэя ім. Г. Х. Вашчанкі» (Гомель), Полацкай мастацкай галерэі, Парламенце Чэхіі[36]. Вы­сту­пала ар­га­ні­за­та­рам вы­ста­ў бе­ла­рус­кіх мас­та­коў у Чэ­хіі, у га­ле­рэі ста­ра­даў­ня­га зам­ка ў го­ра­дзе Тршэбіч[37]. Таксама ў горадзе Тршэбіч арганізуе выставы «Katolické gymnázium v Třebíči» (Galerie Chodba).

У лютым 2011 года ў мінскім Палацы мастацтва адбылася персанальная выстава Аксаны Аракчэевай «Зазірнуць у люстэрка душы»[16]. У красавіку 2013 года ў Палацы мастацтваў адкрыўся вернісаж Аксаны Аракчэевай «Бацькаў дар» — рэтраспектыўны паказ твораў жывапісу і графікі мастачкі[38].

У жніўні 2012 года ў Славакіі прайшла персанальная выстава мастачкі «Прывітанне З Мінска»[39], у горадзе Спішска-Нова-Вес у мастацкай галерэі Спіша (славацк.: «Galéria umelcov Spiša»). У экспазіцыю ўвайшлі 20 карцін і больш за 70 ілюстрацый да беларускіх дзіцячых кніг, зробленыя мастачкай з 1989 па 2012 год. Таксама была прадстаўлена калекцыя карцін «Мінскія вокны»[40][41]. У лісце да дырэктара галерэі Люцыі Беніцкай міністр культуры Беларусі Павел Латушка выказаў падзяку за прадстаўленую магчымасць прэзентацыі беларускага мастацтва ў Славакіі[42]. Акрамя гэтага, Аксана Аракчэева правяла ў Славакіі ў гэты ж час Міжнародны пленэр па жывапісе для дзяцей «Art in Paradise»[42][43][44].

У 2013 годзе мастачка зрабіла серыю партрэтаў вядучых салістаў беларускага балета. Экспазіцыя атрымала назву «Авансцэна»[45]. Карціны экспанаваліся ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета[46]. Гэта партрэты народных артыстаў Беларусі Вольгі Гайко, Людмілы Кудраўцавай і Ігара Артамонава, заслужаных артыстаў Рэспублікі Беларусь Ірыны Яромкінай і Антона Краўчанка, уладальнікаў медаля Францыска Скарыны Дзяніса Клімука і Марыны Вежнавец[19]. Партрэты рэгулярна выстаўляюць на ўсеагульны агляд у фае Вялікага тэатра. За ўшанаванне тэатральных дзеячаў сродкамі выяўленчага мастацтва ў 2015 годзе Аксана Аракчэева атрымала дыплом ЮНЕСКА[47]. У сакавіку 2014 года экспазіцыя «Авансцэна» з партрэтамі вядучых артыстаў Вялікага тэатра Беларусі была прадстаўлена на вернісажы Аксаны Аракчэевай у Дзяржаўным музеі тэатральнай і музыкальнай культуры[45].

У лістападзе 2013 года адбылося адкрыццё выставы мастачкі Аксаны Аракчэевай «Бацькоўскі дар» у Хрустальнай зале РЦНК у Празе (Чэхія). Мерапрыемства было падрыхтавана і праведзена прадстаўніцтвам Рассупрацоўніцтва ў Чэхіі сумесна з Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Чэхіі. На адкрыцці выставы прысутнічалі ў тым ліку супрацоўнікі МЗС Чэхіі, былы пасол Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Йіржы Карас, а таксама чэшскі графік і ілюстратар Адольф Борн[48].

У 2015 годзе стварыла галерэю вобразаў «Купалінкі» — партрэты кіраўніц Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, сярод якіх: Уладзіслава Луцэвіч (жонка Янкі Купалы), Ядзвіга Раманоўская, Жанна Дапкюнас, Алена Ляшковіч; а таксама партрэты супрацоўніц музея. Серыя знаходзіцца ў фондах музея. Падчас адкрыцця выставы «Купалінкі» мастачцы Аксане Аракчэевай быў уручаны дыплом сябра музея «За папулярызацыю спадчыны Першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы і падтрымку дзейнасці музея»[49].

