Аляксандр Міхайлавіч Здвіжкоў

Аляксандр Міхайлавіч Здвіжкоў (нар. 1959 г. ГДР) – беларускі журналіст, вязень сумлення[1], палітвязень Беларусі[2]

Біяграфія правіць

Аляксандр Здвіжкоў нарадзіўся ў 1959 годзе ў ГДР, у сям’і вайскоўцаў. Пасля жылі ў Кіеве, Баранавічах, Слуцку, па месцы службы бацькі. З 1970 г. жыве ў г. Барысаў. Вучыўся ў школе №7.У 1981 г. скончыў Мінскі інстытут замежных моў па спецыяльнасці «іспанская мова». Да службы ў войску працаваў настаўнікам іспанскай мовы ў барысаўскай сярэдняй школе.

У 1985-88 гг. служыў у памежных войсках.

З 1990 г. супрацоўнічаў з выданнямі «Советская Белоруссия», «Народная газета», быў аглядальнікам газеты «Фемида».

З 1995 па 2006 гады – аглядальнік, выпускаючы рэдактар газеты «Згода».

У верасні 2005 г. кіраўнікоў рэдакцыі газеты «Згода» Аляксея Караля і А. Здвіжкова аштрафавалі на 100 базавых велічынь кожнага за парушэнне арт. 172-1 КаАП РБ – распаўсюд праз СМІ зневажальных для Прэзідэнта звестак. 9 лістапада 2005 г. Міністэрства інфармацыі РБ вынесла папярэджанне рэдакцыі недзяржаўнай газеты «Згода». Міністэрства палічыла, што ў шэрагу тэкставых публікацый і калажаў газета распаўсюдзіла звесткі, якія зневажаюць гонар і годнасць кіраўніка дзяржавы. Да такой высновы яно прыйшло, разгледзеўшы матэрыялы ў шэрагу нумароў «Згоды» ў 2005 г. (№№1,5,6,10,12,18,19). Газета «Згода» выключаная з падпіснога каталога на 2006 год.[3]

17 лютага 2006 г. выйшаў чарговы нумар газеты «Згода» з артыкулам «Палітычны крэатыў». У ім распавядалася пра тое, які рэзананс у свеце выклікала публікацыя ў СМІ карыкатур на прарока Мухамеда. Для ілюстрацыі прыводзіліся некаторыя з гэтых карыкатур. Наклад яшчэ нават не пачалі распаўсюджваць. 21 лютага 2006 года МЗС Беларусі выступіла з заявай з нагоды публікацыі: «Міністэрства замежных спраў рашуча асуджае любыя наўмысныя дзеянні, якія могуць пацягнуць распальванне міжрэлігійнай варожасці, распаўсюд недаверу паміж нацыянальнымі і рэлігійнымі супольнасцямі, якія жывуць у Беларусі».

Раніцай 22 лютага 2006 г. з санкцыі намесніка Генеральнага пракурора супрацоўнікі КДБ правялі ператрус у памяшканні рэдакцыі «Згоды», канфіскавалі сістэмныя блокі камп'ютараў і іншыя носьбіты інфармацыі, некаторыя нумары газеты і фінансавыя дакументы выдання. Заснавальнік «Згоды» А. Кароль і А. Здвіжкоў былі дапытаныя ў КДБ. У кватэры А. Караля таксама быў праведзены ператрус. У той жа дзень была ўзбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 130 КК РБ (распальванне расавай, нацыянальнай альбо рэлігійнай варожасці). 23 лютага 2006 г. Пракуратура РБ накіравала ў Міністэрства інфармацыі «прадстаўленне» з просьбай зрабіць захады па спыненні дзейнасці недзяржаўнай газеты «Згода». У той жа дзень Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджанне «Згодзе» па арт. 5 закона «Аб друку і іншых СМІ» за публікацыю карыкатур на прарока Мухамеда. Гэта было другое цягам года папярэджанне за парушэнне арт. 5 (першае пісьмовае папярэджанне было вынесена 9 лістапада 2005 г.). І ўжо 6 сакавіка Міністэрства інфармацыі падало ў Вышэйшы гаспадарчы суд іск аб спыненні дзейнасці газеты «Згода». Праз дзесяць дзён, 17 сакавіка 2006 г., суддзя Аксана Міхнюк задаволіла іск Міністэрства інфармацыі, хаця да гэтага часу яшчэ не скончыўся тэрмін, адведзены законам на абскарджванне другога па ліку папярэджання.

Неўзабаве Пракуратура прад’явіла абвінавачанне выпускаючаму рэдактару газеты «Згода» А. Здвіжкову па крымінальнай справе аб перадруку карыкатур. Аднак справа была прыпынена амаль на паўтары гады ў сувязі з тым, што следчым органам не ўдалося высветліць месцазнаходжанне абвінавачанага. Высветлілася, што журналіст з’ехаў з краіны. Следчыя органы пачалі яго пошук. На допыты ў КДБ і пракуратуру выклікалі сяброў і калегаў А. Здвіжкова. Высвятлілася, што журналіст з’ехаў у Расію.

А. Здвіжкоў доўгі час хаваўся ў Расіі і Украіне. Спыняўся ў некалькіх манастырах.

18 лістапада 2007 г. А. Здвіжкова затрымалі на вакзале ў Барысаве, куды ён прыехаў да маці на гадавіну смерці бацькі. Яго змясцілі ў СІЗА КДБ. Ніхто з грамадскасці не ведаў пра ягоны арышт, пакуль 30 снежня 2007 г. калегі А. Здвіжкова не атрымалі позвы ў суд. За два месяцы утрымання пад вартай А. Здвіжкоў на 30 адсоткаў страціў зрок.

З пракуратуры ў суд справа прыйшла з перакваліфікацыяй: з ч. 1 артыкула 130 КК РБ (ад штрафу да 5 гадоў абмежавання волі, ці зняволення) на частку 2 – ад 3 да 10 гадоў зняволення.

18 студзеня 2008 г. А. Здвіжкоў Мінскім гарадскім судом, суддзя – Руслан Аніскевіч, быў асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па ч. 2 арт. 130 КК РБ (наўмысныя дзеянні, скіраваныя на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці ці розні, на прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці, здзейсненыя службовай асобай з выкарыстаннем сваіх паўнамоцтваў). Гэта быў самы жорсткі прысуд у свеце, які быў вынесены за гэтыя карыкатуры.

Для даведкі:

Карыкатуры на прарока Мухамеда былі ўпершыню надрукаваныя ў дацкай газеце Jyllands-Posten 30 верасня 2005 г. Агулам перадрукаваны ў 22 краінах. Мусульманскія суполкі ў Еўропе падавалі на выданні судовыя іскі ў сувязі з тым, што карыкатуры «абразілі іх рэлігійныя пачуцці». Аднак суды выносілі апраўдальныя прысуды, бо «малюнкі абараняюцца законам аб свабодзе самавыяўлення і не наносяць шкоду ісламу». Прэцэдэнтам стала толькі звалненне рэдактара газеты «Франс Суар» з ініцыятывы наймальніка. Дацкі суд не прыняў да разгляду іск (аб распальванні нацыянальнай, расавай і рэлігійнай варожасці) па факце публікацыі карыкатур. У Малайзіі ў лютым 2006 г. быў толькі часова прыпынены выхад трох газет, якія надрукавалі карыкатуры, але праз некаторы час газеты аднавілі сваю працу. У Расіі ў 2006 г. у Валгаградзе закрылі газету «Городские вести». Крымінальная справа не ўзбуджалася. У Валагодскай вобласці суд цалкам апраўдаў Ганну Смірнову, галоўнага рэдактара газеты «Наш регион», якая надрукавала карыкатуры. Мусульманскія абшчыны ва Украіне на пачатку 2006 г. запатрабавалі прабачэння ад рэдакцыі газеты «Сегодня» за публікацыю некалькіх карыкатур у якасці ілюстрацый да артыкула «Трэцюю сусветную вайну выклікаюць карыкатуры». Самымі жорсткімі былі прысуды ў мусульманскіх краінах Іарданіі і Емене. Да двух месяцаў турмы былі асуджаныя журналісты ў Іарданіі, аднак іх адпусцілі пад заклад. Галоўны рэдактар еменскай газеты Al-Rai Al-Aam («Грамадзкая думка») Камаль аль-Альфі быў асуджаны на год турэмнага зняволення, але Генеральны пракурор адмяніў гэтае рашэнне як занадта жорсткае.

Адразу пасля вынясення прысуду міжнародная дэмакратычная і журналісцкая супольнасць выказалі абурэнне жосткасцю і неабгрунтаванасцю пакарання.

Камітэт абароны журналістаў (CPJ, Нью-Йорк) заклікаў беларускія ўлады тэрмінова вызваліць А. Здвіжкова. «Абсалютна зразумела, што гэта толькі нагода, каб пакараць незалежнага журналіста - нават пасля закрыцця яго выдання», - так пракаментаваў выканаўчы дырэктар Камітэта абароны журналістаў Джоэл Сайман.

«Рэпрэсіўная машына Аляксандра Лукашэнкі эксплуатуе рэлігійныя пачуцці, каб прымусіць замаўчаць аднаго са жменькі незалежных журналістаў, якія яшчэ засталіся ў Беларусі,» - паведаміла каардынатарка праграм Камітэта абароны журналістаў па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Ніна Агнянава.

«Пераслед журналістаў за імкненне інфармаваць грамадскасць па важных пытаннях з'яўляецца злоўжываннем законам аб распальванні нянавісці», – так пракаментаваў вынікі суда прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Міклаш Харасці. «У Еўропе XXI стагоддзя жахліва назіраць, як рэдактара арыштоўваюць, замыкаюць і абсалютна несувымерна караюць толькі за перадрук карыкатур, зробленых у іншым месцы і апублікаваных паўсюль», - сказаў ён.

Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» таксама выступіла з пратэстам супраць прысуду. «Рэпарцёры» назвалі прысуд надзвычай суровым. «Хутчэй за ўсё, гэта была проста падстава для таго, каб пакараць апазіцыйнага журналіста. Абставіны яго арышту пацвярджаюць гэта».

Дацкі Саюз журналістаў выказаў глыбокую занепакоенасць з нагоды вынікаў суда. На думку кіраўніка Дацкага Саюза журналістаў, гэты судовы працэс уяўляе сабой сур'ёзную атаку на свабоду прэсы.

Рэдактар аддзела культуры дацкай газеты Jyllands-Posten Флемінг Роўз, адказны за першую публікацыю скандальных карыкатур, палічыў, што «судзіць за гэта проста ганьба і глупства», і што «працэс над «Згодай» не варты еўрапейскай краіны XXI стагоддзя».

Удзельнікі Канферэнцыі міжнародных няўрадавых арганізацый Рады Еўропы заклікалі беларускія ўлады вызваліць усіх палітвязняў, у тым ліку і А. Здвіжкова.[4]

У студзені 2008 г. А. Здвіжкоў абскардзіў прысуд.[5]

На пачатку лютага 2008 г. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» прызнала журналіста вязнем сумлення і заклікала беларускія ўлады неадкладнага яго вызваліць.

Аляксандра Здвіжкова ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ, у СІЗА-1 у Мінску і пры канцы тэрміну — у рэспубліканскім турэмным шпіталі.

22 лютага 2008 г. Вярхоўны суд Беларусі ў закрытым рэжыме разгледзеў касацыю А. Здвіжкова на рашэнне Мінскага гарсуда. Вярхоўны суд, улічваючы стан здароўя А. Здвіжкова і яго маці, прымяніў 70 артыкул КК РБ і прызначыў пакаранне ніжэй ніжэйшай мяжы, прадугледжанага адпаведным артыкулам – з трох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму на тры месяцы арышту. Гэты тэрмін журналіст ужо адбыў падчас следства і судовага разбору. 22-га лютага 2008 г. А. Здвіжкоў выйшаў на волю.[6]

Праваабаронцы звязваюць вызваленне А.Здвіжкова з палітычным рашэннем уладаў. У выніку ціску міжнароднай супольнасці і патрабаванняў вызваліць ўсіх палітзняволеных у Беларусі ў замен на адмену палітычных і эканамічных санкцый ЕС і ЗША, беларускімі ўладамі было прынятае палітычнае рашэнне па вызваленні напачатку 2008 г.: 18 студзеня — М. Аўтуховіча,  23 студзеня — З. Дашкевіча, 5 лютага — А. Фінкевіча, 11 лютага — А. Клімава, 22 лютага — А. Здвіжкова.[7]

Пасля вызвалення А. Здвіжкоў пакінуў Беларусь. «Я не жадаю быць грамадзянінам ГЭТАЙ Рэспублікі Беларусь, у якой ёсць менавіта ГЭТЫЯ суды, менавіта ГЭТАЯ пракуратура і менавіта ГЭТЫЯ турмы. Я цудоўна ўсведамляю, што дагэтуль не знаходжуся ў бяспецы, і спакойна ўздыхну, толькі калі пакіну межы Рэспублікі Беларусь» — паведаміў ён калегам 25 лютага 2008 г. на першай пасля вызвалення прэс-канфэрэнцыі ў офісе ГА «БАЖ».

А. Здвіжкоў на тры гады з’ехаў з Беларусі ў Маскву, затым вярнуўся ў Барысаў, дзе жыве і зараз. Пад літаратурным псеўданімам Іван Катавасаў займаецца пісьменніцкай працай, аўтар шасці раманаў у стылі фэнтэзі на рускай мове.[8]

Зноскі

  1. https://www.svaboda.org/a/1044952.html А. Зьдзьвіжкоў: “Не жадаю быць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь”
  2. http://www.zautra.by/art.php?sn_nid=1811(недаступная спасылка) Праблема з палітвязьнямі у Беларусі вырашаная?
  3. https://baj.by/sites/default/files/analytics/files/smi_v_belarusi_2005_by.pdf Архівавана 28 ліпеня 2021. ПАРУШЭННІ ПРАВОЎ СМІ І ЖУРНАЛІСТАЎ, КАНФЛІКТЫ Ў ГАЛІНЕ СМІ
  4. http://zbsb.org/news/abroad/3803/ Архівавана 22 мая 2020. Еўрапейскія арганізацыі заклікаюць беларускія ўлады вызваліць усіх палітвязняў
  5. http://spring96.org/ru/news/20208 Аляксандар Зьдзьвіжкоў абскардзіў прысуд
  6. https://www.svaboda.org/a/1044649.html Вызваленьне палітвязьняў дадае І.Казулінай надзеі
  7. http://spring96.org/files/reviews/be/2008_analytics_by.pdf
  8. https://knigism.com/a/20495(недаступная спасылка)

Літаратура правіць

  • Палітвязні. – Менск – 2009. С. 28-35.

Спасылкі правіць