 
Аксана Аракчэева ў сваёй майстэрні, за працай над афармленнем кнігі.

У 2017 годзе адкрыццём выставы ілюстрацый беларускай мастачкі Аксаны Аракчэевай да дзіцячых кніг «Мой казачны свет» у галерэі «Карас» у замку Тршэбіча распачаўся «Беларускі тыдзень» у Празе, прысвечаны святкаванню 500-годдзя беларускага кнігадрукавання[50].

У лістападзе 2019 года ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыццё выставы, прысвечанай памяці беларускага жывапісца Барыса Аракчэева, падчас якой адбылася прэзентацыя біяграфічнай кнігі «Бэз малюецца на шчасце» (выд. «Мастацкая літаратура»), якую склалі дачка мастака, Аксана Аракчэева і пісьменніца Алена Масла[51].

Аксана Аракчэева таксама з’яўляецца пісьменніцай, яна напісала і адначасова з тым аформіла кнігі пра свайго любімага сабачку: «Фанечка» (2020 год) і «Фанечка: мандарынавая гісторыя» (2021 год)[11].

У 2023 годзе да 60-гадовага юбілею мастачкі выйшла кніга-каталог Аксаны Аракчэевай «Бацькаў дар» — альбом жывапісу і графікі, у які ўвайшлі рэпрадукцыі карцін са славутай серыі Аракчэевай «Мінскія вокны», шэраг жывапісных палотнаў, партрэты славутых гістарычных асоб (Францыск Скарына, Кастусь Каліноўскі) і сучаснікаў: артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета РБ, пісьменнікаў, артыстаў, святароў, дыпламатаў, выдаўцоў, супрацоўніц Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і іншае. Прэзентацыя кнігі адбылася ў мінскім музеі Якуба Коласа[52][47]. У лістападзе 2023 года ў Мінску адбылася імпрэза «Ты мне вясною прыснілася…», творчы вечар, прысвечаны 60-годдзю беларускай мастачкі, які фактычна стаў справаздачай творчага шляху Аксаны Аракчэевай, гісторыяй яе жыцця ў мастацкай творчасці — яе выставы ў Беларусі, у Чэхіі, у Славакіі[10].

Працы мастачкі Аксаны Аракчэевай знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, фондзе Саюза мастакоў Беларусі[13], музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Літаратурным музеі М. Багдановіча, мастацкіх галерэях гарадоў Полацк, Гомель, Светлагорск, Крупкі, Баранавічы, а таксама ў галерэях і прыватных калекцыях замежных краін (Расія, Украіна, ЗША, Канада, Венесуэла, Ізраіль, Італія, Нідэрланды, Германія, Румынія, Сербія, Чэхія, Славакія, Польшча і інш.)[53][54]. Апроч таго яна займаецца арганізацыяй выстаў карцін свайго бацькі, мастака Барыса Аракчэева[15], а таксама займалася арганізацыямі выстаў такіх мастакоў, як Леанід Дударэнка, Фёдар Бараноўскі[39] і іншыя.

Крытыка і ацэнка творчасці правіць

Па словах дырэктара мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» і дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Паўла Сапоцькі, творчая дынастыя Аракчэевых — гэта ўнікальная з’ява беларускай культуры. Як лічыць Павел Сапоцька, Аксана Аракчэева з'яўляецца не проста паслядоўніца свайго бацькі, але і папулярызатарам беларускага мастацтва. Дзякуючы яе намаганням праведзены дзясяткі выстаў беларускіх мастакоў не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе[55].

На думку рэдактара аддзела мастацтваў газеты «Літаратура i мастацтва» арт-крытыка Вікторыі Аскера, партрэты, напісаныя Аксанай Аракчэевай, нясуць пазітыўную энергетыку, у іх няма сумных вачэй альбо халодных твараў. Па яе словах, для Аракчэевай больш важна не раскрыць чалавека вонкава, а паказаць яго знутры, каб была заўважная яго глыбіня. Як мяркуе крытык, стаць знакамітай мастачкай і кніжнай ілюстратаркай Аксане Аракчэевай у шмат чым дапамаглі творчая атмасфера ў сям’і і асабістае імкненне. У сваю чаргу сама мастачка заўважае, што яна здолела адтачыць індывідуальны падыход да творчага працэсу і не стала копіяй свайго бацькі, мастака Барыса Аракчэева, ёй атрымалася пайсці сваім шляхам, і з бацькам яны абсалютна розныя па стылі і тэхніцы жывапісу творцы[26].

Аўтар сумеснага праекта штотыднёвіка «ЛіМ» і Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі «Кніжны свет» Сяргей Шычко лічыць, што сярод работ сучасных беларускіх кніжных графікаў, якія асабліва плённа працуюць над афармленнем выданняў для дзяцей, здабыткі мастачкі Аксаны Аракчэевай асабліва ўражваюць. Кнігі, прачытаныя яе мастакоўскім мысленнем, выходзяць у выдавецтвах «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», «Мастацкая літаратура», Выдавецкі дом «Звязда». Як адзначае сама мастачка, непасрэдны ўплыў на яе творчасць зрабіў чэшскі ілюстратар графік Адольф Борн[56].

Як лічыць беларуская пісьменніца Алена Масла, «у Аксаны ўдала атрымлівацца злавіць імгненне, трымаць яго на кончыку пэндзля і пераносіць гэтае імгненне на свае карціны»[10]. Ацэньваючы Аксану Аракчэеву, як пісьменніцу, Алена Масла адзначае, што: «Яшчэ адна грань яе таленту — адчуванне слова»[52].

Узнагароды правіць

 
На ўручэнні дыплома ЮНЕСКА.
  • 2015 год — дыплом камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА «За дзейнасць па ўшанаванні тэатральных дзеячаў сродкамі выяўленчага мастацтва»[57].
  • 2015 год — прэмія імя Васіля Віткі за афармленне твораў, змешчаных у часопісе «Вясёлка» на працягу 2015 года[58].
  • 2016 год — медаль Васіля Віткі за мастацкую працу ад часопіса «Вясёлка»[57].
  • 2017 год — падзяка міністра культуры за высокі прафесіяналізм і асабісты ўклад у развіццё і папулярызацыю беларускага выяўленчага мастацтва[57].
  • 2017 год — грамата міністэрства культуры Беларусі «за шматгадовую добрасумленную працу, выдатныя творчыя дасягненні і высокае прафесійнае майстэрства»[57].
  • 2017 год — дыплом за мастацкае афармленне ў намінацыі «Мастак кнігі» на Міжнародны кніжным фестывалі «Зялёная хваля» (Адэса, Украіна), за ілюстраванне казкі Алены Масла «Мяне завуць Лахнэска». Мерапрыемства праходзіла пад патранатам Украінскай асацыяцыі выдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў Адэскай гарадской рады[59].

Бібліяграфія правіць

Ілюстрацыі да кніг правіць

Зноскі

  1. а б в г Крэпак 1998, с. 27.
  2. Весялуха, М.М. Мінск — Тржэбіч // Літаратура і мастацтва : газ.. — 2014-11-17. — № 41. — С. 9.
  3. Аракчеева Оксана Борисовна. Мастацкая галерэя «БелАрт» Беларускага саюза мастакоў. Архівавана з першакрыніцы 10 кастрычніка 2023. Праверана 10 кастрычніка 2023.
  4. а б Новое издание в коллекции «Дары Президенту Республики Беларусь». Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь (20 снежня 2019). Архівавана з першакрыніцы 10 кастрычніка 2023. Праверана 10 кастрычніка 2023.
  5. а б Завадская І. Переехав в Гамбург, художница Оксана Аракчеева не исчезла из белорусского арт-пространства (руск.). СБ. Беларусь сегодня (28 ліпеня 2017). Архівавана з першакрыніцы 4 верасня 2023. Праверана 4 верасня 2023.
  6. Аракчэева, Аксана Барысаўна. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Архівавана з першакрыніцы 24 кастрычніка 2023. Праверана 24 кастрычніка 2023.
  7. Arnošt Pacol Oksana Arakčejeva už namalovala pohled na Hamburk, Karlovy Vary i Příštpo(чэшск.) // Horácké noviny : газета. — Třebíč: Yashica s.r.o., 2023-09-29. — № 39. — С. 6.
  8. а б Анталогія беларускага мастацтва. Аксана Аракчэева (руск.). Museum.by — «Музеi Беларусi» (14 сакавіка 2014). Архівавана з першакрыніцы 15 кастрычніка 2023. Праверана 15 кастрычніка 2023.
  9. Беларусь у асобах і падзеях. Аракчэева Аксана Барысаўна. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Архівавана з першакрыніцы 12 снежня 2023. Праверана 12 снежня 2023.
  10. а б в Грушэцкі & 15 лістапада 2023, с. 3.
  11. а б в Грушэцкі, А.Л.. Мастакі таксама бываюць пісьменнікамі. Новы Час (22 мая 2022). Архівавана з першакрыніцы 2 верасня 2023. Праверана 2 верасня 2023.
  12. Масла 2020, с. 18.
  13. а б в Фатыхава 2009, с. 10.
  14. Ширко Н. Творческое наследие Мастера (руск.). Чырвоны прамень (8 кастрычніка 2019). Архівавана з першакрыніцы 10 лістапада 2019. Праверана 10 лістапада 2019.
  15. а б Весялуха М.. Правілы жыцця Барыса Аракчэева. Звязда (19 красавіка 2016). Праверана 10 лістапада 2019.
  16. а б в г д 2 лютага (серада) 2011 года, а 18-й гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” (руск.). Беларускі саюз мастакоў (28 красавіка 2011). Архівавана з першакрыніцы 21 студзеня 2015. Праверана 13 кастрычніка 2023.
  17. Сурскі 2016, с. 27.
  18. Каляда 2005, с. 369.
  19. а б в г Бурак И. От земли до небес с Оксаной Аракчеевой(руск.) // Во славу Родины : газета. — Мн.: Мінабароны РБ, 6 ліпеня 2013. — В. 123. Архівавана з першакрыніцы 8 чэрвеня 2017.
  20. Смольскі А. Борис и Оксана Аракчеевы приглашают на «Соборную площадь» (руск.). Белорусская деловая газета (26 жніўня 2009). Архівавана з першакрыніцы 7 ліпеня 2014. Праверана 24 сакавіка 2016.
  21. Плескачэўская І.. Путями Скорины в Прагу (руск.). СБ. Беларусь сегодня (20 кастрычніка 2016). Архівавана з першакрыніцы 18 верасня 2020. Праверана 15 снежня 2023.
  22. Хамицевич Т.. Столицы женское лицо. Солнечная и талантливая Оксана Аракчеева (руск.)(недаступная спасылка). Минск-Новости (28 кастрычніка 2016). Архівавана з першакрыніцы 16 кастрычніка 2023. Праверана 15 кастрычніка 2023.
  23. Алдухова 2012, с. 14.
  24. Выставка произведений заслуженного деятеля искусств Беларуси Бориса Аракчеева и его дочери Оксаны. Светлик (28 красавіка 2012). Архівавана з першакрыніцы 15 кастрычніка 2023. Праверана 15 кастрычніка 2023.
  25. Аскеро 2017, с. 14.
  26. а б Аскера В. Гісторыі жыцця праз выстаўку партрэтаў мастачкі Аксаны Аракчэевай. Звязда (16 верасня 2016). Архівавана з першакрыніцы 9 верасня 2023. Праверана 9 верасня 2023.
  27. Аскеро 2017, с. 17.
  28. Крупянькова А.. Бэз малюецца на шчасце. Маладзечанская газета (4 кастрычніка 2019). Праверана 10 лістапада 2019.
  29. Анталогія беларускага мастацтва. Аксана Аракчэева (руск.). Музеи Беларуси (11 сакавіка 2014). Архівавана з першакрыніцы 2 кастрычніка 2023. Праверана 24 сакавіка 2016.
  30. Весялуха М.М.. Прэзентацыя: Шубуршун пакрыўдзіўся. Літаратура і мастацтва (14 сакавіка 2014). Архівавана з першакрыніцы 2 верасня 2023. Праверана 2 верасня 2023.
  31. Алдухова 2012, с. 7—8.
  32. Прилетай, ветерок(недаступная спасылка). Министерство культуры Российской Федерации (3 лістапада 2003). Архівавана з першакрыніцы 27 кастрычніка 2020. Праверана 21 кастрычніка 2023.
  33. а б Корневская А. На холсте пишу то, что иногда прячут от окружающих // Сельчанка (приложение к газете «Белорусская нива» : газета. — 1 декабря 2012. — В. 2217. — № 10. — С. 2—3. Архівавана з першакрыніцы 30 кастрычніка 2023.
  34. В Минске открылась выставка портретов Оксаны Аракчеевой (руск.). БелаПАН (8 лютага 2010). Архівавана з першакрыніцы 14 кастрычніка 2023. Праверана 14 кастрычніка 2023.
  35. В Минске открылась выставка портретов Оксаны Аракчеевой (руск.). Современное белорусское искусство (8 лютага 2010). Архівавана з першакрыніцы 14 кастрычніка 2023. Праверана 14 кастрычніка 2023.
  36. Оксана Аракчеева – дочь гениального живописца, график и аниматор (руск.). СТБ (14 ліпеня 2014). Архівавана з першакрыніцы 3 сакавіка 2016. Праверана 24 сакавіка 2016.
  37. Шыч­ко С. Сон­ца ланд­шаф­таў і кніг. Звязда (11 верасня 2014). Архівавана з першакрыніцы 9 верасня 2020. Праверана 24 сакавіка 2016.
  38. Вернісаж Аксаны Аракчэевай “Бацькаў дар”. Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў (2013-04-39). Архівавана з першакрыніцы 14 кастрычніка 2023. Праверана 10 кастрычніка 2023.
  39. а б Алдухова 2012, с. 15.
  40. Oksana Arakčeva prináša na Spiš Pozdrav z Minska (славацк.). Denník Korzár (15 жніўня 2012). Архівавана з першакрыніцы 23 кастрычніка 2023. Праверана 23 кастрычніка 2023.
  41. Oksana Arakčeva — Pozdrav z Minska(славацк.) // Ičko : штомесячнік. — Spišská Nová Ves: 2012. — № 8. — С. 10.
  42. а б Паломцава, В. Славацкі «Paradise» // Літаратура і мастацтва : газета. — Мн.: РВУ «Звязда», 2012-09-14. — В. 4683. — № 37. — С. 16.
  43. Návšteva z Bieloruska(славацк.) // Ičko : штомесячнік. — Spišská Nová Ves: 2011. — № 9. — С. 6.
  44. Deti zo Spiša i Bieloruska maľovali v Raji (славацк.). Denník Korzár (12 жніўня 2012). Архівавана з першакрыніцы 23 кастрычніка 2023. Праверана 23 кастрычніка 2023.
  45. а б Партер 2014, с. 17.
  46. Іванюшко А. Художница Оксана Аракчеева создала экспозицию своих картин в Национальном академическом Большом театре оперы и балета(недаступная спасылка). Минский Курьер (24 мая 2013). Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2018. Праверана 6 красавіка 2016.
  47. а б Шыдлоўская С. Увлекательная история. О чем книга белорусской художницы «Бацькаў дар» (руск.). Мінскі кур'ер (6 мая 2023). Архівавана з першакрыніцы 2 верасня 2023. Праверана 2 верасня 2023.
  48. Выставка белорусской художницы Оксаны Аракчеевой в РЦНК в Праге (руск.). Рускі дом у Празе (5 лістапада 2013). Архівавана з першакрыніцы 13 кастрычніка 2023. Праверана 13 кастрычніка 2023.
  49. Шымук Т. Кветкі Купалавага дома // Літаратура і мастацтва : газета. — Мн.: РВУ «Звязда», 24 красавіка 2015. — В. 4816. — № 16. — С. 16.
  50. Плескачэўская І.. Как проходит белорусская неделя в Праге (руск.). СБ. Беларусь сегодня (14 чэрвеня 2017). Архівавана з першакрыніцы 15 кастрычніка 2023. Праверана 15 кастрычніка 2023.
  51. Воспевший в красках Беларусь(руск.) // Воскресение : газета. — Мн.: МОО «Христианский образовательный центр им. свв. Мефодия и Кирилла», 2019. — В. 245. — № 12. — С. 14.
  52. а б Масла А.. Натхняльніца. Сакрэт шчаслівага жыцця Аксаны Аракчэевай. Слушна («Медыцынскі веснік») (27 красавіка 2023). Архівавана з першакрыніцы 2 верасня 2023. Праверана 2 верасня 2023.
  53. Бацькаў дар. Интерфакс-Запад (25 красавіка 2013). Архівавана з першакрыніцы 24 сакавіка 2016. Праверана 24 сакавіка 2016.
  54. Аскеро 2017, с. 16.
  55. Григорян А. Счастье быть вместе(руск.) // Во славу Родины : газета. — Мн.: Мінабароны РБ, 5 жніўня 2017. Архівавана з першакрыніцы 16 сакавіка 2018.
  56. Шычко С. У складанага ёсць сінонім – вясёлае // Літаратура і мастацтва : газета. — Мн.: РВУ «Звязда», 2014. — № 38. — С. 9. Архівавана з першакрыніцы 3 кастрычніка 2023.
  57. а б в г Аракчеева Оксана Борисовна (руск.). Мастацкая галерэя «БелАрт» (28 красавіка 2017). Архівавана з першакрыніцы 2 верасня 2023. Праверана 9 верасня 2023.
  58. Віншуем лаўрэатаў!. Вясёлка (28 студзеня 2016). Архівавана з першакрыніцы 4 жніўня 2022. Праверана 24 сакавіка 2016.
  59. Иванова Т. «Зеленая волна» принесла Беларуси заслуженные награды . Міністэрства адукацыі РБ (11 жніўня 2017). Архівавана з першакрыніцы 17 жніўня 2017. Праверана 17 жніўня 2017.
  60. Рублеўская Л. Обзор книг Бориса Аракчеева «Бэз малюецца на шчасце». Нарисованное снится. СБ. Беларусь сегодня (26 красавіка 2019). Праверана 10 лістапада 2019.
  61. Шычко С. Бэз: Мастацтва і кветкі. Выдавецкі дом «Звязда» (6 красавіка 2019). Праверана 10 лістапада 2019.

Літаратура правіць

На англійскай мове правіць

На беларускай мове правіць

На рускай мове правіць

  • Ануфриев Г. Городские цветы Аксаны Аракчеевой // 7 дней : газета. — Мн.: БелТА, 2003-02-15. — № 7.
  • А из нашего окна // Where Minsk (городской журнал) : часопіс. — Май, 2007. — С. 33—35.
  • Заславская М. «Соборная площадь» династии Аракчеевых // Минский курьер : газета. — 3 сентября 2008. — В. 1551. — № 181. — С. 12.
  • Изобрела перпетуум-мобиле // Минский курьер : газета. — 2009-12-31. — В. 1839. — № 234.
  • Оксана Борисовна Аракчеева // Мастацкая адукацыя і культура : часопіс. — Адукацыя і выхаванне, 2010. — № 3. — С. 2.
  • Заславская М. Мечта многих девушек стать моделью // Крупскі веснік : газета. — 17 красавіка 2010. — В. 1551. — № 181. — С. 12.
  • Аскеро В. Только смелым покоряется Олимп // Минский курьер : газета. — 5 октября 2010. — В. 2019. — № 180.
  • Шубич А. Под знаком овна // Наш край : газета. — 31 марта 2011. — С. 5. Архівавана з першакрыніцы 30 кастрычніка 2023.
  • Якубова А. Наше вам с кисточкой // Минский курьер : газета. — 4 апреля 2012. — В. 2217. — № 39. — С. 13.
  • Алдухова Ю. Главное ― не лениться жить! // Женский журнал : часопіс. — 2012. — № 7. — С. 12―15.
  • Корневская А. На холсте пишу то, что иногда прячут от окружающих // Сельчанка (приложение к газете «Белорусская нива» : газета. — 1 декабря 2012. — В. 2217. — № 10. — С. 2—3. Архівавана з першакрыніцы 30 кастрычніка 2023.
  • Николаевская О. Ах, вернисаж // Партер : часопіс. — Мн.: Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, 2014. — В. 38. — № 3. — С. 17.
  • Аскеро В. Оксана Аракчеева: «Гордость нашей семьи — быть разными» // Город женщин : журнал. — 2017. — В. 27. — № 5. — С. 16—19.

На чэшскай мове правіць

Спасылкі правіць